Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
I выгарыць Астрог з пасадамі, і на крылах сажнага дыму з прысмакам чалавечыны ўварвуцца ў места стралыды, і ўкоцяць гарматы бліжэй да замкавых сценаў — і абваляць іх.
Пасля сёмага прыступу полацкі ваявода з епіскапам выйдуць да царскага войска прасіць літасці.
— Здавайцеся, і дарую вам волю і маёмасць, — абяцаў абяссіленым абаронцам Іван, а калі ўвайшоў у замак, загадаў забіць усіх ваяроў, а гарадчукоў і сялянаў ад Дзісны да Дрысы паланіў і бясконцымі людскімі клінамі загадаў гнаць у Масковію — праз снег і мароз. Туды ж саннымі абозамі павезлі і гарадскі скарб, і маёмасць купцоў ды заможнай шляхты. А іх колішніх уладальнікаў яшчэ некалькі дзён секлі шаблі царскіх татараў, тапілі пад лёдам Дзвіны і Валовага возера.
I не было паратунку ні іўдзею, ні каталіку, ні манаху-бернардзінцу, і нікому, хто не скараўся ды не прымаў веру і волю маскоўскую.
У першую пераможную раніцу цар Іван са сваёй світай прысутнічаў на богаслужэнні ў Спасаўскім манастыры. Затым доўга хадзіў па счарнелым ад сажы і дыму снезе, касалапа крывячы ногі, ад чаго насы ботаў — хоць і закручаных уверх — былі сцёртымі і бруднымі. Яго непрапарцыянальнае цела (доўгае, як расцягнутае, тулава — і кароткія ногі) адкрыта калывалася на вогкім ветры і яшчэ, магчыма, у варожых позірках, і таму Мацей гнаў наўкол дзясяткі ахоўнікаў — каб аніводная чужая душа не патрывожыла цара.
Супакоіўшыся праходкай, Іван прызваў да сябе полацкага епіскапа і — як між іншым — спытаў:
— А дзе вашая бібліятэка?
Святар выявіў сподзіў і пачаў няпэўна:
— У гэтым попеле і людзей не расшукаць, не тое, што кнігі...
Але цар перарваў:
— He хітругань, уладыка. Мне даклалі, што падчас асады ігумен з манахамі іх праз падземны ход да Дзвіны перанеслі, а затым у лодках сплавілі, — уцягнуўшы шыю, ён крыва паглядзеў на схуднела-зморанага епіскапа і палагоднеў: — А я табе падарунак падрыхтаваў... — імпэтна ўзняў руку і кіўнуў пальцам.
Мацей вобцасам кінуўся да цара, схіліў галаву і, разгортваючы з белага аксаміту, працягнуў у сваіх дужых руках крыж.
— Вось, вяртаю на кругі свая старадаўнюю рэліквію, яшчэ бацькам маім Васіліем выратаваную...
— Гасподзь Усёмагутны! — не ўтрымаўся палачанін і ўпаў на калені, тройчы перажагнаўся. — Святая Еўфрасіння!!! Выратуй і заступіся!
— Ну вось, а вы ад мяне бібліятэку хаваеце, — цар самазадаволена ўздыхнуў і пайшоў да падрыхтаванага яму каня. 1 ўжо ўскочыў у сядло, але ўбачыў, што епіскап з двума манахамі-служнікамі памкнуліся за ім, — і застыў:
— Што яшчэ?
Епіскап асцярожна перадаў крыж бліжэйшаму манаху, падаўся да цара і ўкленчыў каля пакрытых шэранню конскіх капытоў.
— Уставай, уладыка, не трэба дзякі. Я сёння добры, — мякка прагаварыў зверху Іван, а святар узняў да яго салёныя вочы і вымавіў:
— Вялікі князь, надоечы воі твае нашых пісцоў паланілі. Злітуйся і адпусці іх!
Цар выструніўся, скрыгатнуў зубамі і зірнуў на Мацея. Той аддана пацепнуў плячыма і застыў.
— Значыць, так... Забяры-ка ты і гэтага страснацерпца да тых пісцоў! — цар ткнуў бізуном у епіскапа і балюча стукнуў абцасамі каня...
На тым закончылася кнігапісная школа полацкіх братоў-янітаў, закладзеная з паўстагоддзя таму афонскім ігуменам Нілам і ягонымі паплечнікамі. Толькі аднаму з іх наканавана было дайсці палоннікам да Масквы і ў новай валакаламскай манастырскай келлі некалькі разоў перапісаць «Псалтыр», на кожным асобніку пакідаючы наступнае сведчанне: «Напнсана сі’я кннга рукою многогрешнаго н недостойнаго раба Богова Івана, полоняннка полоцкаго, в заключені'н і во двонхь путахь звязанаго. Слава Богу, совершнвшему сію кннгу. Амннь»...
