Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Пасля гэтага Генры рушыў у дарогу. Пустыя сані лёгка падскоквалі за прыбавіўшымі ходу сабакамі, якія таксама ведалі, што небяспека міне іх толькі тады, калі яны дабяруцца да форта МакГэры.
Цяпер ваўкі праследавалі яго яшчэ больш адкрыта, спакойнай рыссю беглі яны ззаду саней і побач, высунуўшы языкі, варушачы худымі бакамі. Ваўкі былі да таго худыя, — скуры ды косці, толькі мускулы выступалі, як вяроўкі, — Генры здзіўляўся, як яны трымаюцца на нагах і не валяцца ў снег.
Ен баяўся, што цемната насцігне яго ў дарозе. У поўдзень сонца не толькі сагрэла паўднёвую частку неба, але нават бледны залацісты абадок паказаўся над гарызонтам. Генры прыняў гэта як добрую адзнаку. Дні рабіліся даўжэйшымі. Сонца даўжэй заставалася на небе. Але як толькі ветлівыя праменні яго змерклі, Генры зрабіў прывал. Да поўнай цемнаты заставалася яшчэ некалькі гадзін шэрага дзённага святла і сумнага змяркання, і ён ужыў іх на тое, каб назапасіць як мага больш галля.
Разам з ноччу да яго прыйшоў жах. Ваўкі асмялелі, ды і праведзеная без сну ноч зрабіла свой уплыў на Генры. Захутаўшыся ў коўдру, паклаўшы сякеру паміж кален, ён скурчыўся каля агню і ніяк не мог перамагчы сон. Абодва сабакі шчыльна ціснуліся да яго. Адзін раз ён прачнуўся і на адлегласці якіх-небудзь дванаццаці футаў ад сябе ўбачыў вялікага шэрага ваўка — аднаго з самых буйных ва ўсёй зграі. Звер павольна пацягнуўся, як лянівы сабака, усёй пашчай пазяхнуў Генры прама ў твар, пазіраючы на яго, як на сваю ўласнасць, нібы чалавек быў усяго толькі здабычай, якая рана ці позна, а дастанецца яму.
Такая ўпэўненасць адчувалася ў паводзінах усёй зграі. Генры налічыў штук дваццаць ваўкоў, якія ўтаропіліся на яго галоднымі вачыма або спакойна спалі на снезе. Яны нагадвалі яму дзяцей, якія сабраліся вакол накрытага стала і чакаюць толькі дазволу, каб пачаць есці. I гэтай ядой суджана стаць яму! Ен задаваў сабе пытанне: калі ж ваўкі пачнуць свой баль?
Падкладаючы сучча ў агонь, Генры заўважыў, што цяпер ён зусім па-новаму адносіцца да свайго цела. Ен назіраў за работай мускулаў і з цікавасцю разглядаў хітры механізм пальцаў. Пры святле агню ён некалькі разоў згінаў іх, то па-аднаму, то ўсе адразу, то растапырваў, то хутка сціскаў у кулак. Ен вывучаў будову пазногцяў, пастукваў кончыкамі пальцаў то мацней, то больш мякка, правяраючы чуллівасць сваёй нервовай сістэмы. Усё гэта захапляла Генры, і ён раптам адчуў вялікае замілаванне да свайго цела, якое працавала так лёгка, так дакладна і дасканала. Потым ён кідаў баязлівы позірк на ваўкоў, якія змыкаліся вакол яго ўсё цясней, і яго, быццам громам, уразіла раптам думка, што гэтае цудоўнае цела, гэтая жывая плоць ёсць не што іншае, як мяса — прадмет прагнасці пражорлівых звяроў, якія разарвуць, раздзяруць яго сваімі клыкамі, заспакояць ім голад таксама, як ён сам не раз заспакойваў свой голад мясам лася і труса. Ен прачнуўся ад дрымоты, якая межавалася з кашмарам, і ўбачыў перад сабой рыжую ваўчыцу. Яна сядзела на адлегласці якіх-небудзь шасці футаў ад агню і тужліва пазірала на чалавека. Абодва сабакі скуголілі і раўлі ля яго ног, але ваўчыца не звяртала на іх ніякай увагі. Яна глядзела на чалавека, і на працягу некалькіх хвілін ён адказваў ёй тым жа. У ваўчыцы не было нічога страшнага. У вачах яе свяціўся вялікі сум, але Генры ведаў, што сум гэты народжаны страшэнным голадам. Ён быў стравай, а пры позірку на гэтую страву ў ваўчыцы ўзбуджаліся смакавыя адчуванні. Пашча яе была разяўлена, сліна капала на снег, і ваўчыца аблізвалася, прадчуваючы асалоду.
