Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
— Хрыстацярплівец Максім Грэк, адыходзячы, прасіў перадаць мне, каб апеку ўсклаў я на кнігу Евангелля ад Святога Яна. Некалі ў дарозе сюды яна ўратавала самога Грэка. А затым і ў агні не гарэла, і людзей лекавала, і цару падараваная была, і вочы яму адкрыла. У лісце, перададзеным праз надзейнага манаха, старац прасіў тую кнігу на выспу Патмас даставіць, куды святы апостал Ян быў высланы Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга
і дзе прадыктаваў сваё Евангелле. «Ацямнілі кнігу цудадзейную грахі царскія, — пісаў старац Максім. — Хай высвеціцца яна наноў на месцы пакутаў і подзвігу складальніка свайго».
Падышлі да саней, абняліся-расцалаваліся. Сілуан уважліва паглядзеў на Грыня і дадаў:
— Дык як мне да той кнігі наблізіцца? Можа, у цябе атрымаецца? — I ўжо мацней: — А формы я табе вылью. Будуць роўныя, не пераймайся...
I мінуў падрыхтоўчы час, і надышла пара маскоўскага друку слова Божага. Як і было замоўлена, рыхтавалі «Дзеі святых апосталаў». Зранку адслужыўшы малебен, працавалі бесперастанку да апоўдня, адціснуўшы і расклаўшы сушыцца на паліцы дванаццаць кніжных старонак. А потым на «дзейства» прыехаў паглядзець цар, якому Іван Віскаваты пасля полацкага паходу дакладваў пра справы друкарні ледзь не штодня.
Дзверы сполашна расчыніліся, у запоўнены працаўнікамі друкарскі пакой забегла некалькі служнікаў і ўзброеных шаблямі ды сякерамі стральцоў; марудзячы, увайшоў царскі ахоўнік Мацей, a за ім — і сам Іван. У доўгай акаймаванай мяккім футрам накідцы, якая хавала лёгкія скураныя боцікі і няўклюдную касалапасць, ён, здавалася, праплыў да варштата, узяў з яго некалькі свежаадціснутых старонак, схіліў набок галаву і ласкава агледзеў скамянелых друкароў; пазнаў Іаана і, ужо набліжаючыся да падрыхтаванага пасада, пальцам пазваў да сябе. Узяў яшчэ старонку з палічкі — і працягнуў Мацею:
— Чытай.
— Прашу дараваць, вашая царская вялікасць... — укленчыў агаломшаны ахоўнік. — He навучаны гэтаму...
— Хм, — прымружыў вочы цар. — Думаеш, адно грошы, мячы ды гарматы царскую моцу множаць? — і, адарваўшыся ад Мацея, павярнуўся да Іаана: — I цяпер, дыякан, верыш у тое, што кніга вялікую сілу мае?
— Так, гасудар! — Іаан упэўнена схіліў перад царом галаву, на хвілю знерухомеў.
— Большую, чым грошы і зброя? — перапытаў цар.
— Ісцінна так, — паўтарыў друкар і, не адрываючы свайго пагляду ад царскіх вачэй, зіхоткіх, пачырванелых, дагаварыў: — I прыйдзе час, калі кніга заўладарыць па ўсім свеце Божым, бо праз слова Ягонае паклікана перамагчы і грошы, і мячы, і гарматы.
Цар задаволена ўсміхнуўся і, забраўшы з рукі Мацея кніжную старонку, пакратаў яе пальцамі, агледзеў з абодвух бакоў, нават панюхаў — і працягнуў Іаану:
— Тады ты чытай!
— «Первое убо слово, — пачаў запеўна дыякан-друкар, — сьтворнхь о всехь, Феофнле. О ннхь же нача Інсусь творнтн же н учнтн, до него же дне заповедавь апостоломь духомь святымь. йхже мзбра, вьзнесеся предь ннмн н поставн себе жмва постраданін своемь вь многнхь нстмнныхь знамені'нхь»...
— А хто гэты Феафіл, да якога напачатку зварот ідзе? — перапыніў Іаана цар і, схіліўшы галаву ў пакрытай залачоным каменнем манаршай шапцы, утрапёна ўгледзеўся ў друкара.
— Як сведчаць вучоныя айцы царквы, — друкар перавёў погляд на іканастас і перажагнаўся, — Феафіл быў сінклітыкам і князем. Яго называлі ўладарным сярод правіцеляў. Сам апостал Павел звяртаўся
да яго праз евангеліста Луку з Антыяхіі: «Прыйшло на думку і мне... паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феафіле, каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння, у якім быў настаўлены»... — Іаан заўважыў, што цар слухаў яго нібыта зачараваны шкаляр — і працягнуў: — I кожны богалюбівы чалавек, якому непадуладныя страсці грахоўныя, ёсць высокашаноўны Феафіл, па-нашаму значыць Багалюбец, дастойны слухаць Святое Евангелле.
