Сімъ побѣдиши
Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
Агучваў першую, а як даходзіў да другой — некуды сплывала з вачэй і памяці першая. На іх, блытаючыся, наступала трэцяя, наплывалі, узбіваючы паніку і ўнутраную дрыготку, астатнія... Ён нерваваўся. Калацілася галава. Рукамі сціскаў яе — і тэкст, нават самы невялікі, расплываўся перад ім. Кніга, а таксама стол і табурэт пачыналі хістацца. Станавілася блага, і ён закрываў вочы ды крычаў...
Думалі, у княжыча аслабнуў зрок. Клікалі лекараў, правяралі — усё добра. Паказвалі на паперы тыя ж самыя літары — называў-пазнаваў. Пісалі слова — і анічога! Падносілі кнігу — ліхаманкава дрыжэў і ці хаваўся, ці ўцякаў*.
А тут — як вочы ў ім наноў выраслі. I ў вечаровым прыцемку, і ў сполахах свечак ён чытаў і не мог спатоліцца: I святлоў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян; Ён прыйшоў дзеля сведчання. Каб сведчыць пра Святло, кабусеўверавалі празяго... — перагарнуў некалькі старонак і працягнуў: Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я Цар; я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свепг, каб засведчыць ісціну; кожны, хто ад ісціны, слухае голасу Майго...
Ён заснуў, паклаўшы галаву на кнігу, — як дзіця: соладка і бесклапотна. Дагарала тоўстая свечка, і яе празрыстыя слёзы сцякалі на царскую далонь з залатым пярсцёнкам-пячаткай.
У высокае акно келлі прадзёўбнуўся ранак, a затым жнівеньскае сонца разагнала па кутах прапахлыя драўлянай смалою цені — а ён ціхмяна і
* Падобная хвароба, калі чалавек мае праблемы ва ўспрыманні і разуменні напісанага або друкаванага тэксту, называецца дыслексіяй.
супакоена сапеў, усміхаючыся скрозь сон, ды зрэдку нешта шаптаў. I аніхто — ні Макарый, ні пасцельнік — не насмельвадіся будзіць яго. А як толькі расплюшчыў павекі — загадаў нястомнаму Мацею:
—Расшукаць і вызваліць грэка Максіма ды Міхаіла Глінскага! Хачу бачыць іх гасцямі ў доме маім.
Старэйшына янітаў Максім Грэк, разбіты хваробамі, адмовіўся ад сустрэчы з царом: «Ад’ездзіўся я за сваё жыццё... Быць мне да скону манастырскім затворцам -— там, куды Бог упадобіў патрапіць». А князь Міхал Юр'евіч Глінскі, як выявілася, жыў ужо вольна з сям’ёй у Ржэве. Падумаў, пакуль ганец дапіваў квас, — і пачаў збірацца ў дарогу.
Ён, здавалася, сам быў дарогай. Ці дарога — ягоным сэнсам, духам, пульсам. I яе — свабоднай, наталяльнай — ой як не хапала яму ў вязніцы. Вязніцы, куды кінула родная пляменніца, якую гадаваў-няньчыў, якую да шлюбу царскага вёў, якую на пасад маскоўскі падсадзіў — і ў адказ быў абдораны іржавымі кайданамі.
Ды Глінскі не меў крыўды за тое — ні на лёс, ні на пляменніцу. Ён быў іншым чалавекам, злепленым з узнёслай горнай гліны ды закалены духам рыцарства. Яму б са сваімі звычкамі і поглядамі нарадзіцца гадоў на дзвесце-трыста раней — але і на час ён ніколі не наракаў. Гэта цяпер ён сівы і спарахнелы, а некалі... Некалі з дзецьмі Радзівілаў быў выпраўлены з Вялікага Княства на вучобу ў Італію, дзе спасцігаў філасофію і архітэктуру, багаслоўе і астраномію. Ваенную справу неаднакроць даводзілася вучыць на практыцы: браў удзел у некалькіх дварцовых заварухах і ўмудрыўся патрапіць у паплечнікі імператара Максіміліяна і Альберта Саксонскага. Да бяспамяцтва закахаўся ў Джулію
Кастальдзі, дзед якой, Памфіліа з Фельдры, спрычыняў яго да таямніцаў новай навукі кнігадрукавання.
