Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Ну, хоць раз ты мне напісаў палюдзку — дзякуй, братко! Скажы ты мне — чаму я так кепска сьню цётку Маньку? Што там здарылася? Сёненька трэці раз яе сьніла і вельмі кепска. Ды і мама раз мне дрэнна саснілася. Ці здарова мама?
А цябе то я сьніла, што ты прамяняў загарак на белую булку — вот-жа я злавалася на цябе за гэта! Прачнулася і падумала сабе: ці не паехаў ён ужо ў той фальварак дзяцей вучыць? Як гэта баліць душа, што мяняеш свой час навукі на кусок хлеба. Праклятыя гэтыя межы. — Нічагусенькі пераслаць нельга. Кніжак на почце не прінімаюць. Хацела паслаць грошы праз банк у Вільню на імя Краскоўскага — не прынімаюць. Каб вы згарэлі! А пасылаць праз аказію — будзе тое самае, што і зэгаркам, або 700 тк.
Ну, нічога не нарадзіш — трэ’ вясны чакаць. А вясной мо я вярнуся на Бацькаўшчыну — ліст за лістам атрымліваю з Горадні ад пана Dambrowa, каб вярталася я ў Гародню — абяцае, што ён будзе апякавацца нада мной і мне працу, — мо я вярнуся. Тагды цябе вазьму за жэбры, што аж пішчэць ты ў мяне будзеш.
А пакуль што — папрацуй там. Каб лягчэй табе было — успамінай, як я вяла працу ў школе ў Мядзьведзічах. Карыстайся тымі падручнікамі, якія ў мяне дома засталіся. I вось мае рады, здабытыя шляхам практыкі.
He задурвай дзецям галавы вечным чытаньнем. Чытаньне ў дзень 1 гадз. — найбольш 1 піс[аньне] — 1 гадз. — апрача гэтага, вядзі з імі гутаркі аб прыродзе, з жыцьця раслін, зьвяроў, ды зямлі, паветра, дожджу, снегу і г. д. — тлумач так, каб ім было зразумела. Чытай ім апавяданьне не даўгія, лёгкія — вучы іх перасказываць тое, што ім прачытаў) толькі не часта, каб ім не абрыдлі гэтыя апавяданьне), расказвай ім казкі, і хай яны табе расказваюць, загадвайце загадкі, рысуйце, напр., ты ім прачытаеш што кароценькага, а яны хай да гэтага нарысуюць які малюнак — як могуць (у маіх кніжках знойдзеш узоры рысункаў), прыдумывайце словы на адну якуюсь літэру або на адзін якісь склад. Вучы іх песеняк. I гэта ўсё трэба рабійь уперамешку. Магчыма, што бацькі будуць патрабаваць, каб дзеці не разгібаючы плеч цалюсенькі дзень чыталі і пісалі — ты ім вытлумач, што ні ў аднэй парадачнай школе так ня мучаюць дзяцей — хіба толькі вучыцеля-олухі і самі мала граматныя, ад гэтага дзеці толькі горш дурнеюць і тупеюць. Трэба ня толькі вучыць чытаць і пісаць, а развіваць дзіцячы розум, каб ён мог і думаць і высказаць тое, што думае.
Памятай адно: кожны дзень трэба самому добра прыгатавацца да лекцыі. Улажыць сабе плян — што ты заўтра будзеш з імі рабіць; аб чым гаварыць, што ім прачытаць і г. д. — тагда пройдзе дзень добра, інтэнсіўна, і ты сам будзеш здаволены і дзеці, а як не прыгатуешся сам — то ўсё будзе з рук вылятаць — ты будзеш непатрэбна нервавацца і дзеці нудзіцца, і бацькі могуць быць нездаволены. Я ўсё гэта знаю па сваёй скуры.
Апрача ўсяго гэтага, працуй над усьведамленьням народа... нагавары іх выпісаць насупалку газэту — толькі барані Бог, не аляксюкоўска-панскую474. Можа ўдасца табе паставіць спэктаклік — хаця б гэтую самую Чорт і бабу. Ну, а як-жа будзе з лекцыямі рэлігіі? 3 катэхізмамі? Ой, бедны-ж ты, бедны!..
* * *
Ну, што-ж табе больш напісаць?