Даведаўшыся пра захоп Полацка, гетман Радзівіл павярнуў сваё войска на Вільню — рыхтаваць новую абарону. А ў маскоўскі лагер прыбыло пасольства ад Жыгімонта.
— Замёрз я тут і прытаміўся, — кінуў на тое Іван. — Хай кароль шле прызначаных людзей у маю сталіцу, там гаварыць буду! Так і паведамце свайму гаспадару. — Памаўчаў, нерухома гледзячы пад ногі, і дадаў: — А каб вам не з пустымі рукамі вяртацца, ад мяне Жыгімонту падарунак дастаўце: труну, намі адмыслова для яго падрыхтаваную!..
Ён хацеў яшчэ згадаць пра каралеўскую сястрыцу Кацярыну Ягелонку, якая нядаўна ў Вільні абвянчалася з фінляндскім герцагам Юханам Трэцім, але адчуў сябе блага — і выгнаў усіх прэч.
Пакінуўшы ў зруйнаваным Полацку тры палкі, Іван неўзабаве вярнуўся ў Масковію.
...Вясновае сонца ўжо надаўжэй выкочвалася над горадам, але снегу было яшчэ поўна. Брудныя раўчукі сцякалі ў лагчыны, дарогі размяклі і ператварыліся пад конскімі капытамі ў густую жыжу.
Іаан Федаровіч хацеў ехаць адзін, але Грынь, яго малады памочнік па друкарні, не адыходзіў ад саней (наклаў саломы, паверх ускінуў дзяругу, a ўзвышэнне пакрыў старым футрам). I адмовіўся аддаць лейцы, скочыў на запрэжанага каня і сказаў як пра даўно вырашанае:
— He гожа, васпане, вам — як простаму смерду — самому раз’язджаць. Што людзі скажуць?
— «Майце веру ў славу Госпада нашага без аглядкі на асобы», — вучыў нас у сваім саборным лісце святы Якуб. Колькі разоў табе паўтараць словы тыя: «Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства абяцанага?.. Калі ж азіраецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаныя».
— Яно то так, але ж не прынята тут самому за лейцы... — ніякавата апусціў галаву Грынь, і друкар Іаан уздыхнуў, матнуў рукой ды пакорліва сеў у зладаваныя для яго сані.
— Калі б не такая гразеча, я б лепш пехам пайшоў, — буркнуў ён і ласкава паглядзеў на абрадаванага Грыня: расчырванелы, стрункі, русыя валасы выбрыталіся з-пад шапкі і казычуцца на ветры...
Іаан доўга не мог звыкнуцца з тутэйшымі парадкамі: ездзіць на санях і летам, а вазніца мусіў сядзець верхам. «Добра што хоць ад гэтых дзікунскіх пер’яў ды лісіных хвастоў, якімі, як скама-
рохі-аблуды, абчэпліваюцца лейчыя, яго адгаварыў», — падумаў ён пра Грыня і ўголас нагадаў:
— He забудзь, што да Сілуана-каваля едзем...
Сілуан, былы прыслужнік Зоі Палеалог, адужаў у Масковіі ўсе ўладныя змены і сам пераўтвараўся з імі. Жыў ён цяпер у Рамеснай слабадзе вёрстаў з пятнаццаць ад Крамля і меў пасаду царскага гарматнага майстра. Каля абабітых жалезам варотаў ягонага новаўзведзенага дома і «трыкнуў» Грынь на каня. Хацеў уехаць на падворак, але Іаан спыніў:
— Дайду, тут пачакай.
На ганку старанна абстукаў боты, зайшоў у святліцу, перахрысціўся на іконы, пакланіўся, крануўшыся правай рукой падлогі, і загаварыў да гаспадара па тутэйшай завядзёнцы:
— Б’ю чалом майму дабрадаўцу! Даруй слабы розум мой... Ці жыў-здароў, Сілуане?
— Дзякуй, Гасподзь ратуе, — адказаў гаспадар і запрасіў госця прысесці да печы: — Трэці раз за содню палю вось... Стары, напэўна, стаў, мерзну ўсё... — і на яго маршчыністым твары загарэзілі агнявыя водбліскі. — Пачастуешся, чым Бог паслаў?
