Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
Яшчэ да ўзыходу сонца патрыярх упаў ніцма перад іконаю Маці Божай і доўга маліўся, а калі ўстаў — святло ўжо разыходзілася па храме. Там яго адшукаў спраўнік — хацеў паведаміць пра
нейкі клопат, але ўзрушана застыў, прыкрыўшы рукою рот. Патрыярх неўразумела нахмурыўся, ды служка нават не варухнуўся: як прыкіпеў вачыма да іканастаса. Азірнуўся патрыярх — і яго як дзідай працялі: упершыню заміраточыла старадаўняя ікона Божай Маці...
Ён зноў кінуўся перад ёй на калені і ўмольна зашаптаў:
■— Апякунка Нябесная! Злітуйся і дапамажы нам, грэшным... Выратуй і зберажы!.. — па яго сухіх шчоках пабеглі слёзы. Затым дрыготкім голасам папрасіў спраўніка: — Пакліч сюды афонскага ігумена...
Але той, правёўшы ноч у малітве, як толькі прагучала першая варта — рушыў са сваім келейнікам да карабельнай прыстані. Там яго і адшукаў спалоханы спраўнік. I вось ігумен — зноў у троннай зале.
— Сядай, браце, на маё месца, — паказаў яму патрыярх на свой пасад, — а я, грэшны і сляпы, буду каля ног тваіх літасці прасіць, — і ўкленчыў перад ігуменам. Той усё зразумеў і асунуўся-звяў каля патрыярха.
Яны абняліся і плакалі, не маючы сілаў на словы. I слёзы былі іхнімі словамі.
Так і сядзелі: адзін насупраць другога.
— Што яшчэ распавёў брат Філафей? Што сам аб тым думаеш?
— Думаю, што храм унутры кожнага з нас, і калі ёсць вера — аніводзін вораг яго не разбурыць. А ў кожнай душы павінна быць слова Божае. Думаю, — ігумен натхнёна зірнуў патрыярху ў вочы, — святую Канстанцінопальскую бібліятэку небяспечна захоўваць у адным месцы...
— Прапануеш перавезці скрыпторый?
— Так, часткова. Падзяліць, скажам, на тры траціны — і ў спакойнае месца, пад апякунства
	
братоў праведных... «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? — казаў нам брат Філафей. — Бо вандруе па ўсім свеце. Так і святыя кнігі павінны асвятляць усе землі Гасподнія. Асабліва тыя, дзе мала святла»...
Зноў доўга маўчалі.
— I яшчэ... — абудзіўся ігумен. — Варта шырыць Евангелле й словы апосталаў ды святых айцоў Царквы Хрыстовай. Некалі пры патрыярху Фоцію квітнела вялікая школа перапісчыкаў. Дзейнасць яго вучня асветніка Канстанціна-Кірыла ад балгараў да русаў увасобілася ў літарах і словах. I ўжо хутка дзень, калі святую кнігу будзе мець кожная авечка Хрыстовая...
Патрыярх неўразумела апусціў бровы, а ігумен патлумачыў:
— Святло веры Хрыстовай шырыцца па ўсім свеце, і перапісчыкі ўжо не могуць, не паспяваюць задаволіць кнігамі нават святароў новаўзведзеных цэркваў. He хапае пергамену, не кажу ўжо пра танчэйшы велен... — і Нілавы вочы раптам заззялі: — Мы павінны даць кніжнаму слову новае жыццё!
Бровы патрыярха апусціліся яшчэ ніжэй.
— Так, новае! — ігумен Ніл аглядзеўся наўкол, узняўся (за ім — і патрыярх) ды падышоў да глінянай вазы, асцярожна павярнуў яе, прымружыў вочы: — Так, вось... — ён пастукаў пальцам па ганчарнай метцы-таўру. — Вось знак адціснуты, а не напісаны. Гэта — новае нараджэнне і знака, і слова.
Патрыярх стаяў каля ігумена, слухаў, але — было відаць — мала што разумеў.
— Ці яшчэ... Вашая Свяцейшасць, колькі разоў вы прыкладалі на булы й пасланні сваю патрыяршую пячатку?
— Дык хіба ж тое злічыш?
— Вось! — узрадаваўся ігумен. — А цяпер уявіце, што пячатка мае памер кнігі — гэта ж колькі старонак за адну варту адціснуць можна! Тысяча пісцоў з тым не справіцца!
