• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

    Сімъ побѣдиши

    Алесь Пашкевіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 260с.
    Мінск 2012
    54.04 МБ
    Напрыканцы 1564 года Масква нечакана засталася без гаспадара. Іван Жахлівы, склаўшы свой скарб і царскую казну, адабраў сотню баяраў ды тысячу стральцоў і падаўся ў Каломенскае, дзе лютая завея і п’яныя оргіі затрымалі яго на два тыдні. Затым былі прыпынкі ў падмаскоўных Тайнінскім і Троіцы, і ўрэшце абоз дабраўся да невялікага Аляксандраўска. Там, загадаўшы разбудоўваць Аляксандраўскую слабаду, цар вырашыў зімаваць і паслаў у Маскву да новага мітрапаліта Афанасія ганца з лістом. Віскаваты ледзь паспяваў запісваць халоднай рукой:
    — ... Ацяжэла душа мая ад мноства зладзействаў, здзейсненых ваяводамі ды людам служывым. Апаліўся я на ўсім і ўся ў дзяржаве сваёй — ад першага да апошняга чалавека. I абвяшчаючы апалу сваю, паведамляю табе, уладыка, што вырашыў я скласці карону ды пакінуць дзяржаву сваю, і пасяліцца там, дзе Бог пакажа...
    Назаўтра ў Маскву павезлі і другое пасланне: да купцоў і ўсяго праваслаўнага люду — аб тым, што цар на іх не гневаецца і аніякай крыўды не мае.
    Масква нечакана патанула ў неразуменні і няпэўнасці. Усхваляваўся народ, запалашылася баярства. Купцы папрасілі перадаць цару, што гатовыя ахвяраваць сваім набыткам дзеля спакою агульнага...
    I пачалі шукаць вінаватых, а над некаторымі — і вяршыць свае самасуды. Ужо не першы месяц настройваў маскоўскіх святароў супраць царскіх друкароў Іван Віскаваты, які з першага знаёмства з дыяканам Іаанам адчуў ад таго пагрозу: чым жа тады ён, кіраўнік царскай летапіснай справы, будзе са сваімі пісцамі займацца? Віскаваты распускаў па Маскве і вакольных манастырах чуткі пра мноства памылак у нядаўна выдадзеным «Апостале», а саміх друкароў называў чарнарукімі ерэтыкамі.
    Час помсты быў выбраны, і адвячоркам да друкарні прыйшлі святары з некалькімі дзясяткамі прасталюдзінаў. Пятро Мсціславец з Грынем толькі паспелі разабраць формы і ўдвох мылі іх на задворку. Па раўчуку збягала на снег, пакрываючыся лёгкай парай, чорная ад фарбы вада.
    — Глядзі, народ праваслаўны: у іхніх кнігах чорт рукі памыў! — тыцнуў пальцам нехта з сухарлявых у святарскай рызе. — Грэшнікі і справы нячыстыя робяць! Гані вон езуітаў!
    Частка натоўпу ўварвалася ў друкарню — і ў кроў збіла агаломшанага Іаана. Той жа сухарлявік схапіў кіпсей і, крыкнуўшы: «Вось гэтая чорная д’яблава кроў, якой яны мажуць святыя словы!», стукнуў ім аб варштат. Памагатыя ўжо варочалі наборныя соты ды скідвалі на падлогу стосы адціснутых старонак. А з дзвярэй пачулася:
    — Палі валхвоў-нячысцікаў!
    — Смерць лютым ерэтыкам!
    I ўвомірг, як загадзя падрыхтаваны, успыхнуў агонь. Натоўп наспех выбіў некалькі вокнаў і высыпаў вонкі. 3 паперы полымя скочыла на смольныя сцены, засцілаючы панадворак дымам. Пакуль Мсціславец з Грынем выцягвалі беспачуццёвае цела дыякана Іаана, агонь дабраўся да столі і пачынаў лізаць дах...
    Праз некалькі дзён да Іаана — друкар яшчэ не стаў на ногі — завітаў Сілуан. 3 яго зморанага вялікага твару не сходзіла трывога, хоць вочы зіхцелі апантанасцю і таямнічасцю.
