Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Ноч, Міціль, Хлеб, Цукар і Кошка хаваюцца за калонамі ў другім канцы залы.
Перад вялізнымі дзвярыма стаяць Цільціль і Сабака.
С а б а к a (цяжка дыхае ад страху, што завалодаў ёю і які яна ледзьве стрымлівае). Я застаюся, я застаюся... Мне не страшна. Я застаюся... Я застаюся з маім маленькім бажаством... Я застаюся!.. Я застаюся...
Цільціль (песціць Сабаку). Малайчына, Ціло, малайчына!.. Пацалуй мяне!.. Удваіх нястрашна... А цяпер, брат, сцеражыся!..
Цільціль дакранаецца ключом да замочнай шчыліны. У другім канцы залы ва ўцекачоў вырываецца крык жудасці. Як толькі ключ датыкнуўся да дзвярэй, высокія іх створкі-палавінкі расчыняюцца, рухаюцца ў розныя бакі і знікаюць у таўшчыні сцен, а за створкамі раптам паўстае дзівосны, бясконцы, невымоўнай прыгажосці казачны сад — сад мары і начнога святла, дзе сярод зорак і планет, азараючы ўсё святлістасцю, нястомна пырхалі, пералятаючы з аднаго каштоўнага каменя на другі, з аднаго месячнага промня на другі і знікаючы ўдалечыні, чароўныя сінія птупікі, і так іх тут было шмат, што, здавалася, быццам гэта ўжо і не птушкі, а дыханне, блакітнае паветра, душа дзівоснага сада.
Цільціль (аслеплены, ашаломлены, стаіць так, што святло сада трапляе прама на яго). О, якое дзівоснае неба!.. (Уцекачам.) Хутчэй сюды!.. Яны тут!.. Гэта яны!.. Гэта яны!.. Гэта яны!.. Нарэшце мы іх знайшлі... Тут тысячы сініх птушак!.. Мільёны!.. Мільярды!.. He злічыць... Хадзі сюды, Міціль!.. Падыдзі сюды, Ціло!.. Хадзіце сюды ўсе!.. Дапамажыце мне!.. (Кідаецца да птушак.) Іх можна браць голымі рукамі!.. Яны ручныя!.. Яны нас не баяцца!.. Да мяне! Да мяне!..
Падбягаюць Міціль і іншыя. Усе яны, за выключэннем Ночы і Кошкі, уваходзяць у асляпляльны сад.
Паглядзіце!.. Іх тут процьма!.. Яны самі ляцяць да маіх рук!.. Глядзіце, яны харчуюцца месячнымі прамянямі!.. Міціль, дзе ж ты? Гэтулькі сініх крылаў, гэтулькі злятае пярын, што за імі нічога не відаць!.. Ціло, нельга іх кусаць!.. He крыўдзі іх!.. Бяры асцярожна!
Міціль (у віхуры сініх птушак). У мяне ўжо сем!.. Ой, як яны лопаюць крыламі!.. Мне іх не ўтрымаць!..
Цільціль. Мне таксама! Я завельмі многа набраў!.. Яны вырываюцца!.. Яны адлятаюць прэч!.. У Ціло таксама шмат!.. Яны пацягнуць нас за сабой!.. Узнімуць у паветра!.. Хадзем адсюль!.. Душа Святла нас чакае!.. Вось дзе яна будзе задаволена!.. Сюды, сюды!..
Цільціль, Міціль і Сабака выходзяць з саду, у іхніх руках б’юцца, валтузяцца птушкі; так, пад шалёны лопат блакітных крылаў праходзяць яны ўсю залу і разам з Хлебам і Цукрам, у якіх птушак няма, ідуць направа — туды, адкуль яны прыйшлі. Ноч і Кошка, застаўшыся адны, узнімаюцца ў глыбіню залы і з трывогай зазіраюць у сад.
Ноч. Яны яе не злавілі?..
Кошка. Не-е... Вунь яна сядзіць на месячным промні... Завельмі высока, яны да яе не дацягнуліся.
Заслона апускаецца. Адразу ж пасля гэтага злева ўваходзіць Душа Святла, а справа адначасна ўбягаюць Цільціль, Міціль і Сабака. Ва ўсіх траіх рукі заняты сінімі птушкамі, іх так многа, што ніхто і не лічыць, але вось бяда! — ва ўсіх іх бяссіла звешваюцца галоўкі, крылы апушчаны,— дзеці прынеслі змярцвелую, нежывую здабычу.
Душа Святла. Ну што, злавілі?..
Цільціль. Злавілі, злавілі!.. Вунь колькі!.. Там іх тысячы!.. Вось яны!.. Глядзі!.. (Падносіць птушак да Святла і раптам бачыць, што яны мёртвыя.) Ай!.. Ды яны мёртвыя!.. Хто ж іх умярцвіў, хто забіў?.. I твае таксама, Міціль!.. I ў Ціло таксама. (Ашалела шпурляе мёртвых птушак вобземлю.) Ах, якая подласць!.. Хто ж іх забіў?.. Што я за няшчасны!.. (Закрывае твар рукамі; усё цела яго ўздрыгвае ад рыдання.)
Душа Святла (па-мацярынску пяшчотна прытуляе яго да сябе). He плач, мая дзетачка... Той адзінай Сіняй Птушкі, якая трывае дзённае святло, ты яшчэ не злавіў... Яна адляцела куды-небудзь яшчэ... Але мы яе адшукаем...
С а б а к a (глядзіць на мёртвых птушак). А гэтых з’есці можна?..
Усе адыходзяць налева.
КАРЦІНА ПЯТАЯ
ЛЕС
Лес. Ноч. Месячнае святло. Старыя Дрэвы розных парод — дуб, бук, вяз, таполя, сасна, кіпарыс, ліпа, каштан і іншыя. Уваходзіць Кошка.
Кошка (аддаючы паклоны ўсім Дрэвам агулам). Добры дзень, Дрэвы!..
Шолах, шапаценне лісця.
Дрэвы. Добры дзень!..
Кошка. Сёння вялікі дзень!.. Наш непрыяцельзлоснік, вораг наш ідзе сюды, ён хоча вызваліць схаваныя ў вас сілы і даверыцца вам... Гэта Цільціль, сын дрывасека, які нарабіў вам гэтулькі зла. Цільціль шукае Сінюю Птушку, тую, што вы спрадвеку хаваеце ад Чалавека, тую адзіную Птушку, якая ведае нашу Таямніцу...
Шолах лісця.
Што вы сказалі?.. Ага, Таполя загаварыла!.. Так, у Цільціля дыямент, які валодае ўласцівасцю вызваляць часова нашы душы. Цільціль можа адабраць у нас Сінюю Птушку, і тады мы ўжо дакладна апынемся ў руках Чалавека.
Шолах лісця.
Хто гэта?.. Ага, Дуб!.. Як жывеш?..
На Дубе шалясціць лісце.
Усё хварэеш?.. Дрэнна, значыць, цябе Лакрыца глядзіць, дрэнна даглядае... Застарэлы рэўматызм?.. Павер мне, гэта ўсё з-за моху. Ты вельмі шмат кладзеш яго пад ногі... Сіняя Птушка па-ранейшаму ў цябе?..
На Дубе шалясціць лісце.
Што ты кажаш?.. Так, ваганням тут не павінна быць месца, трэба скарыстаць выпадак і знішчыць яго...
Шолах лісця.
Што?.. Так, і сястрычку таксама, яна таксама павінна памерці...
Шолах лісця.
Ага, іх суправаджае Сабака, ад яго ніякімі сіламі не пазбавіцца...
Шолах лісця.
Што ты сказаў?.. Падкупіць яго?.. Неймаверна... Чаго я толькі не рабіла...
Шолах лісця.
А-а, гэта ты, Сасна?.. Так, падрыхтуй чатыры дошкі... Так, з імі яшчэ Агонь, Цукар, Вада і Хлеб... Яны ўсе за нас, акрамя Хлеба,— Хлеб не надзейны... Адна толькі Душа Святла мае ласку да Чалавека, спрыяе яму ва ўсім, яна сюды не прыйдзе... Я ўгаварыла малых уцячы, пакуль яна спіць... Выпадак рэдкі, надзвычай рэдкі...
Шолах лісця.
А-а, гэта голас Бука!.. Так, ты маеш рацыю, трэба папярэдзіць Жывёлін... Ці ёсць у Труса барабан?.. А сам Трус тут?.. Выдатна, хай неадкладна збірае сход... Ды вось і яны!..
Чуцен бой барабана Труса, які ўсё далей і далей. Уваходзяць Цільціль, Міціль і Сабака.
Цільціль. Сюды?..
Кошка (з ліслівым, дагодлівым, саладжавым выглядам спяшаецца насустрач дзецям). А-а, гэта ты, мой маленькі валадар!.. Як ты добра выглядаеш!
Які ты сёння прыгожанькі!.. Я пайшла наперад, каб папярэдзіць аб тваім прыходзе... Усё цудоўна. На гэты раз Сіняя Птушка ў нашых руках. Можаш мне паверыць... Я толькі што паслала Труса абвясціць сход — трэба склікаць самых галоўных Жывёлін гэтага лесу... Вось ужо чуваць, як яны прабіраюцца праз гушчар... Чуеш?.. Яны злёгку спужаліся, не адважваюцца падысці бліжэй...
Чуваць муканне кароў, рохканне свіней, іржанне коней, верашчанне аслоў і г. д.
(Адводзіць Цільціля ўбок; ціха.) Навошта ты ўзяў з сабой Сабаку?.. Я ж табе казала, што ён з усімі перасварыўся, нават з Дрэвамі... Баюся, каб яго невыносны нораў нам не напсаваў...
Цільціль. Я ніяк не мог ад яго адчапіцца... (Ківае пагрозліва на Сабаку.) Пайшоў прэч адсюль, агіднае стварэнне!..
С а б а к а. Хто? Я — агіднае стварэнне?.. Чаму?.. Якая за мной правіна? Чым каму не дагадзіў?..
Цільціль. Кажуць табе: пайшоў прэч!.. Няма тут табе чаго рабіць, толькі і ўсяго! I надакучыў жа ты!
Сабака. Я буду маўчаць... Буду назіраць здаля... Хочаш, пакажу фокус?..
К о ш к а (Цільцілю, ціха). Як ты можаш вытрымліваць такую неслухмянасць?.. Дай яму палкай па носе — ён на самай справе невыносны!..
Цільціль (б'е Сабаку). Ты будзеш слухацца ці не?..
Сабака. Ай! Ай! Ай!..
Цільціль. Ну як?..
С а б а к а. Дазволь я цябе пацалую за тое, што ты мяне пабіў... (Накідваецца на Цільціля з ласкамі і пацалункамі.)
Цільціль. Ну, добра! Добра, добра!.. Даволі!.. Пайшоў вон! Прэч адсюль!
Міціль. He, не, я яго не адпушчу... Калі яго няма, я ўсяго баюся...
Сабака наскоквае на Міціль, ледзь не збівае яе з ног і залашчвае, зацалоўвае яе.
Сабака. Мая цудоўная, мая добрая, харошая мая дзяўчыначка! Прыгожая! Ласкавая! Дазволь я цябе расцалую! Яшчэ, яшчэ, яшчэ!..
Кошка. Вось ідыёт! Ну, мы яшчэ паглядзім... А пакуль не будзем губляць час... Павярні дыямент...
Цільціль. Куды мне стаць?
К о ш к а. Вось пад гэты прамень месяца — там табе будзе больш відаць... Вось так! Толькі паварочвай асцярожна...
Цільціль паварочвае дыямент — галіны і лісце адказваюць на гэта доўгім трапятлівым трымценнем. Ствалы самых старых і найбольш велічных Дрэў раскрываюцца і выпускаюць прытоеныя, схаваныя ў іх Д у ш ы. Знешні выгляд кожнага Д у х а адпавядае знешнасці і нораву таго Дрэва, якое ён увасабляе. Так, Д у х В я з а ўяўляе сабой нешта накшталт злоснага, пузатага гнома, якога замучыла задышка; Д у х Л і п ы міралюбны, прастадушны, жыццярадасны; Д у х Б у к а вытанчаны і спрытны; Дух Бярозы белы, скрытны, неспакойны; Дух Вярбы каржакаваты, ускалмачаны, плаксівы; Дух Сасны даўганогі, маўклівы; Дух Каштана прэтэнцыёзны; уТаполі Дух вясёлы, неўтаймоўны, балбатлівы.
Адны выходзяць са сваіх ствалоў павольна, размінаючыся, пацягваючыся, як пасля доўгага палону ці векавога сну, іншыя, жвавыя, кемлівыя, разбітныя выскокваюць адным скачком, і ўсе адразу ж абступаюць дзяцей, прытым кожны з іх стараецца трымацца як мага бліжэй да роднага Дрэва.
Дух Таполі (выбягае першы і крычыць на ўсю глотку). Людзі!.. Маленькія Людзі!.. 3 імі можна будзе пагаварыць!.. Канец маўклівасці!.. Канец!.. Адкуль яны?.. Хто яны?.. Хто такія?.. (Духу Ліпы, які набліжаецца, спакойна, абыякава курачы люльку.) Ты іх ведаеш?
Дух Ліпы. Штосьці яны мне незнаёмыя...
Дух Таполі. Як жа так — незнаёмыя?!.. Каму ж ведаць людзей, як не табе? Ты вечна разгульваеш вакол іх дамоў...
Д у х Л і п ы (узіраецца ў дзяцей). Ды не, запэўніваю цябе!.. Я іх не ведаю... Яны яшчэ вельмі юныя... Я добра ведаю толькі закаханых, таму што яны прыходзяць да мяне ў месячныя ночы, ды тых, хто пацягвае піва ў засені маіх галін...
Дух Каштана (з пагардлівым выглядам устаўляе манокль). Хто яны такія?.. Вясковыя жабракі?..
Дух Таполі. Ну ўжо, пан Каштан, з тае пары як вы ўнадзіліся на бульвары вялікіх гарадоў...
Дух Вярбы (падыходзіць, грукаючы драўлянымі чаравікамі, і пачынае ныць). Божа мой, Божа мой!.. Зноў яны абламалі мне галаву і рукі!..
Дух Таполі. Цішэй!.. Дуб выходзіць са свайго палаца!.. Яму, мусіць, нядужыцца... Вы не знаходзіце, што ён пастарэў?.. Колькі яму гадоў?.. Сасна сцвярджае, што чатыры тысячы, але, памойму, гэта яна хапіла... Пачакайце, зараз ён нам усё растлумачыць...