Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
А затым нізка пакланіўся.
— Чую званы Божыя... — былі яго апошнія словы.
Па хартыі янітаў кожны павінен быў пасвяціць у брацтва трох наступнікаў. Ніл прывёў у яго трох Максімаў: Максіма Серба (які падаўся з місіяй на радзіму ў землі Зеты*), Максіма Спартанца (ён, колішні патрыяршы ганец з Канстанцінопаля, прыняў на Афоне манаскі пострыг) і перапісчыка-тлумача Максіма Грэка.
Апошні застаўся ў Кіеве...
* Даўняя назва «прыморскай Сербіі» — Чарнагорыі.
1
1963, 1969 гады
Мікалай Заяц бачыў такі твар ужо другі раз у жыцці: нібыпш яго пакруцілі ў пральнай машыне, a затым, перасушаны, папрасавалі. Ніводнага мімічнага руху! Нават вочы — як пацягнутыя пакостам, як масліны ў воцатным расоле...
I размова пачыналася аднымі й тымі ж словамі. Напачатку гэта было ў загадчыка кафедры, праз некалькі дзён пасля абароны кандыдацкай.
— Даручэнне, Мікалай Сымонавіч, маецца... па тэме Вашай навуковай працы. — I зрэнкі-масліны ўздрыгануліся. — Лекцыйную нагрузку перакінем на зіму, а тут трэба пастарацца, бо — самі разумееце — запыт зверху. Інструкцыі — на месцы...
I вось ён — упершыню «за сцяной», у самым што ні ёсць «сэрцы Радзімы». Паўз Палац з’ездаў уся іх група — сем чалавек — пад пажаўцелымі прысадамі цопае моўчкі і неяк насцярожана. Праваруч — Успенскі сабор, усыпальня мітрапалітаў і патрыярхаў, злева — званіца Івана Вялікага з дзвюма зіхоткімі цыбулінамі-купаламі. Самая высокая пабудова Крамля. Кажуць, там звон — у шэсцьдзясят пяць тон...
Нарэшце і іхняя мэта: Архангельскі сабор. Сустракае сваёй некалі белай сіметрыяй — як разгорнутая напалам кніга. А паветра саленаватацерпкае... Можа, ад недалёкай рэчкі за сцяной? I ў галаве — усё, што можна было нашкрэбці ў гістарычных крыніцах...
Яшчэ пры браце Аляксандра Неўскага Міхаіле Яраславічы тут збудавалі драўляную царкву ў гонар архангела Міхаіла. Пры Іване Каліце вырас
каменны храм, як сведчаць летапісы — у знак удзячнасці за ратаванне Масковіі ад голаду. Каліту першым і пахавалі пад зводамі яшчэ незавершанай святыні, якая стала ўсыпальняй маскоўскіх князёў. А ў пачатку XVI стагоддзя храм зноў перабудавалі. Пачаліся рэстаўрацыі, апошняя з якіх планавалася на іхніх вачах...
Будаўнічыя рыштаванні абхоплівалі сабор, і калі ён нагадаў Зайцу разгорнутую кнігу, дык усё разам цяпер выглядала як закратаваны манускрыпт. I расчытаць яго — няпростая работа, даручаная міністэрствамі культуры і адукацыі іхняму «зводнаму археалагічнаму калектыву» пад кіраўніцтвам прафесара Фёдарава.
...Вузкія шчыліны вокнаў, цяжкі, выцягнуты з усходу на захад прастакутнік сценаў... Нейкі незвычайны ўрачыста-жалобны настрой... Лічылася, што апякун сабора архангел Міхаіл быў правадніком душаў у царства вечнасці. Ну а храм, падумалася Зайцу, — «кантрольна-прапускны пункт» на той свет, праз што і даставалася яго сценам за ўсю гісторыю. Як адзначана ў летапісах, у 1450 годзе падчас навальніцы ў храм патрапіла маланка, a роўна праз чвэрць стагоддзя «внутрн града» адбыўся пажар. У 1505-м князь Іван Васільевіч загадаў наогул разабраць старую царкву і закласці новую. Ды памёр. I сцены сабора, якія дастаялі да гэтых дзён, узводзілі ўжо пры ягоным сыне Васіліі Трэцім. «Курыраваў» будоўлю міланскі архітэктар Алевіз Фразін, які сачыў за ўзвядзеннем усяго каменнага Крамля. У вайну з Напалеонам французы выкарыстоўвалі храм як кухню ды казарму. Пакралі залатыя аклады, а з іканастасаў рабілі лаўкі ды ложкі... Таму зноў даводзілася аднаўляць унутранае ўбранства. У 1917-м сабор пашкодзілі пры абстрэле Крамля
і праз год зачынілі. Цяпер жа, пасля адкрыцця тут музея, распачалася чарговая рэстаўрацыя — ужо знешняга выгляду помніка. Іхнім жа «надзелам» быў ніжні ярус з пахавальнымі крыптамі...
