Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
Народ патанаў у разгубленасці. Заробленыя за месяц грошы за некалькі дзён з’ядала інфляцыя, Цэны раслі. Раслі ў сталіцы ды па-за ёй і княжыя палацы. Першымі — чыноўнікаў ад партыі, Саўміна
і нафты. Следам — і тых, хто меў магчымасці-«сувязі»: браў у банках крэдыт, пераводзіў «паперкі» ў валюту — і праз паўгода, прадаўшы, аддаваў пазыку, а за астатак будаваў шматпавярховыя харомы ды ўцякаў з бетонных гарадскіх катухоў. А тыя, хто заставаўся ў хрушчоўках, люцелі ад зайздрасці і злосці.
Словам, як і прадказваў акадэмік Заяц, які стаў кіраўніком перадвыбарнага штаба апальнага кандыдата ў прэзідэнты, падзеі разгортваліся вельмі спрыяльна. Насенне падала на дабрадатную глебу, з-пад якой прабіваўся заканамерны адказ: каб разабрацца з усімі злодзеямі, «праўдарубу» Марозу не хапае ўлады...
Пасля Велікодных святаў апячаталі і гістфакаўскі «ленінскі пакой» — аднак яго апантаны гаспадар прарваўся ў часовы штабны прытулак, спешна сабраў журналістаў і ва ўніверсітэцкім калідоры, запоўненым здзіўленымі студэнтамі і збянтэжанымі выкладчыкамі, даў прэс-канферэнцыю.
— Было перавернута ўсё нават у халадзільніку, — абураўся Мароз. — I гэта ва ўніверсітэце, храме навукі. Які прыклад моладзі?!.. Шукалі на сябе кампрамат, каб знішчыць... Але праўду не схаваеш і не ўкрадзеш! I вось нядаўна мне паведамілі, што Дума плануе зняць з мяне дэпутацкі імунітэт. Аднак няхай яны запомняць: народнага кандыдата ў прэзідэнты Мароза не запалохаць!..
А тут — то машына з «праўдарубам» з моста зваліцца, то ў самалёт не пусцяць... I новыя чуткі папаўзлі па гарадах і весях: з ім ваююць, значыць — баяцца.
Разам з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты Мароз і яго каманда атрымалі магчымасць афіцыйных сустрэчаў з выбаршчыкамі: на стадыёнах, за-
водах і фабрыках. I калі даверлівы і шчыры ў сваёй любові і павазе электарат пачаў сотнямі і тысячамі ўкленчваць перад ім, Мароз канчаткова паверыў у сваю зорку, у сваё месіянства.
I ён не шкадаваў ні сілаў, ні часу, ні пагрозаў, ні ўсмешак, ні абяцанняў.
... I ён — перамог.
1 ў сваёй новай ролі выглядаў упэўнена і спакойна.
— Вынікі выбараў я расцэньваю як вотум народнага недаверу ўраду і карумпаванай уладзе, якая тлусцее на народным горы, -— адказаў ён на першае журналісцкае тэлефанаванне-віншаванне ў ноч падліку галасоў. — Цяпер краіна зажыве па-іншаму. Мы адбяром усё нарабаванае! Выкінем злодзеяў з заводаў! Народ уздыхне вальней. Цэнзура ў прэсе будзе адменена, як і манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Годзе, нацярпеліся хлусні!..
Вярхоўная Дума на сваім чарговым пасяджэнні ўрачыста абвясціла Івана Уладзіміравіча Мароза першым прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт прамовіў прысягу, а вечарам усе — нават колішнія ворагі — былі запрошаныя ў рэзідэнцыю на ўрачысты прыём.
У радасцях і эйфарыі, падалося, Мароз і яго каманда не заўважылі, што на інаўгурацыю прыехала зусім мала замежных дэлегацый. Ды і ўзровень іх прадстаўніцтва быў не вышэйшым: два спікеры парламентаў краін-суседак, тры віцэ-прэм’еры, a ў астатнім — паслы ды «нафтазацікаўленыя» грамадскія дзеячы...
III
1547, 1549, 1551 гады
Мядовы месяц (праз два тыдні пасля вянчання на царства Іван IV ажаніўся з баярскай дачкой Анастасіяй Захар’інай-Кошкінай) прайшоў для Крамля спакойна. Грашавітыя месцічы прызвычайваліся да новых правілаў-законаў і амаль не адчувалі зменаў.
He адчувалі іх і служывыя, даведзеныя за гэты час да галечы і злосці. У Крэмль з розных краёў пацягнуліся хадакі-чалабітцы. Калі хто з іх здолеў данесці сваю злыбяду да царскіх вушэй — ляцелі галовы, кроў пырскала на лобнае месца, і ўсё зноў аціхала.
