Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Штовечар Увіс дбайна правяраў тэхнічны стан Роберціка. Але ніякіх адхіленняў у ім не было, усе вузлы, блокі і ячэйкі працавалі нармальна.
Раніцамі Роберцік больш не гатаваў.
— На кухні занадта горача, — тлумачыў ён Увісу, седзячы на касмадроме ў цяньку вежы кіравання. Увіс тым жа вечарам праверыў тэрмастаты. He, усё было спраўнае.
Усходы яны, як і раней, сустракалі ўдвух, але Увіс больш не задаваў пытанняў, баючыся пачуць у адказ што-небудзь зусім незвычайнае. Увіс разумеў, што пагражае робату, калі і іншыя заўважаць яго дзівацтвы. Пакуль яшчэ ўдавалася выкруціцца, спасылаючыся то на сапсаваны блок, то на разраджаныя акумулятары альбо разрэгуляваны рэжым, але калі так будзе прадаўжацца, бясконцыя няспраўнасці могуць здацца падазронымі.
Увіс пачаў усё часцей браць Роберціка з сабою ў далёкія выезды, часцей даручаў правяраць лінію, стараючыся не пакідаць робата без працы.
Але хутка перастала дапамагаць і гэта. Роберцікавы капрызы станавіліся ўсё больш відавочныя. To ён адмаўляўся прабыць ноч на свежым паветры, заяўляючы, што ночы на Фаіс занадта халодныя, то патрабаваў узмацніць яго ахоўныя схемы, каб паменшыць напругу, якая праходзіла праз яго пры праверцы ліній... Пад час прагулак Увіс пачаў сур’ёзна гаварыць з Роберцікам, тлумачачы яму, што ў людзей і робатаў — розныя правілы жыцця, што робатаў, калі яны не выконваюць загадаў, можна караць, аддаваць у рамонт, замяняць альбо наогул разбіраць на часткі.
— Ну і няхай, — адказваў Роберцік, нават не гледзячы на Увіса.
I настаў дзень, калі Роберцік зусім адмовіўся працаваць. Ток высокага напружання, па яго словах, быў яму небяспечны, а на лініі можна абысціся і без робата — можна ўключыць у ланцуг звычайныя індыкатары, а таксама аўтатрансфарматары, якія дарэмна пакрываюцца пылам дзесьці ў далёкім кутку склада.
He дапамагалі ні ўгаворы, ні пагрозы. Спакойны і абыякавы, Роберцік стаяў перад шасцю астранаўтамі.
— Дык ты будзеш працаваць?
-He.
— Цябе адправяць у разборку.
— Няхай.
— Можа, ты скажаш — чаму?
— Я не хачу заставацца на Фаіс.
— Ды чаму ж?
— Фаіс — нежывая планета.
Ен казаў праўду.
Сход вырашыў паведаміць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткім часе ім адказалі, што новы робат высланы, а Роберціка трэба разабраць на часткі.
Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмі цяжка. Усе згаджаліся трываць Роберцікавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць і ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забіць.
Насуперак усім інструкцыям людзі вырашылі даць Роберціку поўную свабоду дзеянняў. Ен жа не рабіў нічога дрэннага. Трэба было хіба што пільней сачыць за ім, але меры прымаць толькі ў выпадку крайняй патрэбы.
Вестку пра тое, што хутка на Фаіс з’явіцца яшчэ адзін робат, Роберцік сустрэў зусім спакойна. Некалькі сутак ён нерухома сядзеў у цеснай аранжарэі, дзе клімат нагадваў зямны і дзе астранаўты ў вольны час саджалі, палівалі і палолі прывезеныя імі расліны.
— He сядзі тут, — папярэдзіў Увіс. — Вельмі сыра, і шмат азоту ў паветры, табе гэта шкодзіць.
— Ведаю, — адказаў Роберцік. — Але я павінен быць тут.
Дарэмна спрабаваў Увіс забавіць Роберціка якой-небудзь работай. Роберцік нікуды не выходзіў. А ў тую раніцу, калі Увіс першы раз сустрэў усход сонца адзін, астатнія астранаўты рыхтаваліся прыняць карабель з новым робатам.
— Роберцік, цяпер у цябе будзе сябра, — сказаў Увіс, зазірнуўшы ўвечары ў аранжарэю.
— Мне ўсё роўна.
Увіс хацеў, як заўсёды, праверыць і змазаць робата, але той адмовіўся:
— He трэба. Табе цяпер хопіць работы з новым. Раскажы лепш яшчэ пра Зямлю. Я паспеў там убачыць так мала... Там шмат такіх вялікіх дрэў, як тыя, што растуць каля касмадрома?
