Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
— Сядай, перакусі з дарогі.
— Ды дзякуй, вялікі княжа, не есца ўжо ў мае гады. Дый адвык, прызнацца. Аказваецца, і хлеба з вадой чалавеку ўдосталь можа быць.
Іван нахмурыў высокі лоб, нагнаў на твар ранніх маршчынаў і прапёк Глінскага вуголлем-зрэнкамі:
— Крыўдуеш, значыць? Як на ваўка, на цара глядзіш?!
Госць усміхнуўся, марудна адставіў услон і сеў насупраць Івана; з-пад старэчых дрыготкіх брывін спакойна глянулі блакітныя вочы:
— За што крыўдаваць? Я і на маці тваю, царства ёй нябеснае, аніколі кепскага не падумаў. Нават калі ў вязніцы пацукі мае пяткі грызлі. А цяпер вось радасць сэрца маё перапаўняе, радасць — шчыра кажу, — што Бог спадобіў на схіле дзён маіх сына яе першароднага пабачыць...
— Крыўду маеш, нутром чую... — перабіў яго Іван.
— He. He і не! Пабажыцца нават магу.
— He паверу!
— Твая воля, — Глінскі ўздыхнуў, зноў усміхнуўся і зірнуў у высокае авальнае акно над Іванам, памаўчаў і дадаў ужо нібыта й не сваім голасам: — Са
свайго доўгага вопыту вынес я галоўную ісціну, якая, спадзяюся, і працягвае доўжыць дні мае: жыццё ёсць таямніца, а смерць — рэч звычайная. I крыўда — яе памагатая. Бо крыўда -— агонь злосці.
Іван здзіўлена адхінуўся да спінкі пасада. Глядзеў уважліва і маўчаў.
— Так, крыўда і злосць — памагатыя смерці, бо душу нашую, як вусені кветку, грызуць... I пераконваюць нас, што не ўсё ад Бога. А ад Усявышняга ўсё, акрамя крыўды і злосці. Таму няма іх у мяне і не было. Усё ад Бога. I валасінкі з нас не ўпадзе без Ягонай волі! Хто ведае: можа, калі б не мая вязніца — не гаварыць бы мне з табой, вялікі княжа?
Іван у адказ неўразумела выцягнуў шыю.
— Так! Можа, быць мне растаптанаму азлобленым натоўпам на прыступках Успенскага сабора, як і пляменніку майму Юрыю? Хто ведае, можа, і на мяне б сведчыць пачалі, што пажар вадой варажэйскай з ім на Маскву навёў?
Іван задаволена хмыкнуў і загаварыў:
— Бачу праўду ў вачах і словах тваіх! Веру табе, як крыві і целу роднаму. А таму і паклікаў цябе, Міхаіл Юр’евіч, каб парады спытаць, каб у часіну цяжкую да пляча блізкага прыхінуцца.
— Слабое, на жаль, цяпер плячо тое...
— Затое розум моцны! — Іван рэзка ўскочыў і паціснуў суразмоўцу рукі. Зірнуў вузкімі вачыма прасветлена, нават задрыжэлі веі: — Будзь госцем маім! Калі ад пачосткі адмовіўся — загадваю пір у твой гонар! А перад тым, пакуль зрыхтуюць усё, запрашаю ў лазню: змыць і пыл дарожны, і думы вязніцкія...
Гасцёўню, сцены якой былі абабітыя скурамі, а пасярод стаяў доўгі дубовы стол, напаўнялі пахі
часнаку і зялёнай цыбулі, у іх дамешваліся дымныя водары печанай рыбы й смажанай дзічыны.
Іван і Міхал увайшлі бадзёрымі, расчырванелымі, у аднолькавых даўгаполых вішнёвых каптанах — толькі целы розніліся на паўвека...
У місах і сподах былі прыгатаваныя печаны дзік, абсыпаны зелянінай, смажаныя перапёлкі ў пярцовай падліве, галовы шчупакоў з натаркаванай рэпай, юшка з шафранам, заечыя ныркі ў смятане з імбірам... Ліпавыя кубкі поўніліся наліўкамі. У вялікім срэбным збане над кубкамі і карцамі чакала чырвонае рэйнскае віно. 3 яго і пачаў Іван пачостку:
— Прашу паспытаць: «Петэрсімона», найлепшыя лекі ад стомы і ліха! Галандскі купец адмыслова ў Маскву прывозіць.
Яны стоячы прыгубілі — і прыселі. Глінскі адламаў ад хлебнай лусты акраец і доўга моўчкі жаваў. Іван уважліва назіраў за ім і піў.
-— Ты мовіў княжа, што хацеў у мяне, грэшнага, парады спытаць. Разумею, што пачуць хочаш, як далей жыць-кіраваць. Дык калі не перадумаў, магу нешта падказаць...
-— Давай! — цар адставіў кубак і сплёў на грудзях свае доўгія рукі.
— Што ж, слухай. Толькі не крыўдуй, калі што не да душы прыйдзецца...
— Гавары!
— Стольны град твой — пад попелам. Народ — у голадзе. А што ў цябе перад вачыма? — твар Глінскага раптоўна стаў грозным. Цар глядзеў на яго спакойна і маўчаў. — Што?! Падобнай раскошы я не бачыў і ў Максіміліяна ў яго лепшыя часы! Зрабі першы крок: аддай усё гэта прасталюду маскоўскаму, які цяпер лебяду есць з гарэлай чалавечынай!
— Аддам, — раптам спакойна адказаў Іван. — I што далей?
— А далей заві ўсіх — і галыцьбу, і баяраў, і дзякаў — на адбудову горада. I сам тую працу ачоль, каб народ бачыў.
— Ачолю... — цар падсунуўся бліжэй да стала. — А затым?
— Затым сход збірай, сабор рыхтуй, раду склікай, як тое некалі слаўныя продкі рабілі, — і ў вочы люду глядзі!..
...Праз два гады на Чырвонай плошчы перад адбудаваным наноў Крамлём не было дзе ўпасці шапцы. На Вялікі сабор з’ехаліся служнікі, пашныя, соцкія і дзясятнікі, дзякі і дыяканы, намеснікі і старожнікі з усіх гарадоў і ўдзелаў.
Цар стаяў на ўзвышэнні пасярод Саборнага пляца і прамаўляў гучна, узбуджана. Гаварыў пра пачатак новага жыцця дзяржавы, пра злачынствы баяраў і ліхвярствы купцоў, абяцаў пакласці таму канец — у імя справядлівасці і любові. А напрыканцы, агледзеўшы ўзрушаны натоўп, звярнуўся да мітрапаліта:
— Малю цябе, святы ўладыка, будзь маім памочнікам у гэтай справе! Ты ведаеш, што я застаўся без бацькі ў чатыры гады. Родзічы не клапаціліся пра мяне... Яшчэ хлапчуком я заняў царскі пасад. Баяры ж адно кроў пілі — маю і вашую... — Іван уздыхнуў і правёў рукой над плошчай. —Ліхаімцы і суддзі, які дасце цяпер адказ за тыя слёзы і кроў?! — Ён узняў галаву да неба, затым марудна пакланіўся на ўсе чатыры бакі і пранікнёна закончыў: — Малю і цябе, народзе Хрыстовы, аб дараванні маіх грахоў, бо толькі адзін я найперш вінен перад Богам і вамі за ўсё здзейсненае на гэтай зямлі. Даруй і забудзь
зло і несправядлівасці, бач ува мне свайго суддзю і заступніка!
Натоўп застагнаў, загуў, заварушыўся і пачаў хвалямі падаць на калені — ад царскага ўзвышэння да апошніх шэрагаў, якія, магчыма, мала што і чулі з прамоўленага...
3
Пасля выступлення ва ўніверсітэце Мароз загадаў ехаць у загароднюю рэзідэнцыю Вараніха. Пачуваўся незадаволеным і стомленым. Да ўсяго напала нейкая гідкая трывога, няўтульнасць...
Сустрэча аказалася непадрыхтаванай, не хочацца думаць — правакацыйнай. Ну некалі ж і ён быў студэнтам, і таксама — не мядовым. Але каб так... I адкуль у іх столькі бравады, палітыканства, ліхасці нават? Дзяржава ім стыпендыі, інтэрнаты, а ў адказ?
Адказваць, зрэшты, сёння мусіў ён, а студэнты пыталі. Напачатку пра будзённае, асабістае, тое, напэўна, што куратары падрыхтавалі. А потым і пайшло-паехала: чаму прэзідэнт не выканаў сваіх абяцанняў у тым і тым, дзе судовыя справы па казнакрадах ды карупцыянерах? Чаму год таму на стыпендыю яны маглі дваццаць разоў паабедаць у сталоўцы, а цяпер і на пяць не хапае? I гэтак далей! Усё роўна як не ў дзяржаўным універсітэце пабыў, а на сходцы апазіцыйнай партыі! «Дарэмна паслухаў Зайца, — падумаў прэзідэнт, — хай бы б сам і круціўся на той сустрэчы! Ды і рэктар — той яшчэ фрукт! I не выганіш жа адразу»...
Ён незадаволена ўздыхнуў і зірнуў у зацемненае шкло. Будынак Нацбанка, аўтобусны прыпынак, гадзіннік перад уваходам у метро...
— А што гэта столькі людзей на вуліцы? — неўразумела прагаварыў нібыта сам сабе, а памочнік Жакей ужо дастаў свой сотавік і пачаў выведваць. (Калі б памочнік не меў такога прозвішча, яго б трэба было прыдумаць. Яно служыла і пашпартнай пазнакай, і мянушкай. Прычым — з падвойным дном. Жакей — ён і нястомны «вершнік», паразітам з вуснаў якога не сходзіла «галопампаяўропам», ён — да ўсяго — і ненасытны каваман. Аніхто не
мог даўмецца: як у яго ўлазіць столькі кавы? Думалі, што той напой ужо і ў ягоных венах. А любімым гатункам была, натуральна, кава «Жакей»...)
«Маладзец, на ляту ловіць...» — прамільгнула задаволенае, і ўадначас згадка, якую прэзідэнт аніяк не мог дасюль выспеліць, патлумачыла нядаўнюю трывогу. Так, тая дзеўчынёха, што цыдулкі з пытаннямі перадавала! Чарнявая, даўганогая, з пульхнымі вуснамі ды ямінкамі на шчоках... Рыхтык яго колішняя студэнцкая стрэмка Томка! Трэба ж...
Паспрабаваў падумаць пра штосьці іншае, зноў зірнуў за шкло, — машына праімчала па запоўненым гараджанамі праспекце, звярнула да акружной, — а ўспаміны неадступнай залевай хлынулі на яго.
Томка-Томка... Дзе ты, што ты?
Яны раззнаёміліся восенню «на бульбе» і пасля трох курсаў вучобы думалі распісацца. Томка хварэла ім, была нібыта зачараванай, штодня выштукоўвала нейкія прысмакі-вячэры. Хм, маладосць... Ён жа, кідкі чарнявы высачун, за спіной якога была служба ў войску, урэшце выбраў напрыканцы вучобы не адданую стромкую Томку з далёкай лясной вёскі, а паўнаватую дачку міністра архітэктуры і будаўніцтва... I прапіску атрымаў, і з працай склалася, і кватэру пасля нараджэння дачкі займеў... А вяселле якое тады цесць адбарабаніў: у рэстарацыі на беразе рэчкі, з аркестрам і ці не сотняй запрошаных! Праўда, запрошаных з боку нявесты, бо ад яго, жаніха, былі толькі сведка — аднакурснік Уладзя Ролікаў (стаў кандыдатам навук, а цяпер ссучыўся і ўзначальвае апазіцыйную Народную лігу) ды сват — кіраўнік дыпломнай прафесар Мікалай Заяц... Бацька на той час ужо дзесяць гадоў быў у зямлі, а маці-вяскоўка непрасыпна піла. Ну як такую за пашанотны стол?..
Так вось і пайшло. 3 аспірантурай, як ні стараўся Заяц (у якога сваіх дзяцей не было і які ці не сына ў ім бачыў), не склалася, ехаць па размеркаванні «за далёкія горы» не дазволіў цесць — і прыстроіў парторгам ва ўніверсітэцкі Інстытут прамысловасці і сельскай гаспадаркі. А калі партыя развалілася, ён ужо сам пра сябе парупіўся: з кабінета інстытуцкага парторга перасеў у дырэктарскі — і на ўсё наваколле праславіўся гаспадарнікам. Ды і як было не праславіцца? Інстытут эксперыментальны, сотні лабараторый і прадпрыемстваў на яго працавалі. I з дзяржбюджэту падтрымліваўся. Заставалася толькі за дысцыплінай сачыць ды вышэйшае старое начальства не падводзіць. Лазня добрая з’явілася, у якой патрэбныя людзі адпачывалі... Ну і свінінкі, памідораў-агурочкаў нікому не шкадаваў, калі на магазінных прылаўках апусцела. 1 пайшоў далей, абраўся ад сваёй акругі народным дэпутатам...
А Томка... Аніразу пра яе не пацікавіўся — як адрэзаў ад свайго лёсу. I вось ледзь не яе дакладную копію сустрэў! I — зноў ва ўніверы...
Ён абудзіўся, нервова пастукаў далоньмі па скураным падлакотніку і хацеў быў звярнуцца да памочніка, але той адвёў ад вуха слухаўку і залепятаў: