Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
за некалькі дзён насыціўся страшнымі відовішчамі ды хаваўся па сваіх закутках, і царскія галасары мусілі склікаць яго: «Не бойся, люд праваслаўны! Справядлівы цар толькі здраднікаў сваіх карае!».
I памалу зноў сцягваліся на плошчу гледачы, і цар загадваў пачынаць пакаранне новых змоўнікаў: пасланца-дзяка Віскаватага, казначэя Фунцікава і колішняга любімца Басманава. Першага павесілі за ногі і, як кабана, пасеклі доўгімі нажамі. Другога аблівалі то кіпенем, то ледзяной вадой, пакуль мяса само не пачало адставаць ад касцей. Басманава ж цар загадаў уласнаручна забіць свайму сыну — царэвічу Фёдару, спадчынніку маскоўскага пасада.
Іван адпрэчыў ад сябе ўсё старое акружэнне ўключна з радавітымі баяра.мі, а наблізіў бязроднага мужыка, за якім назіраў яшчэ ў час ад’езду з Масквы, — Ваську Гразнага.
— Баяры прывыклі здраджваць свайму гаспадару, — сказаў яму цар, калі паклікаў да стала. — I не толькі баяры... Вось быў пры двары маім круглагаловы сабака Адашаў... Невядома якім чынам узняўся да служакі... Мы ж узялі яго з гною і зраўнялі з вяльможамі... — цар уздыхнуў і завяршыў: — Глядзі ж! На вас, мужыкоў простых праваслаўных, у мяне апошняя надзея засталася — на вернасць вашую і адданасць.
— Ты як Бог для нас, бо з малога чалавека вялікага можаш стварыць! — узрушана выгукнуў Васька Гразны і кінуўся цалаваць цару ногі.
Склаў свой белы клабук мітрапаліт Афанасій, спусціў дух у руках набліжанага Іванам служніка Малюты Скуратава непакорны мітрапаліт Філіп — а гнеў царскі аніяк не супакойваўся. Яго наноў запальвалі словы даносчыкаў — і тады нішчыліся
ўжо цэлыя гарады. Выгналі з Ноўгарада злодзея і бадзягу Валынца, а ён, перахоплены раз’ездам апрычнікаў распавёў аб страшнай змове сваіх крыўдзіцеляў — наўгародскіх жыхароў — з Жыгімонтам. Нібыта, бажыўся, і дамову тую з подпісам наўгародскага мітрапаліта Пімена бачыў, і ведае, што яе за абразом Божай Маці ў храме Сафіі хаваюць.
Так было ці не, але Іван сам узначаліў апрычнае войска — і дарогу ад Кліна да Ноўгарада ператварыў у пустэльню. Перадавыя сотні ўварваліся ў Ноўгарад і да прыезду цара выстраілі ўсіх святароў і дыяканаў на правеж.
У горад у суправаджэнні паўтысячы стральцоў прыехаў цар з сынам. Ён пажадаў смерці здраднікам і загадаў мітрапаліту Пімену служыць абедню ў Святой Сафіі. Затым весела паабедаў ва ўладыкі — і мітрапаліта з чэляддзю, сарваўшы адзежы, кінулі ў склеп. На другі дзень хваля катаванняў накрыла і гараджанаў. Іх сотнямі правяралі агнём і жалезам на рынкавай плошчы, а затым гналі да Волхавай быстрыні, якая зімой не замярзала, — і тапілі. Дзяцей прывязвалі да мацярок, мужчынам, каб не супрацівіліся, скручвалі за спіны рукі. Да вечара па рэчцы ў лодках соўгаліся — як страшныя хароны — апрычнікі і дзідамі дабівалі жывых...
Рабаваліся манастыры, і асатанелыя царскія вершнікі ў чорных манаскіх рызах аддана прысягалі свайму дабрадаўцу:
— Мы збудуем у тваёй, цар, Слабадзе манастыр праведны! Ты — наш ігумен! Скуратаў — панамар пры табе!
Прывязаўшы да падсядзёлкаў сабачыя галовы ды мётлы, яны яшчэ з дзень пагойсалі па апусцелых абшарах ды разам з царом скіраваліся да Пскова.
На заснежанай дарозе сустрэлі босага юродзівага, захутанага ў ванючае рыззё.
— Хочаш? — ён дастаў з-за пазухі кавалак мяса і працягнуў Івану.
-— Пост! — крыкнуў яму цар.
— Пост?! — вытарачыў вочы юродзівы. — А мяса чалавечае табе хто дазволіў жэрці?
Увішны Скуратаў ужо ўзняў над нябогам шаблю, але цар пакруціў галавой:
— Хай ідзе Божы чалавек сваёй дарогай.
I загадаў вяртацца ў Маскву.
Надарвалася ў ім штось — і сам разумеў тое, але звязваць ні сілаў, ні ахвоты не было. Колькі ж можна: ні дня без клопатаў, звадак, даносаў, разборак?! I чым далей — тым болый. А тут яшчэ, як пацукі з карабля, пабеглі тыя, каму найбольш давяраў, каго настаўнікамі ці вучнямі лічыў.
«Заяц... Ці бачыце, не ўнаравіў яму, не паслухаў! To сімволіка яму не тая, то сказаў не тое, то газету нейкую прычыніў. Ну сядзі б, здавалася, на старасці як у бога за пазухай, адпачывай, лячыся ды радуйся сваім апошнім райскім гадам! He! Карціць вучыць, усё роўна як за жыццё не навучыў... He студэнт жа я яму вечны!.. Вось і поркайся цяпер, памідоры на лоджыі вырошчвай! Ці яшчэ гэты змейчык-тэлежурналісцік... I тое яму, і гэта! 3 рук жа маіх карміўся... Рохкаў бы спакойна ля карыта...»
Але не тое — галоўнае. Перадалі вынікі апошніх засакрэчаных апытанняў: рэйтынг ягоны да плінтуса апусціўся! Гэтаму электарату — хоць аб паркет разбіся —пачалі імпанаваць песні ролікавых ды іхніх падпявалаў! А надвор’е такое, што хапае і адной іскры! Рабочыя з каскамі на мастах паселі... Пенсіянеры-мухаморы помнікі старым правадырам абляпілі... А гэтыя сонныя свінні з Думы ўжо імпічмент гатовяць! Узяць бы — і швайкай пад бок...
Спецслужбы харахорацца: то адзін варыянт, то другі прапануюць, — а ў яго нечакана на ўсё рукі апусціліся. Колькі ж можна? Які гэта пуп вытрымае? Нават пасля той даўбанай аперацыі з плацэнтай...
Канчаткова сарваўся ён пасля гісторыі з той чарнявай студэнткай Кацярынай... Раней выпіваў толькі сімвалічна, а тут пайшло-пацякло: каньяк — віскі, віскі — тэкіла. Усю восень у Варанісе — гуль-
бы-пацехі. I даўгалыжкі-манекеншчыцы, і груцастыя спявачкі, і прасунутыя інстытуткі... Жакей штодня соўгаўся з неадкладнымі праблемамі, а калі патрапіў на больш-менш працверазелага правіцеля, пачуў безапеляцыйнае:
— Ды пайшло ўсё на хер! Стаміўся я — і сыходжу. Дзяржаўнае ўтрыманне мне да смерці гарантавана Канстытуцыяй, а вы ўсе, калі я не падабаюся, шукайце лепшага! Пагляджу, што атрымаецца...
I пакуль — не атрымлівалася анічога. За правіцелем, адчуўшы штось падазронае, падаліся — у ягонай свіце — два найбольш вушлыя нафтагазавікі, а затым — і ўвесь урад. Натуральна, не пакінулі свае дзялянкі спецыялісты ў штацкім, якія былымі, як вядома, не бываюць.
Улада перайшла да Думы, але ж заканадаўцы — не выканаўцы! Закульгала ўся дзяржаўная сістэма. Пачаліся перабоі ў здабычы і пастаўках нафты і газу і, як вынік, — аграмадны недабор падаткаў у бюджэт. Акцыі ўпалі. На рынках — абвал. Скокнула інфляцыя. Зноў — затрымкі ў выплатах заробкаў і пенсій, неразбярыха і пустыя паліцы.
Ну трыбунілі эканамісты з Народнай лігі, што ва ўсім вінаваты рэжым, які дабіў краіну, штось блёўталі пра банкруцтва Цэнтрабанка, пра папярэднія непамерныя крэдыты ды адсутнасць золатавалютных запасаў. Але ад тых прызнанняў у людскіх ратах саладзей не рабілася. Народ усё часцей і часцей пачаў згадваць Мароза, і пад Новы год... ён вярнуўся!
На белым кані-алені і з дэкрэтам аб узнаўленні сваіх кіраўнічых паўнамоцтваў — у імя выратавання нацыі і вываду краіны з эканамічнага калапсу.
У той жа дзень правіцеля падтрымалі і спецслужбы, і паліцыя, і войска, якіх без яго пачалі ўжо скарачаць.
