Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
не падняў рукі за пасылку такой тэлеграмы і ніхто яе не падпісаў. Але гэты кіраўнік без згоды членаў самапомачы ўсё ж такі паслаў такую тэлеграму, падрабіўшы подпісы тых, якія прысутнічалі на гэтым сходзе. 3 часам гэта тэлеграма аказалася ў руках МУС-ГПУ разам з іншымі дакументамі, захопленымі савецкім камандаваннем у Берліне. Пасля вызвалення ад нямецкіх фашыстаў Чэхаславакіі савецкія органы патрабавалі ад чэхаславацкага ўрада выдаць нямецкіх прыслужнікаў. Якісь час чэхаславацкі ўрад не выдаваў іх, але нарэшце ўступіў намаганням, і Геніушы былі арыштаваны і пасля следства высланы ў лагеры на поўначы Расіі. У Празе застаўся іх васьмігадовы сын Юрка, які без усякага прытулку бадзяўся па вуліцах Прагі. Даведалася аб беспрытульным хлопчыку польскае пасольства, і па загаду самога Берута польскі пасол вывез яго ў Полыпчу і памясціў у дзіцячы прытулак.
У 1956 г. Геніушы былі вызвалены з лагераў, але Ларыса не хацела пакінуць лагер да таго часу, пакуль не атрымае дакумента аб поўнай яе рэабілітацыі. Аднак Янка Пятровіч прымусіў яе пакінуць лагер, і яны вярнуліся ў бацькаўскі дом Янкі ў Зэльве. Вось і цяпер Ларыса не хоча прасіць савецкага грамадзянства, пакуль не будзе рэабілітавана. А такой рэабілітацыі не мае. Да таго ж яшчэ адна прычына стрымлівае ад савецкага грамадзянства.
— Мне дзядзька (Захарка) пакінуў тэстамент, — шапнула.
— Які тэстамент? — здзіўлена спытала я, падумаўшы, што якісь капітал ёй завяшчаў.
— Тэстамент, па якому ўладу прэзідэнта БНР перадаў Абрамчыку, а мяне прызначыў генеральным сакратаром БНР.
Я аслупянела ад такой навіны, аж вочы мае палезлі на лоб. Няўжо яна сур’ёзна прыдае гэтаму значэнне і на штосьці спадзяецца? I як гэта можна ў спадчыне перадаваць камусь уладу, як калісь цары і каралі? I называць гэта «народнай рэспублікай»? Хто іх выбіраў? Які народ?
Я так была ашаломлена, што на той раз не змагла ёй выказаць гэтага віхру думак, толькі спытала:
— А тут... аб гэтым ведаюць?
Яна засмяялася неяк ненатуральна.
— Ведаюць! — коратка адказала, і на гэтым наша начная гутарка спынілася. Мне здалося, што яна пашкадавала аб сваім прызнанні.
Праз тыдзень, які я правяла ў Геніушаў, я старалася зразумець, што яны за людзі, які ў іх светапогляд. He раз у Ларысы прарывалася поўная нянавісці фраза: «Як я ненавіджу ўсіх гэтых камуністаў!» A то аднойчы, успамінаючы наша завочнае знаёмства ў перапісцы, яна нібы жартам сказала:
— I вось піша мне, што яна камуністка, хоць і беспартыйная. А бадай цябе, бадай!
Абрамчыка, які вывез з сабой у Парыж увесь архіў БНР, расхвальвала як ідэальнага чалавека з крыштальнай душой. Ён, аказваецца, быў у свой час членам Камуністычнай партыі, але расчараваўся ў ёй і выступіў з партыі.
У іх доме, апрача «ЛіМа», беластоцкай «Нівы» і «Лнтературной газеты»460, я не бачыла ніводнай з цэнтральных ці рэспубліканскіх газет. Рэпрадуктар радыёкропкі маўчаў, але ад транзістара старога выпуску Янка Пятровіч у вольны ад службы час не адрываўся, ловячы хвалі замежных перадач «Вольнай Еўропы», «Голасу Амерыкі»461 і інш., асабліва ўважліва слухаў перадачы беларускіх эмігрантаў за мяжой.
Словам, гэтая пара — людзі, адарваныя ад нашай рэчаіснасці, якія прагна ловяць у сваю душу ўсё адмоўнае ў нашым жыцці і не хочуць бачыць дасягненняў савецкага народа, нічога пазітыўнага.
