Сімъ побѣдиши  Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Алесь Пашкевіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 260с.
Мінск 2012
54.04 МБ
Затым яна паланіла ваеннага фармацэўта-француза Парманцье, і ён пачаў яе культываваць масава — праз падман. Выпрасіў у караля зямлю, пасадзіў, выставіў ахову. Восенню, калі яна саспела, вартавыя ноччу знарок сыходзілі — і спакушаныя сяляне кралі яе плады. Хоць і не ведалі, што рабіць з набыткам. Гламурны Людовік XVI пачаў прыколваць ейныя кветкі на мундзір —і сяляне напачатку вырошчвалі тыя кветкі на продаж...
Дабро не прыходзіць у выглядзе падману ці хітрасці. Так, як ішла яна. Ішла прымусам праз Нямеччыну-Прусію. У 1651-м Фрыдрых Вільгельм I
выдаў адмысловы загад: тым, хто адмаўляўся яе вырошчваць, належала адразаць насы і вушы.
А яна ўмацоўвалася ва ўладзе, здабывала новых прыхільнікаў і скрыні золата. Капітулявала Галандыя, з 1740 года распачала ейны экспарт, — і атрымлівала большы прыбытак, чым ад традыцыйных цюльпанаў.
Яна акружала наш край з захаду і ўсходу. Яна наступала з Польшчы і Прусіі, Лівоніі і Масковіі. 3 Ратэрдама Пётр 1 «дзеля расплоду» прыслаў яе графу Шарамецьеву. I яна, трапна празваная «землянымі яблыкамі», прарасла на нашай зямлі, у нашых целах, нашых душах. А яшчэ ж у недалёкім XIX стагоддзі на нашых абшарах грымелі бунты: сяляне адмаўляліся садзіць «земляныя яблыкі»...
Некалі Адам з Евай паспыталі яблык — і пачалося чалавецтва. Біблейныя яблыкі спелі пад сонцам і небам. «Земляныя яблыкі» абдымаў змрок і нябыт падзем’я. Мы паспыталі іх — і пачаўся наш канец. Невыпадкова ж духавенства напачатку паставілася да яе насцярожана, празвала «спакусай д’ябла», «чортавым яблыкам». Невыпадкова ж нашыя прашчуры баяліся яе садзіць: расце — як чалавечая галава з заплюшчанымі вачыма.
За стагоддзі яна — бульба — уелася ў нашае цела, затрамбавала вены, запаланіла думкі, забіла мазгі. I мы ўжо не крывічы, не ліцвіны, не беларусы, мы — бульбашы.
У нямецкай, румынскай, дацкай, балгарскай, украінскай, расійскай мовах яна прапісалася ў корні KartoffeL У літоўскай і беларускай — у bulves і бульбе. I толькі ў абачлівых фінаў яна сугучная грознаму богу Peruna.
Яе лёгка вырошчваць, бо расце нават у зеллі і на пяску, але ад яе цяжка абараніцца. Яна ратуе
народ — і паядае ягоную волю. Яна не дае нам памерці з голаду — і забівае нас. Бо навошта пра нешта клапаціцца: пра грошы, кар’еру, дастатак, заўтрашні дзень? Нават калі й наогул заробак не выплацяць — выратуе бульба. Нават калі яе не вырасцім — украдзём у калгасе. 1 самі паядзім, і парсюка выгадуем. А як прыцісне, дык з яе і самагонку выганім...
Мы не ведаем, што ўжо не першае стагоддзе ўжываем «земляны» вірус, які адрывае нас ад неба, які забівае ў нас кнігу. мову. канстытуцыю. Найбольш у свеце бульбы спажываюць беларусы...
Бах услаўляў бульбу мовай музыкі. Беларускія паэты сплялі ёй вянкі вершаў. Яна, спечаная ў вогнішчы, з маленства рамантычна апякае нам нёба — хоць апякаць павінны найперш успаміны тае маладосці, веснавы водар таго вогнішча, узлескі (ці паляны) тагачаснай закаханасці. Нарэшце, бульбе ледзь не ставяць помнікі. А яна, закрахмаленая на 25 адсоткаў, забівае-закупорвае нашыя клеткі, атрафіруе нашыя мазгавыя звіліны, адбірае ў нас памяць, знішчае нашыя мары, ператварае нас у дабіблейных істотаў. Хутка — не маючы манет — засушаныя скрылікі бульбы — чыпсы — абвесцім грашовымі сродкамі. Некалі ж на Саламонавых астравах бульба лічылася валютай...
«Бульба і замуства — вельмі сур’ёзныя рэчы, каб з імі жартаваць», — вучыць ірландская прымаўка. Нам жа — не да жартаў. За бульбу мы выйшлі замуж і ажаніліся з ёй.
I выратаваць беларусаў зможа хіба што Амерыка. Калі не валютнай інтэрвенцыяй, дык жуком, выхадцам са штата Каларада.
Нялёгкая ў каларадскага жука місія...
* * *
Калі я зазбіраўся з’явіцца на свет, мама выбірала бульбу. На агародзе, пад высокай чырвонай грушай...
Пахла спеласцю, сонцам, тлустай зямлёй, вяргінямі, макрацом і чаканнем.
У баразну да выаранай бульбы падалі саспелыя чырвоныя грушы, а ў мамы забалеў жывот. Яе адвезлі ў бальніцу, дзе яна, збіраючы сілы, нават змагла паспаць...
Калі не чалавек ёсць тое, што ён есць, дык нашчадкі — дакладна. I насамрэч: калі з пакалення ў пакаленне запаўняць свае клеткі, скажам, сінькай, — ці не пасінеем у выніку?
Элада паўстала на пшаніцы, вінаградзе ды аліўках. Рым дадаў да таго свініну. Японію, Кітай карміў рыс. 1 — якія культуры, цывілізацыі! А вось старажытная Амерыка, якая расла на кукурузе ды бульбе, мела выдатны клімат — што ад яе засталося?
Зрэшты, важна і тое, як і чым есці: вялікая розніца між тымі, хто спажывае рыс палачкамі і палыдамі. Апошняе не распаўсюджваецца на бульбу. У вялікіх дозах яна атрутная, бо прыводзіць да апатыі, наіўнасці, легкавернасці. I нават спрыяе развіццю крэтынізму. Бульбаедства павышае эфект бяз’ёдавасці. Крухмал спрыяе выдзяленню слізі ў арганізме, што правакуе млявасць. 1 абыякавасць.
Статыстыка падлічыла, што беларус спажывае за год каля 200 кілаграмаў бульбы (на Захадзе ж яе — як, зрэшты. і гарэлку — ядуць у пяць разоў менш).
1	аніхто масава не прапагандуе бульбяную дыету — спажыванне караняплодаў сырымі, што лякуе
ад цынгі, залатухі, язвы, а як трэба — дык і ад гемарою...
I аніхто не прапагандуе бульбяную антыдыету...
...Калі я з’явіўся на свет, беларусы выбралі бульбу.
2006, 2008
Залатая нітка Беларусі
Бог — не толькі першы творца, архітэктар, скульптар, але і ткач. Лён сваіх думак ён мацуе вязьмом запаветаў, рыхтуе кужаль дабрадаці, снуе нітку задум...
Вечную нітку.
Залатую нітку.
Беларусь таксама выткана Богам. Яе нацыянальнаму шляху Ён не пашкадаваў самых святых і дарагіх колераў: крыві свайго сына на белай плашчаніцы, — і з высокага неба цярпліва сочыць, як па тых сімвалах топчуцца пустадомкі і барбары.
У беларускіх іконах немаўлятку Ісусу на белую кашулю Ён выткаў чырвоны пояс. А ў шляхецкія ўборы -— пусціў сонечную нітку. Яна і цяпер зіхціць спелым жытнёвым золатам у славутых слуцкіх паясах, на якія беларуская душа дапляла васількі.
Сёння ў тое амаль не верыцца, але так было: мой сучасны занядбаны Слуцк выступаў заканадаўцам еўрапейскай моды. Паясы Слуцкай мануфактуры 250 гадоў назад разыходзіліся ў Варшаве і Парыжы па 500 залатых дукатаў (столькі каштаваў сярэдні маёнтак з лесам і полем). Іх тэхналогіі перакуплівалі і запачаткоўвалі ў Ліёне...
Такое незвычайна нават для Кнігі Гінэса: у адным поясе магло быць каля паўкілаграма золата! Даўжыня — тры-чатыры метры, шырыня — амаль паўметра. Самыя дарагія — «літыя». Адзін бок такога мастацкага штукарства быў цалкам затканы
золатам... («Пас слуцкі, пас літы...» — паэмна ўвекавечыў іх Адам Міцкевіч. Іх, растрачаных ды развезеных па музеях-сховах Расіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Летувы. I нацысцкай Нямеччыны, аб чым сведчыў яшчэ адзін беларускі пісьменнік Рыгор Мурашка: «Лепшым упрыгожваннем мінскай Мастацкай галерэі была калекцыя Слуцкіх паясоў — адзіная поўная ў свеце. Яна каштавала ў валюце да дзесяці мільёнаў рублёў. Праз некалькі дзён тую калекцыю пагрузілі ў нямецкія машыны і адправілі ў невядомым кірунку, па чутках —у Кёнігсберг».)
Слуцкія паясы рабілі адна-, двух-, трохі чатырохбаковымі. Апошнія — найбольш каштоўныя: чырвоным бокам завязвалі пояс на імяніны, на афіцыйныя прыёмы — шэрым, на вяселле — белым, у жалобу — чорным. 3 краю незабыўна зіхцела вышыўка: ME FECIT SLUC1AE (Мяне зрабіў Слуцк), або ВЬ ГРАДЕ СЛУЦК.
Запачаткаваў славутую Слуцкую мануфактуру гетман Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага князь Міхаіл Казімір Радзівіл (1702-1762) па мянушцы Рыбанька. 3 няблізкага Стамбула ён прывёз дарагое абсталяванне і запрасіў на ўздапамогу знакамітага турэцкага майстра армяніна Аванэса Маджаранца.
Слуцакі зрабілі некалькі ўзораў заморскіх станкоў. Напачатку ў мануфактуры працавалі майстры з Турцыі і Персіі (таму ткацкая фабрыка і звалася Персіярняй). Праз некалькі гадоў іх майстэрства перанялі мясцовыя ткачы.
I пайшлі ўплятацца ў паясы васількі, незабудкі, хрызантэмы... Дубовыя, кляновыя лісты...
1 Турцыя не вытрымала канкурэнцыі: усепадобныя шаўковыя паясы ў свеце незалежна ад месца іх вырабу пачалі называць слуцкімі!
Бацькава пачынанне годна працягнуў сын Кароль Станіслаў Радзівіл. Пры ім Персіярня выпускала ў год каля 200 шаўковых паясоў. Закладваліся і замежныя «філіялы»: слуцкія паясы ў той час выраблялі ў Варшаве, Кракаве, Масковіі і Францыі...
Яны нястомна ўшляхечвалі чалавека ўвесь ягоны век. Дый ім самім жыць было наканавана каля стагоддзя. Затым шляхецкая адзежа пачала адыходзіць у нябыт. Разам са шляхтай.
Колеры паясоў упляталіся ў паэзію ды хрэстаматыйна музеяцца ў «Слуцкіх ткачыхах» Максіма Багдановіча, паэтычна ўсталяваўшы беларускі «гендэрны баланс»: хто цяпер паверыць, што ў слуцкай Персіярні працавалі ткачы, а не ткачыхі?
«Слуцкія паясы — гэта для беларусаў не проста гістарычныя рэліквіі, а частка нацыянальнай душы». Аніколі не здагадаецеся, што гэтае выказванне належыць былому кіраўніку КГБ Расіі Сяргею Сцяпашыну...
Паясы захоўваліся як сямейныя рэліквіі, часта перадаваліся ў касцёлы і цэрквы, дзе з іх выштукоўвалі ўрачыстыя святарскія ўбранні.
А некаторыя — здабываючы золата — плавілі. I выпарвалі сваю душу.
Слуцкі пояс сёння — код-пазнака нацыянальнай самавітасці, млечны шлях у нашую слаўную даўніну, вытканую небна-васількова-залатымі ніткамі...
	
Ч***Д
Валерыю Казакову
...Мова заўсёды ўсё расстаўляе на свае месцы. Праўда, часу на тое ды і чалавечых лёсаў не шкадуе.
Але што ёй, мове, з таго, калі яна была, ёсць і будзе?.. Тым больш — у такім краі, як гэты. Мне пры сустрэчы з ім нават сваю адняло — і амаль паўгода словамі апісаць яго не мог. Ды і цяпер не ўпэўнены, што атрымаецца... I ў каго, падкажыце, атрымалася: апісаць тое месца, якое б магло быць раем Адаму й Еве? Якое нават найсучасны фотаздымач скапіяваць не можа. Якое нават мастакі перамаляваць не здолелі. А тут — словамі...
Дык у каго ж тое атрымалася?.. Хіба што часткова ў мясцовых паэтаў? Але й ім — не ў крыўду — напэўна, дых і мову займала: на тэрыторыі з сярэднюю беларускую вобласць столькі ўсяго сабрана-надорана — на зямлі, у небе і вадзе, ушыркі і па вертыкалі. Дый навошта — падумалася — ім апісваць-капіяваць тую прыгажосць, калі яна — вось, перад вачыма, у руках: увесь фаліянт у краёвай бібліятэцы, з вокладкамі зямлі і неба, з закладкай мора... Як бясконцая эпапея. Ці як паэмны верлібр, які — не зважаючы на аніякія правілы — прарастае рыфмамі: жаночымі — хваляў, мужчынскімі — камянёў...