Сімъ побѣдиши
Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
можна пачуць тут вершаваныя адкрыцці «рускакрымскіх» паэтаў... Калі і насамрэч Расія «уронмла» ліст-Крым на мора — чаго ж ён так моцна, не зважаючы на вузкі Перакоп, адлівы і вятры, трымаецца за цела Украіны?
Крым больш падобны да сэрца — сэрца поўдня Еўропы, якое пампуе, не стамляючыся, кроў соцень нацыяў і народнасцяў. Тысячагоддзямі б’ецца яно ў брушной поласці Чорнага мора — пад стэпавай душою Украіны. I ў цяперашнім ягоным пашпарце — украінская прапіска.
...У тое лета 1915 года, калі Максім Багдановіч наведаў ціхі Кактэбель, расіянін-кімерыец Максіміліян Валошын у парыжскім кафэ бліз вакзала Манпарнас гаварыў пра паэзію, а ўкраінец Сымон Пятлюра ў Маскве перачытваў дасланы яму Багдановічам рукапіс артыкула пра Тараса Шаўчэнку (...Шаўчэнку, з якім сябравала жонка заснавальніка новага Кактэбеля...).
А самому Максіму ў той пасляабедны час сніліся цяжарныя жанчыны ў фігавым убранні, мора васількоў і ўзыход памаранчавага сонца.
Памаранчавае сонца засвеціць над Украінай праз дзевяноста гадоў.
Максімавы васількі як зразалі, так і зразацьмуць — то сярпы, то камбайны.
Беларусь-парадзіха — у стагоддзевым чаканні...
2004
Усё, як вядома, некалі пачалося са слова. Затым былі сказы, летапісы, кнігі. А цяпер беларусы становяцца нацыяй літары: без кнігі, без летапісаў, без сказаў, без слова. Хоць і з паўмільённымі накладамі дзяржаўных газет, і з нястомным вяшчаннем «нацыянальных» тэлеканалаў, і ажно з дзвюма дзяржаўнымі мовамі...
Мы — нацыя, сціснутая да гука, мы — абрэзаныя да літары!
Забываючы сваю мову, губляючы сваё слова, знікаючы, мы, як даўнія інкі ці ацтэкі, адчуваем генную прагу да ўвекавечвання: складаем паэмы пра свае знакі-літары («Ь») і ставім ім помнікі («Ў»),
Па сакральным стаўленні да графічных сімвалаў мы можам раўняцца толькі з іерогліфнымі японцамі ці кітайцамі. Як старанна выводзілі свае подпісы нашыя слабапісьменныя продкі — і як замілавана драпаюць асобныя літары іх нашчадкі ў ліфтах і прыбіральнях!
Паняцці мы замяняем літарамі (М, Ж), падборам літар — успаміны (ЧК, СССР) або сродкі перамяшчэння (ЗАЗ, МАЗ). Урэшце — і корань слова «літаратура» ў беларусаў — ад літары (у суседзяў расійцаў мусіла б ужывацца слова букватура — на ўзор буквара, які савецкая педагогіка прапісала і ў беларускія слоўнікі...).
Нашыя летапісныя продкі перадавалі літарамі лікі. Яшчэ 80 гадоў назад у літары спрабавалі
адлюстраваць «дух эпохі» — і ўводзілі замест дж графічную выяву сярпа і молата. Сёння ж некаторыя абазначаюць літарай сваю грамадзянскую пазіцыю — праз ь. У сучасным беларускім жыцці нястомна выслаўляецца вялікая літара Я: «Я дал...», «Я постронл...», «Я заставлю...».
Беларускія ж інтэлектуалы асобны статус надаюць дзвюм літарам: ь і ў, а я прапаную асобна ўганараваць тую, што запісалася паміж імі — літару і.
Прапаную ўганараваць літару, з якой пачынаецца Беларусь: тапаграфічнае абазначэнне мяжы на картах— палачка, кропачка; палачка, кропачка...
Прапаную ўганараваць літару-працаўніцу: пасля а яна сустракаецца найчасцей.
Прапаную ўганараваць найбольш праінфармаваную літару, якая здольная выказваць неахопную шматзначнасць гука і — гука здзіўлення, спалоху, ікоты...
Літару, помнікамі якой — старадаўнія рымскія і афінскія калоны з кропкамі ўзыходзячага сонца.
Літару-сашчэпку, літару-звязку, самы кампанейскі знак альфабэта, які злучае: Ясь-і-Яніна.
Літару, што нагадвае фігурку пінгвінападобнага чалавека — той нават нешта паказвае кароткай рукой.
Літару, якая хоць і падобная да шахматнай пешкі, але годна ўзнімаецца ў радку над іншымі.
Літару з па-беларуску сімвалічным лёсам: калі яна апынаецца заціснутай паміж галоснымі, над і навісае сякера — абазначэнне націску папярэдняга склада, — і ёй адсякаюць галаву, і ад і застаецца й: яна-й-я.
Літару-паходню.
Літару-перакулены клічнік.
Літару — выяву мужчынскай годнасці ў спрадвечны момант працягу чалавечага роду.
Урэшце — вынік шлюбу заходняга і ўсходняга пісьменства, сперматазоід лацінкі, які навечна пасяліўся ў беларускай кірыліцы.
1 няхай жыве і плодзіцца беларуская літара і — амаль адзінае, што захавалася ў нашай цяпершчыне ад еўрапейскасці, — акрамя парэшткаў старадаўніх замкаў і надзеі!
Нам наканавана ставіць над I кропку!
2005
Словы на асфальце
Стэфану Эрыксану
Шукаеш неба — знойдзеш зямлю: зняверышся, упадзеш, знікнеш.
Шукаеш зямлю — знойдзеш неба.
Аб гэтым першымі задумаліся вікінгі. Гэта ведалі марскія народы, якія падышлі да краю зямлі і сутыкнуліся з небам. I неба стала працягам іхняй зямлі. Яно лілося ў валасы, яно білася ў ветразях караблёў, яно нараджала паэтаў.
Вікінгі — першародныя паэты. Іхнія вершы — старадаўнія руны. Яны зніклі, падарыўшы скандынавіі — Скандынавію, швецыі — Швецыю. Пакінуўшы каменныя кнігі. Найстаражытныя рунічныя надпісы датуюцца VII стагоддзем, яны пульсавалі ў пісьменных руках да стагоддзя XVlI-га, а шведскія сяляне карысталіся рунамі яшчэ сто гадоў назад. На адным з камянёў рунічным вязьмом увекавечана беларуская Дзвіна, па якой вікінгі-варагі прывезлі ў нашую мову скрыню (у іх — «скрынах» — яны захоўвалі свае тавары).
Забудзеш руны — успомніш руіны...
У небе — усе паэты. Ды і як ім не стаць. калі праз некалькі секунд пасля ўзлёту, пасля доўгай хмурнасці і лістападаўскай халепы, -— у ілюмінатары, пад і над табой — сонца. Напачатку рассыпаныя горы бавоўны, затым густая пена... Нібыта на
—
зямлі — другі Патоп і хтосьці магутны пачаў мыць тваю і маю зямлю.
Магчыма, так выглядае рай — калі на ўсе папярэднія клопаты, мітрэнгі і праблемы, урэшце, на гісторыю і сучаснасць глядзець з вышыні 10 000 метраў. Якраз тут напоўніцу разумееш моўленае Максімам Багдановічам яшчэ ў дасамалётны час:
Навошта на зямлі спрэчкі і звадкі, калі ўсе мы разам ляцім да зор?
Неба сучасных вікінгаў — шведаў — не зблытаеш з іншымі: яно цяжкае, халоднае і салёнае, бо настоенае на водах Паўночнага і Балтыйскага мораў. Яно мацуецца да заснежаных гор і цёплых хмарачосаў Стакгольма ды надзімаецца ў сцертыя ветразі хмараў.
У цэнтры Стакгольма няма дрэў. Заместа іх прарастае праз камяні гісторыя і гоіць гарадское паветра паданнямі, легендамі, фактамі.
У Стакгольме ўпершыню можна пераканацца, што неба не хапае. He гораду, а табе. Хочацца зноў агледзець яго з вышыні птушынага лёту -— каб разабрацца ў загадках лабірынтаў-каналаў і выспаў. He заблукаць дапаможа ўсведамленне таго, што ў гучанні слова Стакгольм захоўваецца цокат капытоў каралеўскіх коней па гарадской брукаванцы. I пахкі вецер. Стакгольмскі вецер — небны дэзадарант.
He дае заблукаць у Стакгольме і Стрындберг, чые выказванні ўпісаны літымі літарамі ў асфальт вуліцы Drottninggatan — пасярод, як дарожная раз-
метка. Па тых словах Стрындберга вуліца вядзе ад кватэры пісьменніка да Каралеўскага палаца. Яго, як і ўсю 10-мільённую Швецыю, ахоўваюць 15 тысячаў паліцыянтаў. У 10-мільённай Беларусі іх у дзесяць разоў больш.
Аднак не толькі гэта адрознівае нашыя краіны. He такія далёкія — геаграфічна, гістарычна. Назіральныя суседзі-фіны нас нават аднолькава менавалі — ruotsi, або русы... А беларус Піліп Орлік з Вілейшчыны, народжаны за 300 гадоў да мяне, стаўшы гетманам і аўтарам першай канстытуцыі Украіны, а таксама галоўным ворагам Пятра I, знайшоў найблізкую дарогу ў Стакгольм, дзе пакінуў гетманскую булаву Багдана Хмяльніцкага (Швецыя перадала яе толькі Віктару Юшчанку). I сталічны шведскі аэрапорт «Арланда», кажуць, паходзіць ад прозвішча выхадца з нашай Вілейшчыны — бо месціцца на колісь падараваных яму землях...
Мы — вялікія нацыі малых краін. Але шведы — вялікая нацыя вялікай дзяржавы. Яны, як і беларусы, не маюць значных прыродных багаццяў, аднак яны — народ неба. Мы ж — зямлі. 1 песні нашыя, і думкі нашыя, і планы нашыя — зямныя. Шведы ж — каб наблізіць і прыручыць прастору — прыдумалі тэлефон, паравую турбіну, шарыкападшыпнік. I караблі...
Шведы змайстравалі і першы ў свеце «тытанік» — каралеўскі карабель «Васа», які адплыў ад берага і патануў. Праз трыста гадоў яго паднялі ды зрабілі музейным героем.
Калі Стакгольм — гэта гісторыя ў камені, дык «Музей Васа» — гісторыя ў дрэве. 1 якраз цяжар
гісторыі, думаецца, нахіліў борт карабля, а не памылка ў канструкцыі. На бартах дзевяціпавярховай аграмадзіны ўвекавечаныя фігуры міфалагічных трытонаў, русалак, імператараў старажытнага Рыма, герояў Швецыі. А пад кармавымі страпіламі на каленях знерухомелі польскія шляхцічы — як напамін пра вайну Швецыі і Рэчы Паспалітай 1620-1629 гадоў.
«Васа» будаваўся як карабель-лятак: неба для яго было там, дзе знікала зямля. Наперадзе карабля застыў драўляны леў з гербам Васа ў каралеўскіх лапах. На шчыце пад каронай — жытні сноп. Па-шведску сноп — васа, ваза (vasa). «Каласісты» давесак быў і ў аднаго з нашых каралёў — Жыгімонта Вазы.
Са шведскім паслом мы замацавалі колішнюю гістарычную роднасць «Хлебным віном» — прывезенай з Мінска жытнёвай гарэлкай. Так назваць «вогненную ваду» маглі толькі беларусы, у якіх снапы і бутлі стаялі ў чырвоных кутах.
Нам застаецца галоўным хлеб, шведам —сімвал.
Нам — сёння, ім — заўтра.
Нават агульныя карані мы асвойваем па-рознаму: з латыні volva абазначае «каціцца». У нас ад тога слова — бульба, у іх — «Volva». Адну мы «выкочваем» з зямлі, з кастра, яны на аднайменных машынах коцяцца па аўтабанах да небакраю...
I ўрэшце ў нас —«сена на асфалыде», а ў іх —словы.
У нас -— знак, у іх — гук.
Мы баімся прынізіць словы, яны — узвысіць іх (і «зазямляюць», нібыта прывязваючыся словамі да глебы-дна — як якарамі).
Яны баяцца ўзляцець, мы — упасці.
А таму яшчэ не скора на перайменаванай вуліцы Карла Маркса, што вядзе да Мінскага ўладнага палаца, з’явяцца словы Якуба Коласа...
Толькі гледзячы ў неба можна знайсці сваю зямлю.
2006
Яна
* * *
Яна доўга ішла праз моры-акіяны, каб за стагоддзі ўесціся ў нашае цела, затрамбаваць вены, запаланіць думкі, забіць мазгі...
Калумб прывёз яе з Амерыкі ў Еўропу. Спакон веку яна — высушаная — была ежай індзейцаў і называлася чуньо.
У 1565 годзе яе паспытаў іспанскі каралеўскі двор. У нас у той час квітнела кнігадрукаванне...
У 1588-м яна патрапіла ў Венскі батанічны сад. У нас па-старабеларуску апублікаваная адна з першых еўрапейскіх Канстытуцый — Статут Вялікага Княства...