    — Спачуваю табе, браце, і хвалю Бога людалюбнага, што жыццё табе захаваў, — ён прысеў да ложка і папрасіў гаспадыню — Іаанаву жонку — прынесці яму вады. Калі дзверы прычыніліся, прашаптаў: — Усё, што ты мог тут зрабіць, зроблена. Збірай, што засталося, і з’язджай адсюль. Едзь у Літву — там такія, як ты, патрэбныя. Балазе снег, дарога санная ёсць*, — Сілуан панізіў голас і загаварыў узнёсла. -— А з сабой, папрашу ласкава, вывезі вось гэтую кнігу... — ён вынуў з-пад крыса доўгага кажуха пераплецены рудой скурай манускрыпт і, правёўшы даланёй па зіхоткіх камянях інкрустацыі — нібыта развітваючыся, падсунуў яго Іаану пад падушку. — Думаю, да Кіева напачатку давезці трэба... — увайшла гаспадыня з карцом; Сілуан без ахвоты глынуў вады, падзякаваў і да-
    * У той час дарогі паміж Масковіяй і гарадамі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага не існавала. Вёскі патрапляліся рэдка, і з Масквы да Вільні шлях вымагаў вялікіх цяжкасцяў. Адзіны шлях на заходніх межах Масковіі праходзіў паміж Псковам і Рыгай.
    даў: — Там пры Святой Сафіі яшчэ ад Максіма Грэка павінны застацца вучні-манахі. Можа, яны яшчэ не перасталі называцца янітамі — дык ім і перадаць кнігу належыць. I волю Максімаву пераказаць, каб на Патмас яе даставілі...
    — Гэта візантыйскае Евангелле?! — здзівіўся Іаан. Здалося, нават успыхнулі вочы пад доўгімі веямі-матылямі, а сінякі на твары праясніліся. — Як раздабыў?!
    — Цар, як ведаеш, з’ехаў. Збіраліся спехам. А ягоным халопам грошы не лішнімі прыйшліся...
    — Ну малайчына! — Іаану не хапала слоў. — Толькі... А чаму б табе самому з намі не падацца?
    — А знойдзецца месца?
    — Як табе не сорамна гаварыць такое?!
    — Ну то дзякуй, ну й добра, — усміхнуўся супакоены Сілуан, і яго куртаты нос нібыта расцягнуўся. — А то я, ведаеш, усё роўна тут не маю больш дзе жыць... — Падміргнуў і патлумачыў: — Шмат копаў грошай запрасілі за Янава Евангелле, дык давялося свой дом прадаць...
    У безуладнай Маскве памнажаліся крадзяжы і падпалы, і багацейшыя з баяраў упрасілі мітрапаліта паехаць у Аляксандраўскую слабаду — каб умаліў цара змяніць гнеў на літасць ды вярнуў яго на сваю дзяржаву. А калі спатрэбіцца, — наказвалі. — хай судзіць тых, на каго апаліўся.
    ...Гэта была новая перамога Івана — не над ворагам-чужынцам, а над сваім народам. Самаўладна ён увёў апрычніну, падзяліўшы краіну на дзве часткі. Там, дзе захоўваўся стары парадак, дзе кіравалі ваяводы, намеснікі, суддзі, кормленшчыкі з вотчыннікамі, над усім Іван паставіў сваіх баяраў.
    Другой часткай ён надзяліў сябе. У спадчыннікаў адбіраліся землі і людзі, а іх былых гаспадароў — калі заставаліся вернымі цару — перасялялі на іншыя вотчыны.
    Мяняліся лёсы народа і краіны.
    Мяняліся і лёсы слоў. «Апрычніна» паходзіла ад старамаскоўскага «опрнчь» (акрамя). У мінулыя часы так называлася маёмасць, якая адыходзіла пасля смерці мужоў удовам. На пірах так звалі прысмакі, якімі гаспадар меркаваў пачаставаць выбраных гасцей. Апрычнікамі менаваліся і людзі, якія пасяліліся на манастырскіх землях. Пры Іване Жахлівым гэтае і аднакарэнныя словы атрымалі зусім іншы сэнс...
    Першыя дні пасля вяртання ў сталіцу Іван выглядаў спакойным. Ці не новыя сны былі таму прычынай — спакусныя сны пра таямнічую каралеўну Кацярыну? Цудам мяняючы абліччы, яна ўсміхалася і нібыта ўзлятала над абшарам. А ён шматкроць спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку... і ўжо адчуваў далонню ейны пярсцёнак і дрыготкія пальцы, як Кацярына зноў раптам ператваралася ў белую лябёдку...
    Назаўтра Іван забараніў падаваць на сталы смажаных лебедзяў і загадаў Віскаватаму асабіста адправіцца да шведскага караля Эрыка XIV з пытаннем аб непадступнай каралеўне.
    Яна, Кацярына Ягелонка, пасля вянчання з братам Эрыка Юханам была ўжо герцагіняй фінскай, але анішто — ні сваё жанімства, ні святасць чужых абвенчаных сямейных вузаў, урэшце, ні жаданне самой жанчыны — не маглі астудзіць распалены новымі снамі і мроямі пажадны царскі юр. 1 ён не пашкадаваў Эрыку ні шчодрых падарункаў, ні багатага абяцання: абмяняць Лівонію на Кацярыну...
    Некалі кароль Эрык і сам супрацівіўся сувязі свайго брата Юхана з Жыгімонтавай сястрой, бачачы ў тым небяспеку ў выглядзе самастойнай Фінляндыі. Але як цяпер шведскаму манарху выдаць сваю швагерку-нявестку?!
    — Асцерагайцеся! Юхан з Польшчай плятуць змову! — нашэптваў шведскім дворным Іванаў пасланец Віскаваты. Тыя пераказвалі ўсё каралю, і нервы Эрыка не вытрымалі: з невялікім войскам ён паланіў Юхана і накіраваў яго ў замак Грыпсгольм.
    Перадаць цару гэтую навіну прыехаў сам Віскаваты, а з ім — і шведскі пасол. У лютым 1567 года ў Аляксандраўскай слабадзе была падпісаная саюзная дамова паміж Стакгольмам і Масквой.
    — Вы будзеце мець ад мяне і дапамогу ў прымірэнні з Даніяй, а калі спатрэбіцца, і вайсковую падтрымку, — абяцаў павесялелы цар. — Толькі вышліце мне герцагіню Кацярыну. 1 помніце, — перасцярог ён пасла, — калі з ёй у вас ці па дарозе што-небудзь здарыцца — я парву дамову...
    ...Але ганарыстая Ягелонка ўсхацела раздзяліць лёс свайго мужа — вязня!
    — Я не буду больш анічыёй жонкай, нават калі вы зробіце мяне ўдавой! — цвёрда адказвала яна.
    Юхан за «здраду інтарэсам манархіі» быў асуджаны на смерць і разам з Кацярынай знаходзіўся за кратамі. Аднак шведскі кароль Эрык аніяк не насмельваўся даць апошні загад: забіць свайго брата. А герцагіню Кацярыну аніяк не скаралі ні пякельныя пагрозы, ні мядовыя абяцанкі. 1 тут яшчэ імператар Максіміліян у сваім маніфесце асудзіў шведаў як парушальнікаў міру і саюзнікаў варварскай маскоўскай дзяржавы. I апошнія папярэджанні выказаў Жыгімонт, збіраючыся абвесціць вайну за сваю пакрыўджаную сястру ды яе дзяцей: у вязні-
    	
    цы Кацярына нарадзіла дзвюх дачок і сына, якога назвалі ў гонар караля-дзядзькі Жыгімонтам*...
    Іван быў сп’янелы пакараннямі і крывёй, але думкі аб Кацярыне цверазілі яго. Ён пераступаў праз трупы і ахвяры — а ейны вобраз уяўляўся светлым анёлам-выратоўнікам. 1 ў імя яго ён не пашкадаваў бы і свайго жыцця!
    — Гэты каранаваны купечы сын можа спудлаваць, — сказаў пра Эрыка Іван. — Націсніце на яго, і без Кацярыны не вяртайцеся! — і выправіў у Упсалу новых пасланцоў. I яны ўжо нават рыхтаваліся выкрасці-выкупіць чароўную паланянку, як здарылася непрадбачанае: «каранаваны купечы сын» паўстаў перад імі ў памутнёным розуме! Больш за тое: ён загадаў вызваліць Юхана!
    Некалькі дзён мяняліся каля каралеўскага ложка лекары, і ўсе яны канстатавалі: кароль звар’яцеў.
    Двор ахапіла здранцвенне, а Эрык соўгаўся па калідорах палаца ды — усведамляючы сябе вязнем — маліў брата аб дараванні.
    У верасні 1568 года новым шведскім каралём быў абвешчаны Юхан. а яго верная жонка Кацярына Ягелонка надзела на сябе карону паўночнай імперыі...
    I сотнямі паляцелі на Маскоўшчыне халопскія, баярскія і князевыя галовы. Цар вярнуўся з Аляксандраўскай слабады — і распачаў на Чырвонай плошчы прылюдныя катаванні. Палілі і грызлі чалавечую плоць жароўні ды клешчы, чакалі ахвяраў катлы з кіпенем ды вісельні. Народ маскоўскі
    * Ён — сын Кацярыны і Юхана Жыгімонт Трэці — праз тры гады пасля смерці Івана Жахлівага стане літоўскім князем і каралём Рэчы Паспалітай, а пазней — каралём Швецыі.