I так — два гады. Цар пасылаў у гарады сваіх намеснікаў, а атрымліваў ад іх лісты са скаргамі на непаслушэнства баяраў. Бездажджлівая вясна прарочыла спякотнае лета і — голад, а казна не паўнела.
Калі разам з клопатамі надакучалі жаночае цела і начныя гульбішчы, ён выпраўляўся на паляванне. Звычайна, як і гэтым разам, у недалёкі ад Масквы Астравок. I дарога добрая, і лагчыны для загону зручныя, і дубы-алешыны высокія — твар не абдзярэш.
Царская выправа яшчэ ехала полем, калі Мацей, прызначаны ўжо галоўным пасцельнікам, узняў каня на дыбкі і рвануў наперад. За ім — з дзясятак ахоўнікаў. I толькі тады Іван заўважыў доўгі, падводаў у сорак, абоз: коні пасвіліся ўздоўж дарогі, калёсы — састаўленыя паўкругам, над імі сівеў дымок кастра.
Мацей вярнуўся праз некалькі хвіль узбуджаным:
— Ваша царская Вялікасць... Гэта ад Пскова пасольства. Падпільнавалі, сабакі, на дарозе. Хочуць з вамі гаварыць. На гарадскога намесніка ў іх скарга.
— Зноў?! — выкрыкнуў цар і злосна павялічыў «голыя» — амаль без веек — вочы. — Я ўрэшце адвучу іх брахаць!
— Ваша царская... Нельга туды! У іх пішчалі і шаблі... — Мацей не паспеў дагаварыць, бо цар прышпорыў каня. Дагнаўшы, галоўны пасцельнік паўтараў свае насцярогі, але ў адказ чуў адно:
— Адвучу!!
Пскавічы — разнамасная сябрына баяраў і купцоў, — убачыўшы цара, рашуча выйшлі насустрач, укленчылі, некаторыя — хто бяднейшы родам і казной — паздымалі шапкі.
А цар не спыніў каня. Стогн, крык, лямант! Кроў на пажоўклай траве...
— Я адвучу вас плакацца, адроддзе псінае! — цар біў пужкай налева і направа, конь наравіста гізаваў і сполашна таптаў аксамітныя кашулі, ваўняныя каптаны, шоўкавыя аднарадкі, саф’янавыя боты. I — белыя косткі.
— Выслухай, бацюхна!.. — нечая рука ўхапіла за шытую золатам папону, другая — за сядло. — Няма жыцця нашаму люду ад намесніка твайго...
Конь скочыў убок, і просьбіт — маладжавы чорнабароды мужчына — упаў вобзем. Па ягонай спіне загулялі бізуны царскіх ахоўнікаў.
Іван ад’ехаў і спыніўся. Часта дыхаў, доўгая галава дрыжэла, раскосыя вочы — як у дымнай павалоцы. Высокія скулы завастрыліся, і пад імі няспынна варушыліся нацягнутыя жаўлакі. Цар шаптаў, нібыта жаваў:
— Адвучу... адроддзе... намеснік мной пастаўлены, і гэта мая воля... Супраць яе пайшлі, з пішчалямі... адвучу...
— Вашая Вялікасць, што загадаеце? — гэта быў голас Мацея: пад'ехаў да цара і аддана схіліў галаву.
— Усіх галаваць! Усіх!.. Без суду і правежу! — Лютыя зрэнкі бліснулі і апяклі пасцельніка.
Цар уздыхнуў і рукавом сцёр з ілба халодны пот...
Пакуль сцягвалі трупы, ён гарцаваў па пажухлым полі, толькі пыл курэў з-пад капытоў мокрага каня — як дым. Затым вярнуўся, прыгладзіў узбітыя валасы (шапку згубіў) і загадаў:
— Годзе, адпалявалі. Гайда дамоў!
Рушылі да Масквы. У першай слабадзе з прыдарожным шынком спыніліся спатоліць смагу.
— Нібыта, нарэшце, хмара... — Мацей выцягнуў нізкалобую галаву і глядзеў наперад. — Можа, і дождж будзе?
Шэра-попельнае воблака расцякалася па небакраі, варушылася, гусцела, і нехта з лоўчых, хто яшчэ не паспеў злезці з каня, сполашна прашаптаў:
— Божухна, гэта ж пажар...
Масква згарэла.
Згарэлі царскія і баярскія палаты Крамля, Успенскі сабор, казна, арсенал, два манастыры з цэрквамі, дзевяць бліжэйшых слабодаў.
Згарэлі амаль дзве тысячы гараджанаў. Мёртвы попел пакрыў дарогі і смярдзеў паленай чалавечынай.
Цар схаваўся ў паляўнічым дамку на Вараб’ёвых гарах і нікога да сябе не пускаў. He еў, не піў. Праз драўляную сценку быў чуцён ягоны няспынны шэпт: малітвы, трызненні. А потым загадаў паклікаць да сябе мітрапаліта Макарыя.
— Гасудар, ён увесь нямоглы, — баючыся патрапіць пад гнеў, мякка мовіў Мацей. — Ледзь не згарэў у саборы. Цяпер яго ў Дольнім манастыры выходжваюць.
	 -г
— Едзем туды!
Мітрапаліт яшчэ не хадзіў. Убачыўшы цара, прыўзняўся на лежаку і прыхінуўся да сценкі. У вачах — спакой і дабрыня.
— Прабач, што не магу стоячы вітаць: ногі пабітыя...
Але цар нібыта і не чуў і не заўважаў анічога.
— Уладыка! За што пекла такое?! Што мне, акаяннаму, рабіць? — і ён дрогка асунуўся на падлогу каля мітрапалітавага лежака. У келлі больш нікога не было.
— Ад нараджэння жыццё чалавечае — пекла, калі Богам не асвятляецца. За грахі, за страсці нашыя пакаранне...
— Тысячы жывымі згарэлі — усе грэшнікі?!
— Аб тым толькі Бог ведае.
— А ты... Ты, хто надзеў на мяне цярновы вянок царавання, што-небудзь ведаеш?! — у голасе цара абудзілася злосць.
— На царства вянчаў я цябе ў Божым доме і ў Божых запаведзях. Толькі яны ўратуюць і цябе, і царства тваё... — голас мітрапаліта асіп, з грудзей вырваўся кашаль. Убачыўшы, што госць прыўзняўся і наструніўся, супакоіў: — Нічога, гэта ад агня... Пройдзе.
Але цар, думаючы пра сваё, як не пачуў:
— Дык што ж рабіць мне?
— He прынось на алтар улады сваёй смерці бязвінныя! — словы мітрапаліта прагучалі ўпэўнена і выразна. — Выпусці з цямніцаў бязвінна асуджаных. За што зланцужаны старац Максім Грэк? А дзед твой Міхайла Глінскі? А сотні іншых?!
Цар нібыта сам хапануў гарачага полымя. Глядзеў на Макарыя, на яго абпаленыя бровы, што зрасталіся-сыходзіліся над пераноссем, і ўтрапёна
міргаў. А затым быццам абудзіўся і кінуўся да дзвярэй:
— Маліся за мяне, уладыка!
— Пастой... Пастой хвіліну. — Макарый паклікаў паслушніка і папрасіў паднесці цару кнігу. Іван прысеў на лаву і правёў далонню па драўлянай шкатуле, раскрыў. У скураной вокладцы з трыма зіхоткімі спражкамі быў візантыйскі рукапіс Святога Евангелля ад Яна. — Гэта табе падарунак. Яшчэ Максім Грэк мне пра яе цудадзейнасць казаў. А надоечы сам у тым спадобіўся пераканацца: калі сабор гарэў, Евангелле гэтае на аналоі стаяла, разгорнутае... Аналой у агні, абваліўся — а на ім ані знаку. Дык хай асвятляе дух і справы твае...
Яшчэ там, у Макарыя, у цёмнай келлі Іван прачытаў першыя радкі Евангелля: На пачатку было Слова, і Слова былоў Бога, і Слова было Богам... Так, прачытаў! Сам!!! Чорныя літары рукапіснага паўустава з павеўным нахілам нарэшце склаліся ў ягоных вачах у словы... Словы — у сказ! На цэлы радок! Наколькі хапіла руху вачэй і дыхання прашаптаць прачытанае...
Ён з малалецтва баяўся напісанага, кніжнага. He мог чытаць. За яго тое рабілі нянька, пасцельнік, затым — пісар, дзяк, духоўнік. Яму чыталі ўслых: Біблію, «Пчалу», Ступенную кнігу. I ён, сціскаючы вусны ды мружачы павекі, з лёту сіліўся запамінаць пачутае. Сам жа... Сам жа не мог скласці-злучыць літары ў слова. Ведаў іх, умеў пісаць і перапісваць. А чытаць, знітаваць — не!
Ён баяўся аб тым прызнацца, саромеўся аб тым гаварыць. I страшэнна пакутаваў. Як нешта адрэзана было ў вачах і галаве. Як перагарэла. Тыкаў пальцам на слова — і запінаўся. Спрабаваў па літарах.