Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
№ 2 481
Зліста да Максіма Танка
12.02.1961
Паважаны Яўгені Іванавіч!
Заахвочаная нашымі пісьменнікамі на чале з тав. Глебкам, а таксама Вашым апошнім пісьмом, я пачала рыхтаваць рука-
піс сваіх успамінаў для выдання асобнай кніжкай. Андачасова я напісала ліст тав. Татуру з запытаннем аб магчымасці выдання і тав. Глебку з просьбай падтрымаць мяне перад БДзВ482 і просячы парады ў некаторых пытаннях.
He атрымаўшы адказу на гэтыя лісты, я папрасіла Эму Мікалаеўну483 даведацца ў БДзВ аб маей справе. Яна мне адказала, што мая кніга ўключана ў выдавецкі план на 1962 г.
Калі ж ў верасні мінулага году звярнулася ў БДзВ з занава адрэсаваным, дапоўненым і перадрукаваным на машынцы рукапісам, тав. Казека быў здзіўлены тым, быццам мая кніга запланавана да выдання і заявіў, што БДзВ не можа прыняць да друку маіх успамінаў: «Достаточно того, что было напечатано в журнале. Кто поннтересуется нмн, там может прочнтать». А тое, што ў «Полымі» была апублікована толькі частка і то ў скарочаным варыянце, дык гэта азначае, што ўсе скарачэнні не прыгодны да друку.
Мяне моцна здзівіла такое разыходжанне з выказваннямі тав. Глебкі, Лужаніна і інш. I з Вашым апошнім пісьмом да мяне, і з паведамленнем Эмы Мік-ны аб уключэнні ў план на 1962 г. Незразумелым было для мяне і тое, што тав. Татур і Глебка нічога не адказалі на мае лісты.
Доўга я не магла прыйсці да нормы пасля такой неспадзеўкі і стараючыся разгадаць, ці то быў жарт са мной з боку нашых пісьменнікаў, ці вінавата чарка за пахаронным сталом у памяць цёці Ўладзі, і людзі гаварылі, не адказваючы за свае словы, хаця і не відаць было, каб хто-небудзь з іх хоць крыху вышаў з нормы. <...>
Цяпер я і не думаю дамагацца выдання маіх «Сцежак жыцця». Прызнаюся, што мне не хочацца нават паказвацца на вочы каму-небудзь у Мінску. Шкада толькі патрачаных часу, сіл і кошту на перадрук рукапісу. <...>
Аднакя не магу сядзець, злажыўшы рукі, і чакаць смерці. Мая грамадская праца ў нашай глушы не цалкам запаўняе дзень. Хочацца заняцца карыснай справай па меры сваіх сіл і здольнасцей — ці то перакладам «Ратіфпіка»484, ці пераапрацоўкай некаторых фрагментаў са сваіх успамінаў у форме не ўспамінаў,
а апавяданняў. Ці маглі б змясціць ў «Маладосці» ці яшчэ ў якім часопісе апавяданне з раздзелу «У лапах панска-польскай дэфензівы»? (1920-год у Мінску).
У працягу «Сцежакжыцця», у раздзеле «На выгнанні» апісваю апошнія дні Ядвігіна Ш., магілу Алеся Гаруна ў Кракаве. <...>
№ З485
Зліста да Андрэя Александровіча
18.2.62
Будслаў Даражэнькі Андрэйка!
Яшчэ раз шчыра дзякую табе за параду. Ідучы ад цябе пехатой, я раздумвала, ці варта цяпер звяртацца да Глебкі, бо, запраўды, яшчэ рана апублікоўваць апошнія два раздзелы, тым больш, што і напісаны яны значна горш, чымся папярэднія. Дайшоўшы да Дому друку, я адразу ўзглабалася да Татура. Аказваецца, я ў самы час прыехала з рукапісам, бо яшчэ тыдзень — і было б позна здаваць. Пакінуўшы сабе гэтыя два раздзелы да 2-й кнігі, якую ўсё ж такі збіраюся пісаць, здала рукапіс. Можа і дажыву да таго часу, пакуль кніга выйдзе з друку, хоць нельга надта спадзявацца на гэта, бо ў восень 1963 г. мне стукне 70 год. Ну, а другая кніга, у якой галоўным чынам будуць 25—30—37 гады, калі і пабачыць свет, дык ужо мае вочы яе не пабачаць, а не — будзе ляжаць дзе-небудзь у архівах. <.„>
№ 4486
Дырэктару выдавецтва «Беларусь» тав. Матузову 3. П.
