Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
— Калі ласка — у хату, -— запрасіў Мікалай Сымонавіч, але госці захацелі «аддыхацца» на вуліцы.
— Мы лепш у ваш хвалёны сад, да травы, — прапанаваў Мароз, і ўсе падаліся на задворак, дзе роўнымі шыхтамі патаналі ў квецені яблыні.
— I дакуль тут ваш надзел? — па-гаспадарску пацікавіўся Сысанкоў.
— Плота яшчэ не паставіў... — ніякавата паціснуў плячыма Мікалай Сымонавіч. — Але заместа яго — кусты смародзіны і агрэсту. Добра ўзняліся, га?..
	
— Ды тут і рэчка пад бокам! — абудзіўся Сысанкоў. — Хто са мной пот сталічны змыць? — і бадзёра пастукаў па сваім ладным жываце.
— Не-не, што вы... — збянтэжыўся Мікалай Сымонавіч. — Вада яшчэ халодная, зімная.
— Якая зімная, калі вясна заканчваецца?! Мы худымі падшыванцамі дома на Вялікдзень купаліся! — не пагадзіўся Сысанкоў, але да рэчкі, якая сваім вірлівым бокам клапатліва атуляла агарод лецішча, не пайшоў.
— Так, лепш давайце мангал распалім, a то скора бутэлькі закіпяць, — спакойна азваўся Керзан. — Можа, у лядоўню паставім?
Агонь успыхнуў адразу, і яны пайшлі ў дом — двухпавярховы катэджык з чырвонай цэглы, узведзены на колішнім радзінным котлішчы Зайцоў. У вітальні-гасцёўні быў адмысловы музей: старыя патэфоны, гармонікі, прасы, фотакарткі. На другім паверсе — бібліятэка і кабінет, з якога звісаў у сад жалезны балконік.
— Па сутнасці, дзесяць гадоў майго прафесарскага жыцця адабрала будаўніцтва, — распавядаў гаспадар — загадчык універсітэцкай кафедры, акадэмік. — 3 ацяпленнем і газам яшчэ не разабраўся. Часу няма: жыццё дэканскае даймае...
— I так каралеўскі палац! Раскулачваць можна! — упэўнена падрахаваў Мароз і першым выйшаў на балкон, прыгладзіў над залысінамі чарнявыя валасы і выдыхнуў на поўныя грудзі:
-— Кра-са-та!..
Вечаровае сонца мякка ружавела ў яблыневых пялёстках, усміхалася ў салодка-дымных вуголлях мангала і хавалася за разлапістай прырэчнай вярбой. Стол стаяў пры зацемненай сцяне пад балконам,
абвітым садовымі павоямі. Шашлык атрымаўся, і каньяк быў яго далікатнай аправаю.
Прагучалі тосты за гасцей і гаспадара, і апошні, узняўшы келіх, пацішыў голас:
— Згадалася мне прыпавесць, некалі расказаная за сяброўскім келіхам чарнагорскім прафесарам... Вялікі стол, жыццё-выпіўка... А праз некалькі чарак-гадоў застольнага тамаду перасталі чуць, яшчэ праз некалькі — і слухаць...
— He бойцеся, Мікалай Сымонавіч! Мы вас — толькі скажыце — заўсёды пачуем! — хацеў перавесці размову ў жарт павесялелы Сысанкоў, але Заяц хітнуў галавой:
— He, хлопцы... Вялікая, думаю, справа чакае вас наперадзе. Імперыя, у якой я нарадзіўся й пражыў, рассыпалася. Цяпер кожны за асобным сталом сядзець хоча. Краіна нашая — незалежная і роўная сярод роўных. I ёй патрэбен свой тамада-прэзідэнт.
— Дык у нас жа па канстытуцыі — парламенцкая дзяржава... — пасля одумнай паўзы вымавіў Мароз.
— Да сапраўднага парламентарызму мы яшчэ не дараслі. А былыя ўладары ад кампартыі і спецслужбаў ужо вызначыліся са сваім стаўленікам. I калі ён уссядзе на трон — краіну чакае адкат у мінулае... — Заяц уважліва агледзеў гасцей: здалося, слухаюць зацікаўлена, пранікнёна. — Дык вось, прапаную тост: вып’ем за новага кіраўніка нашай краіны! I хачу, каб ім стаў не выкармыш партыйных чынушаў, а... адзін з вас, дарагія мае малодшыя сябры. Будзьма!
Выпілі моўчкі. I задумаліся, памякчэлі, падабрэлі. I размовы пачалі здавацца бясконцымі, аж пакуль расчырванелы Сысанкоў не агаломшыў-узгадаў:
— Штой-та мы з-за гэтай палітыкі на раку забыліся. Пайду, пакуль не сцямнела, пысу абмыю. —
1,	няўпэўнена расстаўляючы ногі, пасунуўся ў канец агарода. За ім, крэкнуўшы, падаўся і Керзан.
А Мароз зноў наліў у кілішкі, падсунуўся да настаўніка і, не міргаючы, спытаў:
— Вы аб тым прэзідэнцтве — сур’ёзна?
— Як ніколі раней! — Заяц, узняўшы свае савіныя бровы, якія напалову прыкрылі шкелыды акуляраў, таксама глыбока ўгледзеўся ў свайго колішняга студэнта. — Ты, Іване, маеш усе шанцы перамагчы. Рыхтуй каманду і — думай. Павер мне: цяпер ці ніколі! I хай адсохнуць мае ногі, калі ты не станеш прэзідэнтам!
Яны амаль па-гусарску ўсталі і выпілі. А затым абняліся і задумаліся.
— Пайду экскурсантаў праведаю, — першым узварухнуўся Мароз. — А то яшчэ патопяцца, памочнікі...
А тыя, распрануўшыся да трусоў, цялёпкалі на сябе карычняватую, настоеную на старых карэннях ваду і пыхцелі ад задавальнення.
— Эх, качуры, ці так ахалоджвацца трэба? — пацвяліў іх Мароз і, пакуль падышоў Мікалай Сымонавіч, распрануўся дагала і нырцануў у ваду.
Усе анямелі, а затым радасна ўскрыкнулі, калі яго галава вытыркнулася з рачной роўнядзі. Два «экскурсанты» пачалі апранацца, а гаспадар «фазэнды» аніяк не супакойваўся:
— Годзе, плыві назад! — і раптам спакмеціў (як-ніяк, вырас на гэтай вадзе), што Мароз пачаў нерухомець і нервова ўскідваць рукі. Дыханне яго збілася. Плывец глытнуў вады, кашлянуў і, сполашна крутнуўшы галавой, выхрыпнуў: — Сутарга... ногі звяло!..
Керзан кінуўся да яго, але за некалькі крокаў да берага запаволіўся. Сысанкоў, які паспеў ужо
апрануцца, неўразумела глядзеў на штаны, потым плюхнуўся ў ваду, выпаўз і пачаў знімаць чаравікі.
— Трымайся, Ваня! — як мага спакайней крыкнуў Заяц. — Дыхай роўна, зараз мы што-небудзь кінем. — Маланкава забегалі пад акулярным шклом блізарукія вочы: па прытаптаным беразе, па старой вярбе... Намогся адламаць галіну — але раздумаў і ў тую ж хвілю ўбачыў лейчыну (яшчэ летась суседскія падшыванцы збіраліся прымастачыць гушканку).
Ён па пояс ускочыў у ваду і, крыкнуўшы: «Хапайся за ляйчыну!», кінуў яе Марозу. Кінуў удала — небарака цапнуў яе яшчэ ў лёце...
— А цяпер — грэцца, грэцца і слухацца старэйшых! — задыхана прасіпеў Мікалай Сымонавіч і неакадэмічна мацюкнуўся.
I яны зноў пілі — ужо без тостаў. Толькі Мароз, адкашляўшыся і расцёршы гарэлкай непаслухмяныя ногі, зірнуў на захмялелых таварышаў, устаў і, чаканячы кожнае слова, вымавіў на адным дыху:
— За майго хроснага, які асвяціў мяне ў гэтай вадзе!
* * *
— ...Падвялі вы мяне, Мікалай Сымонавіч, пад манастыр! — Іван Мароз выглядаў змораным і сумным.
Зранку ён прыехаў на гарадскую кватэру да Зайца і, не распрануўшыся, не аббіўшы з шапкі і ботаў снег, выцягнуў з унутранай кішэні складзеную гармонікам газету: — Вось, з сямі ранку па кіёсках ляжыць...
Прайшлі на кухню. Пакуль заварвалася кава, Заяц паспеў прачытаць перадавіцу саўмінаўскай
газеты з кідкай назвай «Бервяно ў дэпутацкім воку». Аб тым, які зубаскал і дэмагог народны абранец Мароз, аб страшэнным стане эксперыментальнага інстытута, якім ён кіруе, як здзекуецца са сваіх падначаленых. 1 нейкія эканамічныя раскладкі, і словы сведкаў...
Мароз сядзеў на невялікай прафесарскай кухні і нервова пастукваў вузлаватымі пальцамі па стале, a калі газета была адкладзена, стрэліў пачырванелымі ад бяссоння вачыма:
— Ну што скажаце? Здорава размазалі?! I як пасля гэтага?..
Мікалай Сымонавіч зняў акуляры, нечакана ўсміхнуўся і — вочы ў вочы — прамовіў цвёрда:
— Размазваюць, мой дарагі, масла па булцы або соплі па шчоках. А за гэта ты яшчэ рэдакцыі і заказчыкам праставіць павінен!
Мароз насупіўся і неўразумела ўтаропіўся на Мікалая Сымонавіча. Той падставіў табурэт бліжэй да госця:
— А ты, чую, сам з раніцы ўжо прастаўлены! Апошні раз кажу: пераставай піць. Ці кідай усё — і пі.
Хвіліну памаўчалі, і загаварыў Мароз:
— Ды разумееце... Яны кабінет мой апячаталі, справы нейкія завялі... Я як воўк абкладзены... — і замоўк, паглядаў на прафесара і сапеў.
Заяц уздыхнуў, дастаў з халадзільніка пляшку каньяку, наліў:
— Значыць, так... Гэта — заместа валяр’янкі. Затым ляжаш выспішся. А заўтра збярэм прэсканферэнцыю. 1 калі ты воўк — час паказаць зубы! Запомні і супакойся: цяпер усё, што ідзе зверху супраць цябе, працуе на тваю карысць. Прынамсі, у вачах электарату.
— Дык у іх жа структуры...
— Стварай, пакуль ёсць час, і ты свае.
— Як ствараць, калі — ні кабінета, ні тэлефона?!
— Займай мой, дэканцкі. Ці стой... Пустуе ў нас на факультэце колішні «ленінскі пакой», дзе засядаў парткам. Там і ўваход ёсць асобны. Чым не часовая штаб-кватэра?
— Дык жа й вас пагоняць за тое — і з кабінета, і з працы...
— Адганялі мяне ўжо, Ваня! — Мікола Сымонавіч зноў пранікнёна зірнуў у вочы свайму вучню і ўздыхнуў: — Ногі ўжо не тыя, каб бегаць. Ды і колькі ж мне зайцам быць?!
Мароз задумаўся, затым хітнуў галавой і выпіў.
— Паўтараю, як на лекцыі: яны мусяць абараняцца, а ініцыятыва — у тваіх руках. 1 не дрэйфі! Усё будзе добра! — Мікалай Сымонавіч усміхнуўся ласкава-блізарукімі вачыма і моцна абняў госця.
...Ён быў шчыры, крыху нехлямяжы, надзвычай актыўны не толькі ў новай дзейнасці, але і ў пошуку сяброў. Мог падвезці на сваёй машыне заклятага ворага, з імпэтам браў удзел у калектыўных наведваннях лазні, ахвотна запрашаў у свой кабінет або на кватэру цікавых для яго людзей — выпіць і пагаварыць.
Праўда, гасцей падзяляў па ступені важнасці, значнасці і сваёй да іх прыхільнасці: каго частаваў самагонкай і салам, а каго крамнай гарэлкай ды кілбасой.
«Дыпламатыя» давала плён. Рыхтавалася, напрыклад, на тэлебачанні ў «жывым» эфіры перадача па праблемах навакольнага асяроддзя — разам з навукоўцамі запрашаўся і дэпутат Мароз. I гаварыў не толькі пра экалогію...
На пачатку кожнай справы можа быць выпадковасць. Калі ж на выпадковасць пачынае працаваць заканамернасць — прыходзіць перамога. Заканамернай была грамадская павага да выкрывадьніка народных ворагаў. Заканамернай стала і падтрымка яго групай маладых дэпутатаў, якіх гісторыя назаве «ваўчанятамі». Яны — таксама заканамерна — убачылі ў актыўным дэпутаце сілу, здольную разварушыць старую цытадэль кіраўнікоў і бюракратаў. Тое ж — па прафесіі сваёй — не маглі не ўбачыць і адпаведныя дзяржслужбы бяспекі: падтрымалі, падказалі, дзе трэба — і дапамаглі...
I «ваўчаняты», вучачыся і сталеючы, кінуліся ў бой. Аб’ездзілі амаль усе раёны краіны, ладзілі сустрэчы дзе толькі маглі: у клубах, на вакзалах, на рынках, у крамах. Гаварылі (найперш ён, Іван Мароз) проста і адказвалі зразумела — тое, што хацеў пачуць стомлены інфляцыяй ды безвыходнасцю народ. Яны паказвалі прычыну абясцэньвання грошай і жабрацтва-галечы. Прычыну — традыцыйную: злодзеі. Нават не адзін-два, а цэлая каста, названая яшчэ нядаўна невядомым простаму вуху замежным словам «мафія». I яно, слова «мафія», стала ў народзе найбольш ужывальным (балазе яшчэ не забыўся паказаны тэлесерыял пра італьянскіх мафіёзі і барацьбіта з імі камісара Катані). Мафіяй пачалі называць усіх і ўсё, што так ці інакш асацыявалася і з карупцыяй, і з поспехам, багаццем, — хоць многія нават не маглі правільна вымавіць тое слова. Ну а на кіношны вобраз змагара з «махвіяй» арганічна накладаўся свой — бясстрашнага дэпутата Мароза...