Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
— Іван Уладзіміравіч, гэта забастоўка. Метрапалітэн стаў, а машыністы патрабуюць павышэння заробкаў. Вось народу на наземных прыпынках і сабралася...
Прэзідэнт неўразумела ўтаропіўся ў памочніка, а той чакаў новага пытання і, лыпаючы вачыма, дадаў:
— Я з мэрам звязаўся, а затым пазваніў Керзан і пацвердзіў. У яго сабралася нарада з міністраў-сілавікоў. Хоча вам асабіста далажыць і ўдакладніць магчымыя дзеянні...
Картэж з трох аграмадзінаў-джыпаў, дзвюх машынаў спецупраўлення ДАІ «Маланка» ды браніраванага «Мэрсэдэса» пад нумарам 1 ужо нёсся па прыгарадзе, за акном — рэдкія «хрушчоўкі»трохпавярховікі ды травеньская зеляніна, ад якой было цяжка адарвацца, як, зрэшты, і ад нечаканых успамінаў, а тут: далажыць, удакладніць!
Сваю незадаволенасць прэзідэнт і выказаў у слухаўку старшыні Службы дзяржаўнай бяспекі Керзану:
— Віктар, якая на хрэн забастоўка?! Які метрапалітэн?!!
— Іван Уладзіміравіч, сітуацыя неадназначная... Машыністы раніцай адмовіліся выходзіць на лінію. Народ мусіць ціснуцца па аўтобусах і тралейбусах. Мы вывелі максімальную колькасць парка, але ён не спраўляецца. На прыпынках чэргі і азлобленасць. Даём інфармацыю, што ў метро збой на электралініі. Адначасова адпрацоўваем службы метрапалітэна, — нарэшце ў дакладзе з’явілася кароткая паўза; Керзан глыбока ўздыхнуў і завяршыў: — Машыністаў падтрымаў прафсаюз чыгуначнікаў. Натоўп незадаволеных колькасцю да тысячы мітынгуе на плошчы Свабоды і, па апошніх данясеннях, збіраецца ісці да Дома ўрада...
— Работнічкі, вашую макаўку! — невядома на каго — ці на забастоўшчыкаў, ці на спецслужбы, ці на ўсіх разам — крыкнуў прэзідэнт і, загадаўшы павярнуць картэж назад, забасіў: — Усіх спакойна выціснуць з плошчы! Завадатараў-актывістаў арыштаваць! Працу метро аднавіць!
— Ёсць! — пачулася ў слухаўцы. — Усё зробім, толькі... з метро праблема. Няма машыністаў і дыспетчараў, ды і сука начальнік метрапалітэна на плошчы...
— Хоць сам са сваімі ахламонамі, калі такое прафукалі, у цягнікі садзіцеся ды катайцеся! Ці ты мне прапануеш?
— Н-ну...
— Ну-рыгну! Рабацяг з прыгарадных электрычак зніміце, з іншых рэгіёнаў перакіньце... Хоць з Поўначы! Словам, каб праз паўгадзіны саставы пайшлі. А не — усе пойдзеце! I гэта... Тога начальнічка метро ды завадатараў, паўтараю, упакуй!..
3 набліжэннем да цэнтра сталіцы нават зрокава адчувалася напруга: народ тоўпіўся на прыпынкахмурашніках, тратуары ператварыліся ў людскія рэкі, на прылеглых да праспекта вуліцах цягнуліся доўгія заторы.
