Сейбіты вечнага | Скарынаўская сімволіка
Генадзь Кісялёў
Выдавец: Медысонт
Памер: 546с.
Мінск 2009
«Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці і то пісаці такую праўду справядлівую... О, загрыміць наша праўда і як маланка пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе». Гэтыя поўныя велічы і веры словы, якімі пачынаецца першы нумар «Мужыцкай праўды», адкрываюць новую слаўную старонку ў гісторыі беларускага народа і яго літаратуры. Цяжка пераацаніць значэнне гэтых слоў. Яны азначаюць нараджэнне сялянскай дэмакратыі на Беларусі. Гэта ўрачыстая заява народа аб сваіх сацыяльных і нацыянальных правах, народа, які ўсвядоміў сваю моц і абудзіўся да актыўнага грамадскага жыцця. Узняцца з балот, выйсці з лясоў каб заняць належнае месца сярод іншых народаў, — гэты матыў на дзесяцігоддзі вызначыць змест маладой беларускай літаратуры і напоўніць
яе высокім грамадзянскім гучаннем. Тыя ж пачуцці, якія жывуць у пракламацыях Каліноўскага, лягуць пасля ў аснову верша-гімна Янкі Купалы «А хто там ідзе?».
Каліноўскі з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай дэмакратычнай публіцыстыкі новага часу. Вялікі знаўца народных гаворак, які тонка адчуваў слова, Каліноўскі ўнёс буйны ўклад у справу стварэння беларускай літаратурнай мовы. Непарушнымі сувязямі змацаваўшы сваё жыццё з жыццём і барацьбой народа, ён здолеў знайсці для сваіх рэвалюцыйных думак даходлівую форму разумнай вольнай размовы з сялянамі — «дзецюкамі», як ён любоўна называў іх. Гэта была размова роўнага з роўнымі — нездарма свае творы ён падпісваў блізкім народу псеўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні» («гаспадар» — селянін, які меў сваю гаспадарку).
«Лятучыя лісткі» «Мужыцкай праўды» (так называў яе нумары A. I. Герцэн), якія распаўсюджваліся па дарогах і вёсках Беларусі, будзілі класавую і нацыянальную самасвядомасць беларускіх сялян. Тое, што газета нападала на царскі ўрад, чыноўніцтва і рэкрутчыну, яшчэ не дзіва — вострую крытыку царызму можна сустрэць і ў іншых беларускіх выданнях таго часу, якія выходзілі са шляхецка-рэвалюцыйнага лагера. Як і ў гэтых выданнях, у «Мужыцкай праўдзе» гаварылася аб адзінстве інтарэсаў беларускага і польскага народаў, але пад польскім народам Каліноўскі разумеў заўсёды працоўную яго частку і прыводзіў у сваёй газеце прыклады барацьбы менавіта гэтай часткі — польскіх сялян: «Паказваюць, што мужыкі каля Варшавы збунтаваліся і не далі рэкрута. Тады цар паняволі мусіў дараваці» (№ 5). I што самае галоўнае — побач з гэтымі прыкладамі ў газеце прыводзіліся ўзоры змагання рускіх сялян з прыгонніцтвам:
«Два рокі ўжо таму, калі яшчэ ніякіх маніфестаў аб вольнасці не аб’яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою... збунтуецца...» (№ 3).
Вольнае беларускае слова (менавіта так можна назваць «Мужыцкую праўду») спрыяла пашырэнню крутагляду беларускіх сялян, адкрывала ім вочы на ўвесь шырокі свет і ў папулярнай форме прапагандавала ўлюбёную ідэю Каліноўскага — ідэю беларуска-руска-польскага рэвалюцыйнага саюзу.
Як мы ўжо гаварылі, Каліноўскі напярэдадні паўстання, г. зн. і ў перыяд выдання «Мужыцкай праўды», дзейнічаўу саюзе са шляхецкімі рэвалюцыянерамі. Але і ў гэтых умовах ён умеў прапагандаваць свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі. Зразумела, было б перабольшаннем сказаць, як гэта робіць А. Смірноў што «асноўным патрабаваннем „Мужыцкай праўды” з’яўляецца заклік да знішчэння памешчыцкага землеўладання»80. Непасрэднага закліку ў газеце няма, але бясспрэчна, што ад выказаных у газеце думак лёгка перайсці да такога закліку. Калі перачытваеш нумары «Мужыцкай. праўды», адчуваеш, што Каліноўскі, пільна сочачы за разгортваннем падзей, трымаў гэты заклік напагатове. А пакуль ён спакваля, асцярожна рыхтаваў сялян да будучай рэвалюцыі, спадзеючыся на іх магутную рэвалюцыйную самадзейнасць: «А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужо талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа» (№ 3). «Якой вам вольнасці патрэба», — вось на што націскае беларускі
80 Смнрнов А. Кастусь Калнновскнй. С. 42.
рэвалюцыянер. Гэта былі вельмі небяспечныя радкі для памешчыкаў, бо сам Каліноўскі даўно ўжо падслухаў запаветныя думкі селяніна аб тым, «што ўся зямля ёсць яго набытак, які аспрэчваецца толькі памешчыкам»81. А маючы на ўвазе «адзіны спосаб», якім сяляне здолеюць здабыць зямлю і волю, Каліноўскі ўсяляў у сялян веру ва ўласныя велізарныя сілы: «Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзержымся разам... Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе...» (№ 1). Ці яшчэ: «... Няма чаго ждаць ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы — каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськім свеце» (№ 3).
Крытыка грабежніцкай рэформы 1861 года трапляла часам і на старонкі шляхецка-рэвалюцыйных выданняў для народа, але там гэтая крытыка была аднабаковай, накіроўвалася толькі супраць царызму ці нават «маскоўскага панавання». Толькі «Мужыцкая праўда» здолела выкрыць непарьгўную сувязь паміж царызмам і памешчыкамі («Ронд маскоўскі як той ліхі пан...» — № 4) і паказаць, што рабаўнічая рэформа — справа рук не толькі ўрада, але і памешчыкаў. Асобныя радкі газеты дыхаюць сапраўднай сялянскай нянавісцю да памешчыкаў.
«Шэсць лет ужо мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфест, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў то... ніякай у нём няма праўды, няма з яго для
81 Тлумачальная запіска Каліноўскага ад 28 лютага 1864 года (ЦДГА Літ. ССР [ДГАЛітвы]. Фонд 1248. Вопіс 2. Спр. 280. Арк. 5).
нас ніякай карысці» (№ 1). 1 зноў ад гэтых слоў Каліноўскі вяртаўся да запаветнай думкі аб той свабодзе, якую ўяўляюць сабе самі сяляне: «Но прыходзіць яму (цару. — Г. К.) ужо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць гэта ўсё роўна што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа! Для таго-то цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то, калі ў паноў сто раз пытаў якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці» (№ 4).
Зразумела, многія радкі «Мужыцкай праўды» павінны былі выклікаць страх і незадавальненне памешчыцкага лагера і нават шляхецкіх рэвалюцыянераў.
Менавіта такія адносіны да газеты ў Кучэўскага-Порая, вытрымкі з мемуараўякога прыводзіліся намі вышэй: «У гэту пару з’явілася тайнае рэвалюцыйнае перыядычнае выданнейка, якое мела намер праз пажар і кроў падбухторыць сялян супраць... чыноўнікаўіранейшыхпаноў. Сяляне заклікаліся да таго, каб яны самі сабе адмералі справядлівасць — з дапамогай разні. Гэтае выданнейка, якое рэдагаваў на беларускай мове пад назвай „Мужыцкая праўда” Янка „з-пад Вільні” раскідвалася ў тысячах экзэмпляраў»82.
Каліноўскі добра ведаў, на што ішоў. У першым жа нумары газеты, папярэджваючы сялян аб пачатку барацьбы, ён дае такую расстаноўку класавых сіл: «Маскалі (прадстаўнікі царскай улады. — Г. К ), чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас, но найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасця, яны-то вам самі гэта пісьмо
82 Demokracja polska... S. 108.
даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг».
Як гэтыя радкі сугучны і па тоне, і па змесце са славутай пракламацыяй М. Г. Чарнышэўскага «Барскім сялянам ад іх добразычліўцаў паклон»! Цалкам маюць рацыю тыя даследчыкі (I. Лушчыцкі, А. Смірноў), якія адзначаюць, што многія месцы беларускай рэвалюцыйнай газеты навеяны лепшымі ўзорамі рускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай агітацыйнай літаратуры. Зразумела, справа тут не так у прамых запазычаннях (Каліноўскі, відавочна, не чытаў пракламацыі Чарнышэўскага, бо яна не была выдадзена), як ва ўнутранай роднасці, у братэрстве па духу.
«Мужыцкая праўда» выклікала вялікую літаратуру. I ў наш час у газеты многа рэцэнзентаў — прыхільных і добразычлівых. Але пры ацэнцы яе часам забываюць, што газета была плёнам надзвычай складанай эпохі, вельмі цікавай палітычнай сітуацыі. Нагадаем яшчэ раз, што ў час яе выдання Каліноўскі знаходзіўся ў саюзе са шляхецкімі рэвалюцыянерамі. У сувязі з гэтым даводзіцца здзіўляцца не таму, што ў газеце ёсць асобныя хібы, а таму, што нават у гэтых умовах Каліноўскі здолеў данесці да сялян многае (хоць, зразумела, не ўсё) са сваіх запаветных думак. Забываюць таксама, што «Мужыцкая праўда» была спецыфічным агітацыйным выданнем, разлічаным на кругагляд сярэдняга селяніна; па газеце трэба меркаваць перш за ўсё аб надзвычайнай здольнасці Каліноўскага знайсці найкарацейшы іплях да сялянскіх сэрцаў (час не чакаў!), аб яго агітацыйным майстэрстве, аб яго ўменні весці паспяховую рэвалюцыйную агітацыю ў небывала цяжкіх умовах. Забываюць, нарэшце, што «Мужыцкая праўда» не толькі палітычны да-
кумент, але і літаратурны твор, што «Яська-гаспадар з-пад Більні» — не толькі псеўданім Каліноўскага, але і створаны Каліноўскім і яго сябрамі літаратурны вобраз перадавога беларускага селяніна свайго часу, які ўжо можа «вучыць сваёй мужыцкай праўдзе», аднак не пазбавіўся яшчэ некаторых сялянскіх ілюзій. Недаацэнка гэтых акалічнасцяў прыводзіць часам да смешных рэчаў. Аднойчы, напрыклад, Яська сказаў: «Чалавек-то такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хоча, альбо калі даведаецца, то схоча зразумеці добра і дастаці ўсенка, што яму належыць. Гэта вялікая праўда» (№ 3). I нам здаецца, што разумна сказаўЯська. Але, відаць, не сказаў бы ён гэтага, калі б ведаў, што праз шматшмат гадоў будуць вучоныя людзі на падставе гэтых слоў рабіць вывад, што Каліноўскі, «... не бачачы матэрыяльнай асновы грамадскай ідэалогіі... апеліраваў да асаблівасцей чалавечага характару і чалавечай прыроды»83.
У цяперашні час поўнасцю пакончана з блытанінай адносна складу выдаўцоў «Мужыцкай праўды» — і гэта вялікая заслуга даследаванняў апошніх гадоў. У выданні газеты прымалі ўдзел тры чалавекі. Трэцім (апроч Каліноўскага і Урублеўскага) быў Фелікс Ражанскі, беларускі паэт, землямер («геаметра») з маёнтка Вялікія Берастовіцы. Аб ім мы, на жаль, ведаем менш. Захаваліся паўстанцкія песні на беларускай мове, напісаныя Ражанскім84, але яны пазбаўлены глыбокага сацыяльнага зместу, як і яго ўспаміны.