Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Я ўжо казала, што далека была ад палітычных спраў, аднак спачувала групе Грыба, а ён не налягаў, не прапанаваў мне ўступіць у яго партыю.
Пасля выхаду № 8 «Роднага краю» з перадавіцай «Правам ці мячом» мяне арыштавалі ў Гародні, Грыба — у Вільні, а Маркевіч скрыўся. Хаваўся перш у нейкім жаночым манастыры, а пасля не ведаю, дзе ён знік, больш яго я ніколі не сустракала.
Пра свой арышт і следства ў справе газеты «Родны край» я пісала ўжо ў сваіх «Сцежках».
Хутка пасля майго вызвалення да суда з турмы прывязлі з Вільні Тамаша і пасадзілі ў тую ж турму. Пра гэта я даведалася ад следчага Дамбровы. Я зараз жа арганізавала перадачу і пайшла да следчага прасіць дазволу на спатканне з Тамашом. Ён сказаў, што спатканне дазваляецца толькі блізкім родным — бацькам, брату, сястры.
— А «нажэчона» як лічыцца — блізкім чалавекам ці не? — пытаю.
— Нажэчонай можна.
— Ну, дык я з’яўляюся яго нарачонай.
— Jezeli tak, to bardzo prosz?, — i выдаў мне дазвол на спатканне кожны тыдзень.
Пры другім спатканні Тамаш даў мне свой дзённік, пра які я пісала ўжо і з якога даведалася, як даўно ён мяне кахае. Ды і я ў Гародні да нашага арышту заўважыла, што ён далёка не абыякавы да мяне, аднак пра гэта ніколі ў нас не было гутаркі, хаця аднойчы, седзячы на высокім беразе Нёмана, я сама яго пацалавала. Але гэты пацалунак быў больш сяброўскі, развітальны перад яго ад’ездам у Вільню.
Прачытаўшы яго дзённік, пры наступным спатканні я сунула ціхачом у яго кішэню свой ліст, у якім сказала, што з гэтага дня ён можа лічыць мяне сваёй жонкай. Праўду сказаць, я сама не ведала, ці можа гэта здзейсніцца ў жыцці, але хацела яго падбадзёрыць, аблегчыць яго цяжкую няволю. Хай цешыцца гэтай думкай, а там што будзе, то будзе!
На адным спатканні са следчым Дамброва ён спытаў у мяне, якія грошы меў Грыб пры сабе і ці не казаў ён мне, дзе тыя грошы, якія ён у Вільні атрымаў за газету, бо ў часе яго арышту пры ім не было ніякіх грошай.
Я сказала, што аб ніякіх грашах я не ведаю. Выязджаючы ў Вільню, ён меў столькі, колькі трэ было на дарогу і на два дні пражыцця. I гэта была праўда. Тады Дамброва паказаў мне ліст да следчага ад Янкі Станкевіча, былога клерка духоўнай семінарыі, страшэннага шавініста і клерыкала. Станкевіч пісаў, што Грыб у Вільні атрымаў вялікія грошы, здаецца, 10 тысяч, што гэтыя грошы грамадскія, і паколькі Грыб цяпер знаходзіцца пад арыштам, дык Станкевіч просіць вярнуць тыя грошы яму, Станкевічу. Гэта была подлая брахня. Станкевіч, мяркуючы, што ў Грыба павінны быць грошы на выданне газеты, хацеў прысвоіць іх сабе. Нават следчы, разведаўшы, што Грыб ніякіх грошай ніадкуль не атрымліваў у Вільні, ды і не паспеў бы гэтага зрабіць, бо зараз жа пасля яго прыезду быў арыштаваны, грэбліва пасмяяўся з прайдохі Станкевіча.
Аднойчы я даведалася, што праз Гродна будзе праязджаць старшыня ўрада БНР Антон Луцкевіч. Я пайшла на станцыю, каб пабачыць яго і спытаць, ці дамагаюцца яны ў Вільні звальнення Грыба. Луцкевіч адказаў, што ў Варшаве сам Асмалоўскі, які загадваў справамі крэсаў усходніх пры ўрадзе Пілсудскага, у прысутнасці Луцкевіча даў загад «natychmiast zwolnic Hryba», і быў здзіўлены Луцкевіч, што да гэтага часу загад Асмалоўскага не выкананы.
