• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

    Сімъ побѣдиши

    Алесь Пашкевіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 260с.
    Мінск 2012
    54.04 МБ
    Аднак пасля шасцімесячнай асады Рэвеля перад шведамі адступіла войска Шарамецьева, а сам князь загінуў. Спешна сабраўшы пад Ноўгарадам новае войска, Іван зноў павёў яго ў паход — але ўжо не на Рэвель, а на польскія ды літоўскія землі Лівоніі. Помсцячы за свае абразы, ён загадваў ярасна караць палонных: выколваць вочы, секчы і паліць.
    Пад нечаканай навалай не ўстаялі некалькі гарадоў-цвержаў — і пачалі даходзіць звесткі аб тым, што супраць маскоўцаў збіраецца войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства пад ачолам самога караля Батуры, — але Іван яшчэ не мог астыць. Пакінуўшы полк стральцоў рабаваць Амерадэн, ён з тысячай сваіх апрычнікаў падаўся ў Вендэн і заняў горад. Гарнізон цвержы не захацеў здацца і ўзарваў сябе. I тады Іван загадаў пасадзіць на кол аднаго з самых
    тытулаваных палонных — немца Віка. Усміхнуўся, пачуўшы ягоныя стогны, — і падаўся ў Дэрпт, дзе сустрэўся з палком стральцоў, прысутнічаў пры пакаранні жонкі і дзяцей уцекача Курбскага, пасля чаго з’ехаў у Маскву.
    Але і дома не мог суняцца. Пасля доўгага застолля сярод ночы прывёў ён конны атрад апрычнікаў у Нямецкую слабаду, і сыны Іван з Фёдарам былі з ім. 3 дамоў пачалі выцягваць і гвалціць сонных дзевак, а тых, хто крычаў ды непакорыўся — забівалі на месцы. Багатыя іншаземцы прапаноўвалі выкуп — грошы ў іх бралі, але ўсё роўна білі. Калі ж небаракі пачыналі маліцца — ім адразалі «ерэтычныя» языкі. Трупы складвалі ў крушні і палілі. Малодшы царэвіч, не вытрымаўшы крывавага відовішча, уцёк — і толькі тады бацька загадаў вяртацца ў Крэмль.
    I ўжо адтуль глядзеў, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, што куплялася цаной дзясяткаў тысячаў жыццяў, як развальваецца сабранае ягонай царскай рукой...
    Глядзеў на асаджаны каралём Батурам Полацак, як дагэтуль — на вайсковыя зборы заходняй суседкі, — і не мог вызваліцца з халаджава-атрутнага прадчування ліхой наканаванасці. I ратунку ад яе — не знаходзіў.
    А Батура, колішні трансільванскі князь, — трывожна думалася Івану, — гэты мадзьярскі самазванец і выскачка, гэты каранасты недаростак, гэты недароблены рыцар з нізкім ілбом і вялікімі скуламі, глыбока ўсоўвае свой доўгі нос у ягоную адваяваную вотчыну. 1 адкуль на тое столькі сілаў ды казны знайшоў? Яго войска, як паведамлялі віжы, налічвала больш за 20 тысячаў — і ўсе добра ўзброеныя шаблямі, сякерамі, дзідамі і мушкетамі. I не толькі палякі ды літоўцы, але й тысячы немцаў
    ды ягоных аднакроўнікаў вугорцаў ішлі пад сцягамі «Арла» ды «Пагоні». I сотні гарматаў паспеў выліць, і аграмадны перасоўны мост на чоўнах умудрыўся скласці, па якім летам праз Дзвіну як па тоўстым лёдзе перайшоў...
    Моцна балела галава, не хапала паветра, a чорныя думкі не адступалі ад Івана. «Не толькі ворагі ўнутраныя дзяржавы маёй, якіх апрычнінай выпальваў, гібелі мне жадаюць. Паўсталі і звяры знешнія — як зграі д’яблавыя па ўсёй зямлі — ад татарскага ханства да каралёў нямецкіх, французскіх ды імператара Максіміліяна. Ці не яны Батуру на мяне і выправілі? I ці не яны грошай на тое не пашкадавалі?* Як бяльмо ім усім царства маё, як стрэмкі — поспехі мае. Аскаліліся, як некалі на царства Канстанцінава Візантыю. Няславяць мяне па ўсім свеце...» — Іван яшчэ раз паглядзеў на дасланыя яму адціснутыя ў Батуравай паходнай друкарні на польскай, рускай, маскоўскай, нямецкай і вугорскай мовах кніжыцы, у якіх, як даклалі яму, апраўдваўся паход на Масковію ды распавядалася пра лютага цара-крыважэра...
    — Ці не наш беглы дыякан-друкар Іаан Батуру гэтыя старонкі ціснуць пасабляе? — цар нахмурыў лоб і агледзеў прысутных баяраў.
    — Кажуць, што так... А яшчэ ён ліцвінам прыдумаў новыя гарматы-марціры. Шматствольныя,
    * Насамрэч антымаскоўскі паход караля Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Батуры быў падрыхтаваны ўласнымі сіламі і сродкамі. Сойм аб’яднанай дзяржавы зацвердзіў перад тым двухгадовы «вайсковы» падатак, які ішоў на ўзбраенне. Войска ж актыўна папаўнялася сялянамі, якіх за добраахвотны запіс вызвалялі ад усіх павіннасцяў.
    што пад Полацкам білі!.. Трэба было самога дабіць, сабаку! — у розныя галасы прагучала ў адказ.
    Напрыканцы жніўня 1579 года Полацак перастаў быць маскоўскім. Войска пад ачолам Батуры заняло Сокал і бліжэйшыя да яго цвержы, князь Канстанцін Астрожскі дайшоў з вернымі яму палкамі па Северскай зямлі да Старадуба, аршанскі стараста Кміта зваяваў Смаленшчыну — а Іван са сваім неслухмяным бедным войскам, пазбаўленым у апальныя гады таленавітых ваяводаў, не меў сілаў на супраціў.
    Цар — збег. Спачатку ў Ноўгарад, затым у Пскоў. I паслаў літоўскаму канцлеру Валовічу і ваяводу Радзівілу лісты аб тым, што адмовіўся ад абароны Полацка, каб не ліць марна братнюю кроў «Веру, што ў свой чарод і вы зробіце ўсё, каб на нашых хрысціянскіх землях аднавіўся мір», — далікатна намякаў Іван. I люцеў да эпілептычнага прыпадку, дачуўшыся, што за ўзяцце Полацка Рымскі Папа выслаў Батуру асвечаныя на Каляднай месе меч і дзіду, — і той бязродны кароль зноў сеў на каня і выступіў на Вялікія Лукі...
    Іван мусіў паслаць Батуру ў Вільню мірную эпісталу, у якой кароль называўся братам. За мір Іван прапаноўваў усю Лівонію, а калі трэба — пагаджаўся нават адмовіцца ад свайго тытула, паколькі, як завяршаўся ліст, ён — гасудар не з учарашняга дня, а Богам памазаны цар — вышэй дзяржавы.
    Але Батура расчытаў Іванава яхідства — і запатрабаваў у Масковіі разам з Лівоніяй Ноўгарад з Псковам і Смаленскам. I, атрымаўшы ад Івана адказ з абразамі, накіраваўся ў Полацак — рыхтаваць новы паход. А каб не прайграць вайны слоўнай, каралеўская канцылярыя падрыхтавала Івану адказ
    на сарака друкаваных старонках, які стаў вядомым у многіх еўрапейскіх дварах. «...Нагадваем табе, хто паўсюдна хваліцца сваім Божым абранствам ды радством з рымскімі імператарамі, што маці твая была дачкой простага літоўскага здрадніка, а продкі твае злізвалі малако з хвастоў татарскіх кабылаў. Кроў жа сваю ты назаўсёдна спаскудзіў у паганых оргіях... I кура ратуе куранят сваіх, а ты, арол двухгаловы, баязліва хаваешся!»
    А што яму, загнанаму ў пастку паміж захадам, поўначчу і поўднем, было рабіць, — з пустой казной і без адзінага саюзніка? Выправіў усе палкі на абарону Пскова, а сам з некалькімі сотнямі верных апрычнікаў схаваўся ў п’янках ды разгулах. I вымольваў хоць часовае перамір’е. I скрыгатаў зубамі, калі віцебскі ваявода захапіў ягоную цвержу паміж Смаленскам і Лукамі, — ды загадваў лепш аддаць усю вобласць, а не пярэчыць ворагу.
    I ўсімі сваімі жыламі ды венамі адчуваў, што няма чалавеку на зямлі горшай кары, як перажыць узлёт свой паднебны — і зведаць гібель здзейсненага і задуманага! Сусед-кароль, аб існаванні якога ён, цар і ўладар вялікай зямной прасторы, яшчэ некалькі гадоў назад і не здагадваўся, здольны адабраць у яго не толькі здабытае, але і задуманае: Батура хоча даказаць, што шлях з Канстанцінопаля ў Маскву ішоў праз Кіеў і Полацак і што Трэцім Рымам, як і новым Канстанцінопалем, з’яўляецца ягоная, а не Маскоўская, дзяржава!
    Івана нішчылі і звонку, і знутры, і страшныя прадчуванні ўжо не пакідалі царскую галаву. Ен разаслаў па ўсіх манастырах граматы з просьбай памаліцца за свае грахі — і сам зажадаў манаскага пострыгу.
    Цар скрывіўся — і стаў меншы ростам. Некалі шырокія грудзі яго ссохлі і выяўлялі цяжкае дыхан-
    не пакутніка. Hoc завастрыўся і выгнуўся, а вочы заглыбіліся пад высахлыя скулы.
    Ён ужо не брыў галаву, і на вушы ападалі тонкія сівавата-рудыя пасмы — ды зліваліся з камечанай барадой.
    Цела ягонае распухла і пакрылася незагойнымі раскелінамі. Ногі не трымалі, і цара вымушаны былі насіць.
    Падобная слабасць здаралася яшчэ некалькі гадоў таму, але траўнік Бамелій знімаў яе нейкім белым прысакам. Цяпер ён сам — прысак, бо быў абвінавачаны ў крамольных сувязях з Батурам і спалены. Новыя ж лекары анічым дапамагчы не маглі. Ды і не давяраў ім цар, еў і піў толькі з рук новага прыбліжэнца Бельскага, апрабаванага яшчэ апрычнінай. Гэты кучаравы недачасна памажнелы дзяцюк з нервовай чырванню на шчоках і пульхнавільготнымі вуснамі ў апошнія месяцы быў з царом неадлучна...
    Перад сном Іван захацеў наведаць скарбніцу, доўга разглядаў каштоўныя камяні ды падарункі, распавядаў, хто і калі іх перадаў ці прыслаў.
    — Гэты алмаз — найбольшы ў свеце. Ён суцішае гнеў і дапамагае чалавеку саўладаць з сабой. Але я не дакранаўся да яго... Цяпер толькі... — цар пакруціў камень перад агнём свяцільні і паклаў назад у шкатулу. — А вось гэты скіпетр са слановага біўня, які завецца Адзінарог, адшкадаваў мне некалі імператар Максіміліян. Паслы сцвярджалі, што ён лякуе ад цяжкіх хваробаў, нават мор адганяе.
    — Дык, можа, гасудар загадае яго ў апачывальню перанесці? — далікатна прапанаваў Бельскі, і ў ягоных вытарачаных — як у рака — вачах бліснула надзея.
    — Позна... — цар аблізнуў губы і цяжка ўздыхнуў. — Завуць бацькі да сябе. Ды і Бацька Нябесны пытанні рыхтуе... Памятаеш? — ён узняў доўгую галаву і прашаптаў: — «Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?»... Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія б меліся быць напісаны»*, — і раптам цар ажывеў, наструніўся і, зрываючы да хрыпаты голас, закрычаў: — Дзе кніга?! Кніга дзе?!! Па якой я перад Макарыем чытаў, якая ў Адашаву смуту ў мяне пад галавой ляжала?
    Бельскі неўразумела лыпаў чырвонымі вачыма, а цар ажно задыхаўся:
    — Дзе, пытаю, кніга?.. Евангелле ад Іаана... рукапіснае... з Візантыі мне прывезенае... дзе?!.
    Яму стала млосна, ліхаманкава задрыжэлі рукі і галава, у вачах пацямнела.
    — Худа мне... Худа... Нясіце адсюль... Другім разам дагледзім...
    Назаўтра, 18 сакавіка 1584 года, цар адчуў сябе лепш. Уся дворня, архіўнікі і Пісчы прыказ сполашна шукалі візантыйскі манускрыпт, а Іван першы раз за тыдзень паеў і загадаў нагрэць лазню. Пазваў сына Фёдара і доўга наказваў, як належыць кіраваць дзяржавай і народам: дабрачынна, з любоўю і мілатой, пазбягаць вайны з хрысціянамі, памяншаць падаткі-цягла, вызваляць з турмаў палонных ды вязняў. Хворы на галаву Фёдар уважліва слухаў і, задаволена ківаючыся, усміхаўся...