He меч, а слова ўрэшце запануе ў свеце! У гэтым быў непахісна перакананы ліцвін Міхал Глінскі. Запануе і пераможа! Легенда ўсё тое са сном прарочым Канстанціна Вялікага: Бог, нібыта, паказаў яму перад бітвай з тагачасным уладаром Італіі Максентыем вогненны меч з надпісам па-старагрэчаску «Эў тоута віка!» — «Сімь побідншн!» — «Гэтым пераможаш!»*. Імператар, безумоўна, варты заслугаў за тое, што хрысціянскую веру зрабіў дзяржаўнай і бараніў яе. I сталіцу ў Візантый перанёс з Рыма. 1 ўзвысіў Канстанцінопаль. Але... Але ці мог усялюбны Бог паслаць меч, натхняць на забойствы? Тое ж усяму Святому пісьму пярэчыць! Адно любоў і слова Божае і ўратаваць, і перамагчы могуць. Толькі слова трэба ахрысціць агнём, трэба выкаваць яго, як і меч...
Сімь побідншн!
Міхал Глінскі нават быў расплакаўся, калі ўбачыў, як выплаўляліся металічныя літаркі, чароўныя ў сваіх люстэркава-няправільных абрысах... Затым іх складвалі ў касы-радкі, касы — у соты-старонкі. Правёўшы афарбаваным валікам, паўвыпуклай цягай адціскалі на паперы...
* Першая пісьмовая згадка гэтай фразы дайшла да нас у тэксце Яўсевія Кесарыйскага «Пра жыццё Канстанціна», напісаным на грэчаскай мове: «ev тойтш vuca» («Гэтым пераможаш / Гэтым перамагай»). Яе лацінскі варыянт — «In hoc signovinces» («Пад гэтым знакам пераможаш») — стаў крылатым выразам і дэвізам, які часта выкарыстоўваўся ў заходняй культуры. 3 часам стала шырокавядомай хрыстаграма «IHS», якая адначасова была скаротам лацінізавана-грэчаскай формы імя Ісус — 1HSOVS (lr|oovg) і абрэвіятурай першых трох слоў лацінскага перакладу фразы'«ІК HOC SIGNO».
Вынаходства друкарскага варштата прыпісваюць немцу Іагану Гутэнбергу. Першадрукары Іаан Ментэль са Страсбурга, які меў друкарню ўжо ў 1458 годзе, і Пфістэр з Бамберга, і Францыск Скарына з Полацка будуць прызнавацца вучнямі Гутэнберга. Сваё першынства адстойвалі галандцы — і называлі земляка-друкара Костэра. He адставалі ад іх, натуральна, і італьянцы, аднародзіч якіх Памфіліа Кастальдзі, дзед пані сэрца заблукалага ў часе рыцара-ліцвіна Міхала Глінскага Джуліі, вынайшаў перасоўныя рухомыя літары. Як распавядалі ягоныя дзеці, Кастальдзі не ўбачыў у тым надзвычайнага і «саступіў» вынаходства Фусту, які з сябрамі заснаваў друкарню ў Майнцы. Зяць і прадаўжальнік справы Фуста Петэр Шэфер у «Інстьпуцыі Юстыніяна» 1468 года і назваў першадрукарамі Гутэнберга і Фуста. Быў ці не быў ім Фуст, паўплывалі на вызначэнне сваяцкія пачуцці ці не, пабачыў ці не першым друкаваную кнігу-інкунабулу на варштаце пад Майнцам Іаган Бонемантан-Гутэнберг — хто ведае?
У тое Міхал Глінскі асабліва не ўдаваўся. Якая розніца для гісторыі, хто першы пакінуў след-адцінак босай нагі на мокрым беразе, хто прыклаў пячатку на бяросту, пергамен ці паперу, хто аддрукаваў першую кнігу, — калі ўсё тое: і нагу, і бераг, і пячатку з бяростай і пергаменам, як і саму кнігу — стварыў Пан Бог? Важная, верыў рыцарліцвін, толькі перамога — перамога «жалезнага» слова над жалезам мяча...
На некаторы час маладыя інкунабулы адарвалі Глінскага ад таксама нестарой Джуліі, і аднойчы яе прыслужніца перадала кароткую запіску: «Бывай і прабач! Плыву з капітанам Душанам па сваё шчасце...».
Яны не былі вянчаныя, але праваслаўны Міхал, рыхтуючыся да таго. прыняў каталіцызм. А здрады — не прыняў. Ён надумаў сабе, што яго пані сэрца выкраў той капітан з зецкай шхуны і звёз у свае сербскія горы. Міхал кінуўся ў пагоню і праз восем дзён пялёскання на адрыятычных хвалях дабраўся да чарнагорскай Будвы. Адтуль конна — да Бара, скрытага ад мора пагудастымі гарамі і аліўкавымі садамі, прапахлага марскім ветрам і мядовай смоквай. У Бары, як распавядалі яму рыбакі, і жыў той крыўдліўца Душан.