Патрыярх змуліў вусны, прыгладзіў акуратна падрэзаную бараду, а ігумен працягваў:
— На тое мне нядаўна наш малады манах паказаў, брат Максім. Ён прыйшоў на Афон аднекуль з прыморскай Сербіі і паслушнікам выціскаў алей з маслінаў. Аднойчы падклаў пад вінт аліўні гліняную дошку і стварыў на ёй крыжы Гасподнія. Прынёс да мяне і кажа: «А на іх месцы могуць літары быць. А замест гліны — пергамен ці папера!»...
Пасля службы яшчэ доўгі вечар і бяссонную ноч прагаварылі патрыярх з ігуменам. Вырашана было павялічыць колькасць перапісчыкаў скрыпторыя і падзяліць старадаўнюю бібліятэку на тры часткі. А вось куды выпраўляць? 1 хто будзе ахоўваць?
— Колькі ў тваім манастыры манахаў? — раптам як пра нешта ўспомніў патрыярх.
— Акром тых, хто ў скітах, трыццаць два...
— 3 табой, значыць, трыццаць тры?
— Так, — ігумен яшчэ не разумеў прычыны пытанняў.
— Вось, нават і ў гэтым — сімвалічна... — патрыярх устаў і паклаў на плячо ігумена руку. На пярсцёнках завесяліліся адлюстраванні свечак. Ігумен таксама памкнуўся ўстаць, але патрыяршая рука спыніла яго, і позіркі абодвух сустрэліся: — 3 нябеснай дапамогаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, са святою падтрымкаю Маці Ягонай Вечнадзевы Марыі абвяшчаю аб стварэнні патрыяршага манаскага брацтва, клопатам якога адсюль і навекі стануць зберажэнне і пашырэнне Евангельскага слова і кніг царкоўных. У іх наш пачатак, і канец,
і аднаўленне. «На пачатку было слова, — вучыў святы апостал Ян, — і Слова было ў Бога, і Слова было Богам»... — на хвілю запанавала продумнае маўчанне. Патрыярх перахрысціўся і закончыў: — Веру ў промысел Божы, які, брат Ніл, спадобіў цябе. Быць табе магістрам брацтва, і называцца яму ў гонар любімага Хрыстовага вучня апостала Яна...
1453 год
Ганец з Канстанцінопаля дабраўся да афонскага манастыра роснай чэрвеньскай ноччу. Манах-брамнік правёў яго да ігумена, а калі пачуў навіну — выпусціў з рук паходню...
— У мяне пасланне ад патрыярха, — прахрыпеў змучаны ганец. Ягоны твар быў пакрыты брудам ды потам і ў цьмяных усполахах свечак здаваўся васковым. Доўгія валасы збіліся ў пасмы, сцягнутыя на ілбе вяроўчынай. Вочы пасля доўгай коннай дарогі — марскі шлях быў перакрыты — патухлі. — Горад гарадоў Візанцій памёр... «1 зацьміліся сонца і паветра ад дыму... I з дыму выйшла шаранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада»...
Ганец не дагаварыў-— галава хітнулася, і ён цяжка зваліўся на каменную падлогу. Пакуль паслушнік і манах-брамнік вярталі яго ў прытомнасць, ігумен, мружачы павекі, прачытаў пасланне патрыярха Афанасія, які тры гады таму ўзышоў на святы пасад.
«Брат мой любы ў Хрысце, дабраслаўны Ніле! Хай вечна будзе з табою Божая мілата!.. У гэтыя страшныя дні, калі руйнуюцца святыя сцены Канстанцінопаля, калі іншаверцы захопліваюць нашыя храмы і забіраюць хрысціянскія жываты, пішу табе
гэтыя апошнія свае радкі... Будзем маліць Збаўцу ўмацаваць веру нашую... Бо ў Бога не застанецца бяссільным аніякае слова...
Любы браце, рабі тое, на што дабраславіў цябе святой памяці патрыярх Іосіф’ Можна знішчыць храм на зямлі, але слова Божае ў целе нашым застанецца! Нагадваю наказ апостала Пётры: «...быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбіце чыстае малако слова, каб ад яго ўзраслі вы дзеля выратавання»... Вераю Хрыстовай выратуемся!
Амаль усю ліберыю вывезлі мы да аблогі горада ды захавалі там, дзе ўмоўліваліся з табой. Візантыйская Сафія рушыцца, але застаюцца яшчэ тры сястры ейныя, узведзеныя ў гонар і ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе. Хай Нябесная Апякунка дапаможа табе й братам-янітам здзейсніць задуманае і перадаць ім Слова Ягонае...