3.IV.65 г.
Паважаны Захар Пятровіч!
Згодна маёй дамоўленасці з рэдакцыяй мастацкай літаратуры, Вамі зацверджана даручэнне мне быць рэдактарам рукапісу П. Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця».
Пасля азнаямлення з рукапісам я пераканаўся, што ён напісаны як гісторыя жыцця аўтара, а не як кніга ўспамінаў аб
выдатных дзеячах культуры, літаратуры і мастацтва беларускага народа. Паколькі мемуары П. Мядзёлкі могупь мець грамадскае значэнне галоўным чынам у меру іх сувязі з жыццём выдатных людзей, мною як рэдактарам (пісьмова і вусна) было прапанавана аўтару дапоўніць рукапіс успамінамі, напрыклад, пра Я. Купалу, Я. Коласа, Ц. Гартнага, 3. Бядулю, А. Гурло, А. Бурбіса, В. Тарашкевіча і інш. Аднак жыццё аўтара відаць склалася так, што яна не была блізка да гэтых дзеячоў, ёй не было чаго пра іх расказаць і таму яна маю просьбу выканаць не здолела.
У той жа час некаторыя дэталі ці эпізоды, якія расказаны ў рукапісе пра Я. Купалу, скажам, не маюць гісторыка-літаратурнай каштоўнасці, бо маюць тэндэнцыю высмейвання народнага паэта (напрыклад, што нібы Я. Купала спрабаваў навучыць П. Мядзёлку цалавацца з адзінай мэтай, каб яна магла добра сыграць Паўлінку з аднайменнай камедыі Купалы, або што ў Вільні на кватэры буржуазнага нацыяналіста В. Ластоўскага яна бачыла Купалу ў няпоўнасцю адзетым выглядзе, калі ён зрабіў да таго ж на твары марлевую павязку для таго, каб прывучыць прыгожа тырчаць вусы).
Абмежаванасць маючых грамадскую каштоўнасць успамінаў з’яўляецца сур’ёзным недахопам рукапісу.
3 другога боку, жыццёвы шлях Мядзёлкі склаўся так, што з ёю неяк праходзілі побач людзі буржуазна-нацыяналістычнага гатунку, як Э. Будзька, як віленскі нацыяналістычны радавец К. Душэўскі, гродненскія нацыяналістычныя радаўцы Алексюк і Вернікоўскі, асабліва як буржуазны нацыяналіст (адначасова беларускі і ўкраінскі) I. Краскоўскі, які праходзіць праз большую частку рукапісу (Пецярбург, Мінск, Кіеў, буржуазная Латвія), як нацыяналіст-эсэр Тамаш Грыб, які пэўны час быў мужам П. Мядзёлкі і закончыў свае дні ў эміграцыі. Дзейнасць гэтых людзей з’яўляецца фонам, на якім разгортваецца жыццёвая біяграфія аўтара рукапісу. Зразумела, з гэтай прычыны яна вымушана бачыць у іх жывых людзей з дадатнымі і адмоўнымі рысамі, з гэтай жа прычыны яе спробы дзе-нідзе ад іх адмяжоўвацца выглядаюць не надта пераканаўча, бо
сама яна была ў нейкай меры членам гэтага асяроддзя. Ацаніць па-сапраўднаму варожую народу дзейнасць гэтых «дзеячоў» у аўтара не хапіла сілёнак ні тады ў даўнія часы, ні цяпер, калі яна ўспамінала падзеі сваёй біяграфіі.
Аб узроўні палітычнага мыслення аўтара рукапісу даволі красамоўна сведчыць тое, як яна нават з нейкім пафасам апісвае сваю дзейнасць па арганізацыі нацыяналістычнага кангрэса ў Мінску, што адбыўся ў 1917 г. П. Мядзёлка падрабязна апісвае, як яна ездзіла па гарадах, а потым у дзвюх фразах каецца, што яна тады не разумела палітычнага значэння сваіх раз’ездаў. Можаце сабе ўявіць, наколькі шчыра гучыць такое пакаянне.
П. Мядзёлка спрабуе прадставіць свайго былога мужа эсэра Т. Грыба як аднаго з арганізатараў падпольнага руху супраціўлення белапольскай акупацыі ў Мінску, як ініцыятара стварэння падпольнага паўстанцкага камітэта, які быццам бы наладжваў супрацоўніцтва з камуністамі (бальшавікамі) падпольным арганізацыямі. Гэтая дзейнасць Т. Грыба не пацверджана ніякімі дакументамі ды і з рукапісу відаць, што Грыб нічога не паспеў зрабіць, бо быў арыштаваны дэфензівай.