Картэж спыніўся каля станцыі «Цэнтральная». Уадначас з ахоўнікамі з машыны жвава выскачыў прэзідэнт ды, колка зірнуўшы наўкруг, па-мядзведжы пасунуўся да аўтобуснага прыпынку: заграбаючы рукамі, разводзячы пяты і стульваючы насы чаравікаў — нібыта футболячы штось нябачнае. Вялікая прадаўгаватая галава ў такт крокаў гушкалася на шырокіх плячах пад дарагім даўгаполым пінжаком, які крыху хаваў непрапарцыянальнае тулава: здавалася, грудная клетка была наўпрост падагнаная па аб’ёме і ўстаўленая ў таз (а можа, усё выглядала так праз падоўжаны і прыхаваны адзежай бронежылет?). Гарадчукі не паспелі параскрываць ад здзіўлення раты, а прэзідэнт ужо гаварыў:
— Дарагія мае, я вымушаны прасіць у вас прабачэння за часовыя нязручнасці. Як вы ўжо, напэўна, ведаеце, адбылася правакацыя ў метро. Некаторым апазіцыйным дзеячам, гэтым ролікавым-шмолікавым, падбухтораным замежнымі фондамі і разведкамі, надакучыла спакойна працаваць! Зарплатай, як мне далажылі, яны незадаволеныя! Зарплатай амаль міністэрскай! Многія з вас аб ёй яшчэ толькі
	
мараць! — з кожным словам голас набіраў моцу і напаўняўся сталёвымі нотамі. — Зажраліся і пайшлі мітынгаваць на плошчу! Я ім, бачыце, перастаў падабацца! Ну хай яно і так, я ж не дзеўка, каб усім падабацца, але пры чым тут вы?! Якое яны маюць права спыняць працу метро — стратэгічнага для нашай сталіцы аб’екта?! Чаму вы павінны з-за іх пакутаваць на спёцы ды плішчыцца ў аўтобусы?! Ды і хто аплоціць прадпрыемствам ды заводам страты ад вашых спазненняў? — Прамоўца кашлянуў і закончыў мякчэй: — Паверце, мы паставілі на лінію ўвесь наземны транспарт, але яго не хапае... Яшчэ колькі хвілін — і метро пойдзе. Мы навядзём парадак і разбяромся з вінаватымі.
Прэзідэнт загадаў пасадзіць у машыны свайго картэжу, нават у «даішныя», старых, дзяцей ды жанчын і развозіць іх па горадзе, а сам у суправаджэнні нябачных ахоўнікаў пешшу пашыбаваў да будынка Адміністрацыі — у здзіўленых, захопленых, любоўных і адданых позірках электарату.
А калі праз паўгадзіны ў галоўны кабінет увайшоў памочнік Жакей і далажыў аб тым, што тэлефануе і просіць сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі па гуманітарных пытаннях Заяц, прэзідэнт пакусаў ніжнюю губу і сказаў раздражнёна:
— Хай лепш заўтра... Перакажы пра маю сустрэчу на прыпынку... Хай там тэлебачанне падключыцца, адэкватна пра забастоўку пакажа. — Памочнік матнуў галавой і намерыўся ўжо быў ісці, але прэзідэнт ткнуў у яго пальцам і прыпыніў: — Ты гэта... Я яшчэ ў машыне хацеў сказаць... Там, ва ўніверсітэце, дзеўчынёха мне цыдулкі з пытаннямі перадавала. Даўганогая такая, брунетка... — Яго вочы ўраз пабольшалі, а ў зрэнках з’явіліся агеньчыкі. — Разведай, словам, хто і адкуль. Ну і сам разумееш, што...
IV
Лета-восень 1552 года
Нябачаны дагэтуль чалавечы павадак зліваўся да берагоў Масквы. Меншыя ручаіны акрайных ваяводстваў цяклі да Волгі і расцягваліся ў размаітую плынь на дзясяткі вёрстаў: вершнікі з шаблямі і лукамі, стральцы з мушкетамі і сякерамі, кананіры з абозамі гарматаў і зелля-пораху, зачыншчыкі і гранатчыкі, атрады пішчальшчыкаў і пістольшчыкаў у высокіх шлемах-шышаках, пяхота з пікамі, мячамі ды шчытамі, нарэшце — раць пасошнікаў, закліканых у набор з усіх гарадоў і весяў, абознікі, святары ды драўляныя гуляй-гарады. Хто берагамі ці дарогамі, калі яны былі, хто вадой на лодках і плытах, — усё варушылася, гохкала, тупала, скрыпела, друзгала, плёхала ды мкнула да высокіх сценаў Казані — каб у адзіным наплыве змыць мусульманскае іншаверства і атушыць на маскоўскай зямлі татарскія пажары.
Гэта быў ужо трэці за чатыры гады паход. Два папярэднія не дасягнулі выніку: выступалі восенню, зіма ахалоджвала ваярскі пыл, гарматы і людзі патаналі ў вадзе і снезе. Кусаючы ў цёплых палацях ад бяссілля вусны, цар даваў загад на адступленне. Адзіная заваёва — збудаванне гарадка-цвержы Свіяжск на сутоку Волгі і Свіягі недалёка ад Казані. Але ён стаў бяльмом на татарскіх вачах і мог у любы час быць знішчаным.
