• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

    Сімъ побѣдиши

    Алесь Пашкевіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 260с.
    Мінск 2012
    54.04 МБ
    — Ну так...
    -— Так тваю цераз так!!! Што рабіць будзем? — Жакей пакруціў жылістай шыяй, яшчэ больш паслабіў гальштук, і верхні гузік на кашулі не вытрымаў — адарваўся і паскакаў па гранітнай падлозе...
    I раптам нешта нібыта абудзілася ў вачах памочніка:
    — Ну-ка дай мне асабовую справу таго дзеда!
    — Паверхам ніжэй, у архіўнай...
    .. .Памочнік глядзеў на біяграфію першага пацыента сакрэтнай лабараторыі, хітаў галавой і не мог вымавіць ні слова. У горле страшэнна перасохла.
    — Можа, кавы замовіць?
    — Што?
    — Можа, кавы? — паўтарыў старшыня Службы дзяржбяспекі.
    — Кавы? He, давай гарэлку, і пабольш... Як вы маглі так з дзедам лапухнуцца?
    — Ніякага лапухнуцца... Выхад, як і прафесар зацвердзіў, з сеанса быў беспраблемным, без часавай дэфармацыі.
    — Ды што ты вярзеш, генерал! У цябе мазгі ёсць?
    — Я па-а-прашу! — надзьмуўся Бадакін, ураз пачырванеў але супакоіўся і зноў затараторыў: — Ты ж сам чуў, як той расказваў пра сваё апошняе месца працы, пра коней нешта там і весавую...
    1 памочнік не вытрымаў:
    — Я і кажу, што ты дурань! Ды конюх гэты і дваццаць, і трыццаць гадоў таму, як і перад сеансам вашым ляцкім, коней пасвіў! — ён падняў асабовую справу «дзеда» і з размаху ляснуў ёй аб стол. — Заві свайго прафесара!..
    На поўную адаптацыю правіцеля спатрэбілася некалькі тыдняў. I ўсё павінна было пайсці звычнымі кругамі, аднак... Аднак абмаладзелага кіраўніка адмовіўся прызнаць народ, які датэрмінова выбіраў яго, бязмежна верыў і любіў. I старэў. Разам з народам старэлі і вера з любоўю. А што ж цяпер?
    На прыпынках і ў курылках пачаліся насцярожаныя перашэпты, якія выліліся ў стыхійныя мітынгі. I з кожным публічным выхадам правіцеля «на людзі» народнае неўразуменне расло і пагражала ўзарвацца абурэннем.
    — Нашага забілі, а заместа яго падсоўваюць двайніка!
    — Так! Паглядзіце ж, ён нашаму ў сыны гадзіцца...
    Анічога не магла зрабіць ні тэлепрапаганда, ні Служба дзяржаўнай бяспекі. А тут, як на ліха, узняў галаву прэм’ер:
    — Правільна, народзе, нас усіх дураць! Па-а-адман!!!
    I правіцель быў вымушаны сам ратаваць сітуацыю. Ён выступіў па ўсіх дзяржтэлеканалах (а іншых у краіне і не было) з надзвычайным зваротам да народа, падрабязна распавёў пра спланаваныя ворагамі падпалы і сваю хваробу, падчас якой азвярэлыя апазіцыянеры і некаторыя высокапастаўленыя службоўцы захацелі захапіць уладу.
    — ...Іх ужо вывелі на чыстую ваду! — спавядальна вяшчаў правіцель. — Гэтых ролікавых, сысанковых ды керзанаў... Яны марылі дарвацца да ўлады яшчэ тады, калі я хлапчуком узначаліў краіну. Абяцаю вам: усе атрымаюць па заслугах! А да наступнага года мы справімся з эканамічнымі стратамі ды зможам павысіць заробкі і пенсіі. Як і раней, дзяржава не пакіне без дапамогі анікога... — правіцель яшчэ доўга гаварыў пра ліхіх злодзеяў і прадажную апазіцыю, золатавалютныя запасы і міжнароднае становішча — і народ зноў пазнаваў у тых расповедах колішнюю прастату і сардэчнасць, шчырасць і адданасць. Пазнаваў свайго кіраўніка — да кожнай, хоць і памаладзелай, маршчынкі пад
    прасветленымі вачыма, да кожнага, хоць і пажвавелага, руху і жэсту, да кожнага слова і гуку!..
    Вечарам правіцель прыехаў на ўрадавае лецішча, дзе атайбаваўся заапазіцыянелы Сысанкоў.
    — Ты?.. — неўразумела ўзняўся з-за доўгага стала прэм’ер і, п’яна ківаючыся, пайшоў насустрач.