А ці трэба ў такім разе наогул узнімаць пытанне аб гэтым нібы існаваўшым Тайным Паўстанцкім Камітэце, вельмі доўга і меладраматычна абыгрываць так званую інструкцыю ТПК? Паўстае пытанне, чаму сам Т. Грыб не пастараўся належным чынам асвяціць сваю дзейнасць і чаму П. Мядзёлцы трэба спрабаваць паправіць яго палітычную рэпутацыю, не маючы для гэтага перакаўначых падстаў?
У апісанні астрожнага жыцця, пасля арышту белапалякамі П. Мядзёлкі і яе былога мужа Т. Грыба, праглядвае, магчыма, мімавольная тэндэнцыя, што нібы польскія турмы былі запоўнены амаль выключна яўрэямі. Між тым, мы добра ведаем, што супроць белапалякаў не меней змагаліся беларусы, рускія, украінцы і г. д. і што дэфензіва не была больш ласкавай да прадстаўнікоў гэтых нацый. Такая тэндэнцыя, якую дапускае аўтар у гэтым пытанні, будзе на руку сіянісцкім нацыяналістам, іх прапагандзе, што для нас немэтазгодна.
Маю заўвагу ў гэтым накірунку аўтар таксама не ўлічыла, спаслаўшыся на тое, што так было. Наогул польскія астрогі ў рукапісе займаюць непрапарцыянальна вялікае месца. Мы ведаем, што ўлада Пілсудскага была фашысцкай, пра гэта трэба пісаць, але пісаць з улікам таго, што зараз Польшча ідзе шляхам будаўніцтва сацыялізма.
Калі П. Мядзёлку буржуазная ўлада Латвіі высылала з краіны і аўтар хадайнічала аб прыняцці савецкага грамадзянства, яна кінула цень на дзейнасць савецкага пасольства ў Латвіі, сцвярджаючы, што нібы пасольства імкнулася пакінуць яе і надалей у Латвіі для нейкіх мэт. I тут жа, насуперак усякай логіцы, выезд у СССР прадстаўлен як амаль гвалтоўны. Калі П. Мядзёлка, ужо будучы на прыступках вагона, з савецкай візай у кішэні, вагалася ехаць ці саскочыць, дык яе нібы чыясьці рука з вагона схапіла за каршэнь і ўцягнула ў вагон. Паўстае пытанне, каму гэта трэба было рабіць і з якой мэтай?
Найболей аўтару ўдаліся апісанне дзіцячых гадоў і гадоў вучобы у школе, у гімназіі. Гэтыя раздзелы маюць бясспрэчнае пазнавальнае значэнне. У цэлым жа рукапіс вельмі цяжка паддаваўся рэдагаванню, бо ён вельмі сыры і літаратурна і з боку яго зместу.
Рэдагуючы тэкст рукапісу, мне давялося прачытаць яго тры разы. Але абыйсціся толькі рэдагаваннем тэксту было нельга. У сувязі з істотнымі заганамі ў змесце рукапісу, які аўтар выправіць не здолела пасля таго як я вяртаў рукапіс, я вымушан быў ісці шляхам скарачэння тых месц, якія не ўяўляюць цікавасці для савецкага чытача або якія недастаткова кваліфікавана асвятляюць падзеі.
Але П. Мядзёлка, даведаўшыся, што ў рукапісе робяцца скарачэнні, не згадзілася з такім метадам рэдагавання і звярнулася са скаргай па гэтаму пытанню да намесніка старшыні Савета Міністраў БССР тав. Клімава I. Ф. Такім чынам, аўтарам праяўлена да мяне як рэдактара недавер’е. У такой сітуацыі я не лічу магчымым прадаўжаць рэдагаванне рукапісу. Я прадбачу, што пасля будуць новыя кляузы, што я кнігу сапсаваў і г. д., хоць у сапраўднасці я хацеў дапамагчы
аўтару, улічваючы яе стары ўзрост, яе неразуменне некаторых элементарных рэчаў.
Няхай выдавецтва вырашыць, ці даручыць рэдагаванне новаму рэдактару, ці прадаставіць аўтару магчымасць самой папярэдне парэдагаваць яго.
Паколькі мной затрачана шмат часу і працы на неаднаразовае чытанне і рэдагаванне рукапісу П. Мядзёлкі, прадстаўляю на Ваш разгляд прапанову аплаціць маю працу як другую рэцэнзію.