Вясной у Маскве сабралі вялікую баярскую раду, і яна прапанавала адмовіцца ад вайны, здзейсніць урачысты перанос святых мошчаў з Дабравешчанскага сабора ва Успенскі ды паслаць у Свіяжск асвечанай над імі вады. Цар жа прыслухаўся да слоў
сваіх найбліжэйшых людзей — Андрэя Адашава і князя Івана Курбскага. Вырашаецца будучыня ўсёй Маскоўскай дзяржавы, пераконвалі яны. Ці мы пераможам цяпер, ці ніколі. А Эдзігер-Магамет, калі яго не спыніць, аб’яднаецца з крымчакамі і можа пагражаць новым ігам. А таму — трэба спяшаць, цар, і самому табе ўзначаліць паход...
16 чэрвеня 1552 года Іван Жахлівы перадаў уладу ў Маскве ў рукі цяжарнай царыцы Анастасіі і выступіў на Казань. Шэсць палкоў — Перадавы пад ачолам Адашава, Вялікі Курбскага, Правай і Левай рукі, Старажавы і Царскі — павінны былі напрыканцы жніўня сустрэцца перад Свіяжскам.
Дарога была цяжкай і спякотнай. Яна зацягнулася да восені, і толькі 11 верасня маскоўскія палкі пачалі абступаць казанскую цвержу, якую з трох бакоў надзейна атулялі рэчкі Булак і Казанка, а з Арскага поля — глыбозны роў. I падвойныя дубовыя сцены ў сем сажняў таўшчыні, засыпаныя знутры пяском і каменнем.
Перадавы маскоўскі атрад быў ушчэнт разбіты яшчэ на подступах да горада, а затым узлютавала бура, раскідаўшы шатры царскага лагера, разбіўшы і патапіўшы на Волзе шмат лодак з правізіяй. Дождж ліў бесперастанку некалькі дзён, і кананіры пачалі баяцца за порах. А цар нястомна маліўся, а потым загадаў абнесці ўсе палкі цудатворным крыжам, які перад паходам падарыў яму мітрапаліт Макарый.
1	дождж сціх. Зноў вызірнула сонца, і гэта надало маскоўцам рашучасці. Заварушыўся чалавечы мурашнік, загохкалі сякеры, на полі ўзняліся гуляйгарады — драўляныя туры з высокімі платамі. На ірвы і рэкі леглі масты, а ў рэкі ды ірвы — працятыя стрэламі целы...
Казанцы адказалі на грамату аб здачы горада ярай вылазкай. Іх удар прыняў на сябе Вялікі полк
Курбскага. Шалёная лавіна з дзікім крыкам і шаблевым лязгам прайшла да сярэдзіны стану і захлынулася ў сваёй і чужой крыві. Парэшткі казанцаў адступілі, з паўсотні — большасцю параненыя — сталі палоннымі. Іх выставілі перад доўгай сцяной з боку Арскага поля і паслалі другую грамату: біце чалом гаспадару цару і вялікаму князю маскоўскаму — і будзеце жыць, а не — жывот свой бясслаўна закончыце. У адказ «няверным свінаедам» была накіраваная брудная лаянка, і палонных на вачах абаронцаў забілі.
1 кастрычніка — у Пакроў Святой Багародзіцы — цар загадаў служыць прасвітарам і пеўчым ютрань у гонар Ісуса Хрыста, а з абложаных сценаў у адказ загучалі малебны да прарока Магамета з просьбамі ратавання ад нячыстых паганцаў. Адны кляліся аддаць жыцці за веру і цара, другія — за Алаха і свой юрт.
А на другі туманны ранак грозна затрубілі сурны і забарабанілі накры. У самую доўгую сцяну з боку Вялікага палка пачалі біць дзясяткі гарматаў. Зямля задрыжэла пад нагамі, і калі вецер раздзьмухваў па наваколлі серна-сівы дым, былі відны на Казанцы некалькі водных тураў — везлі да сценаў бочкі пораху і атрад зачыншчыкаў, каб па загадзе ваяводы Курбскага зрабіць падкоп і ўзарваць паўночную сцяну. Кананіры рыхтавалі валкамёткі; пешыя пішчальшчыкі, хаваючыся за драўляныя завесы, падступілі да цвержы і лілі на казанцаў свінцовы град.
Ноччу ўсё аціхла, а на світанні Іван, накінуўшы паверх калантыра — на залачоныя латы — доўгі шэры плашч, прыйшоў разам з неадлучным Мацеем у шацёр-цэркаўку, узведзеную пасярод Старажавога і Царскага палкоў. Гучала літургія.
— ... Воеже покорнтн под нозн его всякого врага н супостата! — узнёсла спяваў рослы жоўтавалосы
дыякан з драўляным крыжам на грудзях — і ў той момант сцены і свечкі ўздрыгануліся, і здалося, што неба абвалілася на зямлю.