Помніш, як я ішоў па сцежцы і ўвесь час спатыкаўся аб карані? Памятаеш? А чаму ты не спатыкаўся і не падаў? Я ўвесь час думаў пра гэта і вось нарэшце зразумеў. Гэта таму, што ты нарадзіўся на Зямлі і ўсё ведаеш загадзя...
Увіс разгубіўся. Каб такое сказаў чалавек — яшчэ зразумела, але робат...
— Праўда, — сказаў ён. — На Зямлі шмат лясоў.
— Чаму ты не жывеш там?
— На Фаіс у мяне работа.
— Хіба на Зямлі яе няма?
— Знайшлася б...
— Тады чаму ты тут?
— Я люблю лётаць, падарожнічаць, бачыць новыя планеты...
— Нават непрыгожыя? Нежывыя?
— Усялякія.
— He разумею, — сказаў Роберцік і адвярнуўся.
Увіс пайшоў. Калі назаўтра раніцай ён убачыў робата, той сядзеў нерухома. Агеньчыкі, што асвятлялі яго твар, патухлі, стрэлкі прыбораў стаялі на нулі, хоць акумулятары, як аказалася, былі зараджаныя. Правая Роберцікава рука была выцягнута да абагравальніка. Увіс нагнуўся і ў жалезнай далоні ўбачыў маленечкі зялёны парастак, малюпасенькую елачку з светлымі, аксамітнымі іголкамі. У жмені быў пясок, і парастак трымаўся ў ім, чапляючыся ледзь бачнымі карэньчыкамі.
* * *
Самым дарагім талісманам, што прывёз на Зямлю доктар трох касмічных навук Увальд, быў невялічкі крышталёвы блок.
Усе дваццаць гадоў, якія прабыў вучоны на розных планетах, станцыях, касмадромах, а потым і ў навуковай групе Цэнтра, Увальд бярог і ўсюды вазіў з сабою гэтую цацку.
Вярнуўшыся на Зямлю, ён пасяліўся ў сваёй лясной хатцы і часта цэлымі днямі блукаў сярод маладых елачак, а вечары бавіў каля каміна. Зрэдку, у нейкія яму аднаму вядомыя дні, Увальд уключаў тэлевізійны запіс.
Крыніцай запісу быў маленькі крышталёвы блок.
Мала хто бачыў гэты запіс.
Сярод астранаўтаў хадзілі чуткі, што ён паказвае нейкую аранжавую планету, вельмі прыгожую і маленькую.
Яе акрывалі зялёныя лясы і квітучыя сады.
Птушкі, звяры і насякомыя на гэтай планеце вельмі нагадвалі зямных.
Рэкі і азёры былі таксама, як зямныя.
I ўсяго гэтага там было шмат.
Але болып за ўсё на планеце расло елак.
Увальд нічога не расказваў пра паходжанне гэтага запісу. Аднак яго былыя калегі запэўнівалі, што крышталь — гэта ўсё, што засталося ад блока памяці нейкага разабранага калісьці робата.
Праўда, спецыялісты лічаць, што такой планеты няма і быць не можа. Але іншыя пярэчаць, што ў блоку памяці не можа фіксавацца тое, чаго не існуе ў рэчаіснасці, бо робаты не здольныя ні фантазіраваць, ні марыць.
Нядаўна Увальд завяршыў даследаванне пра здольнасць электроннага мозгу да творчай дзейнасці. Аднак яго высновы пакуль прыняты толькі як гіпотэзы, бо кожны ведае, што ў робатаў няма ўяўлення.
Перакладчык Э. Садоўнічы
ДЖЭК ЛОНДАН
БЕЛЫ КЛЫК'
Частка першая
Раздзел першы
Па слядах здабычы
Цёмны хваёвы лес стаяў, нахмурыўшыся, па абодвух берагах замёрзлай ракі. Вецер, які пранёсся нядаўна, сарваў з дрэў оелую намаразь, і ў надыходзячым змроку яны хіліліся адно да аднаго, чорныя і злавесныя. Глыбокая цішыня панавала навокал. Гэта была Глуш — дзікая Паўночная Глуш з абледзянелым сэрцам. I ўсё ж штосьці жывое рухалася ў ёй і кідала ёй выклік. Па замёрзлай рацэ прабіралася запрэжка ездавых сабак. Ускудлачаная шэрсць іх заінела на марозе, дыханне застывала ў паветры, і клубы пары асядалі ў сабак на скуры, пакрываючы яе крышталямі намаразі. Сабакі былі ў скураной вупражцы, і скураныя пастронкі ішлі ад яе да саней, якія цягнуліся ззаду. Сані без палазоў, з моцнай бярозавай кары, усёй паверхняй ляжалі на снезе. Пярэдняя частка іх была загнута угору, як скрутак, каб прымінаць мяккі снег, які хваляй узнімаўся перад санямі. На санях стаяла моцна прывязаная доўгая, вузкая скрыня. Былі там і іншыя рэчы: коўдры, сякера, кафейнік, патэльня; але перш за ўсё звяртала на сябе ўвагу доўгая, вузкая скрыня, якая займала болыпую частку саней.
Наперадзе сабак на шырокіх лыжах з цяжкасцю рухаўся чалавек. За санямі цягнуўся другі. На санях, у скрыні, ляжаў трэці, для якога ўсякая праца была скончана, якога перамагла і знішчыла Паўночная Пустыня, — трэці быў ужо няздольны ні рухацца, ні змагацца. Паўночная Пустыня не любіць руху. Яна замаражвае ваду, каб спыніць яе бег да мора; яна высмоктвае сокі
1	Тэкст чытае Андрэй Каляда.
з дрэва, і яго магутнае сэрца дубее ад сцюжы; але з асаблівай раз’юшанасцю і лютасцю Паўночная Пустыня ламае ўпартасць чалавека, таму што чалавек — самая мяцежная істота ў свеце, якая паўстае супраць закона, які гаворыць, што ўсякі рух нарэшце павінен спыніцца.
I вось наперадзе і ззаду саней ледзь ішлі два бясстрашныя і непакорлівыя чалавекі, у якіх яшчэ не згасла жыццё. Іх адзенне было зроблена з футры і мяккай дубленай скуры. На вейкі, шчокі і вусны густа наліплі крышталікі намаразі ад замерзлага на паветры дыхання, і твары іх цяжка было разгледзець.
Яны ішлі моўчкі, зберагаючы дыханне для хадзьбы. Незвычайная маўклівасць акружала іх з усіх бакоў.
Мінула гадзіна, мінула другая. Бледнае святло кароткага цьмянага дня пачало гаснуць, калі ў навакольнай цішыні пачулася слабае, аддаленае выццё. Яно імкліва ўзвілася ўгору, дасягнула высокай ноты, затрымалася на ёй, дрыжучы, але не зніжаючы сілы, а потым паступова замерла. У ім чуліся нейкая панурая лютасць і азвярэнне голаду.
Чалавек, які ішоў наперадзе, павярнуўся, злавіў позірк таго, які цераз сілу ішоў ззаду саней, і абодва яны кіўнулі адзін аднаму. I зноў цішыню парушыла прарэзлівае выццё. Яны прыслухаліся, каб вызначыць кірунак гуку. Ен далятаў аднекуль ззаду, з тых снежных прастораў, якія яны толькі што прайшлі.
Неўзабаве пачулася выццё ў адказ, яно таксама даносілася аднекуль ззаду, але на гэты раз лявей.
—	За намі гоняцца, Біл, — сказаў той, што ішоў наперадзе. Голас яго прагучаў хрыпла і ненатуральна і гаварыў ён відавочна цераз сілу.
—	Дзічыны мала, — адказаў яго таварыш. — Вось ужо колькі дзён я не бачыў ні аднаго трусінага следу.
Яны змоўклі, але ўсё яшчэ напружана прыслухоўваліся да выцця, якое кожную хвіліну чулася ззаду іх.
Як толькі сцямнела, яны павярнулі сабак да невялікай кучкі хвоек на беразе ракі і зрабілі прывал. Труна, пастаўленая ля агню, з’яўлялася для іх сталом і лаўкай. Збіўшыся ў кучу па другі бок агню, сабакі раўлі і грызлі, але не выказвалі ніякага жадання ўцячы ў цемру.
—	Нешта яны ўжо вельмі ціснуцца да агню, — заўважыў Біл.
Генры, прысеўшы на кукішкі перад агнём, стараючыся прымасціць кафейнік з кавалкам лёду, кіўнуў галавой. Загаварыў ён толькі пасля таго, як сеў на труну і пачаў есці.
— Яны таксама сваю скуру берагуць, — сказаў ён. — Ведаюць, што лепш з’есці, чым яго самога з’ядуць. Сабак не ашукаеш.