Перадавалі з вуснаў у вусны анекдатычнае апавяданне, як паслалі да Пілсудскага ў справе вызвалення Грыба Вацлава Іваноўскага. Ён быў знаёмы з Пілсудскім і ў добрых калісь адносінах, таму быў упэўнены, што яму ўдасца ўгаварыць Пілсудскага, каб вызвалілі Грыба. Атрымаўшы аўдыенцыю, Іваноўскі ўвайшоў у кабінет Пілсудскага, прывітаўся. Але ж трэба перш, як з добрым знаёмым, распачаць якуюсь пабочную гутарку, а не адразу загаварыць аб справе. 3 чаго ж пачаць? Іваноўскі толькі што падбіў новыя падноскі ў чаравіках і хацеў пахваліць варшаўскіх майстроў шавецкай справы. Падняў адну нагу, шлёпнуў даланёй па падноску.
— Ot zelowki, tak zelowki!446 — задаволена сказаў.
Пілсудскі здзіўлена звёў свае махнатыя бровы, выцягнуў з кішэні гадзіннік, паглядзеў на адкрыты цыферблат і...
— Moje uszanowanie panu! — падаў на развітанне руку. Збянтэжанаму Іваноўскаму нічога іншага не аставалася рабіць, як падняцца і выйсці. Так скончылася справа аб вызваленні Грыба.
Аднойчы паявілася ў Гародні Палута Бадунова і адразу пайшла ў акруговы суд да следчага прасіць спаткання з Тамашом. Пра гэту візіту расказаў мне Дамброва.
— А вы хто яму будзеце — матка? — пытае следчы.
— Я яго нявеста, нажэчоная, — адказала Палута.
— Цікава! У яго, аказваецца, дзве нажэчоныя? Адна з самага пачатку адведвае яго. He магу я дзвюм нарачоным даваць дазвол. Трэба ў яго самога спытаць, каторая з вас сапраўдная.
Абураная адмовай, Палута раз’яраная прыбегла да мяне і ўчыніла мне авантуру, назваўшы мяне самазванкай без усялякага права на гэта. He буду перадаваць усялякіх нападкаў на мяне з яе боку. Я старалася спакойна, з годнасцю адказваць ёй, хоць і карцела паказаць ёй дзённік Тамаша. Ветліва, але цвёрда папрасіла яе пакінуць мяне ў спакоі. Больш у Гародні яе не бачыла.
Забягаючы наперад, каб ужо не варочацца да гэтай асобы, трэба сказаць, што праз усё сваё жыццё Бадунова ўсюды праследавала мяне. У 1922—1925 гг. пісала лісты ў таварыства «Бацькаўшчына» ў Латвіі, выліваючы ў іх усякі бруд на маю галаву («Як вы можаце дапусціць, каб такая асоба была настаўніцай у гімназіі?»). У 1925—1930 гг. пісала ў Менску даносы на мяне ў ГПУ. Нават ужо ў Маскве пасля 1931 г. яе сястра, настаўніца аднэй маскоўскай школы447, пашырала пра мяне ўсялякую бязглуздзіцу. Той, хто мяне ведаў, толькі смяяліся з гэтага, не прыдаючы значэння бруднай хлусні.
3 лістоў Тамаша я ведала, што і да яго яна ўсё сваё жыццё чаплялася са сваім каханнем. У рэшце рэшт у Менску яна паявілася ўжо выразна псіхічнахворай. I калі бывала яна ў Купалаў, Владка не пушчала мяне ў дом, баючыся скандалу з яе боку.
Ішлі месяц за месяцам, а Тамаша ўсё не звальнялі, нягледзячы на загад Асмалоўскага.
У гэтым, 1919 г. раптоўна стала суровая зіма. 9 лістапада я паднялася, каб пайсці ў староства па дазвол на новую нашу пастаноўку. Глянула на вокны і жахнулася — шыбы ў вокнах так моцна замураваны марозам, што аж шэрань іх пакрыў знутры. На дварэ тэрмометр паказваў —25°. Напярэдадні на спатканні ў вязніцы Тамаш прыйшоў увесь сіні ў твары, дрыжыць усім целам. Аказваецца, яму ў камеру прынеслі вядро гарачай вады, ён абмыўся, а шыбы ў вакне адзіночкі павыбіваны і прыкрыты толькі газецінай.
Я выйшла на вуліцу і ў нейкім атупенні апынулася заместа староства перад будынкам акруговага суда. Зайшла ў кабінет Дамбровы. Ён дапытваў якуюсь жанчыну, але, убачыўшы мяне ля дзвярэй, перапрасіўшы яе, падышоў да мяне.
— Пані до мне? — пытае.