— Дзякуй, сыты. Я адведаць цябе прыехаў, бо мой хлопец казаў, што ўжо колькі разоў цябе ў кузні не бачыў. А тут формы новыя патрэбныя...
Кіпела праца ў маскоўскай друкарні. Яшчэ не паспелі ўзвесці сцены будыніны, а друкар Іаан думаў пра варштат ды навучаных работнікаў. Праз літоўскага пасла Міхала Галабурду, які хадзіў на службы ў Гостуньскую царкву, дзе дыяканіў Іаан, запрасілі да працы майстра Пятра з Мсціслаўля. Затым прыехаў ліцейшчык літар Васіль Нікіфараў з Ноўгарада. I — праца павесялела. Мясцовыя дрэвары зрабілі з дубу варштатную аснову — скрып. Высоўная дошка была з мармуру. На яе клаліся
жалезныя формы, у якіх радкамі і выкладвалі шрыфты. Асобныя соты з літарамі па алфавіце займалі левую ад варштата сцяну... Скураной мацой форму належала змазаць фарбай — ашчадна, каб не перастарацца і не зачарніць адбітак, — і заставалася браць паперу ды ціскальшчыку (яго звалі мядзведзем) круціць вінт. Затым да справы прыступаў малодшы служнік: выхопліваў гатовую старонку, клаў на форму чыстую, а «адціснутую» нёс на паліцы правай сцяны. Калі ўсе яны будуць запоўненыя, надыдзе чарга пераплётчыкаў.
Але напачатку штось не заладзілася. Як ні ставілі формы, адбітак атрымліваўся няроўны: зверху глыбокі і нават зачорнены, а ніз — недаціснуты, «сляпы». Пераварочвалі форму — і ўжо, наадварот, слабачытэльным быў верх старонкі.
Дзень маракаваў перад варштатам Пётра Мсціславец: і мармур на роўнасць выверваў, і глыбіню шрыфтоў, а затым зразумеў і, супакоена абцёршы ад фарбы свае шырокія далоні, вырак:
— Формы няроўныя вылілі. Розніца — на пазногаць, а вынік — самі бачыце.
Найлепшым ліцейшчыкам у ваколіцы быў Сілуан. Да яго і скіраваўся Іаан, балазе былі з ім даўно знаёмыя — праз Максіма Грэка. Праўда, Сілуан выліваў гарматы, але, — разважыў дыякан-друкар, — у гарматнай справе патрэбная яшчэ большая дакладнасць, а таму выліць роўныя формы пад шрыфты для гарматніка будзе простым заняткам...
— Штось, Іаане, надарвалася ўва мне пасля нядаўняга паходу на Полацак... — з пакутай зірнуў на госця Сілуан, састарэлы, з разоркамі-маршчынамі на пераноссі, якія яшчэ больш хавалі яго малы нос, з нечаканай лысінай, нейкі ўадначассе высахлы (куды падзелася колішняя магутнасць у плячах?). — Рукі
перад працаю апускаюцца, а ў душы, — ён паказаў пальцам на агонь, — вунь як у тым прыпеку... — памаўчаў і працягнуў: — He буду я больш гарматы цару ліць! Гэта ж з іх сцены полацкага замка разбілі. I столькі крыві аднавернай пралілося — не давядзі Гасподзь каму йшчэ пабачыць. А колькіх жыватоў палонных панішчана... Іх сюды, павязаных, па марозе цугам гналі. Тысячы навечна на дарозе засталіся. Уяўляеш: вязём мы на санях гарматы назад, а мёрзлыя нябожчыкі пад палоззем — шырх, ш-шырх! Дасюль тое ў вушах стаіць...
Абодва перажагналіся, і Сілуан абудзіўся:
— Хацеў у багамолле да Максіма Грэка падацца. у ягоны манастыр, ды даведаўся, што забраў Гасподзь душу ягоную праведную да сябе. Ты ж ведаеш, што некалі мы з ім у гэтую зямлю з малодшай князёўнай Зояй Палеалог прыбылі... Царства ім усім нябеснае.
Яны зноў перажагналіся, і Іаан устаў развітвацца. Паўторна, як і перад уваходам, пакланіўся іконам, падзякаваў гаспадару за клопат і пажадаў здароўя. Сілуан выбраўся праводзіць госця. Наспех накінуў каптан, пакруціў у руках белую мантыю з гарнастаевай апухай — але на плечы не ўздзеў, a грэбліва кінуў каля прыпека. 1 ўжо за дзвярыма, таямніча нахмурыўшы лоб. прашаптаў Іаану: