Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
VIII
Няма горшага пакарання, як бачыць гібель здзейсненага табой. Бачыць, як за некалькі гадоў прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы і нервы.
Яшчэ аб тым не здагадваліся нават хцівыя баяры, не гаворачы аб войску ды служывых, яшчэ дзяржаўнымі клопатамі штодня напаўнялася тронная зала палаца ў Аляксандраўскай слабадзе, па-ранейшаму грозна на каменныя калоны абапіраліся цяжкія столевыя зводы, яшчэ раскоша паўзла па аграмадных дыванах ад нізкіх уваходных дзвярэй (і кожны зайшла, якога б роду-племені ні быў, мусіў у іх кланяцца), яшчэ ўладарна ўтрымлівалі белы трон фантасмагарычныя фігуры антычных звяроў, і з левага боку — як у прымальні рымскага папы, гех’а sokrarum’a, годна ўзвышаўся вобраз Багародзіцы, a злева — вобраз Збаўцы, і яшчэ не астыла храмнае ўражанне, якое надавалі вымаляваныя на сценах біблейскія сюжэты, яшчэ перапаўняліся адданасцю маладыя целаахоўнікі ў белых аксамітных накідках з вернымі сякерамі на плячах, і па-ранейшаму падчас ягонага з’яўлення ў доўгім далмаціку з ціярай на галаве і дзяржаўным посахам прысутных (ні то ваяроў, ні то манахаў у высокіх белых шапках з залатымі ланцугамі на грудзях) апаноўвала рабскае маўчанне, — а ён, валадар у самай сіле і вопыце, ён ужо прадчуваў, што ўсяму гэтаму надыходзіць канец.
I першымі аб тым абвясцілі — як страшныя вершнікі Апакаліпсіса — татарскія гізалы, якія ў адзін дзень захапілі і спалілі Маскву, пакінуўшы некранутым адзін Крэмль. Іван мусіў хавацца ў сваёй слабадзе, пакуль праваслаўная кроў лілася на вуліцах ахопленай агнём сталіцы, а мітрапаліт з
духавенствам чакалі смерці, зачыніўшыся ва Успенскім саборы.
Сцены Аляксандраўскай слабады былі замалымі, і цар са сваімі апрычнікамі-баярамі перабраліся ў Ноўгарад, нядаўна люта разрабаваны імі. Там летам 1571 года скамянеламу Івану зачыталі ханскае пасланне: «Я разрабаваў зямлю тваю і спаліў сталіцу. Ты ж не прыйшоў абараняць людзей сваіх. А яшчэ хвалішся, што цар маскоўскі! Знай: я не хачу багаццяў і земляў тваіх. Я. каторы бачыў дарогі дзяржавы тваёй, забяру назад Казань і Астрахань...».
He пасаладзіла царскай роспачы нават вестка пра смерць ненавіснага Жыгімонта, — толькі наноў распаліла ягоныя думы аб каралеўскай сястрыцы. I загадае Іван прывезці да яго ў Ноўгарад шведскіх паслоў — ды зноў загаворыць з імі аб Кацярыне.
Агаломшаныя нашчадкі вікінгаў нагадаюць, што Кацярына цяпер — іхняя каралева, а шведскае войска пад ачолам караля Юхана цісне маскоўскае ў Фінляндыі, аднак Іван будзе рабіць шчыры выгляд, што не чуў аб тым і што наогул усё тое — вар’яцкія нагаворы. А назаўтра загадае перадаць каралю Юхану наступную эпісталу: «Скажы нам, хто быў твой бацька і як звалі дзеда твайго?! Ці былі яны каралямі? Нам жа брат — рымскі імператар! Твой бацька Густаў чый быў сын? Хіба не бывала ў ягонае кіраванне, што нашыя купцы прыйдуць у ягоную краіну з салам і воскам. а ён надзене рукавіцы і пойдзе да самага Выбарга мацаць тавары ды таргавацца?.. А Кацярыну ў цябе адбіраць я не збіраўся, і быў упэўнены, што муж яе мёртвы, і хацеў вызваліць яе ды перадаць брату Жыгімонту, каб абмяняць на Лівонію...».
Пасля ад’езду шведскіх паслоў цар загадаў прывесці сялянскіх дзевак, якіх распрануў дагала і прымусіў лавіць курэй, гарэзна палохаючы:
— A тую, хто не здолее, будзе лавіць ужо наш мядзведзь!
Затым цар служыў усяночную і, стомлены ды супакоены, адправіўся ў апачывальню, дзе тры сляпыя старцы па чарзе ўсыплялі яго доўгімі казкамі.