Цар устрапянуўся, кіўнуў галавой, маўляў — добра, усхапіўся і рэзка падаўся да дзвярэй, там затрымаўся і зноў спытаў:
— А чаму ў цябе, дыякан, крыж на грудзях драўляны, а не жалезны ці срэбны, як у іншых царкоўнікаў?
— Дык крыж Хрыстоў аднолькавую моцу мае — ці залаты, ці драўляны. Урэшце, Госпада нашага на драўляным і распялі... — Іаан штось хацеў яшчэ дагаварыць, але цар перапыніў яго:
— Прыпомніў я падобны, драўляны... У Полацк яго па просьбе мітрапаліта Макарыя вярнуў. Дарэчы, іду цяпер прымаць полацкіх пасланцоў. Паглядзім, што там надумалі...
Як знячэўку цар са світай завіталі ў друкарскі пакой, так мільгам і зніклі. А друкары працягнулі сваю працу — ажно да глыбокага вечара, у святле слепаватых свечак ды светачаў слоў Божых.
...У той жа позні вечар з маскоўскага Крамля выгналі пасольства Вялікага Княства. На перамовах баяры агучылі царскую ўмову: Рыга, Вільня і Кіеў павінны прызнаць ягоную волю. Ліцвіны ж запатрабавалі даць спакой не толькі Лівоніі-Інфляндыі, але і — вярнуць Смаленск, Бранск і Пскоў, якія ў часы Вітаўта былі залежнымі ад Вялікага Княства.
— Гнаць шчанюкоў Жыгімонтавых сабакамі маёй псарні дваццаць міляў ад Масквы! — Іван не мог стрымаць сваёй лютасці. Ён да хрусту сціскаў у кулакі доўгія пальцы і адзічэла крычаў: — Гнаць! Гнаць!!
Служкі доўга баяліся набліжацца да цара, а калі адпаілі-супакоілі яго хмельным узварам, пачулі ціхі шэпт:
— Загадваю быць паходу...
Ён пачаўся ў студзені новага 1564 года. У мінулую восень адышоў у вечнасць мітрапаліт Макарый, і штось трывожна-няпэўнае затаілася ў царскім сэрцы. Усімі фібрамі цялеснымі ён прадчуваў новую бяду — больш балючую і за смерць свайго апекуна ды заступніка Макарыя, і за нядаўнюю паразу Курбскага ў Лівоніі. Чарнакніжнікі і варажэі раілі да наступнай восені не пачынаць аніводнай значнай справы, але цара не адгаварылі. Ён быў люта абражаны Літвой ды Польшчай і, адчуваючы сваю ўшматкроць большую вайсковую сілу, загарэўся помстай.
Аднак у сэрцы знібела штось няпэўна-трывожнае, і цар вырашыў застацца ў сталіцы, а ваенную кампанію даручыў узначаліць полацкаму намесніку Шуйскаму і вопытнаму князю Пятру Сярэбранаму. Першы мусіў выступіць з заваяванага Полацка з палкамі ў дваццаць тысячаў, другі — са Смаленска, дзе збяруцца каля пяцідзесяці тысячаў ратнікаў. Войска павінна злучыцца пад Воршай і далей ісці на Менск, Наваградак і Вільню.
Абраза за мінулую паразу паліла сэрца і гетману Мікалаю Радзівілу. Ягоныя воі, закаленыя не адной крывавай баталіяй, ішлі за ім ці па смерць, ці па
перамогу. У многіх з іх маскоўцы забралі-забілі ці родзічаў, ці знаёмцаў, ці, як мінімум, аднаверцаў.
Аднак сілы былі несувымерныя, і Мікалай Радзівіл, маючы ад выведкі дакладныя звесткі аб колькасці і перасоўванні захопнікаў, вырашыў не даць зліцца іхнім дзвюм рэкам. 3 невялікім загонам у некалькі сотняў лепшых вершнікаў ён атакаваў авангард Шуйскага і пасля напружанай сечы адступіў. Апантаныя поспехам і жадаючы паланіць літоўскага гетмана, якога паспелі празваць Рудым, маскоўцы кінуліся ў пагоню, агаліўшы тым асноўную калону. На рацэ Вула каля Чашнікаў на яе і абрынулася лавіна Радзівілавага войска.
Напачатку на стральцоў, якія не паспелі вышыхціцца ў баявыя парадкі, наляцелі крылатыя гусары. Як нябесныя карныя анёлы, яны зрываліся з супрацьлеглага берага і разразалі доўгую калону. Затым з засады загохкалі гарматы і ў бой уступілі пехацінцы. Маскоўцы страцілі вайскаводца і адступалі ў вялікай паніцы, і выратаваліся толькі тыя, хто здаўся ў палон.
Але з-пад Смаленска выйшла яшчэ большае войска, і Мікалай Радзівіл не поўніўся пераможнай радасцю.
— He гожа ліць кроў хрысціянскую! — сказаў ён сваім гетманам і тысячнікам. I тыя выштукавалі новую хітрасць: паслалі праз смаленскі шлях сваіх ганцоў — нібыта ў Вільню і Менск — з лістамі аб імгненнай перамозе над Шуйскім і рашэнні войска Радзівіла-Рудога неадкладна рушыць на палкі князя Сярэбранага. Ганцоў паланялі маскоўцы і адбіралі ў іх гетманавыя эпісталы. «Галоўныя палкі Жыгімонтавыя хай таксама сустракаюць непрыяцеля пад Воршай, бо з войскам полацкага намесніка Шуйскага назаўсёдна пакончана», — загадвалася ў лістах,
хоць пад сваім ачолам Радзівіл не меў ні галоўных палкоў, ні нават запасных, Аднак эпісталы зрабілі больш, чым гарматы і мячы: яны астудзілі баявы імпэт ворага. Князю Сярэбранаму ўжо не было з кім з'ядноўвацца пад Воршай, і, каб захаваць свае сілы ды не агаляць заходнія межы, ён надумаў вяртацца назад. А тут — начная атака, гарматы, коннікі з агнявымі пікамі ды крыламі-вятрыгамі за спіной... Наспех мацуючы абарону, маскоўцы, кінуўшы ў паніцы абозы, адступілі ў Смаленск.
Вільня вітала пераможцаў і іхняга вайскаводцу Мікалая Радзівіла, які ўехаў у Вострую Браму на белым кані князя Шуйскага, зняў аброць — і кінуў пад ногі гараджанаў.
Масква ж сустрэла горкую вестку аб паразе сваіх палкоў. Цар у той вячэрні час баляваў з набліжанымі баярамі ў трапезнай. Ганца выслухаў спакойна, нават і брывом не павёў — толькі твар збялеў. Выпіў «Петэрсімоны», абышоў укруга стол і наліў з вялікага гляка кожнаму, паламаў хлеб і расклаў на срэбную місу, доўга глядзеў на яе, а потым, дзіўнавата ўсміхнуўшыся, аднатонна загаварыў:
— Аддаюць юды цела маё на закланне. Здрада скрозь сцены точыцца. А таму, друзі мае пакліканыя, піце кроў маю, ешце цела маё, — ён паказаў рукой на віно і хлеб. — I хай збудзецца, што наканавана...
Прысутныя маўчалі, а ў грудзях Івана пачынала разгарацца ярасць. Ен памкнуўся прытушыць яе, захадзіў, хітаючы галавой, уздоўж сцяны, але вока выхапіла бляск дзіды ў руках аднаго з вартавых-стражнікаў — і цар з хвілю заварожана гладзіў прахалоднае вастрыё, а потым вырваў дзіду, узняў над сталом і прашаптаў:
— А пакуль нашая кроў на галгофу пацячэ, паглядзім, якога колеру яна ў нашых супастатаў... — 1 нечакана крыкнуў: — Усе на паляванне!
Вячэрняя сходня ўскочыла і прыспешыла за царом — праз тронную залу, каланадны калідор да ўваходу ў лёхі, у сутарэннях якіх ужо год гнілі дзясяткі літоўскіх вязняў.
— Рэж адступнікаў! — закрычаў цар і ўвагнаў дзіду ў нечае амаль нерухомае цела. Зіркнуў на памагатых, скрывіўся: — Чуеце, які смярдзючы злыдух з іх выходзіць?!
Пакуль баяры дабівалі палонных, цар праз іржавыя краты глядзеў у напоўненыя лютым жахам вочы чарговай ахвяры. Пакруціў дзіду, пагладзіў і гэхнуў у вязня. Але нечакана той — колішні полацкі разьбяр — хітнуўся ўбок і перахапіў дзіду. Нябога настолькі схуднеў, што некалі цесныя вяроўчыны лёгка спаўзлі з ягоных рук — касцей, абцягнутых скурай. Апошняй сілы яшчэ хапіла, каб накіраваць вастрыё ў цара, але неадступны Мацей выскачыў наперад — і дзіда прабіла яму далонь і ўвайшла ў сэрца.