А я малю Божага заступніцтва на паству нашую ды застаюся з ёй і базілеўсам...».
Агоўтаўся ганец і пачаў прагна есці прынесены хлеб. Запіваў квасам і вінавата хаваў галодныя вочы. А затым загаварыў:
— Туркі абклалі горад напачатку вясны. Войска султана Мехмеда ў сто разоў перавышала імператарскае. Султан запатрабаваў здаць горад — і наўзамен паабяцаў усім жыццё. Імператар адказаў ягоным пасыльным: «Аддаць табе Горад немагчыма ні мне, ні каму іншаму. Духам адзіным усе памром па волі сваёй і не пашкадуем жывата свайго»... Першы наступ мы адбілі, але турэцкі флот увайшоў у Залаты Рог. Быў страшэнны абстрэл з бамбардаў... I другую хвалю вытрымаў Канстанцінопаль, але вораг прабіў сцяну перад брамай Святога Рамана. Ноччу пачалася апошняя атака, бясконцая, у некаль-
кі накатаў. Фанатыкаў распальвалі дэрвішы. Мехмед кінуў у бой янычараў... Яны захапілі Ксілапорту ды падземны ход замка. I — як здані Апакаліпсіса — накінуліся на нас ззаду... Калі раніцай у сталіцу ўвайшоў султан і аддаў загад перарабіць Сабор Сафіі ў мячэць, каля ейных сценаў яшчэ дабівалі раненых і палонных...
Ігумен і манахі перахрысціліся.
— Як завуць цябе і хто бацькі твае? — спытаў ігумен.
— Максім. Бацькі з-пад Спарты...
— Што ж, Гасподзь выпрабоўвае веру нашую... — як аб нечым іншым уголас падумаў ігумен і ўздыхнуў: — Ідзі адпачывай з цяжкай дарогі. А мы з братамі памолімся. Ідзі...
Праз паўмесяца да Афона даплыў карабель пад сцягам двухгаловага арла Палеалогаў. Некалькі вояў-генуэзцаў, абаронцаў Канстанцінопаля, дабраліся на лодцы да берага і распавялі манахам пра апошнія хвіліны імператара, які сустрэў сваю смерць з мячом на гарадской сцяне. Каля сотні хрысціянаў з рэштай імператарскай сям’і — дзесяцігадовая пляменніца Зоя з цёткамі — змаглі прабіцца да прыстані і выйсці ў мора.
Генуэзцы перадалі ігумену Нілу апошнія словы патрыярха: ідзіце ў народы візантыйскай веры. Папрасілі харчоў ды вады і вярнуліся на карабель. Іх чакала дарога ў Фракію...
Восенню трыццаць тры манахі афонскага брацтва янітаў пасля трохдзённай малітвы выправіліся пад ачолам айца-магістра Ніла ў свой першы місіянерскі паход. Іх ахоўвалі генуэзцы, якія на тым жа адбітым у янычараў караблі паспелі вярнуцца да Святой гары.
Пераадолеўшы марскія хвалі і пакручастыя балканскія дарогі, манахі аб’ядналіся са сваімі братамі-янітамі ў гарыстым балгарскім манастыры Белы, дзе месціўся святы схрон — Канстанцінопальскі скрыпторый-кніжніца — і паплылі да Крыма. Перазімавалі ў Судацкай крэпасці і, калі з рэкаў сышоў лёд, з дапамогай тамтэйшага дзясятніка-павадыра падаліся па Дняпры да кіеўскай Сафіі. Адтуль, пакінуўшы частку святых кніг і некалькі перапісчыкаў, да наступнай зімы дабраліся да Полацка, дзе і закончыліся зямныя дні сямідзесяцісямігадовага айца-магістра Ніла. Перад паходам, які ён назваў кніжным шляхам з грэкаўу варагі, Ніл склаў з сябе ігуменскія абавязкі, але манахі адмовіліся абіраць на яго месца іншага — і малітоўна запрасілі стаць манастырскай апякункай Божую Маці.
Ніл развітаўся з братамі-янітамі на высокім беразе Дзвіны, наклаў на кожнага крыж Хрыстоў, узняў у неба свае блакітныя вочы і прашаптаў:
— Мацуйце і пашырайце нашую справу, Богам дадзеную.