Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Аднак у Поўным зборы твораў Я. Купалы, у якім змешчаны гэты верш, прысвячэння Уладыславе Станкевічанцы няма.
Я значна пазней спыталася ў вучонага сакратара Музея імя Я. Купалы Есакова, чаму ў акадэмічным выданні твораў Купалы няма гэтага прысвячэння, ён адказаў, што ў рукапісе, які захаваўся ў архівах, не было гэтага прысвячэння.
Ды ў «Нашай Ніве» гэта прысвячэнне паявілася, здаецца, пасля таго, калі Уладыслава Станкевічанка стала ўжо жонкай Купалы.
Трэба праверыць.
Калі так, дык якая ж сувязь гэтага верша з Владкай?
3 другім вершам атрымалася недарэчнасць. Пасля майго арышту ў 1930 г. і высылкі ў Казань Я. Купала пераслаў мне праз брата Зыгмуся, які наведаў мяне ў 1931 г., рукапісны верш.
Снілася дзяўчыне квецістае поле,
а наяве выйшла — палыны, уголле. Снілася дзяўчыне воля і багацтва, а наяве выйшла — няволя, жабрацтва. Снілася дзяўчыне дома жыць да смерці, а наяве выйшла — ў чужыне памерці.
Верш гэты быў без подпісу, але напісаны рукой самога ayTapa. Пасля вайны, калі Владка збірала матэрыялы для музея імя Я. Купалы, яна забрала ў мяне рукапіс гэтага верша, перадаўшы мне толькі фотакопію яго.
I вось у 1958 г. выходзіць зборнік матэрыялаў «Янка Купала ў беларускім мастацтве», выд. Акадэміі навук БССР (Мінск, 1958). На стар. 8 А. Есакоў піша:
«Вобраз Паўлінкі ў выкананні П. Мядзёлкі вылучаўся прастатой, драматызмам і высакароднасцю. Асабліва ёй удалася сцэна асмяяння Адольфа Быкоўскага. У знак прызнання, што іменна такую трактоўку вобраза аўтар лічыць правільнай, Я. Купала на літаратурным экзэмпляры п’есы напісаў П. Мядзёлцы прысвячэнне. Радкі гэтага экспромту датычацца драматычнай сутнасці вобраза» (падкрэслена мной. — П. М.). I пад гэтым змешчаны першыя дзве страфы гэтага верша.
У 1-й кнізе «Сцежак жыцця» я пісала ўжо, што на гэтым літаграфскім экзэмпляры Я. Купала напісаў зусім іншы верш у 32 радкі і што гэты экзэмпляр разам з вершам украў у мяне Рамуальд Зямкевіч.
Незразумела: што агульнага мае верш «Снілася дзяўчыне» з «драматычнай сутнасцю вобраза»? А вось да майго арышту і высылкі ў 1931 г. гэта запраўды датычыцца.
Нягледзячы на мае тлумачэнне Есакову ў Музеі імя Я. Купалы, у акадэмічным выданні 4-томніка твораў Я. Купалы верш «Снілася дзяўчыне» датаваны 1913 годам (замест 1931 г.), а ў каментарыях тая самая брахня Есакова.
Канстанцыя Буйло
3 К. Буйло я была знаёма з нашаніўскіх часоў (1912—1914 гг.). Яна сябравала з Ул. Станкевічанкай, а да мяне адносілася звысока, ганарыста, як да малодшай ад сябе, якая не належыць да групы падняўшыхся на Парнас. А таму блізкіх адносін з ёю я не мела. Аднак у 1927-1928 гг., бываючы ў Маскве, я разы са два наведвалаяе, пазнаёмілася з яе мужам Віталем Калечыцам, вельмі сімпатычным прыгожым чалавекам465. У гэтыя гады Канстанцыя зусім адышла ад усякіх беларускіх спраў, нічога не пісала і не друкавалася.
Сярод сваіх папер знайшла вырваныя з якогась свайго сшытка два пажаўцелыя лісточкі з запісам спаткання з К. Буйло.
Перапісваю іх даслоўна.
21.Ш.ЗЗГ.
Даўно я была ў Косткі Буйло.
У выхадны дзень 18.III. зайшла адведаць яе. Як заўсёды спаткала мяне бурна.
— Віталі арыштаваны, — першыя яе словы былі. — Ужо два месяцы сядзіць. Ты хіба не ведала?
Здзівіў мяне яе тон — быццам спавясціла аб новым службовым прызначэнні або аб камандзіроўцы.
— Штосьці па табе не відаць гэтага, — кажу, — ты так спакойна, амаль што весела аб гэтым гаворыш.
— А таму, што я за яго зусім спакойна. Ведаю, што ён сядзіць у добрых умовах і адчувае сябе бадзёра.
Спачатку сказала, што ведае аб ім ад другіх, а пасля пад сакрэтам прызналася, што мае з ім спатканне праз кожныя 10 дзён. У камеры іх чацвёра — прафесар, аграном, доктар і ён. Абеды даюць ім са сталоўкі ГПУ. Днём забіраюць яго наверх, і там працуе ў якасці эксперта.