Але... з зачараванага мясцовымі прыгажосцямі Міхалавага сэрца нечакана выпала Джулія... Ён закахаўся ў Зету-Чарнагорыю*, якая хоць і была ў той час афіцыйна пад Асманскай імперыяй, але не пускала ворага ў свае горы, да сваіх старадаўніх манастыроў. У нядаўна заснаваным Іванам Чарноевічам паміж балканскіх хрыбтоў Цэціне — сталіцы краю — ужо трэцяе дзесяцігоддзе працаваў друкарскі дом, якім кіраваў Іванаў сын Джурджэ Чарноевіч. Тут Міхал Глінскі ўпершыню ўбачыў інкунабулы на кірыліцы, пагартаў кнігу землякапалачаніна Францыска Скарыны, якога расшукваў у Падуі ды так пакуль і не пабачыў...
Тут, у праваслаўным Цэціне, ён упершыню вычытаў, што Канстанцін Вялікі, візантыйскі імператар і патрон Канстанцінопаля, нарадзіўся ў Сербіі — на гэтай зямлі! Тут пачуў Глінскі і пра манаха Максіма Серба, які прыйшоў з Афона, натхніў манахаў на кніжную справу і заклаў мясцовы звяз брацтва янітаў.
* У другой палове XV — пачатку XVI стагоддзя падчас праўлення дынастыі жупанаў Чарноевічаў старажытная назва дзяржавы Зета пачала мяняцца на Чорную Гару — Чарнагорыю.
I ліцвін-летуценнік Міхал Глінскі не мог не зліцца з імі! Апантаны рыцарскім служэннем, ён выправіўся на радзіму, наведаў Наваградак, Полацак, Вільню. Нарэшце пазнаёміўся і ссябраваўся са Скарынам, і калі першадрукаром былі даціснутыя і пераплеценыя новыя кнігі Бібліі, а на маскоўскі пасад узышла пляменніца Міхала Глінскага Алена, прапанаваў накіраваць частку друкаваных кніг у Масковію.
Хто ж мог ведаць, што з таго станецца? Што кнігі тыя, упершыню даступныя і мовай, і колькасцю, будуць названыя ерэтычнымі ды спаленыя на крамлёўскім пляцы? А яніт Максім Грэк, афонскі інак, які таксама прайшоў вучобу ў Падуі і Фларэнцыі, будзе асуджаны на тамтэйшым царкоўным саборы за нібыта няправільныя пераклады кніг Божых ды высланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр...
Зрэшты, аніхто не мог спрарочыць тады і незайздросную долю самога Міхала Глінскага...
I вось цяпер ён, стары і нямоглы — перад налітым маладосцю, але таксама змораным ліхімі месяцамі стрыечным унукам і гасударом. царом і вялікім князем Іванам IV.
Ен шматкроць уяўляў сабе гэтую сустрэчу — ці не з самага Іванавага нараджэння. Вымалёўваў яе ў сваіх вязніцкіх мроях, першыя фразы размовы прыдумляў, на памяць завучваў — нават калі і веру ў тое спатканне на гэтым свеце страціў. I вось — здзейснілася...
Глінскі, высахлы ў порхаўку, сівы, як лунь, торапка агледзеў часовае царскае прыстанішча — невялікі пакой паляўнічага дамка, рашуча ступіў некалькі крокаў наперад (Іван сядзеў за сталом тварам да яго), перахрысціўся, гледзячы на іканастас у простым бярвенным куце, і пакланіўся яму. Ступіў бліжэй і пачаў з даўно падрыхтаванага:
— Тронце пресушественная н пребожественная н преблагая праве веруюшнм в тя нстннным хрестьяном, дателю премудростн, преневедомый н пресветлый крайннй верх! Направн нас на нстнну Твою н наставн нас на повелення Твоя, да возглаголем о людех Твонх по воле Твоей...
Іван здзівіўся і павялічыў вочы:
— Міхаіл Юр’евіч, гэта ты?
Госць усміхнуўся, пераступіў з нагі на нагу:
— Я, хто ж яшчэ... Б’ю чалом майму дабрадаўцу, — і злёгку нахіліў галаву.