3 кожнай хвіляй незвычайны трунак узнёсласці й жалобы запаўняў Зайцава цела, трунак, які апошні раз даводзілася піць ці не ў дзяцінстве, калі ў цэркаўку яго вадзіла бабуля... Як усё даўно было — і адносна блізка...
Галоднае маленства ў акупаваным мястэчку — і ён, лапавухі хлапец з прозвішчам Заяц, падаўся вучыцца ў пранямецкую школу ды запісаўся ў Саюз вольнай моладзі: кармілі два разы на дзень ды апранулі... А праз сем гадоў прыехаў у сталіцу, здаў на выдатна ўступныя экзамены ва ўніверсітэт — дык тая канапляная апратка ледзь не вылезла бокам: выклікалі да асабіста на «чысцец», і выратавала толькі тое, што пра СВМ сам шчыра прызнаўся ў аўтабіяграфіі ды... не адмовіўся ад супрацоўніцтва.
Словам, падціснуў вушы — і галаву ў траву. I быў залічаны на гістарычны факультэт, і адвучыўся, пазбягаючы непрыемнасцяў, і патрапіў у аспірантуру. 1 вось ён, ужо кандыдат гістарычных навук Заяц, зноў адрываўся ад рэальнасці...
Змрочна, пуста ды хрыплае рэха пад нагамі і за парэпанымі калонамі... 1 — аніводнага ўсполаху васковай свечкі, пахне застарэлай цвіллю, як у закінутым склепе...
Галоўная святыня сабора — ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў — ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «14 явнлось на небе велнкое знаменне: жена, облеченная в солнце; под ногамн Её луна...
й роднла она младенца мужеского пола, которому надлежлт пастл все народы жезлом железным...».
Жэзлам жалезным — паўтарыў ён, калі цугам — адзін за адным — дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным*... Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго — сярод сарака шасці белакаменных надмагілляў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.
Эксгумацыя труны Івана Жахлівага — і ёсць мэта іх незвычайнай «экспедыцыі».
— ...Значыць так. Паўтараю яшчэ раз: асаблівая ўвага — на дадатковыя прадметы. Адзначаем усё, што падобнае на кнігу ці не з’яўляецца часткамі трупа... — нагадвае «навуковец у штацкім», намеснік начальніка N-ra ўпраўлення КДБ...
Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела. Зламаўся адзін з дамкратаў, і на падлогу пачала выцякаць жаўтавата-іржавая жыжка. Давялося падымаць пачаргова з бакоў — і падстаўляць драўляныя кліны. Большыя, яшчэ большыя...
Шэрхлы скрып, нібыта хтось ідзе па падсохлым снегу ці пяску. Адчуванне не з лепшых у гэтай напампаванай электрычным святлом мёртва-каменнай
* Івана IV празвалі насамрэч не Грозным, а Жахлівым. Англамоўныя летапісы малююць яго пад мянушкай Terrible: Жахлівы, па-расійску — Ужасный. У Грознага ж Івана IV «перахрысцілі» ў часы імперскага станаўлення Расіі — каб змякчыць вобраз «собнрателя земель руссклх».
прасторы. Як чыесьці крокі... Распавядалі, што да крыпты Івана Жахлівага прыходзіў Сталін: пастаіць з незапаленай люлькай, моўчкі паківае галавой — і марудна назад. Адна рука за спіной, другая, з люлькай, спераду...
Нарэшце і сама труна — як царкоўная рака, пакрытая срэбнымі пласцінамі.
— Асцярожна. He выпусціце джына... — жартоўна шэпча «навуковец у штацкім», калі спрактыкаваныя археолагі мякка ўзнімаюць вечка.
