Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
Усе прысутныя ўпалі на калені і пачалі жагнацца.
— Гэта ў падкопе зелле ўзарвалі... — прашаптаў на царскае вуха Мацей.
— ...Пашлі анёла свайго пераможнага, — узвысіўшы голас, працягваў дыякан, — як некалі да Ісуса Навіна дапамагчы разбурыць сцены Іерыхонскія. Іерыхон паў ад гукаў трубаў і крыкаў войска. О Прасвятая Багародзіца! Дапамагай і нам, грэшным рабам тваім, і малі Уладыку Хрыста, Бога нашага, хай пашле нам перамогу на праціўныя...
I зямля другі раз узварухнулася ад выбуху — яшчэ больш магутнага і страшнага. I загулі над ёй чалавечыя крыкі і клічы. Палкі пайшлі ў галоўны наступ, а ў цэркаўцы працягваўся малебен.
Іван скамянела глядзеў на дыякана і штось нячутна шаптаў. Мацей некалькі разоў далікатна спрабаваў звярнуць ягоную ўвагу на ўзбуджанага ганца:
— Гасудар! Вашая Вялікасць... Падкоп атрымаўся. Сцяна ўпала... Перадавы полк і полк Правай рукі ўварваліся ў горад!
У царскіх вачах успыхнула радасць.
— «Н бе еднно стадо н еднн пастырь», — прашаптаў Іван і зноў аддаўся малітве.
— Гасудар, час ехаць... Твае людзі і твой полк чакаюць цябе.
— Няма сілы мацнейшай, чым слова нябеснае, — адказаў цар, марудна наблізіўся да алтара і прачытаў малітву Гасподнюю. Усе, акрамя Мацея і некалькіх святароў, выйшлі з цэркаўкі.
Праз паўгадзіны з’явіўся другі ганец:
— Наступ слабее. Татары не здаюцца... Ваяводы і войска клічуць цара!
Іван глыбока ўздыхнуў. У ягоных вачах зазіхацелі гарачыя слёзы:
— Хрыстос Усемагутны, яві нам заступніцтва сваё!
Але словы згубіліся ў гарматных выбухах і стрэлах пішчаляў...
Сонца ўжо вісела над Арскім лесам, але — нібыта ашаломленае пякельным дзействам пад сабой — вышэй узнімацца не спяшала. Марудзіў і цар. Ён прыклаўся да цудатворнага вобраза Сергія, выпіў святой вады, з’еў прасфіры, папрасіў у свайго паходнага духоўніка дабраславення, а ў святароў — даравання грахоў. Зноў памаліўся, і тады загадаў Мацею падаць каня.
Калі Царскі полк перайшоў мост праз Булак і падступіў да сцяны, над дзвюма вежамі ўжо ўзнімаліся маскоўскія сцягі. Бой ішоў у горадзе, у вузкіх вулках, цесных ад наваленых трупаў. Пасля апоўдня бітва пачала затухаць. Некалькі сотняў крымчакоў, пасланых на падтрымку казанцаў, змаглі на конях вырвацца да вала, перайшлі праз брод Казанку, знішчылі тылы палка Правай рукі — і зніклі ў лясной гушчэчы.
А Казань перайшла да царскіх дружынаў. Апошняй захапілі мячэць — і забілі ўсіх іерэяў. He пакаралі толькі жанчын і дзяцей — збіралі ў палон.
Расчырванелы Андруша Адашаў, скінуўшы шлем і завязаўшы змакрэлыя рудыя пасмы стужкай, прынёс Івану высокі крыж — і цар усталяваў яго на тым месцы, дзе яшчэ нядаўна лунаў сцяг казанскага хана.
— Быць тут царкве Хрыстовай! — бадзёра ўзносячы свой погляд у вечаровае неба, сказаў цар Іван і запрасіў усіх да малітвы за жывых і загінулых,
пасля якой дапамагалі параненым, выстаўлялі варту і рыхтаваліся да агульнай трапезы.
Прызначыўшы ў горадзе свайго намесніка, ужо назаўтра Іван вырашыў вяртацца ў Маскву. За ім выпраўлялася і войска — акрамя Старажавога палка, які заставаўся на зімоўку.
— А хто той дыякан, пад словы якога абваліліся сцены? Высокі такі, русы, з драўляным крыжам? — пацікавіўся нечакана перад сном Іван. Мацей шморгнуў носам і прабасіў:
— Дазволь выведаць, гасудар?
— Выведай-выведай... I запрасі яго назаўтра ў мой абоз — хачу дарогай з ім пагаварыць.
...Дыякана Іаана расшукалі толькі падчас дарогі, перад Уладзімірам, конна даставілі да чарговай стаянкі і прывялі ў царскі шацёр. Яго блакітныя шчырыя вочы пад густымі брывамі і доўгімі — як крыльцамі матылька — веямі хавалі неспакой. Абнечаканены і збянтэжаны, ён перахрысціўся:
— Гасудар пажадаў бачыць мяне, грэшнага...
Цар прыціснуў далонню танклявую бародку, схіліў набок галаву і працяў госця цяжкім поглядам. Затым усміхнуўся і запрасіў дыякана прысесці.
— Хто ты і адкуль, і колькі гадоў маеш?
— Іаан Фёдаравіч*, дыякан крамлёўскай Мікольска-Гостунскай царквы.
— У якой старадаўні абраз святога Міколы?
— Так.
— Жанаты?
— Жанаты, гасудар. Двое сыноў-пагодкаў растуць... А сам уроджаны трыццаць тры гады таму
* Менавіта так пазней будзе падпісвацца ў выдрукаваных ім кнігах ліцвін-беларус Іван Федаровіч, якога на расійскі лад «перахрысцяць» у Івана Фёдарава.
ў Літве. Вучыўся ў Італіі багаслоўю і друкарскай справе...
— А як у Маскву патрапіў?
— Князь Глінскі Міхаіл Юр’евіч, царства яму нябеснае, — жоўтавалосы дыякан зноў перахрысціўся, — з ліста ад свайго падуанскага сябра Касцільдзі дачуўся пра мяне, земляка, і ў Маскву запрасіў.
— Хм... — цар задумаўся. — Добрым чалавекам Глінскі быў. Бачыўся я з ім, пра Сабор агульны гаварылі, а два дні да яго не дажыў... — I перакінуўся на іншае: — Дык, кажаш, друкарству вучыўся. А навошта?
Суразмоўца пракаўтнуў даўкі камяк, і голас ягоны загучаў мацней:
— Веру, гасудар, што ў друкарскай кнізе вялікая сіла тоіцца. Сіла, якая зменіць да лепшага наш грэшны свет...
— Да лепшага?
— Так, бо зможа да многага люду паспалітага дайсці. I Хрыстовую навуку, і запаветы светлыя пашырыць.
— Думаеш, як і Глінскі з Максімам Грэкам, што тых кніг на землях маіх недастаткова?
— Слова Божага, гасудар, ніколі многа не бывае, — мякка, каб не разгневаць, адказаў дыякан Іаан.
— Мацей! — паклікаў цар свайго пасцельніка і ахоўніка. — Клікні да мяне Віскаватага! — а затым яшчэ раз уважліва зірнуў на дыякана і зноў спытаў: — А там, перад нашым наступам і падзеннем Казанскай сцяны, ты чаму якраз адпаведныя словы спяваў? Пра разбурэнне сценаў Іерыхонскіх?
— Ды само неяк узгадалася... Я, папраўдзе, і не памятаю ўжо, пра што спяваў... Нейкае гарачае ўзрушэнне было, а пра што...
У шацёр спешна ўвайшоў і нізка пакланіўся дзяк Іван Віскаваты, невысокі таўстун з нездаровай адышкай, пульхнымі вуснамі і глыбокімі вачыма. Ён узначальваў пасольскі загад, кіраваў царскім архівам і вёў летапіс.
— Раскажы нам, архіўнік, якімі кнігамі маё царства багатае?
Віскаваты здзіўлена скасіўся на дыякана і затараторыў:
— Рознымі, гасудар... Каля паўтысячы рукапісаў, з іх — сто адна кніга Бібліі, каля паўсотні богаслужбовых перашытых кніг, зборнікі настаўленняў айцоў царквы... Хронікі Малалы і Амартолы. Скрыпт Космы Індыкоплеста, вельмі старадаўні... Скрыпты «Пчала» і Ступенныя кнігі, гэта што Макарый з пісцамі складае.
— I ўсё? — нібыта нешта не зразумеў цар.
— Так, гасудар... Большасць іх з ліберыі Троіца-Сергіевай лаўры. Крамлёўскія зборы, акрамя цудадзейнай кнігі Евангелля Святога Яна, знішчаныя пажарам... — Віскаваты ўважліва зіркнуў на цара, убачыў ягонае нездавальненне і паспяшаўся апраўдацца: — Як гасудар ведае, мінулы Маскоўскі Сабор прызнаў неабходным заснаванне большай колькасці перапісчых школаў пры манастырах ды прапанаваў распачаць выпраўленне дапушчаных памылак і недакладнасцяў у старых кнігах...