Дужа добра, што пачаў збіраць калекціі марак — шкада, што не сабіраў паней, калі[ішнія] грошы, калі яшчэ можна было дастаць і Врагелоўскіх і Дэнікінскіх і і рознай трасцы — цяпер трудней, бо ўсе гэтыя грошы пайшлі на каллекціі. Тут у Нямеччыне ёсць асобыя магазыны для гандлю маркамі — і чым старэйшыя маркі, тым даражэй каштуюць. У калекціі важно ня толькі маркі розных краёў, але і год іх ходу. Пасылаю табе крыху — калі дойдуць (бо могуць і марак не прапусьціць), напішы, тагды куплю табе іншых. А цяпер раджу вось што зрабіць: напішы Езавітаву (Latwija. Ryga. Nikolaj-str. 20 w.) прыблізна так: «В[ельмі] Пав[ажаны] п. Ез[авітаў]! Даруйце, што сваімі справамі занімаю Вам час. Хачу ў Вас папрасіць адрэсу якога-небудзь беларускага хлапчука ў Латвіі, такога, як і я, які б захацеў перапісывацца са мной дзеля абмену пачт. маркамі. Я чуў, што ёсьць і беларускія пачт. маркі, але ня ведаю скуль іхдастаць».
У яго ёсьць бел. маркі — ён табе прышле. Толькі ня пішы, што я цябе навучыла! Скажы, што адрас яго вычытаў у бел. газэце. Пдцпішыся выразна. Можаш дабавіць прывітаньне ад Казюка і бацькоў, калі ён памятуе. Успомні і аб тым, што ты застаўся гэты год без навукі, бо школы пазакрывалі, у чужую пайці ня хочаш, а да Вільні вельмі далёка.
Ну вось і ўсё, пакуль што.
Калі-ж прышлеце фотогр. таты і мамы?
Цалую усіх.
Ваша Паўліна.
2. Заявы Паўліны Мядзёлкі
№ I475
У Камітэт Загран. Групы Б. П. С. Р.
Перасылаючы пры гэтыя чарговую складку за м-ц студзень 1922 г. у ліку 20 мк., прашу залічыць, як ахвяру, 200 т. к., якія
належацца мне, як асабісты доўг, ад т. Кляўдуш Душэўскага. Калі яму цяпер ня трудна — хай унясе іх у партыйную Касу.
Пры гэтым прашу дазволу К-та Загр. Гр. Б. П. С. Р. выдаць за мой асабісты кошт адкрытку песьні з нотамі «Пад гоман вясёлы», зьмест якой К-ту вядомы. На гэтай адкрытцы хачу памясціць наш лёзунг: «Змагайся, як мага. Зможаш!» і «выд. Загр. Гр. Б. П. С. Р.», або «выд. Сувязі Бел. Пр. Сел.», як, К-т захоча. Вось на гэта і прашу дазволу, уважаючы, што сваім адумам ня маю права гэтага рабіць.
Прашу скорага адказу.
3 таварышаскім прывітаннем і са шчырымі
Новагоднімі пажаданнямі.
Паўліна Мядзёлко-Грыб
2.1.22 Бэрлін
№ 2476
У Камітэт Загранічнай Групы Беларускай партый Соцыял.-Рэвалюцыянераў
Згодна атрыманаму паведамленьню аб перарэгістрацыі сяброў партыі — гэтым прашу мяне зарэгістраваць і выдаць сябр. білет. Сябр. складку за м-ц сьнежань, у ліку 20 мк., высылаю праз тав. Грыба.
Паўліна Мядзёлко
30.XI.21 г.
3. Літаратурная старонка
У выгнаньні477
Атрымала я вестку з роднай краіны: вось цэлы жмут газэт прада мной... Сэрца б’ецца з радасьці вялікай, з нецярплівасьці рукі дрыжаць.
Хутчэй, хутчэй-жа чытаць! Як жывуць усе там нашы? Як праца ў іх там ідзе? Што чуваць? Ці народу ўжо лягчэй жыць?
Прачытала...
За што, за што так церпіць народ наш?
За што калечаць душу, рабуюць скарбы яго?
3 якога пекла там сілы пануюць?!
Вочы сухія палаюць агнём, у душы бурліць боль.
Відаць, кідацца й кусаць... А мо дзіка бязудзержу пачаць рагатаць?
Сунімаецца вострая боль на хвіліну. Я нічога ня бачу — ня чую... Цішына, як на могілках цёмнаю ноччу за вёскай глухой. Далёка недзе выюць сабакі.
У галаве, апусьцеўшай ад думак талковых, уецца песьня страшная, дысанансаў у ёй поўна, дзікіх крыкаў, выцьця. А за кожнай звароткай — прыпеў жудкі, страшны і працяжны, як удары звана на пажар:
Гвалт... Гвалт... Гвалт...
He магу я на мейсцы сядзець! Пабягу-ўцяку ад самое сабе.
Сёньня сонца прыгрэла — вясна на дварэ. Апынулася я аж у парку. Як вясёла тут птушкі пяюць! Вясна...
I ў нас там таксама хутка будзе вясна. Пацякуць ручайкі, рэчкі за сну праснуцца, рунь так міла на полі зазьяе...
