Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Але адкос рабіўся ўсё больш спадзістым, і ля яго падгор’я расла трава. Хуткасць падання зменшылася. Спыніўшыся, нарэшце, ваўчок спачатку страшэнна завыў, потым працягла і сумна заскавытаў. А затым самым дзелавым чынам, нібы яму ўжо тысячы разоў у жыцці прыходзілася займацца сваім туалетам, пачаў злізваць прыстаўшую да бакоў сухую гліну. Скончыўшы з гэтым, ён сеў і азірнуўся навокал, як гэта зрабіў бы першы чалавек, які папаў з зямлі на Марс. Ваўчок прабіўся праз сцяну свету, невядомае выпусціла яго са сваіх абдымкаў, і ён застаўся непашкоджаным. Але першы чалавек на Марсе сустрэў бы значна менш незвычайнага, чым ваўчок. Без усякага папярэдняга ведання, без усякага папярэджання ён апынуўся ў ролі даследчыка зусім незнаёмага яму свету.
Цяпер, калі страшная невядомасць адпусціла ваўчка на волю, ён забыў аб усіх яе жахах. Ен адчуваў толькі цікаўнасць да ўсяго, што яго акружала. Ён агледзеў траву пад сабой, кусцік бруснічніку трохі далей, ствол засохлай хвоі, якая стаяла з краю палянкі, акружанай дрэвамі. Вавёрка выбегла з-за хвоі прама на ваўчка і страшна напалохала яго. Ен прытуліўся да зямлі і зарыкаў. Але вавёрка перапалохалася не менш яго. Яна хутка ўзлезла на дрэва і, апынуўшыся па-за небяспекай, сярдзіта забарматала.
Гэта надало ваўчку храбрасці, і, хоць дзяцел, з якім яму прыйшлося ўслед за тым сутыкнуцца, прымусіў яго ўздрыгнуць, ён упэўнена ішоў далей. Упэўненасць гэтая ўзрасла да такой ступені, што, калі нейкая птушка задзірыста падскочыла да ваўчка, ён
гулліва працягнуў да яе лапу. У адказ на гэта птушка балюча дзяўбанула яго ў кончык носа; ваўчок прытуліўся да зямлі і завішчэў. Птушка спалохалася яго віску і паспяшалася адляцець.
Ваўчок вучыўся. Яго маленькі, слабы мозг ужо зрабіў несвядомы вывад. Рэчы бываюць жывыя і нежывыя. I жывых рэчаў трэба асцерагацца. Нежывыя заўсёды застаюцца на адным месцы, а жывыя рухаюцца, і ніколі нельга ведаць загадзя, што яны могуць зрабіць. Ад іх трэба чакаць усякіх нечаканасцей і быць да ўсяго гатовым.
Ваўчок рухаўся вельмі нязграбна. Ён натыкаўся на сукі і на іншыя рэчы. Галінка, якая на першы погляд, здавалася, была на вялікай адлегласці ад яго, сцябала яго па носе і абдзірала бакі. Паверхня была няроўная. Часам ён спатыкаўся і збіваў hoc. He менш часта ён аступаўся і біў лапы. Апрача таго, трапляліся дробныя і вялікія каменні, якія пераварочваліся, як толькі ён наступаў на іх; тут ваўчок зразумеў, што не ўсе нежывыя рэчы знаходзяцца ў стане ўстойлівай раўнавагі, як яго пячора; выявілася таксама, што маленькія нежывыя рэчы значна часцей падаюць і пераварочваюцца, чым вялікія. I ваўчок з кожнай памылкай даведваўся ўсё больш і больш. Чым далей ён ішоў, тым лепш у яго гэта атрымлівалася. Ён прыстасоўваўся. Ён вучыўся разлічваць свае рухі, прыладжвацца да сваіх фізічных магчымасцей, вымяраць адлегласць паміж рознымі прадметамі, а таксама паміж імі і сабой.
Шчасце, якое не пакідала навічкоў, не здрадзіла і ваўчку. Народжаны, каб зрабіцца паляўнічым за дзічынай (хоць сам ён і не ведаў гэтага), ваўчок натрапіў на дзічыну адразу каля пячоры ў першую ж сваю вылазку ў свет. Майстэрскі схаванае гняздо курапаткі трапілася ваўчку толькі дзякуючы яго ж уласнай нязграбнасці. Ён паваліўся на яго, ён паспрабаваў прайсціся па ствалу хвоі, якая павалілася. Гнілая кара падалася пад яго нагамі, і ваўчок са страшэнным выццём сарваўся з круглага ствала, зваліўся на куст і, праляцеўшы праз лісцё і галінкі, апынуўся прама ў гняздзе, дзе сядзелі сем птушанят курапаткі.