— Так. У вас у кабінеце цёпла, аж загорача. А ведаеце, які сёння мароз на дварэ? А ведаеце, што ў камеры, дзе сядзіць Грыб, шыбы ў вокнах павыбіваны? Ён прастудзіўся і хворы. Калі хочаце пазбыцца яго, дык лепш адразу расстраляйце, а не мучайце чалавека, каб ён ад хваробы памёр. Але вы гэтага не зробіце, пабаіцёся, а так вам выгадней — замарыць яго.
— Hex пані ўспокоісе, нех успокоісе, я зараз вруцэн, — і выбег кудысьці.
Праз хвіліну ўвайшоў разам з пракурорам, які заходзіў да мяне ў камеру. Я і яму тое самае сказала. Пракурор, пашаптаўшыся са следчым на старане, зноў падышоў да мяне і спытаўся, ці магу я ўнесці залог у суме 400 рб. за звальненне яго да суда.
— Тылько нех он не агітуе, нех не агітуе, — умольна прасіў пракурор.
У той жа дзень я сабрала грошы, унесла ў банк і атрымала ў судзе загад аб звальненні Тамаша пад залог.
А гадзіне чацвёртай па паўдні я наняла рамізніка, пад’ехала да вязніцы, забрала Тамаша і прывезла ў свой пакой.
Пачалася зноў наша супольная праца. Газету, вядома, закрылі, але Тамаш штодзённа вёў гутаркі з моладдзю, чытаў лекцыі па літаратуры, балазе, што мы жылі ў пакоі на другім паверсе Беларускага клуба, так што маглі сабірацца не толькі
ў клубных пакоях, дзе часам круціліся шпікі, але і ў сваім пакоі. Аляксюк не мог скрыць свайго здзіўлення і незадавальнення з таго, што Грыб аказаўся на волі.
У канцы снежня Тамаш выехаў у Менск, у якім панавалі ўжо белапольскія акупанты.
Неўзабаве атрымала з Менска ўмоўную тэлеграму: «Антось в доме», што значыла, што Тамаш арыштаваны. Праз дні 2-3 другая тэлеграма ўжо без усякага шыфру: «Прыязджай. TaMam моцна хворы». He ведаючы, што і думаць, якая небяспека яму пагражае, я ў пачатку студзеня 1920 г. выехала ў Менск. Аказалася, што ён у вязніцы захварэў на брушны тыфус. Жандары, баючыся распаўсюджання заразы ў вязніцы, звольнілі яго. Непрытомнага, яго забралі таварышы і памясцілі ў пакойчыку Якубецкага. 3 маім прыездам Андрэй Якубецкі перайшоў да аднаго свайго сябра. Пакой халодны, праз шырокія шчэлкі падлогі дзьмуў холад, з вакон таксама несла сцюжай. Апрача аднаго ложка, на якім ляжаў у непрытомнасці хворы, не было канапы, і я, не маючы сваёй пасцелі, неяк масцілася на падлозе, курчачыся ад сцюжы. Больш месяца Тамаш праваляўся, пакуль, зусім аслабелы, не падняўся на ногі.
Прыйшоўшы да прытомнасці, ён сказаў, што хтосьці злажыў у чэшскім банку на яго імя вялікую суму грошай, але ён не ведае, хто і колькі там у банку яго грошай. Пра гэта ён гаварыў і свайму таварышу па партыі Трафімаву, які яго адведваў. Я падазравала, што гэта яму трызнілася ў хваробе, аднак Тамаш змусіў мяне паслаць тэлеграму ў Чэшскі нацыянальны банк з запытаннем, хто і якую суму злажыў у банк на яго імя. Як і трэ было чакаць, прыйшоў адказ, што ніхто ніякіх грошай не складаў у банк на яго імя. Аднак пры наступным нашым арышце гэта тэлеграма з банка нарабіла нам нямала клопату.
Аддзел народнай асветы Беларускага нацыянальнага камітэта прызначыў мяне кіраўніцай вышэйша-пачатковай 4-класнай жаночай школы па Аляксандраўскай вул. (цяпер вул. Горкага)448. У чатырохпавярховым будынку на процілеглай старане ад вугла Траецкай гары (ці Высокага рынку — не памятаю, як
тады празывалася) на партэры была даволі вялікая, у 4 пакоі з кухняй, мая кватэра, на 2-м паверсе школа.
Тамаш чытаў лекцыі не памятаю ўжо на якіх курсах. Да нас часта заходзілі яго сябры — Трафімаў, Язэп Мамонька, Мікола Шыла, Янка Бялькевіч, Паўлюк Бернік.
У гэты час хтосьці склаў песеньку: