Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
		
голы. Калі коні стамляліся, абоз спыняўся ў большменш сцішным месцы. Сані расстаўлялі кругам, у цэнтры распальвалі вогнішча, грэлі ў катле штось паесці, затым — калі былі не ў стэпе — прыцягвалі некалькі сухастоінаў, звычайна елак, і падпальвалі. 3 людзьмі радаваліся цяплу і коні, дромна іржалі, нібыта ўрываючыся ў манатонныя размовы манахаў.
— ...Дык ці скора яна, тая Масковія? I ці праўда, што тамтэйшы базілеўс, ці князь па-іхняму, не дачакаўся патрыяршай булы і загадаў называць сябе імператарам, царом? — пытаў, энергічна паціраючы далоні, Максім Спартанец. — Ці не было тое заявай на візантыйскую спадчыну?
— Пабачым, — спакойна ўздыхнуў Максім Грэк і схаваў у накладную кішэню ружанец — келейны, не на сто «зярнят»-напамінаў пра малітву Ісусаву, a на тысячу, з большым кожным дзясятым «прыпынкам». Кукаль манах апусціў на спіну і прыгладзіў свае наравіста-кучаравыя, з русым адценнем валасы. — У Кіеве ад манаства я многа чаго чуў... Ен, маскоўскі князь Іван, прысвоіў сабе тытул гаспадара ўсяе Русі, гэтым самым заявіўшы сваё права на Кіеў і Полацак. Невядома, што будзе з вольнымі гарадамі Псковам і Ноўгарадам, Але чалавеку — чалавечае, а Богу — Богава. -— Манах узняў сваю прадаўгаватую галаву, адкрыўшы востры коўцік, і назіраў, як ад вогнішча адрываюцца і кружляюць у паднеб’е ігрыста-ружовыя матылькі-іскрыны.
— Эх, раней мы і не чулі пра тую Масковію, а цяпер вось даводзіцца снягі да яе церці, — уздыхнуў, калупаючыся дручком у вуголлі, малады і дужы прыслужнік Зоі Палеалог Сілуан, сын канстанцінопальскага ліцейшчыка. I без таго аграмадны, у накідках-скурах ён выглядаў волатам. Толькі дробны, крыху ўзняты нос сведчыў пра яго добры і
мяккі характар. Зноў уздыхнуўшы, Сілуан нечакана згадаў: — Я калі ў кузні бацьку дапамагаў, у самы санцапёк, марыў, бывала, каб у лёдзе паляжаць, a тут вось...
— Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, — не адрываючы вачэй ад агню, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполахаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось-вось расплавяць іх. — Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два-тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска-калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі... Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. I збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой... Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў, — доўгае нашэсце арды.
...Дагарэла вогнішча. Зыркае вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну-дзве будуць леціць-грэць. Запрэглі коней — і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.
Сонца — як аграмадны мандарын з афонскага саду — завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшалася заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава-малочныя хвалі — нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду... «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, — згадаліся словы правялебнага
брата Філафея. — Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія...»
Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкіы-ы!!!» — закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ж убачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра-чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўка наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нервова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі — і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны пад снегам, хоць і не замерзлы.
— Стой! Сто-ой!!! — роў на коней вознік, a на возніка — праваднікі з абозу. Гохнулі некалькі пішчольных стрэлаў, і ў той момант палазіна натыркнулася на штось цвёрдае (камень?), сані рэзка віхнулі набок, штосьці пад імі хруснула — і Максіма абдало марозным агнём. Ён хапіў паветра — і ледзь не захлынуўся вадой. Узняў руку, зачапіўся за апону і паспрабаваў прыўзняцца — ды зноў уваліўся ў марозны кіпень. Затым чыясь моцная рука сціснула ягоную — і выцягнула на свет Божы...
Спалоханыя коні, паламаўшы аглоблі, крышылі грудзьмі лёд, сані патаналі ў снезе і бурлівай вадзе, а над Максімам паўставала парнае воблака. Каля яго завіхаўся палеаложскі прыслужнік Сілуан, які выратаваў манаха з халоднага віру і цяпер накрываў доўгай скурай.
Стрэлы напалохалі зграю, і ваўкі раптоўна, як і з’явіліся, зніклі. Як цені д’яблавыя...
Памаліўшыся і прывязаўшы мокрых коней ззаду абозу (утопленыя сані ўжо не адрамантаваць), рушылі далей. Максіма Грэка запрасіў да сябе Сілуан, сані якога былі большымі — на іх везлі некалькі скрыняў кніг.
— Хвала Госпаду за тое, што не яны пад лёд упалі, — прашаптаў Максім і, цяжка дыхаючы, лёг. Аднак і накрыты ён не мог сагрэцца.
А вечарам ягонае цела пачало гарэць. Манах штось неўразумелае трызніў, глыбокі хрып вырываўся з грудзей, і ён намагаўся ўзняць галаву (скура напіналася на вострым коўціку, пад ім устрывожана пульсавала трапяткая вена), ды сілаў не было. Сілуан азірнуўся ў цёмным будане, каб штось знайсці — падкласці нябогу пад галаву. Намацаў за спіной скрыню, дастаў важкую, аплеценую мяккай скурай кнігу і асцярожна падсунуў пад кучаравыя, яшчэ вільготныя валасы манаха. Той нечакана заціх, пачаў дыхаць спакайней. Здалося, заснуў.
А праз некалькі гадзінаў абудзіўся здаровым. Нібыта нехта ўдыхнуў у яго незвычайную моцу, спакой, упэўненасць. Ужо была ноч — але светлая; поўня люстравалася ў зляжалым снезе. I ён папрасіў спыніцца, пазваў пагрэцца ў будан возніка, а сам пад неўразумела-здзіўленыя позіркі Сілуана палез да лейцаў — і да наступнага прыстанку, да глыбокай раніцы і агульнай малітвы адмаўляўся ад падмены. А затым — чырванашчокі, з пасівелымі ад марознай шэрані барадой, вусамі і брывамі дапамагаў валіць і цягаць аграмадныя сухастоіны, ды і ад ежы адмовіўся. «Хвала Богу, сыты», — сказаў, адышоў да саней, дастаў з кішэні ружанец — і пачаў новую малітву.
А калі зноў рушылі і манах убачыў у санях, дзе зусім нядаўна ляжаў у хворым бяспамяцтве, вялікую кнігу ў скураных вокладках, спытаў сполашна:
— Што гэта?
— Я пад галаву падклаў быў, каб вышэй, каб дыхаць лягчэй табе было... — адказаў ніякавата Сілуан.
Максім правёў даланёй па далікатна вырабленай скуры вокладкі, адшпіліў тры медныя спражкі і беражліва разгарнуў манускрыпт.
— Паводле Яна Святое Дабравесце... — прашапталі вусны. Вазок хістала, і ён акуратна закрыў кнігу — і заплакаў.
Сілуан — сядзеў насупраць — сціснуў вусны (hoc на яго аграмадным твары зусім змізарнеў), насцеражыўся:
— Нешта не так?
— Усё так. Усё так... — у адказ усміхнуўся скрозь слёзы Максім Грэк.
I калі праз шэсць новых дзён шляху Сілуан прыбег ад вазка Палеалогаў з кепскай навіной: у пляменніцы імператара Зоі, не звыклай да вандроўнага жыцця, моцна забалеў страўнік, манах зноў дастаў са скрыні скураны манускрыпт — і, спраўляючы малітву, кнігай перахрысціў дзяўчыну. I боль ураз адступіў...
Усе дзівіліся таямнічай моцы манускрыпта, a ён — манах брацтва янітаў — спакойна хітаў галавой і паўтараў:
— Так-так. Усё так. I анічога дзіўнага. Мы схіляемся да абразоў, рукатворных Божых выяваў — і яны лякуюць нас. А што незвычайнага ў тым, калі нас ратуе слова Божае?!
Кніга засталася ў вазку Палеалогаў — як найкаштоўнейшая святыня іх колішняй візантыйскай спадчыны...
Пачалі трапляцца невялікія паселішчы, дзе пагрэцца можна было ўжо і ў нізкіх драўляных хатках. А затым, пасля нягеглай дарожнай цвержы-вартоўні. пайшла ўкатаная дарога, затуманіўся дымамі краявід — і пачалася Масква. Драўляныя заснежаныя слабодкі змянялі адна адну: шэрыя сцены дамоў
і лавак, скурчаныя сады, прысады, абледзянелыя зрубы калодзежаў... Купалкі манастырскіх цэркваў... Затым вышэйшыя дамы, каменны гасцінны двор. I зноў слабоды, лаўкі, дамы, прысады — аж да небакраю, наколькі хапала позірку.
— I гэта — Трэці Рым?! — неўразумела зіркаючы з-за апоны па баках, здзіўлена паўтараў Сілуан і чухаў малы пачырванелы нос. — Ці гэта я, напіўшыся перад ад’ездам, упаў і моцна стукнуўся галавой аб сходні салоніцкага палаца?..
Яны даехалі да зубчатай сцяны Крамля з каменнымі вежамі, за якімі месціліся княжыя палацы, дамы набліжаных баяраў ды некалькі цэркваў з манастыром, і выправілі паслоў з тлумачамі. Палеалогаў — Фаму і яго дачку Зою — у іхніх вазках з імператарскімі падарункамі, а таксама пасольскую світу і прыслужнікаў правяла за сцяну ўзброеная варта — рослыя дзецюкі ў доўгіх рудых кажухах, падбітых і аблямаваных футрам, з шырокімі каўнярамі ніжэй лапатак, у высокіх шапках-мурмолках. Астатнія ж — ахова, павадыры, манахі — падаліся на пастой у бліжэйшую слабаду...
...Першым прапісаў ідэю асвячэння Масквы як Трэцяга Рыма тутэйшы мітрапаліт Зосіма. Ён выклаў яе ў прадмове да новай рукапіснай «Пасхаліі» — календара царкоўных падзей на наступнае тысячагоддзе. Ці было яму адкрыццё, ці ён сам прыдумаў тое, што Нябёсы дабраславілі новага Канстанціна — Івана Ш — і новы Царгорад — Маскву, — засталося невядомым. Праз трынаццаць летаў пасля з’яўлення «Пасхаліі» Бог паклікаў Івана III да сябе на суд, а княжыя землі падзялілі паміж сабой яго пяцёра сыноў. Старшаму, Васілію, дасталіся дзве траціны княства: 66 гарадоў з Маск-
	
вой-сталіцай. Невядома, ці дабраславілі Нябёсы новага «Канстанціна» на чарговае стварэнне Царгорада, але дзяцей яму ад венчанай жонкі — баярскай дачкі Саламаніды — не далі.
— Бясплодную смакоўніцу выкідваюць з саду! — загаварыла баярская дума, і жанчыну, не зважаючы на перасцярогі княжых духоўнікаў і новага кіраўніка Пісчага прыказа Максіма Грэка, зняволілі ў манастыры.
Васілій, нават для адчэпу не правёўшы традыцыйнага параду-глядзелак нявестаў, на заходні манер згаліў бараду і павёў да алтара сірату Алену Васільеўну Глінскую, якая і нарадзіла яму нашчадка. I рана аўдавела. I, таксама не здолеўшы ўзвесці велічныя сцены новага Царгорада, рана пакінула гэты турботны свет, а ў ім — свайго васьмігадовага першынца Івана...