• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

    Сімъ побѣдиши

    Алесь Пашкевіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 260с.
    Мінск 2012
    54.04 МБ
    рамагаць!..» — ён зінуў на панараму разбуранага горада і адчуў нейкую здрадлівую тугу. Трывожныя мурашы прабеглі па целе, даўкая хваля падкаціла да грудзей, і ён, з прачуласцю зірнуўшы на Сысанкова, дрыготка прамовіў:
    — Тут збудуем музей! Музей нацыянальнай жалобы і прымірэння. I абеліск — у памяць аб загінулых...
    Праз тры гадзіны верталёт даставіў правіцеля ў Вараніху, дзе ён, адыходзячы ад мінулай напругі, доўга — да знямогі — плаваў у басейне, а потым падчас лёгкай вячэры ўключыў тэлевізар. Галоўны замежны інфармацыйны канал NBC надрыўна асвятляў падзеі ў Горна-Касоўскай рэспубліцы ягонай краіны. Мільгалі кадры з параненымі, панарама руінаў... Бронетэхніка, самалёты, узрывы... I голас дыктара па-ангельску з сінхронным перакладам у цітрах:
    — ...Дыктатарскі рэжым Мароза, для якога чужымі застаюцца прынцыпы свабоднага грамадскага ўладкавання, найяскрава выявіў свой дэспатычны твар. Прыкрываючыся дэмагагічнымі лозунгамі аб аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў краі, ён распачаў новую вайну і дзеля захавання ды ўзмацнення сваёй жалезнай улады пайшоў на забойства тысячаў людзей, сярод якіх большасць мірных суграмадзянаў... — і ў экране зноў замільгацелі кадры з акрываўленымі старымі і дзецьмі...
    Правіцель скрыгатнуў зубамі і кінуў пульт на стол — кнопкамі ўніз. Раптам уключыўся айчынны тэлеканал, у экране загаварыў маладжавы жоўтавалосы журналіст з крывым — як перабітым —
    носам:
    — ...«Век жыві — век вучыся», сцвярджае народная прымаўка. Вучыся жыць і ваяваць. Раней тое давалася прасцей: пакрыўдзіў хтосьці кагосьці — кулакі ці мячы пастукалі, і разышліся. Цяпер жа страшней. За вайной звычайнай распачынаецца вайна інфармацыйная. Яна ператвараецца ў сусветную і дыктуе грамадству, дакладней — навязвае, і свае прынцыпы, і сваіх пераможцаў...
    Правіцель зморшчыў лоб, прыкусіў — разам з вусамі — губу і прыхінуўся да фатэльнай спінкі, каб паслухаць дзяржаўнага тэлекаментатара, які бліжэй нагнуўся да студыйнай тэлекамеры і, артыстычна гуляючы паўзамі і лагічнымі націскамі, упэўнена жэстыкуляваў тонкай далонню з заціснутай у ёй ручкай, узвышаў голас і вяшчаў далей:
    — Усе вы, паважаныя гледачы, учора-сёння самі сталі нявольнымі ўдзельнікамі той чарговай сусветнай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца без правілаў і чалавечай логікі. Нараспеў галосяць купленыя газеткі, радыёстанцыі і тэлеканалы (як, скажам, той жа NBC) пра спецаперацыю нашых войскаў у Горна-Касоўскай рэспубліцы. I вайной супраць сваіх грамадзянаў, і генацыдам, і крывавай разнёй, і шаленствам дэспатычнага кіраўніцтва ўсё тое называюць. Паслухаеш — і застаецца толькі зацягнуць пятлю ды павесіцца! 1 такія ўсе правільныя, гуманныя, усе такія цукровыя чалавекалюбцы! А да сутнасці, да праўды — анікому і клопату няма. Галоўнае — не сцяг справядлівасці ўсталяваць, а белае пасыпаць брудам ды чорнае назваць белым... — 3 дзясятак секундаў прамільгала нарэзка з замежных інфармпаведамленняў, пасля чаго зноў працягнуўся каментар: — Вось яны, сапраўдныя бомбавыя ўдары па нашай псіхіцы і нервах! I тыя, хто даваў каманду на тое бамбаванне, не бачаць
    бярвёнаў у вачах сваіх начальнікаў і працадаўцаў, не заўважаюць сапраўдных захопніцкіх войнаў, якія распалілі і распальваюць у свеце за сферы ўплыву іхнія ўрады! Так, нядаўна войскі еўраальянсу разбамбілі Югаславію. Знішчылі тысячы мірных жыхароў, тысячы дамоў... — Пайшлі кадры з хронікі: разбураныя гарады і вёскі, пакалечаныя дзеці, задаволеныя таўстамордыя замежныя вайскоўцы... — Так і карціць запытацца: што б учынілі кіраўнікі замежных «праўдарубаў» на месцы нашага ўрада?.. Гадамі датацыйны край маналітнай дзяржавы, які толькі і рабіў, што смактаў нашыя бюджэтныя сродкі — узяў і абвясціў сябе самастойным! А яго князькі саманазваліся царамі! У якім замежным «дэмакратычным» штаце такое магчыма?! Ды ім жа адразу б галовы паскручвалі! Спытайма, што б рабілі нашыя гора-настаўнікі?.. Запытацца можна, але вось ці пачуюць яны праўдзівы голас? Ці дазволяць ім адкрыць вочы ды вушы свае праўдзе? Праўдзе святой і пакутнай? Адказ, зразумела, адмоўны. Але галоўнае, каб тое пачулі ўсе мы — і аб’ядналіся пад справядлівымі штандарамі! Думайце і аналізуйце! Міру вам і дабрабыту!
    Правіцель задаволена хмыкнуў.
    — Хто такі? — кіўнуўшы на экран, спытаў ён у Жакея.
    — Іван Федарэнкін, сын міністра спорту.
    — A hoc крывы чаго? У бокс гуляў?
    — He ведаю... — залыпаў вачыма памочнік. — Ен нядаўна на ТБ. Здаецца, някепска атрымліваецца... — памочнік наструніўся і не адводзіў ад правіцеля вачэй.
    — Што значыць някепска?! — вялікія далоні гохнулі па скураных падлакотніках пульхнага фатэля. — Выдатна! — Правіцель устаў выпіў келіх
    чырвонага віна, памаўчаў і выпаліў: — Пагаварыць і падтрымаць гэтага Федарэнкіна. Падтрымаць ад майго імя! Ну і грошай яму, сцэнарыстаў там лепшых, аператараў... Хай тэрмінова зробіць некалькі спецфільмаў. Ну сам ведаеш, пра што.
    — Зразумеў! — усё цела памочніка ўраз налілося бадзёрасцю і рашучасцю. — Вы, як заўсёды, правільна адчулі: у тэлевізары заключана аграмадная сіла, мацнейшая за бомбы і танкі! I калі ўсё граматна абставіць...
    — Ідзі працуй, стратэг... — перарваў яго ўладны голас. — Усе вы заднім месцам разумныя.., Ды і да ўрачыстасцяў з прычыны перамогі над сепаратыстамі і тэрарыстамі рыхтуйцеся! A то зноў пазасынаеце на лаўрах...
    У той час у кабінеце Мікалая Зайца, у якім таксама міргалі тэлекадры, зазваніў гарадскі тэлефон (сакратарка даўно пайшла дамоў).
    — Алё... Алё! — трывожна пачулася ў слухаўцы. — Гаспадар Заяц?
    — Так... Слухаю вас.
    — Янкавіч, Богдан Янкавіч. Памятаеце, некалі на канферэнцыі ў Падгорыцы сустракаліся?
    — Так-так... — машынальна вымавіў Заяц, хаваючы здзіўленне і ўзнімаючы над акулярамі савіныя бровы.
    — Ужо трэція суткі спрабую да вас дазваніцца.., Дачуўся, што займаеце высокую пасаду...
    У адказ — неўразумелае маўчанне.
    — Дык вось, як ведаеце, месяц маю краіну бамбавалі новыя туркі еўраальянсу. I зноў, як і ў часы святога Пятра Цэціньскага, вашыя цары забылі на сваіх адзінаверных братоў. А замест падтрымкі — самі ўлезлі ў вайну з суграмадзянамі... Але я — не
    пра тое. Нас нішчаць сучасныя візіры, але мы з Божым словам і верай вытрымаем! Я... — штось у слухаўцы зашчоўкала, і некалькі фразаў было не разабраць. — . ..цікавіліся Евангеллем ад Яна. Яго збярог народу свайму святы Пётар... He прадаў купцу з Бокі, як нагаворвалі... — Зноў шчаўчкіпамехі. — ...вырашылі кнігу вам перадаць. Такое рашэнне прынялі браты-яніты... Бацька мой, царства яму нябеснае, быў іхнім сябрам. I прозвішча нашае — Янкавічы — ад іх... Верым, што тая кніга падтрымае вашую краіну і адвядзе ад бездані... Словам, а не бомбамі, пераможам!.. — Штось хруснула, і пачуліся кароткія мільгатлівыя гудкі — як агучаны медыцынскім апаратам трывожны пульс гаспадара кабінета...
    V
    30 жніўня 1553 года ён святкаваў імяніны — у невялікай, яшчэ бацькам збудаванай рэзідэнцыі ў Каломенскім.
    He любіў цар Маскву, не любіў ні сценаў белакаменных, ні баяраў цвердалобых. А тут было ўсё спакойна, нават па-дзінячы пацешна. Так, тут ён супакойваўся целам, пачуваўся бесклапотна і ўзнёсла.
    Запрошаных на абед адвялі напачатку ў царскую вопратню і замянілі іх разнаколерныя каптаны на белыя мантыі з гарнастаевай апухай. Усе сабраліся ў прахалоднай трапезнай, перашэптваліся і ўсміхаліся.
    Цар увайшоў марудна, касалапа заграбаючы нагамі квяцісты дыван, перахрысціўся, узяў кавалак мяса — і перадаў яго круглатвараму Адашаву, другі — цыбатаму Курбскаму, пераступіў ад задаволенасці з нагі на нагу і раздаў пахкія кавалкі яшчэ некаторым гасцям. Затым матнуў рукой краўчаму, каб той частаваў далей, — і змірана назіраў, як памагатыя прамаўляюць:
    — Цар табе даруе гэта.
    У адказ госці ўставалі і кланяліся.
    У срэбныя кубкі налівалася раманея, алікантэ, мальвазія — найлюбімыя царскія віны, у драўляных каўшах ставілася свежая медавуха — і пачынаўся пір. Да мяса прыносілі шафран, кіслае малако, агуркі ў воцаце. Зноў і зноў уздымалі кубкі, а на стол выплывалі смажаныя лебедзі, журавы са спецыямі. Пілі — і з’яўляліся цецерукі, глушцы і рабчыкі ў смятане, зайцы з рысам, ласіныя мазгі, пірагі з мясам, падсалоджаныя арэхі.
    I стукалі кубак аб кубак, і не змаўкалі прамовы — пакуль хмель не вязаў рукі ды не сушыў языкі...
    А ў Маскве на Івана навалілася хвароба. Вечарам пасля богаслужэння ў Дабравешчанскім саборы — які стаяў бліжэй да палаца — цар ледзь узняўся па прыступках да спачывальні і ўпаў каля ложка. 3 паўгадзіны яго трэсла падучка, вочы набрынялі крывёю і выкаціліся над вострым носам. Спалоханы Мацей кінуўся па лекара, але першай на крыкі азвалася Анастасія. Яна паклала неспакойную Іванаву галаву на свае калені і, штось пранікнёна шэпчучы, пяшчотна гладзіла яго змакрэлыя ад поту валасы. I цар суцішыўся, абмяк, але на пярыне зноў устрывожыўся, задыхаў часта і хрыпла; памкнуўся ўстаць, але рукі сталі ватнымі. Гарачка-агнявіца ахінула яго забыццём-марывам — немарасцевым і доўгім.
    Прытомнеючы, ён неўразумела ўтаропліваў слязлівыя вочы ў бліжні вугал з лампадамі, у каменную сцяну з каляровай выявай-ілюстрацыяй Саламонавага суда, а з глыбіні яе, як з-пад хмараў, выскоквалі здані крывава-чырвоных коней і гізавалі па траўнай зяленіве фарбаў да ягонага ложка, па ягоным целе... Цар уздрыгваў, хапаўся за галаву, зноў глядзеў на карціну — і шалёная віхура хавалася за вуглом аркі...
    На некалькі хвіляў ён супакойваўся, не дрыжэў, і яму давалі папіць, а затым галаву зноў раздзірала трывога, чырвоны шалёны конь зноў выбліскваў з-пад дрогкіх лампадаў і нёсся на ложак. Іван віхнуўся ўбок, убачыў іскры пад аграмаднымі капытамі, іржавую спражку падсядзёлка, мускулісты круп, вогненны хвост — і неўсвядомлена схапіўся за яго, каб хоць так выбавіцца са свайго халоднага ложка-дамавіны. 1 пачуў крык над сабой. I ачуўся...
    Закрычала жонка, за касу якой у гарачцы схапіўся Іван. Зноў пачала гладзіць і шаптаць штось ласкавае, і пачула спакойнае, выразнае:
    — Што там, знізу?
    Яна зразумела, але не адказала.
    Знізу пад спачывальняй была тронная зала, у якой ужо трэці дзень збіралі баяраў, каб тыя цалавалі крыж царэвічу Дзімітрыю. Адчуваючы смяротную знямогу, Іван прызначыў свайго пераемніка — сына-немаўля. I пазваў падданых да прысягі яму. Але нечакана абвясціў сваё права на маскоўскі пасад стрыечны брат Івана Уладзімір Андрэевіч, падтрыманы большасцю баяраў...