— А што гэта там за ерэтыкі-датчане каля твайго пасольскага загаду масляцца? — цар заклаў рукі за спіну і ўсутыч наблізіўся да Віскаватага. Ад нечаканасці той пачаў кусаць вусны, пакуль, заікаючыся, не выціснуў:
— Злыя языкі, баюся... нядобрае гасудару плявузгаюць... — і адвёў вока на незнаёмага дыякана.
— Ну-ну! — цар заўважыў тое. — He касіся! Ён наш цёзка і чалавек, па ўсім мяркуючы, свой. Гавары пра датчанаў!
Спакмеціўшы такую гарэзную весялосць цара, Віскаваты ўздыхнуў з палёгкай:
— Кароль Хрысціян Трэці прыслаў, гэта, у Маскву місіянера Ганса Богбіндэра... 3 граматай да Вашай Вялікасці... Ну і з адпаведнымі грашовымі скарбамі... Перадаў некалькі кніг... Я прасіў разгледзець іх мітрапаліта і епіскапаў. Богбіндэр браўся надрукаваць і даставіць тысячу падобных кніг памаскоўску, але... — Віскаваты пераступіў з нагі на нагу: — Але большасць епіскапаў не захацелі тых лютэранскіх кніг...
— Дык што... дацкі кароль Хрысціян — не сапраўдны хрысціянін?! — цар прайшоў да лёгкага паходнага пасада, сеў і моцна ашчаперыў падлакотнік. Адказаць на тое яму ніхто не намогся, і цар узняў сваю тонкую руку ды загадаў:
— Даручаю закласці ў Маскве ўласны друкарскі дом, каб свае кнігі мець, а не чужымі сыціцца! I сабраць належных друкароў, папернікаў ды літарных ліцейшчыкаў. А галавой дому таго быць дыякану Іаану Фёдаравічу, які той справе навучаны. — Цар адхінуўся на спінку пасада і прымружыў на агаломшанага госця вочы — ажно вострыя бровы сышліся над пераноссем. — Згодзен, дыякан?
Іаан Федаравіч стаў перад царом на адно калена, схіліў галаву і звонка вымавіў:
— Зраблю ўсё, вялікі гасудар, наколькі сілаў і розуму Гасподзь дасць!
— Што ж, пабачым! А цяпер адпачывайце...
He паспеў па вяртанні ад цара Іван Віскаваты ўпісаць сваім разборлівым почыркам на летапісную старонку: «Сего убо Бога нашего, в Тронце славн-
	
мого, мйлостйю й хотеннемь удьрьжахомь скйпетрь царствйя, мы, велчкйй государь, царь й велйкйй князь Нвань Васнльевнчь, всея Русй самодержець, владймйрскйй, московскйй, новгородскйй, йныхь многйхь земель государь, а такожь царь казанскйй повелель устройтй домь оть своея казны, йдеже печатному делу стройтйся...» — як на стаянку прыскакаў маскоўскі ганец з радаснай навіной: царыца Анастасія разрадзілася сынам-спадкаемцам!
Царскі абоз затрымаўся ва Уладзіміры толькі на ноч і спешна рушыў у Маскву. У сталіцу ўязджалі праз Фролаўскія вароты, каля якіх Івана Васільевіча сустракалі мітрапаліт Макарый, архіепіскапы, епіскапы, архімандрыты, ігумены і старэйшае баярства.
Цар — хоць зусім яшчэ малады — выглядаў велічна і ўрачыста. Пад скупым перадзімнім сонцам зіхцелі пазалочаныя і срэбныя адзежы, дарагое каменне царскай парфіры, буйныя жамчужыны на залатым вянцы. I вочы — палкія вочы пераможцы...
Сорак дзён гудзелі па Маскве піры, якія дарэшты спустошылі царскую казну, надарваную трыма вайсковымі паходамі. А затым па слабодах, гарадах і весях загаласілі жанкі і дзеці: даведаліся, што ўжо ніколі не дачакаюцца сваіх мужоў і бацькоў. Амаль палова дваццацітысячнай дружыны склала свае косткі ў невядомай Казані. «Гэта-а ж не вораг-супаста-ат прыйшоў рэзаць радзіну нашую-ю... I што мой саколік забыў у чужой зямельцы-ы-ы?!» — поўніліся плачам галодныя галасы, і ўжо да крамлёўскіх сценаў пакаціліся хвалі народнага абурэння, і нярэдка загадным служылым даводзілася чуць аповеды пра цара-крывасмока.