Але сон не браў ягоны ўзбуджаны і распалены мозг, і зноў з зацемненага лампаднага вугла на поўным галопе на яго выляталі чырвоныя коні, таўклі капытамі падлогу і халодны ложак, трушчылі ягонае цела — і знікалі ў супрацьлеглай сцяне, каб праз хвілю пякельнага круга з’явіцца наноў. На самым вогненным і ліхім скакуне сядзела голая Кацярына і па-заліхвацку наравіла кінуць на Івана ні то аброць, ні то пятлю. Ён і сам мерыўся скочыць да яе на цёплы конскі азадак, але ногі абломваліся, а за ложкам раскрывалася чорная яма...
Лекар прыносіў Івану супакойны адвар. і коні больш не вярталіся, а падлога ў апачывальні выроўнівалася.
— Я цар-ігумен, і мне не да твару жонку мець... — гучна ўгаворваў сябе ў снах Іван. — Я з усёй дзяржавай заручоны...
Кацярына рабілася ягоным сімвалам недасяжнасці і пакуты. Ва ўсіх сваіх жанчынах, пачынаючы з другой жонкі Марыі, ён бачыў яе — непадатлівую Ягелонку, і шукаў яе ў сваіх сяброўках, і помсціў за яе, не знайшоўшы, кахаў-любіў — і ўадначас караў за свае крыўды. Марфу Сабакіну знайшлі мёртвай праз некалькі дзён пасля разгульнага вяселля. Ганну Калтоўскую загадаў адвезці ў манастыр. Марыю Даўгарукую выгнаў з апачывальні пасля першай шлюбнай ночы — яе ў санях укінулі ў рэчку. I зажыў з дзвюма — Ганнай Васільчыкавай ды Васілісай Мяленцевай, якіх прывёз аднекуль Малюта Скуратаў і якія люта ўзненавідзелі адна адну, чым,
напачатку павесяліўшы гаспадара, прыспешылі свае канчыны...
«Пасля іх я падару табе, валадар, і цнатліўку Літву, і ганарліўку Польшчу», — згадаліся словы Скуратава, якім так і не наканавана было збыцца: верны пёс склаў сваю галаву ў Лівоніі. У адказ Іван загадаў спаліць жывымі ўсіх палонных — лівонцаў, немцаў, шведаў, і зноў задумаўся над абяцаннем слугі-нябожчыка.
Пасля Люблінскай уніі Літва з Польшчай склалі адну дзяржаву — Рэч Паспалітую, і ейны тронложак пасля Жыгімонтавай смерці быў вольным.
— Ліс не пакінуў патомства і не дамогся маёй смерці, — разважаў Іван. — А таму ці не зрабіць мне жонку яго, дзяржаву яго, сваёй наложніцай?
Усё часцей заходнія віжы ды пасланцы даносілі яму: Польшча з Літвой разглядаюць магчымасць запрасіць да сябе каралём маскоўскага цара. Найперш шапталіся аб тым простыя рамеснікі ды дробная шляхта, даводзячы:
— Прыеліся нам змены ды неразбярыхі. Хай прыйдзе цар-бацюхна ды разбярэцца. Парадак навядзе сваёй строгай рукой...
I новая мара апанавала Івана: адыходзяць Лівонія і Казань — а я збяру землі славянскія, і ад моцы такой дзяржавы аслепнуць ворагі!
У Маскву прыехаў упаўнаважаны польска-літоўскай дзяржавы Варапай і, паведаміўшы пра смерць свайго караля, сказаў аб прапанове сенатараў шукаць ягонага наступніка ў суседніх землях.
— Многія жадалі б бачыць на тым месцы маскоўскага царэвіча, — загадкава падагульніў ён.
А Іван нібыта ўжо быў да таго падрыхтаваны — спакойна прыгладзіў сухенькую бараду, узняў свой востры нос і, пад руку правёўшы даўганогага Вара-
пая ў трапезную, дзе наладжвалася найбагацейшая пачостка, загаварыў задаволена, ласкавым шэптам:
— А што... Некалі яшчэ бацька мой выступаў прэтэндэнтам на польскі пасад. Ведаю, што ў Польшчы і Літве пра мяне распускаюць чуткі як аб чалавеку злым і жорсткім. Але на каго я злы? Супраць здрадаў баярскіх, якіх у тваёй дзяржаве няма, злы, а таму я буду абыходзіцца з вашымі людзьмі інакш. I не толькі захаваю там старыя прывілеі, але і новыя дам. Для добрых людзей — і я добры! Ім гатоў апошнюю адзежу аддаць, — і цар нечакана пачаў расшпільваць расшытую золатам далмаціку, каб накінуць яе на госця.
Варапай, спалохаўшыся, далікатна затрымаў ягоную руку і ніякавата ўдакладніў:
— Наш сенат разаслаў такіх людзей, як я, у некалькі краінаў. I кандыдатаў будуць выбіраць прынародна — сенатары і дэлегаты... Мне ж даручана разведаць пра магчымасці маскоўскіх царэвічаў — Фёдара ці Івана...
Аднак цар нібыта не зразумеў:
— Так, я маю двух сыноў, і яны для мяне — як вочы. Навошта ж вы хочаце зрабіць мяне сляпым? Ды і ўявіце, якая слаўная дзяржава створыцца — як Рым з Канстанцінопалем, як новы Іерусалім! — і ягоныя вочы апантана загарэліся пад парадзелымі брывамі. — А калі мяне абяруць польскім гасударом, я гатоў прапанаваць у падарунак Полацак...
Варапай мусіў тэрмінова адкланяцца і ад’ехаць, каб перадаць пачутае ў Кракаў. А праз месяц у Маскву вярнуўся пасол Вялікага Княства Міхаіл Галабурда — і перадаў цару новыя ўмовы: зварот не толькі Полацка, але і Смаленска, а таксама прыняцце царом каталіцкай веры. Калі гэта абгаворваецца, цару неадкладна належыць выслаць у Варшаву
сваіх давераных асобаў у складзе новага маскоўскага пасольства, каб мець сустрэчы з сенатарамі і выбарцамі ды папулярызаваць перад выбарамі свайго патрона.
— Што?! Я цябе правільна зразумеў? — грозна зіркнуў на пасла Іван. — Я павінен яшчэ некаму нешта даказваць? Калі Рэч Паспалітая хоча сабе каралём маскоўскага цара — а я перакананы, што большасць народу жадае таго, — хай ідзе і чалом б’е! Я ж — не бедны жаніх на выданні! — ён намерыўся сказаць яшчэ штось узнёслае і ўрачыстае, але нечакана ў галаве бліснула Кацярына. і загарэлася крыўда на яе з нябожчыкам-братам Жыгімонтам, і гнеў на ўсіх езуітаў-каталікоў. — У свеце няма гасудароў, якія б маглі пахваліцца сваім манаршым родам у два стагоддзі. А я — нашчадак рымскіх кесараў! Таму выпрошваць лаўры ў свой вянок не збіраюся, як некаторыя немцы ці французы, і вазьму, што належыць, сам. 1 каранаваць мяне будзе наш мітрапаліт... — цар з недаверам агледзеў Галабурду і, хоць вопытны ў дыпламатыі прыгожы твар тога не люстраваў аніводнага пачуцця, накінуўся з прыдзіркамі: — А што ты ўсміхаешся? Чаго такі задаволены? Разумней за ўсіх?! Думаеш, не ведаю, як ты, у Маскве жывучы, лісты ад Жыгімонта ворагам маім перадаваў ды да здрады іх падштурхоўваў? I атрутай юдаў-курбскіх цешыўся? Можа, і друкароў маіх нагаварыў уцячы? Чуў, яны там цяпер тваімі Хадкевічам ды Радзівілам прыгрэтыя. У людвісарнях* варожых гар.маты пачалі ліць... — і цар замоўк.
* Людвісарня — гарматная майстэрня. У XVI стагоддзі ў Вялікім Княстве найбольш вядомымі былі гарматні ў Вільні, Нясвіжы і Наваградку.
Галабурдзе гаварыць не было чаго. Пасольства пачало развітвацца, а Іван, ужо лагодна хітаючы галавой, давяршаў свой маналог:
— Анікому нельга верыць: ні другу, ні жанчыне, ні дзяржаве.
...Няма горшага пакарання на гэтым свеце, як бачыць гібель здзейсненага табой і нязбытнасць задуманага. Бачыць, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы ды нервы. I спадзяванні...
У снежні 1575 года каралём Рэчы Паспалітай быў абраны невядомы ў Масковіі Батура, і наноў абражаны і разгневаны Іван вырашыў напачатку адпомсціць шведам ды іхняму Юхану. Цар сам ачоліў паход на занятыя шведамі эстонскія землі, асадзіў важны стратэгічны горад Пернау, які некалі заняў Жыгімонт, і захапіў Леаль, Лодэ, Фікель, Гапсаль, спустошыў Эзэль. I крыху супакоіўся.