• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

    Сімъ побѣдиши

    Алесь Пашкевіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 260с.
    Мінск 2012
    54.04 МБ
    * * *
    Ужо не першую гадзіну яго білі нервовыя дрыжыкі. Ноч паглынула халодныя палацы. Аціхлі п’яныя крыкі баярскай гулянкі, а Іван не знаходзіў адхлання: захутваўся ў коўдры, накрываўся падушкамі — і ніяк не мог супакоіцца, сагрэцца. Балела збітая аб каменную сцяну рука, унутры пякло і калаціла, у заплюшчаных вачах успыхвалі вогненныя шары — і бесперапынна ліхаманіла.
    А тут яшчэ стук у дзверы.
    — Княжыч, адчыні!
    Ён маўчаў.
    — Адчыні, a то выб’ю дзверы!!!
    Грукат пабольшаў, хадуном захадзіў вушак, і ён вылез з ложка, адкінуў засоў.
    Дзверы расчыніліся і гухнулі аб сцяну. У спачывальню ўвапхнуўся апякун Шуйскі, а за ім нясмела вызірвала напаўраспранутая дзеўчына.
    — Што, ваўчанё, прыціх? — дыхнуў на Івана перагарам няпрошаны зайшла і падпіхнуў ніжэй спіны сяброўку: — Баярыня Марфа зажадала праверыць, ці не зацвярдзела царскае ложа...
    Марфа апусціла галаву, хаваючы вочы — і няяркае святло свечкі выхапіла ў змроку яе пульхныя вусны і расчырванелы твар.
    Івану не хапала паветра. Задыхаючыся і калоцячыся, ён пачаў павольна адступаць да супрацьлеглай сцяны, а Шуйскі хмыкнуў — ажно перасмыкнуўся сухі кадык — і сеў на ложак.
    — Што маўчыш? Ці не рады гасцям? Ці думаеш, што я, нашчадак па старэйшым калене Аляксандра Неўскага, не раўня табе, сапліўцу? — крыва ўсміхнуўся, спадылба зіркнуў на Івана, кашлянуў — і гулліва вымавіў да дзеўчыны: — Марфу-у-ута! А ты што заледзянела? Ходзь сюды! — і пастукаў даланёй па коўдры.
    Марфа дробнымі крокамі наблізілася да ложка, і Шуйскі схапіў яе за локаць, паваліў на пярыну:
    — Лябёда мая... Царыца... — зашаптаў юрліва. — А якая гарачая, а якая спраўная...
    Ён ірвануў на яе ўздымных грудзях кашулю, грубавата падмяў дзеўчыну пад сябе і соладка засапеў. Рудая падрэзаная барада паплыла па бялявай лагчынцы да жывата, вострыя бровы казытнулі набухлыя смочкі — і раптам галава адарвалася ад дзявочага лона.
    — А што ты тут зіркаеш? — крыкнуў Шуйскі на збянтэжанага Івана. — У адрозненне ад вашай косткі я — не сквапны. Хочаш — дапамагай, a не — вон адсюль!
    Івана, здалося, аблілі варам. Балюча застукала ў скронях, яшчэ мацней закалаціліся рукі. Ён, сцяўшы кулакі, кінуўся быў на Шуйскага, але, схапіўшыся за більца ложка, стогна крыкнуў і выбег са спачывальні.
    Босы, у начной сарочцы, як самнамбул-здань, ён памарачна спусціўся ў тронную залу, мінуў трапезную, выйшаў праз драўляны каланадны калідор да высокіх сходняў палацавага ганка.
    Здзіўленыя вартавыя расчынілі перад княжычам дзверы, а ён не заўважыў іх — няўцямна ступаў па замерзлай зямлі двара, не адчуваючы холаду, і яго заплаканыя вочы станавіліся лёдам.
    Праз няпэўны час — ноч яшчэ не мінула, хоць надарваны масляністы блін месяца ўжо зачапіўся за купалы Успенскага сабора, — Іван няўпэўнена пастукаў у акаваныя дзверы мітрапалітавай рэзідэнцыі. Адчыніў заспаны паслушнік, правёў у цёмную вітальню, акрыў кажухом.
    — Пачакайце, Вашая светласць, — прагаварыў дрыготкім голасам, — я зараз разбуджу ўладыку. — I бегма кінуўся па скрыпучых прыступках наверх.
    Мітрапаліт Макарый у чорным падрызніку спусціўся да нечаканага госця, прыставіў да стала посах і перахрысціўся:
    — Гасподзь усёміласэрны! Што, княжыч, здарылася? Што з тваімі рукамі?!.