Шалёны страх апанаваў Іенры. Ён хутка працягнуў руку за галавешкай, каб кінуць ёю ў ваўчыцу. Але не паспеў ён і дакрануцца да галавешкі, як ваўчыца адскочыла назад, і ён здагадаўся, што звер гэты прывык да таго, каб у яго кідалі чым папала. Адскокваючы назад, ваўчыца агрызнулася, вышчарыўшы белыя клыкі да самых дзяснаў; вочы яе страцілі ўсю сваю тугу і засвяціліся такой крыважэрнай злосцю, што Генры ўздрыгануўся. Ён зірнуў на сваю руку, заўважыў, з якой спрытнасцю пальцы трымалі галавешку, як яны прыладжваліся да ўсіх яе няроўнасцей, ахопліваючы з усіх бакоў грубае дрэва, як мезенец міжвольна, сам па сабе, адсунуўся далей ад гарачага месца, — і ў тую ж хвіліну ён ясна ўявіў сабе, як белыя зубы ваўчыцы ўразаюцца ў гэтыя тонкія, далікатныя пальцы і рвуць іх. Ніколі яшчэ Генры не любіў свайго цела так, як цяпер, калі існаванне яго было такім нетрывалым.
Усю ноч Генры адбіваўся ад галоднай зграі палаючымі галавешкамі, а калі змагацца са сном ужо нехапала сілы, яго абуджвалі віск і выццё сабак. Надышла раніца, але ўпершыню за ўвесь час ваўкі не разбегліся ад дзённага святла. Чалавек дарэмна чакаў гэтага. Яны па-ранейшаму акружалі агонь кальцом і глядзелі на Генры з такой нахабнай упэўненасцю, што ён зноў страціў мужнасць, якая вярнулася была да яго разам з дзённым святлом.
Генры зрабіў смелую спробу рушыць у дарогу, але як толькі ён выйшаў з-пад аховы агню, як на яго кінуўся самы смелы воўк; аднак скачок быў дрэнна разлічаны, і воўк прамахнуўся. Генры выратаваўся толькі тым, што адскочыў назад, і зубы ваўка ляснулі ў якіх-небудзь шасці дзюймах ад яго бядра.
Уся зграя, ускочыўшы на ногі, кінулася да яго, і толькі палаючыя галавешкі адагналі яе на значную адлегласць.
Нават удзень Генры не адважваўся адыйсці ад агню, каб насекчы сукоў. Футаў за дваццаць ад стаянкі стаяла велізарная засохлая хвоя. Ён патраціў палову дня, каб расцягнуць да яе ланцуг агню, увесь час трымаючы напагатове для сваіх ворагаў некалькі палаючых галінак. Дабраўшыся да дрэва, ён азірнуўся вакол, выглядаючы, дзе больш галля, каб зваліць хвою ў тым кірунку.
Гэтая ноч прайшла таксама, як і папярэдняя, з той толькі розніцай, што Генры амаль не мог змагацца са сном. Ён ужо не прачынаўся ад рову сабак. Да таго ж яны рыкалі, не сціхаючы, — і яго стомлены, ахоплены дрымотай мозг ужо не разбіраўся ў адценнях рыку.
Раптам ён прачнуўся, як быццам ад штуршка. Ваўчыца стаяла на адлегласці якога-небудзь кроку ад яго. Машынальна, не выпускаючы галавешкі з рук, ён ткнуў ёю ў вышчараную пашчу
ваўчыцы. Яна адскочыла назад, выючы ад болю, а Генры з асалодай удыхаў пах смаленай поўсці і гарэлага мяса, гледзячы, як звер трасе галавой і злосна рыкае ўжо ў некалькіх футах ад яго.
Але на гэты раз, перш чым заснуць, ён прывязаў да правай рукі тлеючы хваёвы сучок. Ледзь толькі Генры заплюшчыў вочы, як боль ад апечаных месц прымушаў яго прачнуцца. Так працягвалася некалькі гадзін. Прачынаючыся, ён адганяў ваўкоў палаючымі галавешкамі, падкідаў у агонь галля і зноў прыладжваў сучок да рукі. Усё ішло добра; але ў адно з такіх прачынанняў Генры дрэнна прывязаў сучок, і як толькі вочы яго заплюшчыліся, ён выпаўу яго з рукі.
Яму сніўся сон. Форт Мак-Гэры. Цёпла. Утульна. Ён гуляе ў крыбэдж з начальнікам факторыі. I яму сніцца, што ваўкі асаджаюць форт. Ваўкі выюць ля самых варот, і яны з начальнікам часам адрываюцца ад гульні, каб прыслухацца да выцця і пасмяяцца над дарэмнымі намаганнямі ваўкоў пранікнуць унутр форта. Потым — які дзіўны сон яму сніўся! — пачуўся трэск. Дзверы расчыніліся насцеж. Ваўкі ўбеглі ў пакой. Яны кінуліся на яго і на начальніка. Як толькі дзверы расчыніліся, выццё стала нясцерпна моцным і трывожыла яго. Сон прымаў нейкія іншыя абрысы, Генры не мог яшчэ зразумець — якія, але выццё не спынялася ні на адну хвіліну.
А потым ён прачнуўся і пачуў выццё ўжо наяве. Навокал панаваў аглушальны рык і брэх. Ваўкі кінуліся на Генры. Усе яны былі тут — каля яго, над ім. Нечыя зубы ўеліся яму ў руку. Інстыктыўна ён ускочыў у агонь і, прыгаючы, адчуў, як вострыя зубы разанулі яго па назе. I вось пачалася барацьба агнём. Тоўстыя рукавіцы абаранялі яго рукі ад агню, ён поўнымі жменямі раскідваў ва ўсе бакі палаючае вуголле, і касцёр стаў пад канец чымсьці накшталт вулкана.
Але гэта не магло працягвацца доўга. Твар у Генры пакрыўся пузырамі, бровы і вейкі былі абсмаленыя, і гарачыня рабілася нясцерпнай. Схапіўшы ў кожную руку па галавешцы, ён скочыў бліжэй да краю агню. Ваўкі адступілі. Па абодвух баках, усюды, куды толькі падала палаючае вуголле, сіпеў снег, і па велізарных скачках, фырканню і рыку якога-небудзь адступаючага ваўка можна было здагадацца, што ён наступіў на вугаль.
Раскідаўшы галавешкі, чалавек скіііуў тлеючыя рукавіцы і пачаў таптаць па снезе нагамі, каб ахаладзіць іх. Абодва сабакі зніклі, і ён вельмі добра ведаў, што яны з’явіліся чарговай стравай на тым прыпозненым балю, які пачаўся з Фэці і ў адзін з бліжэйшых дзён, можа быць, закончыцца ім самім.
— А ўсё ж вы яшчэ не дабраліся да мяне! — крыкнуў ён, з лютай злосцю пагразіўшы кулаком галодным звярам.
Пачуўшы яго голас, уся зграя ўстрывожылася, зарыкала, a ваўчыца падкралася яшчэ бліжэй і ўтаропіла на яго тужлівыя, галодныя вочы.
Іенры пачаў абдумваць новую думку, якая прыйшла яму ў галаву. Расклаўшы агонь шырокім колам, ён кінуў на талы снег сваю пасцель і сеў на ёй унутры гэтага кола. Як толькі чалавек схаваўся за вогненнай агарожай, уся зграя з цікаўнасцю акружыла агонь, каб паглядзець, куды ён дзеўся. Да гэтага часу ім не было доступу да агню, а цяпер яны ўселіся вакол яго цесным кругам і, як сабакі, жмурыліся, пазяхалі і пацягваліся ў непрывычным для іх цяпле. Потым ваўчыца села, узняла морду да зорак і пачала выць. Ваўкі адзін за адным падцягвалі ёй, і, нарэшце, уся зграя села на заднія лапы і, узняўшы морды да неба, зацягнула песню голаду.
Пачало світаць, потым надышоў дзень. Агонь дагараў. Галлё ўсё выходзіла, трэба было аднавіць запас. Чалавек паспрабаваў выйсці за межы вогненнага кола, але ваўкі кінуліся яму насустрач. Палаючыя галавешкі прымушалі іх адскокваць у бакі, але назад яны ўжо не ўцякалі. Дарэмна стараўся Генры прагнаць іх. Пераканаўшыся, нарэшце, у безнадзейнасці гэтай спробы, ён адступіў унутр палаючага кола, і ў гэты час воўк скокнуў на яго, але прамахнуўся і ўсімі чатырма лапамі папаў у агонь. Выючы і рыкаючы ад страху, звер адпоўз ад агню, каб астудзіць на снезе апечаныя лапы.
Генры, згорбіўшыся, сядзеў на коўдры, уткнуўшы ў калені галаву. Па бязвольна апушчаных плячах і паніклай галаве можна было зразумець, што чалавек адмовіўся ад барацьбы. Час ад часу ён падымаў галаву і глядзеў на агонь, які дагараў. Кола агню і гарачых вуголляў ужо дзе-нідзе разамкнулася, распалася на асобныя агні. Вольны праход між імі ўсё павялічваўся, а агні памяншаліся.