Яны запішчалі, і ваўчок спачатку спалохаўся. Затым, заўважыўшы, што птушаняты зусім маленькія, ён пасмялеў. Птушаняты рухаліся, ён прыціснуў аднаго лапай, і той заварушыўся яшчэ мацней. Ваўчку гэта вельмі спадабалася. Ён абнюхаў птушанё. Узяў яго ў рот. Птушанё білася і ласкатала яму язык. У тую ж хвіліну ваўчок адчуў голад. Пашчэнкі яго сціснуліся. Далікатныя костачкі хруснулі, і цёплая кроў пабегла яму ў рот. Яна аказалася вельмі смачнай. Гэта была дзічына, такая ж дзічына, якую яму
прыносіла маці, толькі значна смачнейшая, таму што яна была жывая. Ваўчок з’еў птушанё і спыніўся толькі тады, калі пакончыў з усім вывадкам. Пасля гэтага ён аблізнуўся, як гэта рабіла яго маці, і пачаў выбірацца з куста.
Яго сустрэў крылаты віхор. Імклівы націск і лютыя ўдары крылляў асляпілі ашаломленага ваўчка. Ён схаваў галаву паміж лапамі і завішчэў. Удары пасыпаліся з новай сілай. Курапаткамаці была ў шаленстве ад ярасці. Тады ваўчок раззлаваўся. Ён ускочыў з рыканнем і пачаў адбівацца лапамі. Запусціўшы свае дробныя зубы ў крыло птушкі, ён пачаў, што было сілы, тузаць і цягаць яе з боку ў бок. Курапатка адбівалася, б’ючы яго другім крылом. Гэта была перпіая бітва ваўчка. Ён не памятаў сябе ад узбуджэння. Ён забыў увесь свой страх перад невядомым і ўжо нічога не баяўся. Ён ірваў і біў жывую істоту, якая наносіла яму ўдары. Апрача таго, гэта было мяса. Ваўчком авалодала прагнасць забойства. Ён толькі што знішчыў сем маленькіх жывых істот. Зараз ён знішчыць вялікую жывую істоту. Ён быў вельмі заняты і вельмі шчаслівы, каб адчуваць сваё шчасце. Ваўчок увесь дрыжэў ад узбуджэння, якога да гэтага часу яму ніколі не даводзілася пераносіць. Ён не выпускаў крыла і рыкаў праз сціснутыя зубы. Курапатка выцягнула яго з куста. Калі ж яна павярнулася, каб зноў зацягнуць яго назад, ваўчок выцягнуў яе на адкрытае месца. Птушка крычала і біла яго свабодным крылом, пер’е яе разляталася па паветры, як снежныя шматкі.
Ваўчок ужо не памятаў сябе ад ярасці. Ваяўнічая кроў яго продкаў узнялася і забушавала ў ім. Сам таго не заўважаючы, ваўчок жыў у гэты момант поўным жыццём. Ён выконваў прызначаную яму ў жыцці ролю, рабіў тую справу для якой быў народжаны, — забіваў здабычу і біўся, перш чым забіць яе. Ён апраўдваў сваё існаванне, выконваючы вышэйшае прызначэнне жыцця, таму што жыццё дасягае сваіх вяршынь у тыя хвіліны, калі ўсе яго сілы накіроўваюцца на выкананне пастаўленых перад ім мэт.
Праз некаторы час птушка перастала змагацца. Ваўчок усё яшчэ трымаў яе за крыло. Яны ляжалі на зямлі і глядзелі адзін на аднаго. Ён паспрабаваў люта і пагражаюча зарыкаць. Курапатка дзеўбанула яго ў нос, які ўжо пачынаў балець ад усякіх папярэдніх прыгод. Ваўчок уздрыгануўся ад болю, але не выпусціў крыла. Птушка дзеўбанула яго яшчэ і яшчэ раз, ён завішчэў і падаўся назад, не ўцяміўшы, што разам з крылом цягне за сабой і ўсю птушку. Град удараў пасыпаўся на яго нос, які ныў ад болю. Ваяўнічы запал ваўчка пагас, ён выпусціў здабычу і з усіх ног
пусціўся на ганебныя ўцёкі. Ён прылёг адпачыць на другім баку палянкі, каля хмызняка, і ляжаў там, высунуўшы язык і цяжка дыхаючы; нос у яго ўсё яшчэ балеў, і ваўчок жаласліва вішчэў. Раптам ён пачуў што на яго насоўваецца нешта страшнае. Невядомае з усімі сваімі жахамі навалілася на ваўчка, і ён інстынктыўна адскочыў пад абарону куста. У тую ж хвіліну на яго павеяла ветрам, і ён убачыў, як вялікае крылатае цела ў злавесным маўчанні пранеслася міма куста. Ястраб, які кінуўся на ваўчка зверху, прамахнуўся.