    Правіцель кашлянуў-хмыкнуў, схапіў пустую бутэльку — і гэкнуў па азызлай галаве прэм’ера. Той хапануў паветра, лізнуў пульхныя губы — і ўраз абмяк...
    А калі назаўтра пасля тэлезвароту гаспадара Жакей прынёс складзеныя спецслужбамі аптымістычныя рэйтынгі і вынікі грамадскіх апытанняў, правіцель спакойна адсунуў тыя паперы на край стала і абнечаканіў памочніка:
    — Памятаеш, калі метро забаставала... Я тады ва ўніверсітэце выступаў. Там дзяўчына адна, чарнявая такая, мне паперкі падносіла. Я загадваў даведацца пра яе...
    — Так, Кацярына Аляксандраўна Бялоўская, студэнтка філфака. Я дакладваў...
    — Ты запрацаваўся ці прыкідваешся?! — зазлаваў правіцель. — Што мне з тых дакладаў? Давай яе сюды! Ясна?..
    — Што ж, про-озвішча тваё-ё адпавяда-ае нутру-у, — як чужым голасам ледзь не праспяваў цар свайму пасланцу акольнічаму Фёдару Сукіну. Вочы не маглі спыніцца на адной кропцы, зрэнкі мітусіліся ў вачніцах — як спалоханыя жукі. Ён перакінуў з адной рукі ў другую скіпетр і кіўнуў вернаму Мацею: — Адпраў яго рабіць труну.
    Калі стральцы ўжо дацягнулі невысокае цела збянтэжанага пасланца да дзвярэй, цар удакладніў:
    — Добрую вялікую труну! Каб здалёк відна была. — Паглядзеў на пярсцёнак-пячатку, перакруціў яго туды-сюды — і дадаў: — А гэтаму сукінаму сыну й звычайнай ямы хопіць...
    Напрыканцы 1560 года, калі Радзівіл Чорны замацоўваўся ў Лівонцкіх землях і калі вобраз нябожчыцы царыцы Анастасіі праглынулі супакаяльныя оргіі, Іван Жахлівы накіраваў да Жыгімонта-Аўгуста аграмаднае саннае пасольства, якое і загадана было ўзначаліць Фёдару Сукіну. Цар не паскупіўся на падарункі, бо наўзамен спадзяваўся атрымаць не толькі сяброўства караля-суседа, але — і адну з ягоных сясцёр у жонкі.
    Жыгімонт жа ўспрыняў прапанову стрымана, a кракаўскі сойм наогул ледзь не адзінагалосна вырашыў выслаць назад маскоўскае пасольства. Аднак Фёдар Сукін не мог здацца. Ён падкупіў каралеўскую пакаёўку, якая ў касцёле падчас нядзельнай службы тайна і паказала дзвюх каралеўнаў. Малодшая, Кацярына, на хвілю паправіла карункавы вэлюм — і царскаму пасланцу запалі ў вочы ўзлётныя чорныя броўкі, далікатны носік, спакушальныя, налітыя вішнёвай свежасцю вусны. А затым ён
    незаўважна паназіраў за яе лябёдкава-грацыёзнай паходкай — і смачна распісаў аб усім тым свайму гаспадару. I не забыў дадаць, што Жыгімонт-Аўгуст не мае нашчадка, а таму з дапамогай ягонай сястры-прыгажуні Масковія зможа спалучыцца са сваёй «вотчынай» — землямі Полаччыны і Смаленшчыны.
    Распісаў — і на некаторы час супакоіўся.
    А ў памаракавыя сны Івана ўпершыню прыйшла з жанчын не Анастасія, а таямнічая полька Кацярына. Ён крочыў за ёй, спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку... і ўжо зрываў з яе ружовы італійскі хітон, і бліснулі ў свечкавым гранні атласныя споднія надрагі, як тая раптам перакінулася ў белую лябёдку і выпырхнула ў расчыненае акно...
    — Парві мяне, мой гасудар, як гэтую сарочку... — нечакана прастагнала пад ім гарачая дачка нейкага баярына, і ён сполашна ўсхапіўся.
    — Ідзі вон, лярва лядашчая! — цар скінуў дзеўку з ложка і пазваў Віскаватага.
    — Пашлі ў Кракаў Сукіну яшчэ ад мяне падарункаў. Хай прыспешвае!
    Але пакуль выконвалася новае царскае даручэнне, каралеўну Кацярыну сасваталі з братам шведскага караля Эрыка XIV — герцагам Фінляндскім Юханам...
    Іван па-ранейшаму піў і патанаў у блудзе з маладой дачкой хана Кабарды чарнявокай княжной Кучаней, якую — каб хоць гэтым супакоіць царскі шал — узяўся ахрысціць сам мітрапаліт Макарый і, ужо як Марыю, абвянчаць з Іванам. I прытухнуць уладныя гульбішчы — пакуль да Масквы не дойдзе навіна аб віленскім вяселлі Кацярыны і Юхана. Тады Іван і пашле Курбскага паліць памежныя заходнія землі ды пакліча свайго пасланца Фёдара
    Сукіна. I загадае таму сваімі рукамі збіць аграмадную труну...
    — У яе пакладу Кацькінага брата Жыгімонта — ці сам лягу! — мовіць ён на пачатку студзеня 1562 года — і на чале 60-тысячнага войска рушыць на старадаўнюю цвержу Вялікага Княства Полацак.
    Мітрапаліт Макарый паспрабуе атушыць ваярскі жар цара, але не зможа. I прапануе ўзяць з сабой старадаўнюю святыню, якая, як спадзявацьмецца, адвядзе няшчасці ды непатрэбныя смерці.
    — Некалі яшчэ бацька твой са Смаленска трафеем прывёз яго — Крыж полацкай ігуменні Еўфрасінні. Вайна яго вывезла — а ты назад вярні. I хай абароніць ён усё войска Хрыстовае.
    — У паходы са сваімі крыжамі хадзіць належыць! — неўразумела кінуў Іван старому мітрапаліту. А той глыбока ўздыхнуў, трывожна паглядзеў у прымружаныя царскія вочы — і спакойна ўдакладніў:
    — Крыжы, Іване, не бываюць свае ці чужыя. Усе яны — Божыя, усе Хрыстовыя. Бо ён — Ісус — адзіны за нас, грэшных, пакуту прыняў і да гэтага часу прымае.
    Іван падазрона зіркнуў на Макарыя:
    — Ты што, мітрапаліт, мой паход праведны не дабраслаўляеш?
    Макарый напружана памаўчаў і адказаў пытаннем:
    — А ты як думаеш, гасудар: хіба багаслаўляе Стваральнік наш забойствы?
    — Ясна... — цмыкнуў Іван і накіраваўся да дзвярэй.
    — Крыж полацкі ў тваёй казне. Вярні святыню ў родны град, — ужо ў царскую згорбленую спіну мовіў Макарый. Ён перажагнаў раскрытыя дзверы
    і нечакана згадаў, як Івану ўпершыню ў жыцці ўдалося прачытаць радкі палеаложскага Евангелля ад Яна. I трывожна ўспомніў расповеды Максіма Грэка аб багатай Полацкай бібліятэцы...
    Палкі загадана было фарміраваць пад Вялікімі Лукамі. Затым штодня, «дабы воннскнмь людемь нстомы н затору не быть», яны па чарзе разам з фуражнымі абозамі выпраўляліся ў паход.
    Як ні пільнаваліся, літоўская выведка дазналася пра маскоўскую выправу і далажыла гетману Мікалаю Радзівілу. Той сабраў войска і з Менска рушыў на падмогу Полацку.
    Аднак першым да горада дайшоў маскоўскі цар. Ен доўга з поймы Дзвіны азіраў старадаўнія пабудовы, штось нячутна шаптаў сам сабе, а затым схаваўся ў шатры, пазваў да сябе Івана Віскаватага і загадаў таму пісаць ліст Макарыю, у якім запэўніваў мітрапаліта, што вайну пачынае «токмо радн бдення о святыхь храмехь да нконахь свяіценныхь, нже безбожная Лнтва поклоненне святымь нконамь отвергше, пошнпаше нхь да многая ругання учнннше, a церквн православные разорнша, веру хрнстьянскую оставльше н лютеранство воспрнаша»...
    Царскія вайскаводцы меркавалі пачаць наступ з Задзвіння — па лёдзе, з таго боку, дзе Вакольнае места не мела абарончых сценаў. Там размясціліся Перадавы, Царскі і полк Правай рукі. Аднак лёд на Дзвіне пачаў раставаць і трашчаць, і палкі перайшлі ў Міжрэчча да абязлюднелага манастыра святога Георгія. Ад берагоў Палаты маскоўцы мусілі наступаць ужо на полацкія ўмацаванні.
    I хрысціянскі горад са старадаўняй Сафіяй над Дзвіной — канстанцінопальскай сястрой — захлынецца ў агні і дыме. Дзённыя аблогі нападаўцаў
    будуць змяняцца начнымі вылазамі абаронцаў. Па заснежаных берагах на лёд сцякацьме неўтаймоўная кроў, а па высокім замку амаль бесперастанку будуць гохкаць сценабітныя гарматы.