У мэтах навядзення належнага парадку была распушчаная Дума, а некалькі дзясяткаў незгаворлівых дэпутатаў павучылі каванымі ботамі і выкінулі з будынка.
— Аніхто з іх не павінен абрацца ў склад новага парламента... — як ужо аб вырашаным, мовіў правіцель падчас начной нарады з сілавікамі. — Акрамя тых, хто пакінуў Думу адразу пасля майго сыходу... Па сталіцы і рэгіёнах — татальны кантроль! Асабліва — за нядобранадзейнымі! Задзейнічаць усе сілы і сродкі! I яшчэ... Раніцай разблакуйце мой сакрэтны стабфонд. Трэба тэрмінова выплаціць народу пенсіі і заробкі. Асабіста праверу! Усё.
Каменная ноч паглынала горад. Высокія сцены, якімі кіраўнікі стагоддзямі аддзяляліся ад свайго народа і якія новыя ўлады штораз размалёўвалі ў свой колер (як, зрэшты, і рэзідэнцыю), — тыя сцены нястомна кідалі на пустыя заснежаныя вуліцы доўгія цені. Памаранчавая поўня зачапілася за званіцу Архангельскага сабора і дрыжэла на марозе.
Нібыта рапартуючы ёй, нясмела міргалі жоўтымі зрэнкамі святлафоры. Завые там-сям сірэна, пратарахорыць, узнімаючы снежны пыл, БТР ці пранясецца зацемнены аўтобус з вайскоўцамі — і зноў ціша, зноў адно мёрзлыя доўгія цені.
Пасля нарады правіцель прайшоў праз пакой адпачынку да асабістага ліфта.
— Іван Уладзіміравіч, можа, яшчэ што загадаеце? — пачуўся за ягонай спіной мяккі голас усюдыіснага Жакея.
Правіцель марудна павярнуўся, бліснуў змораным, але — чаго не было даўно — задаволеным тварам, вусны ўзняліся ў нечаканай усмешцы. Ад былой памаладзеласці — ані знаку: зноў мяшкі пад вачыма, маршчыны на залысінах. Скура пажаўцела, а вочы пад кароткімі веямі — як жоўцю налітыя, Кіўнуў-падазваў пальцам — і, выцягнуўшы шыю, марудна прашаптаў памочніку ў вуха:
— Асабіста, кажу, праверу... Усё...
Затым спакойна ступіў у ліфт і націснуў кнопку «X», якой у іншых ліфтавых кабінах Адміністрацыі не было. Толькі гэтая шахта магла ўзняць свайго пасажыра наўпрост да верталётнай пляцоўкі ды браніраванай сакрэтнай залы...
Святло ў прастакутным люстэркавым пакоі з выхадам да двух калідораў уключылася аўтаматычна — як толькі спыніўся ліфт.
Лічбавы код, прыстаўленая да экраніка зрэнка — і тоўстыя дзверы ссоўваюцца. Ад ног да ўзвышэння па ўсёй вялікай зале па чарзе ўспыхваюць электрычныя паходні. Пакуль правіцель крочыць наперад — у цэнтры на столі загараецца пяцікутная жырандоля і высвечвае старадаўні белы трон.
Новы гаспадар зачаравана пагладзіў яго выразаныя са слановай косці падлакотнікі, спінку, выяву залачонага візантыйскага арла, але не сеў, а падаўся далей, дзе — нібыта ў заалтар’і — на чорным мармуровым пастаменце ляжала чорная рака-труна з парэшткамі цара Івана Жахлівага... Ляжала ўжо шэсць месяцаў — акурат з таго часу, калі гаспадар кабінетаў знізу вырашыў быў пакінуць іх.
Пакінуць — каб вярнуцца. Вярнуцца — як ранішняе сонца, як птушка Фенікс, як і гэтая мумія колішняга цара, некалі эксгумаваная перад рэстаўра-
цыяй Архангельскага сабора па яшчэ нецаркоўным савецкім загадзе.
Аб той эксгумацыі-рэстаўрацыі яму — яшчэ зялёнаму студэнту — распавядаў у каларытных і чуллівых дэталях прафесар Заяц. I на лекцыях, і на семінарах. Тады ён, камсамолец, успрымаў тое пацешнымі байкамі. Ды і пазней не да спірытычных штучак было, аж пакуль нешта не загарэлася, не перашчоўкнулася ў ягонай галаве...
Правіцель пракасалапіў да пастамента і, адчуваючы ва ўсім целе п’янкую дрыготку, прыліп памутнёнымі зрэнкамі да пустых вачніцаў шэрапопельнага чэрапа...