Пакуль ваўчок ляжаў пад кустом і пакрыху прыходзіў да памяці ад страху, пачынаў баязліва выглядваць адтуль, на другім баку палянкі са спустошанага гнязда выпархнула курапатка. Гора страты прымусіла яе забыць аб крылатай маланцы нябёс. Але ваўчок усё бачыў, і гэта было для яго засцярогай і ўрокам. Ён бачыў, як ястраб каменем зваліўся ўніз, пранёсся над зямлёй, амаль закранаючы яе целам, усадзіў кіпцюры ў курапатку, якая закрычала ад смяртэльнага болю і жаху, і ўзняўся ўвышыню, уносячы птушку з сабой.
Ваўчок доўга не выходзіў са свайго сховішча. Ён многаму навучыўся. Жывыя істоты — гэта мяса. Яны прыемныя на смак, але вялікія жывыя істоты прычыняюць боль. Лепш за ўсё есці маленькіх, такіх як птушаняты курапаткі, а вялікіх, накшталт самой курапаткі, трэба пакінуць у спакоі. I ўсё ж ён адчуваў укол самалюбству, у ім таілася жаданне яшчэ раз схапіцца з вялікай птушкай, шкада, што ястраб панёс яе. А можа быць, знойдуцца іншыя курапаткі? Трэба пайсці паглядзець.
Ваўчок спусціўся па спадзістым беразе да ручая. Вады ён да гэтага часу яшчэ не бачыў. Выгляд яна мела нядрэнны. Ніякіх няроўнасцей. Ён смела ступіў у ваду і, скавычачы ад страху, пайшоў на дно, прама ў абдымкі невядомага. Зрабілася холадна, захапіла яму дух. Замест паветра, якім ён прывык дыхаць, у лёгкія хлынула вада. Удушша здавіла яму горла, як смерць. Для яго яно межавалася са смерцю. У ваўчка не было свядомага ўяўлення аб ёй, але, як і ўсе жыхары Лясной Глушы, ён меў інстынктыўны страх смерці. Яна здавалася яму самым страшным болем. У ёй заключалася сама сутнасць невядомага, нагрувашчванне ўсіх яго жахаў — апошняя, страшная катастрофа, аб якой ён нічога не ведаў, і ўсё ж надзяляла яе ўсімі жахамі, якія жывуць у ім самім.
Ваўчок вынырнуў на паверхню і ўсёй пашчай глынуў свежае паветра. На гэты раз ён не пайшоў на дно. Ён ударыў усімі чатырма лапамі, як быццам гэта было для яго самай прывычнай
справай, і паплыў. Бліжэйшы бераг знаходзіўся ў якім-небудзь ярдзе ад ваўчка, але ён вынырнуў спіной да яго і, убачыўшы перш за ўсё процілеглы бераг, зараз жа накіраваўся туды. Ручай быў вузкі, але якраз у гэтым месцы разліваўся футаў на дваццаць у шырыню.
На самай сярэдзіне ваўчка падхапіла плынь і панесла ўніз па ручаю, прама на маленькія парогі, якія пачыналіся ў тым месцы, дзе берагі зноў звужаліся. Плысці тут было цяжка. Спакойная вада раптам зрабілася бурнай. Ваўчок то выплываў на паверхню, то хаваўся з галавой пад ваду. Увесь гэты час яго кідала з аднаго боку ў другі, пераварочвала то на бок, то на спіну, ударала аб каменне. Пры кожным такім штуршку ён вішчэў, і па гэтым віску можна было падлічыць, колькі разоў ён стукнуўся аб каменне, пакуль нёсся па цячэнню.
Ніжэй парогаў, дзе берагі зноў расшыраліся, ваўчок трапіў у вір, які лёганька аднёс яго да берага і таксама лёганька паклаў на дробныя ўзбярэжныя каменьчыкі. Ваўчок вылез хутчэй з вады і лёг. Цяпер ён даведаўся пра свет яшчэ болып. Вада была нежывая і ўсё ж яна рухалася. Апрача таго, яна здавалася такой жа цвёрдай, як зямля, на самай жа справе нічога цвёрдага ў ёй не было. I ён зрабіў вывад, што рэчы не заўсёды такія, якімі здаюцца. Страх перад невядомым, які быў нічым іншым, як недавер’ем, атрыманым у спадчыну ад продкаў, толькі ўзмацніўся пасля сутычкі з рэчаіснасцю. Ад гэтага часу ў ім цвёрда ўкараніцца недавер’е да знадворнага выгляду рэчаў. I перш чым даверыцца ім, ён пастараецца даведацца, што яны ўяўляюць сабой у сапраўднасці.