Шаравата-шэрхлыя косці аддзеленыя ад хрыбта... Узнімаюцца-мацуюцца толькі шэсць верхніх рабрын, якія амаль пяць стагоддзяў таму прыкрывалі ўладарныя грудзі... Правая рука, правільней тое, што ад яе засталося, нібыта надломленая і падсунутая пад «спіну». На ёй, а таксама па вертыкалі шкілета — фрагменты пашарэлай тканіны. Косці ступняў павернутыя ў адзін бок і ўпіраюцца ў сценку труны.
Прафесар Фёдараў манатонна дыктуе пратаколстэнаграму эксгумацыйнага агляду. На яго акулярах мітусяцца электрычныя ўсполахі.
«Навуковец у штацкім» далікатна пастуквае пазногцем па чэрапе (асістэнт-археолаг тупа глядзіць на свой пэндзаль) і рэзюмуе:
■— А яшчэ моцны...
Затым яго лоб моршчыцца:
— Што гэта?! — паказвае пальцам на іржавы ланцуг з вялікім крыжам.
— Перад смерцю ў сакавіку 1584 года цар Іван Жахлівы прыняў схіманаскі пострыг з імем Іона... — нібы чытаючы, выгаварыў на запытанне Заяц і нечакана адчуў, як ногі пачалі мякчэць. Спіне стала холадна, па ёй прабег вогкі сівер... Закрыў вочы — а перад ім зноў лямпачкі. Адна, дзве.
тры... — налічыў пятнаццаць. Праз хвілю яны памутнелі і перасталі рэзаць зрэнкі. Пад тонкім шклом колбаў — чамусьці не спіралькі, а... косці. Столь захісталася, і лямпачкі пачалі падаць-біцца. Толькі чамусьці не ў шкляныя аскепкі, а ў белы пыл... Як мука. Мука ад змолатых касцей...
— Ясна! — выводзіць яго з памараку «навуковец у штацкім». — Акрамя ланцуга, іншых прадметаў у труне няма. Працуйце далей! — і ўпэўнена падаўся да выхаду.
Падчас тых раскопак у Архангельскім саборы пад салеяй і заходняй часткай былі выяўленыя фрагменты муроўкі яшчэ XIII стагоддзя. Новыя ж сцены храма ўзводзіліся з белакаменных блокаў, падлога высцілалася з цэглы і керамічных плітаў з жоўтай і зялёнай палівай.
У эксгумаваных царскіх касцях хімічным аналізам было выяўлена анамальнае перавышэнне ртуці — у 24 разы.
— У тыя часы яна была лекамі. Ртуццю ад сіфілісу лячыліся... — пагаварылі ў лабараторыі і зрабілі адпаведнае заключэнне, якое, як і ўсе матэрыялы працы эксгумацыйнай камісіі, засталося засакрэчаным...
Тое было ў 1963-м. I вось праз шэсць гадоў перад ім, ужо доктарам навук, аўтарам гучнай працы «Ідэя ўлады і народа ў развіцці рускай дзяржаўнасці ў XVI стагоддзі», — зноў той жа выраз твару: як перакручаны ў пральнай машыне, перасушаны і папрасаваны. Без аніводнага мімічнага руху... Толькі твар той — ужо не загадчыка кафедры, а прарэктара па навуцы. I зрэнкі-масліны ўжо як выцвілі...
— Даручэнне маем, Мікалай Сымонавіч... I запрашэнне на міжнародную навуковую канферэн-
цыю. Тэма — блізкая вашым штудыям. Вырашылі вось камандзіраваць за мяжу. Толькі ёсць адна акалічнасць... — прарэктар павярнуў галаву да мужчыны, які дагэтуль моўчкі сядзеў скрай стала і якога напачатку Заяц нават не заўважыў. — Пазнаёмцеся. Субачаў Віктар Аляксандравіч. Зрэшты, вы з ім ужо знаёмыя... Ён дапаможа з некаторымі ўстаноўкамі. Ну а я, прабачце, мушу ісці. Залікі... прымаю. Жадаю поспехаў.
У тую ж хвілю Заяц пазнаў чалавека за сталом — «навукоўца ў штацкім»...
— Мікалай Сымонавіч, вы даўно былі на моры? — інтрыгуюча пачаў Субачаў.