— А ты ведаеш, што ён мне сказаў пры спатканні? «Я шчаслівы, — кажа, — што гэта здарылася, і шкада, што гэта не здарылася раней. Цяпер у мяне на душы поўны спакой, абсалютная раўнавага. Я дагэтуль шмат у чым сумняваўся, шмат чаго не
разумеў, роўнай лініі не было ў маім самаадчуванні — былі то ўздымы, то ўпадкі духу, то здавалася, што ўсё ідзе правільна, як і павінна быць, то зноў сумняваўся і нявера завалодвала мной. А цяпер я ўсё зразумеў, сумняванняў больш няма. Усё, што робіцца, усё гэта мэтазгодна і неабходна, інакш і нельга». — «I ты кажаш, што ўсё зразумеў? — пытае Костка, — ты разумееш і ўсе гэтыя працэсы шкоднікаў?» — «Разумею і працэсы. Так павінна быць і ўсё робіцца правільна. Бачыш, трэба з коранем вырваць усялякае актыўнае і пасыўнае супраціўленне пераможнаму будаўніцтву сацыялізму, і паўмерамі абыходзіцца тут нельга».
«Скажы, цябе абвінавачваюць?» — «Так». — «Ты вінаваты?» — «Так». — «Аякжа ты мне гаварыў пад час арышту, калі цябе выводзілі з дому: “Што б са мной ні было, ведай адно: я не вінаваты”». — «Бачыш, гэта гледзячы з якога пункту погляду падысці да гэтай справы. Калі з таго, на якім я тады быў — так, я не вінен, я чэсна працаваў. А з пункту погляду праўдзівага рэвалюцыянера-камуніста — я вінаваты. Ты гэтага не зразумееш, як і я не разумеў дагэтуль. Але ОГПУ — вялікі вучыцель. Я пабачыў, што тут працуюць праўдзівыя рэвалюцыянеры, часнейшыя і разумнейшыя людзі. Цяпер я веру і шчаслівы гэтай верай. Я даўно не знаў такога радаснага спакою душы, як цяпер. Адсюль я выйду новым чалавекам, ачышчаным, выйду камуністам, і тады я буду цябе вучыць, і ты зразумееш тады».
Аб сваёй долі Віталі не трывожыцца. Нічога страшнага быць не можа. Якая б ні была вынесена аб ім пастанова — ён бездакорна падначаліцца вызначанай дысцыпліне і прыме гэта як заслужанае.
Ты мо падумаеш, — прадаўжае Костка, — што ён гаварыў гэта з пэўнай мэтай перад імі? He, нас пакінулі адных, і гэта ён мне казаў сам-насам. Вось ён усё ўжо зразумеў, а я, як ні б’юся думкамі, ніяк не магу зразумець, у чым яго віна і нашто патрэбна ствараць гэтыя працэсы?
На гэтым абрываюцца лісткі з запісам гэтай гутаркі з Канстанцыяй. Памятаю, што з прыкрасцю я адчула нейкі
фальш ва ўсім гэтым мнагаслоўі Косткі, і пасля гэтага я на доўгі час перастала бываць у яе. Ведаю, што Віталі Калечыц загінуў у ссылцы, але яшчэ пры яго жыцці ў Канстанцыі паявіўся другі муж, нейкі палкоўнік, што нібы загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны пад Сталінградам466. У 70-годдзе з дня нараджэння К. Буйло ў 1968 г. у часопісе «Работніца і сялянка» быў з гэтай нагоды змешчаны артыкул, у якім гэты палкоўнік названы Калечыцам! Вось табе «праўдзівая» інфармацыя!
ДАДАТАК
1.	Лісты з Берліна467
8 кастр. 1921 г.
Баценысі і хлапчукі мае родныя!
Вось аж гдзе я апынулася...у самым сяродку Эўропы. 20-га верасьня з К[оўна] у Прагу Чэскую. Ехала першы раз морам. Хай яно згарыць! Мора толькі з берагу прыгожа — добра на берагу грэцца на сонейку, бегаць па пясочку, купацца, глядзець на хвалі — тагды цудоўнае мора. У Полондзе (Паланзе. — Г. 3.) наглядзелася на яго хараство. Але ехаць... бррр!.. Добра яшчэ, што разам ехаў Кастусь468 — то па яго інтэрвенціі абышлося без Латышскай візы. Прышлося ехаць морам 18 гадзін — ну і радасна-ж мы спаткалі зямельку. Я думаю і Калумб ня больш быў рад.
Затрымліваліся ў Кэнігсбергу. Харошы горад — што і казаць, а каб усё апісываць — часу ня хопе. У Бэрліне затрымаліся на адзін дзень і рушылі далей. Вось тут каб і хацела, то трудна апісаць таго магутнага ўражэньня з гэтай падарожы. Такога хараства і ў сьне ня сьніла — гэта дарога праз Дрэздэн, Пешын, а назад ехалі праз Бодэнбах. Праз усю дарогу ехалі ў даліне ракі Эльбы па самым берагу. 3 абодвух старон высокія горы — скалы. — На самым шчыце скалы то там то сям срэднявечныя замкі. Э! Што там пісаць! Адно толькі — зварачваюся да вас хлопцы. Усе сілы прыкладайце да таго, каб праехаць па Эўропе. Варта пагаладаць, варта... Ну што варта? Усё, абы толькі мець магчымасць паглядзець на цуды прыроды і — культуры.
Прага дзіўны горад — прыгожы. Музэум, будынкі сярэднявяковыя і новыя. Помнік Гуса робіць сільнейшае ўражаньне. Мы там усклалі вянок на магілы чэскіх герояў. Падчас змаганьня чэхаў за сваю волю — згінула карай сьмерцю праз па-
вешаньне 46 чэхаў-юнакоў. Усе моўчкі паміралі — адзін толькі азваўся: «Pozdrawcie ode mnie moje krasne Cecky»469. Другі з ix недачакаўшы ката — сам сакольскім скокам апынуся на шыбеніцы і зацягнуў сабе пятлю. Трэці сарваўся з вяроўкі, яго меліся памілаваць. Ён стаў перад глаўным начальнікам і горда сказаў, «Nie chce milosti»470. — тут-жа і яго павесілі — так паміралі чэхі за сваю бацькаўшчыну. Калі ўсклалі вянок — былі прамовы: ад нас і ад чэхаў — усе плакалі.
Была я там цэлы тыдзень. 1-га прыехала ў Бэрлін!.. (Тумка едзе ў К.)471. Ну і Бэрлін!.. 4 мільёны жыхароў. 30 вёрст у шырыню. Рух цягнікоў, трамваяў, аўтобусаў і др. Над галавой, па вуліцы і пад зямлёй... Усё кудысьці ляціць, ікнецца, прэцца — як у пеклі. Ну, але драбніцы пасьля калі-небудзь апішу.
Астаюся тут у Бэрліне і, магчыма, надоўга. Працую пры выдавецтве кніжок. Маю пенсіі 3.000 мк. у м-ц. На жыцьцё мне пойдзе 1500-2000 мк. — на рэшта буду памаленьку апранацца. Трэба і абуцца як належыць і сукенак пару зрабіць і пальто. Мо гэтакае здарэньне ня скора будзіць трэба скарыстаць. А калі будзе яко здарэньне — падашлю вам, бо почтай нельга.
Вось у кароткіх словах падзей апошніх дзён майго жыцьця. Калі лісты будуць даходзіць — буду пісаць па магчымасьці часта. Пішыце на такі адрас:
Niemcy— Deutschland, Berlin,
Friedenau. Ronneberg str. 2bei Muller. Fr. Duscheoskaja.
Хутчэй адзавіцеся. Каб я ведала, ці даходзяць пісьмы. Цалую.
Паўліна
8.1.22472
Бэрлін
Мусёк даражэнькі!
Нарэшці сабралася і табе скрабянуць пяром. Дагэтуль не магла, бо... (але гэта табе на вухо шапчу, каб мама ня чула) бо крышку прыхварнула. Тут у Бэрліне пошасьць інфлюэнціі — ну і мяне на тыдзень збіла з ног, а ўсяму вінаван нямецкі Новы год. Гэты вечар, пад Новы год, сядзела ў хаці, як і на куцьцю,
сама адна. Каля гадз. Уі 12-й пачалося на вуліцы штосьці надзвычайнага — ня выцерпела і вышла на балькон. Баценькі мае! Такога дзіва і ў ва сьне ня бачыла!... Стрэлы па ўсяму гораду проста аглушаюць — як падчас атакі ў Даўгінаве ў 1915 г. Поўна вуліца дзяцей. На бальконах страшныя дзікія крыкі «Neu Jahr! Neu Jahr!»473. 3 кожнага балькона пушчаюць ракеты, бенгальскія агні, рымскія сьвечкі, чортавы калёсы, перакідываюцца сэрпантінам. Дзеці на вуліцы страляюць і таксама розныя агні штучныя пушчаюць. Адным словам — увесь Бэрлін у стрэлах, у агні — як ён не згарэў, дык гэта дзіва! Вось так нямецкі Новы год! Прыходзіць з такім шумам і трэскам — зусім ня так, як наш — ціхенька, спакойненька... А за тое, што я яго і не спатыкала зусім, а толькі дзівавалася, як другія спатыкаюць, — вось ён раззлаваўся і захаладзіў мяне. У дабавак катораясь кішка ў жываце запхнулася нямецкімі бутэрбродамі і прышлося рыцынай праганяць. А ведаеш, за ўвесь час, як я сюды прыехала, я і ня нюхала масла і не каштавала малака або яек. Кормяць тут заместа масла — маргарынам, малако толькі на дзяцінныя картачкі прадаецца, а яек і не дакупіцца.