    А Іван яшчэ доўга не мог прамовіць і слова: прадаўгаватая яйкападобная галава з завостранай макаўкай дрыжэла, нямытыя русыя пасмы закрывалі вочы з кароткімі рэдкімі вейкамі, кажух спадаў з худых плячэй, — і мітрапаліт, выправіўшы паслушніка, папрасіў:
    — А ты ў рукавы, у рукавы рукі... Адагрэйся...
    Іван глядзеў у адну кропку: ці на край сталешніцы, ці на мітрапаліцкі посах, — маўчаў і адкідваў за лоб валасы; кроў з параненай рукі расціралася па ссінелым твары, і выгляд ягоны быў жахлівы.
    Княжыча напаілі малінавым адварам і хацелі прапанаваць паспаць, але ён матнуў галавой і нарэшце зашаптаў:
    — Яны поедам жаруць цела маё і рабуюць сабранае бацькамі маімі!.. Яны спяць на ложку маім з гуляшчымі сукамі і не знімаюць ботаў!.. Яны — гэтыя шуйскія, бельскія ды іншыя сабакі бесавыя — атруціўшы маці маю, рыхтуюць і мой зыход...
    — Божа, што мовяць вусны гэтыя маладыя?! Іван, ты — царскі наступнік, Госпадаў памазанік, I баярскія козні — твая закалка. Малі няўтомна Бога, каб даў табе трываласці і веры вытрымаць гэтыя выпрабаванні. 1 я аб тым няспынна ва Усявышняга вымольваць буду.
    Іван нечакана аціх, перастаў калаціцца, павольна ўзняў галаву, выцягнуўшы доўгую шыю, і наскрозь пранізаў Макарыя халоднымі шэра-зялёнымі зрэнкамі:
    — Кажаш, я царскі наступнік?
    — Так. Ад людзей і Бога. I недалёкі ўжо дзень вянчання твайго на пасад царскі, бо якраз табе наканавана стаць сапраўдным валадаром зямнога царства праваслаўнага. — Мітрапаліт прыхінуў расчуленага княжыча да сябе і абняў. — Рыхтуйся да гэтага...
    Іван праспаў у мітрапалітавых пакоях астатак начы, увесь новы дзень і ўсю наступную ноч. Раніцай наспех падсілкаваўся і апрануўся ва ўсё новае: на прычасаных валасах — таф’я з чырвонай парчы з жэмчугам, паверх яе — вялікая персідская ціяра, падшытая чарнабурым лісам; доўгая вышытая ка-
    шуля без каўняра; доўгі каптан з вішнёвага аксаміту, сціснуты жоўтым пасам; вастраносыя, пакрытыя пурпуровым атласам боты; лёгкае сабалінае футра на плячах...
    Ен апрануўся і, не развітаўшыся з мітрапалітам, рашуча пашыбаваў да каланадаў княжага палаца, прайшоў у тронную залу, гохнуўся, не скінуўшы футра, на пасад, выклікаў галоўнага каравульніка і спытаў:
    — Як цябе завуць?
    — Мацей, княжыч...
    I раптам Іван ускочыў, падбег і схапіў каравульніка за каўнер каптана, злосна прашыпеў:
    — Я, халопская морда, — будучы гаспадар усяе Масковіі і твой цар! Запомні!..
    — Я... я й не забываў гэтага, Вашая вялікасць, — неўразумела, з ноткамі сполаху ці зніякавеласці выціснуў каравульнік.
    I тое спадабалася, нават акрыліла Івана, але выгляду ён не падаў:
    — Хачу ведаць, дзе Шуйскі.
    — Ды адпачывае яшчэ...
    — Дзе?!
    — У... — каравульнік пацепнуў шырокімі дужымі плячыма. — У Вашых царскіх пакоях...
    Івана перакрывіла. Хацеў штось выкрыкнуць, але голас сарваўся.
    Ен вярнуўся да пасада, моцна сціснуў параненай рукой высокую спінку і загадаў:
    — Аспіда Шуйскага выгнаць з палаца, вырваць яму джала лютае і кінуць у маю псарню! Сабаку — сабачая смерць! Ложа, ім апаганенае, спаліць!
    Агаломшаны каравульнік задам пасунуўся да дзвярэй, і ўзбуджаны Іван ужо наўздагон кінуў яму:
    — А пасля таго, як справішся з усім, быць табе, Мацей, маім галоўным пасцельным і ахоўнікам!
    Праз некалькі хвілінаў яшчэ соннага Шуйскага стральцы сцягнулі за валасы на гаспадарчы двор. Баярын спрабаваў адбівацца і крычаць, і Мацей схапіў яго за горла і не адпускаў, пакуль не адчынілі дзверы псарні.
    — Ну вось, — піхнулі цела Шуйскага некалькі ног, — цяпер гаўкай.
    Але задушаны Шуйскі ўжо не мог крычаць...
    Купалы Успенскага сабора зіхцелі на студзеньскім марозе мядовым золатам. Хрумсцеў свежым снегам Крамлёўскі дзядзінец — пад ботамі і валёнкамі. Увесь служывы люд Масквы і нават аддаленых слабодаў з’ехаўся-прыйшоў падзівіцца на гэтае відовішча: «асвячэнне на цара» маладога гаспадара Івана Васільевіча.
    Яны, стомленыя жыццёвай няпэўнасцю, азлобленыя на ліхвярствы баяраў, даведзеныя да бядоты і голаду высокімі падаткамі-цяглам, чакалі зменаў. Чакалі яшчэ з 1543 года, калі пасля малебну ў прысутнасці мітрапаліта Макарыя княжыч Іван абвясціў вярхоўным баярам пра свой намер вянчацца на царства. Вянчацца не як вялікі князь, а як цар.
    Прасталюд асабліва не разбіраўся ў тым. Ён хацеў парадку і пэўнасці. Хацеў гаспадара — каб той навёў урэшце ў краі парадак. Хацеў, каб меней было пакражаў. Каб стала ўсё зразумелым і вызначаным, як і раней.
    На званіцах Івана Вялікага і сабора Дабравесця — дамавой царквы маскоўскіх уладароў, якая насупраць, праз тысячу локцяў — рвалі глоткі царскія галасары, але прасталюд слаба разумеў іхнія словы.
    — ...Маскоўская дзяржава і ёсць тое шостае царства, якое згадваецца ў апакаліпсісе... Яшчэ ў
    старагрэчаскіх летапісах напісана: над родам Ізмаіла запануе род русых... Дзякуючы Богу міласэрнаму ды клопату цара нашага Івана Васільевіча Масква нараджаецца як новы Канстанцінопаль, новы Царгорад...
    Народ неўразумела ператоптваўся на месцы. Хтосьці спрабаваў перапытваць у суседзяў, што азначае пачутае, але і іншыя толькі пацепвалі плячыма, а некаторыя і падавалі нецярплівы голас:
    — Цара давай! Нашага цара-бацюхну хочам бачыць!..
    I ўдарылі над дзядзінцам царкоўныя званы, і захісталася ў іх узнёслым перазвоне наваколле. I паскідалі пачырванелыя на холадзе мужыкі шапкі свае. I пачалі спешна хрысціцца.
    Расчыніліся дзверы Успенскага сабора, і па пляцы хваляй прабег ні то шэпт, ні то стогн. На белым з пазалотай троне, які неслі чатыры рослыя стральцы, у святочным убранні сядзеў каранаваны цар. 3 абодвух бакоў цягнулася світа епіскапаў, святароў, манахаў. Усе ўзносілі да неба агульную малітву з просьбай умацаваць новага ўладара духам справядлівасці ды ісціны. Ззаду, схаваныя ў доўгія футры ды высокія рознакаляровыя шапкі-камілаўкі, ступалі баяры і асыпалі трон-пасад дажджом залатых і срэбных манетаў — трон новага нашчадка грэчаскіх і рымскіх імператараў.
    Аб тым, праўда, не ведалі ні ў Афінах, ні ў Рыме, ні нават у бліжэйшым Кіеве. I на тое не давалі дабраславення ні патрыярх Канстанцінопальскі, ні Рымскі*...
    * Каранаваць хрысціянскага валадара на царства ў той час мелі права толькі два патрыярхі: Рымскі і Канстанцінопальскі. У Маскве свой патрыярх з’явіцца толькі ў 1598-м, праз 14 гадоў пасля смерці Івана IV Жахлівага.
    2
    1992 год
    Калі белая «Волга» па-заліхвацку крутнулаў расчыненую брамку і стоена піскнула-прытармазіла, Заяц ужо спускаўся да яе. 3 машыны выййші трое маладых мужчын. Першым з гаспадаром абняўся плячысты высўн Іван Мароз, колішні студэнт Мікалая Сымонавіча, а цяпер — народны дэпутат і дырэктар эксперыментальнага ўніверсітэцкага інстытута.
    — Ну, паказвайце сваю фазэнду, — шчыра ўсміхнуўся і бліснуў зубамі-часночынамі.
    За ім, працягнуўшы аграмадную даланю і з цікавасцю абмацаўшы зрэнкамі-каштанамі, прывітаўся кіроўца Сяргей Сысанкоў, мажны старшыня ўхвацкага калгаса і па сумяшчэнні — таксама народны дэпутат.
    Трэці госць, Віктар Керзан, невысокі, не да часу пасівелы чалавек з вайсковай выпраўкай, паспеў выкласці з багажніка тры вялікія пакункі з прадуктамі ды выпіўкай і вітаўся стрымана.