Прыпасьці б грудзямі к роднай зямельцы сырой, абнімаць, цалаваць, сьлёзы радасьці ліць разам з птушкамі, песьнямі сыіяваць і гукнуць на ўвесь сьвет:
«Ёсьць радасьць у жыцьці! Ёсьць шчасьце і праўда! Ёсьць воля сьвятая!..
Дзе? Там — у нас?
Гвалт... Гвалт... Гвалт...
Бач, як дзеткі сьмяюцца! Так цёпленька адзеты... У аднаго булачка, у другога шакалад у руках. Бацька кніжку ў падарак купіў.. .Там вось, лялька, якая. Той у трубку мядзяную дзьмець...
А нашы там дзеткі?..
О, уладар сусьветам, часы і абшары!
Чаго-ж хочаш ад нас?! Якой яшчэ патрабуеш ахвяры?! Няўжо мала яшчэ мук, паняверы, крыві, сьлёз?
Грахі продкаў сваіх, што наш край запрадалі, мы сьлязамі даўно ўжо змылі! Сьлёз ня стала — мы крывёй абмывалі... Даўно адпакутавалі. Годзі!
Чаго-ж хочаш яшчэ!
Пачуй стогн душы маей.
Гвалт... Гвалт... Гвалт...
Паўлінка
Бэрлін
4. Дакументы да гісторыі выдання ўспамінаў «Сцежкамі жыцця»
№ I478
3 ліста да Андрэя Александровіча
Будслаў 19.5.58 Здароў, браток Андрэйка!
[-.]
А цяпер аб сваіх успамінах. Паслала ў «Полымя» першую сваю пробу пяра — «Шалёную Магдаленку» (44 стар.) — аб княгіні Радзівілавай і першай беларускай школе ў яе маёнтку Жорнаўцы. М. Танк зараз-жа адказаў, што «напісаны яны (успаміны) харошай, сакавітай беларускай мовай і напісаны цікава». Прасіў прыслаць больш фрагментаў, якія-б складалі цэласць і ахоплівалі пэўны закончаны гістарычны перыяд. Пасля гэтага я пачала з 1905 г. і дайшла да вясны 1912 г. Гэта заняло ў мяне 110 старонак рукапісу (3 раздзелы). У рэдакцыі прынялі іх і палажылі ўжо ў шуфляду, абяцаючы перадрукаваць на машынцы і даць мне копію. Аднак, разважыўшы, я забрала ўсё назад.
Справа ў тым, што, пачытаўшы іх ў Маскве (была там на майскія святы) сваім прыяцелям і пагутарыўшы з сім-тым, пабачыла, што трэба зрабіць некаторыя папраўкі, сёе-тое змяніць, дапоўніць. Спяшацца не хачу, тым больш, што ў гэтым
годзе, напэўна, не надрукуюць: у юбілейны год 40-годдзя Савецкай Беларусь матар’ял аб дарэвалюцыйным мінулым будзе не па часе.
Па-друтое, мне здаецца, што гэта частка (1905-1912 гг.) больш надаецца да друку ў часоп[ісе] «Маладосць»479, чымся ў «Полымі», бо тут апісаны дзіцячыя годы і юнацтва, цяга да навукі, жорсткае змаганне за права вучыцца, перашкоды ня толькі матэрыяльнага парадку, але і з боку нацыянальнага ўціску, першае ўражанне ад роднага слова ў друку («Наша доля», «Дудка» М. Бурачка). Маё першае выступленне з дэкламацыяй бел[арускіх] вершаў, першае спатканне з Янкам Купалай, нелегальныя гурткі і г. д.
Але ёсць больш сур’ёзная прычына, якая тармазіць маю работу. У Владкі480 я бегла прагледзела камплект «Нашай Нівы» за 1912 г. і зразумела, наколькі глыбей, паўней і цікавей былі-б мае ўспаміны, калі-б я мела магчымасць хоць з месяц пакапацца ў перыядычных выданнях 1912—1920 гг. Рэдакцыя выдала мне паперку ў бібліятэку, каб дазволілі мне пазнаёміцца з бел. выданнямі дарэвалюцыйнага часу. Але бяда у тым, што не магу на даўжэйшы час адлучыцца з дому. Маці мая мае 86 гадоў, часта занемагае, і я не магу яе адну пакінуць — няма пры кім яе аставіць. Калі і ўдаецца часам выскачыць на некалькі дзён, дык і то як на іголках кручуся — непакоюся аб ёй.
Пакуль пісала, дык і настрой быў добры і самой падабалася тое, што напісала. А цяпер спынілася, і хандра такая напала, што не маю патрэбных умоў да працы, і пяро ў руках не трымаецца.