Зменлівасць настрояў Ларысы найбольш выявілася ў адносінах яе да мужа: то яна перада мной жаліцца на яго, кляне, лае, называе яго «лордам», разбэшчаным гультаём, які і пальцам не кране ў дапамозе ёй у хатняй гаспадарцы, то зноў пяшчотна называе яго Яначкам і клапоціцца аб ім, дагаджае яго капрызам. А што да маніі праследавання, дык гэта таксама спраўдзілася: амаль усіх, хто часта бываў у яе доме і прыхільна да яе адносіўся, падазравала, што яны па заданню пэўных органаў сочаць за ёй, і хіба толькі адзін Прашковіч не належаў да «сачкомаў».
I ўсё ж, не зважаючы на ўсё, што мне давялося бачыць і чуць, Ларыса чымсьці прываражыла мяне, прыліпла да душы і сэрца. Цяпер зводдалі мне і самой цяжка сабе вытлумачыць, чым яна ўзяла мяне за душу. Ці то яе паэтычны талент, ці яе тып чыста народны, беларускі, яе прыгожая, чыста народная мова, яе працавітасць, якая не цураецца самай цяжкай, часам бруднай работы, яе парэпаныя рукі ў мазалёх ці часта яе натхнёны позірк кудысьці ў нябачную даль, быццам паверх нашых галоў яна бачыць штосьйі велічнае, святое для яе... He ведаю!
Усёй душой мне хацелася для яе лепшай долі ў жыцці. Страшна падумаць аб яе будучыні! Вісець паміж небам і зямлёй без грамадзянства, без перспектывы на забеспячэнне быту, бо без грамадзянства не ведама, ці будзе мець права на пенсію яе Янка (у яе няма ніякіх падстаў на пенсію), а калі нават і атрымае Янка пенсію, дык як пражыць на якіясь 60 рб. у месяц? А калі яна праз сваё ўпорства ці то дурны нейкі прынцып адмаўляецца ад савецкага грамадзянства, якое ёй прапануюць, дык няма чаго і жаліцца на тое, што і друкаваць яе не будуць. Як ты да нас адносішся, так і мы да цябе! Хоча выехаць у Польшчу, у Беласток да сына? А там што? Лепш будзе? Ніколі!
Пасля майго ад’езду з Зэльвы мы з Ларысай пачалі актыўна перапісвацца. Я імкнулася пераканаць яе, што нам трэба жыць са сваім народам, дзяліць яго радасці і гора, што трэба як найхутчэй прыняць грамадзянства БССР.
Вось што аб ёй піша мне М. Танк у лісце ад 15/ХІ-68:
«...Нейкі трагічны фатум праследуе гэту сям’ю. I калі ў ранейшых яе бедах можна было некага вінаваціць, дык у сённяшніх — шмат у чым вінаваты самі. Саюз пісьменнікаў са згоды дырэктыўных органаў дапамог выдаць зборнік, прапанавалі ёй хутчэй аформіць грамадзянства, прыняць яе ў Саюз і інш. Аб усім гэтым было дамоўлена. I раптам, відаць, даўшы послых розным “добразычліўцам”, ад усяго адмаўляецца. Зараз і не знаю, як ёй дапамагчы разабрацца ва ўсёй блытаніне. Баюся, каб не дайшло да той трагедыі, да якой падрыхтоўвае яе Янка — чалавек, які, збіўшыся з дарогі, цягне за сабой і сваю сяброўку ў нешта цяжкае і змрочнае, створанае яго хворым уяўленнем.
Добра, што вы з ёю перапісваецеся, стараецеся неяк праясніць цяжкае і сумнае яе жыццё...».
Адмаўляючыся ад прапанаванага ёй грамадзянства і збіраючыся выехаць за межы роднай зямлі, яна піша: «Тут не прынцып, а розум і розлік». Я ёй на гэта: «Відаць, розныя розумы існуюць, і ты лічыш, што толькі твой розум разумнейшы за іншых. А ў розліках памыляюцца нават вялікія ўчоныя — будаўнікі касмічных караблёў». Яна піша: «Я хачу адчуваць волю, хоць крыху волі, хоцьпразусе мукі... Мне хочаццарэшткіжыцця аддаць народу, але, здаецца, трэба аддаць і сыну». Я ёй пра гэта: «Ствараецца ўражанне, што сваё Я, сваё асабістае і сямейнае ты ставіш вышэй за свой народ, за яго будучыню. А як жа тады “сцежка трэцяя”? —
...Пры дарозе той чабор сцелецца, узыйшло на ёй волі зелейца.
Паліваць яго трэба з ласкаю, нат слязьмі, нат крывёю ўласнаю...
ўсё ж пайшоў дзяцюк сцежкай трэцяю...
(“Тры дарогі”)462.
Дзе ж логіка? Па якой ты хочаш ісці, бо ўсе тры дарогі не для цябе? Па нейкай чацвёртай хочаш ісці? На пяры адно, а на справе — іншае?
У нашым Будславе шмат было такіх, якія ў час польска-панскай акупацыі лічыліся “шчырымі”, гарачыя патрыятычныя прамовы гаварылі. А дзе яны цяпер? Паўцякалі ў 1946 г. хто ў Wroclaw, хто ў Wotow, у Zielonu Goru, а хто яшчэ далей на захад. А іх родныя палеткі засеяліся горкім палыном, пякучай крапівой, пустазеллем. Хто іх палоць будзе? Хто ажывіць глебу і засеіць здаровым зеллем? Хто гэта рабіцьме? — Я пытаю ў цябе? А хіба такія Максімы, Міколы, Генадзі, Арсені, Веры, Юлі, Ядзі і інш. горшыя патрыёты, чымся мы з табой? Ці яны менш кахаюць свой народ, сваю бацькаўшчыну? А паглядзі, якую вялікую справу яны робяць на карысць свайго народу, сярод якога жывуць! А ты хочаш пакінуць свой агарод, свой
цудоўны кветнік без паліўкі, без поліва. Хай сохне ўсё, хай зарастае пустазеллем! Эх, ты-ы-ы!» А яна на гэта ўсё: «Толькі сабака ліжа руку бьюшего... я — эўрапейка»... «Ты мяне “заела” гэтым грамадзянствам». I ўрэшце апошні яе ліст, аб якім гаварыла ў пачатку. На гэтым і скончылася наша перапіска.
2/V70. «Быў гэта быццам мілы сон...»
Толькі што пачула гэтыя словы па радыё ў кампазіцыі з твораў Я. Купалы «Яна і ён». I ўспомнілася тое, пра што нікому ні сказаць, ні ў сваіх «Сцежках жыцця» напісаць не магу, не хачу. А вось сама сабе... не магу ўстрымаць успамінаў.
...Вільня. 1914 год. Седзячы ўдваіх з Янкам за столікам цукерні «Зялёнага Штраля», дзе кожны вечар сустракаліся нашаніўцы, акторы, мастакі, Янка сказаў:
— Паўлінка, давай мы з табой пажэнімся. Раздзялі ты са мною долю і нядолю.
Хоць гэта было вымаўлена зусім сур’ёзна, але я не паверыла ў гэту сур’ёзнасць, бо ні разу з яго боку не чула слоў кахання. Наваттады, калі ў Пецярбурзе ў 1913 г. палез да мяне цалавацца пасля няўдалай сцэны на рэпетыцыі «Паўлінкі». («Ты прыйшоў вучыць мяне, як цалавацца з Якімам? Пайшоў прэч! Без тваёй навукі абыйдуся» — так тады адказала яму.)
А ў той вечар у «Штраля»...
— Яначка, я цябе люблю, як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай. Пры гэтым... Я кахаю другога, які ніколі не будзе маім мужам463.
На наступны вечар Янка прыйшоў да «Штраля» крыху пазней, калі мы ўжо невялікай грамадкай сядзелі за столікам з кавай. Янка быў пахмурны, маўклівы. Праз якісь час ціханька прабурчаў мне:
— Усю ноч заснуць не мог. I вось напісаў. На, прачытай, — і падсунуў мне лісток з напісаным алоўкам вершам:
Быў гэта толькі сумны сон душы расплаканай маей, што сярод будніх цяжкіх [бледных] дзён я свята меў, глядзеў ясней...
Быў гэта толькі сумны сон, што развяду я з ёй бяду, што пад яе напевы звон лягчэй к магіле дабрыду... Быў гэта толькі сумны сон, што вось інакшая яна і пойме болю майго стогн, зірне ў душу маю да дна. Быў гэта толькі сумны сон... Хтось іншы яву меў ў жыцці. Ён ёй і мне стварыў прыгон, а сам сышоў, каб не прыйсці.
Пазней я часта спявала гэтыя словы на матыў Глінкі «Не нскушай меня без нужды». (А сёння чыталі па радыё гэтыя радкі ў змененым выглядзе: «Гэта быў быццам мілы сон».)
I якое ж было мае здзіўленне, калі Владка ўжо ў гады вайны ў Маскве паказала мне выразку з «Нашай Нівы» з гэтым вершам з надрукаваным прысвячэннем Уладыславе Станкевічанцы. (Нумара і даты «Нашай Нівы», з якога выразаны быў гэты верш, — не ведаю464.)