Скарбы сусветнай літаратуры
Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
Што датычыць рыку, дык рыкаць ён умеў страшней за сабак — і старых, і маладых. Мэта рыкання — засцерагчы або спалохаць ворага, і трэба добра разбірацца ў тым, калі і пры якіх акалічнасцях трэба пускаць у ход гэты сродак. I Белы Клык ведаў гэта. У свой рык ён укладваў усю лютасць і злосць, усё, чым толькі мог напалохаць ворага. Уздрыгваючыя ад бесперапынных спазмаў ноздры, уздыбленая поўсць, язык, які чырвонай змейкай звіваўся паміж зубамі, прыціснутыя вушы, вочы, якія палалі нянавісцю, губы, якія перасмыкваліся, вышчараныя клыкі — прымушалі задумацца многіх яго праціўнікаў. Калі Белага Клыка заставалі знянацку, яму было досыць мінутнай паузы, каб абдумаць план дзеянняў. Але часта паўза гэтая зацягвалася,
вяла за сабой поўнае адмаўленне ад бойкі, і рык Белага Клыка скрозь і ўсюды даваў яму магчымасць адступіць з гонарам нават пры сутычках з дарослымі сабакамі.
Выгнаўшы Белага Клыка са сваёй кампаніі і абвясціўшы яму вайну, маладыя сабакі тым самым паставілі сябе тварам да твара з яго злосцю і выключнай спрытнасцю і сілай. Справа павярнулася такім чынам, што, забараніўшы Беламу Клыку жыць у зграі, сабакі і самі не маглі адлучыцца ад яе ні на адну хвіліну. Белы Клык не дапускаў гэтага. Маладыя сабакі ўвесь час чакалі яго нападу і не адважваліся бегаць паасобку. Усе яны, за выключэннем Ліп-Ліпа, былі вымушаны трымацца зграяй, каб агульнымі намаганнямі абараняцца ад грознага праціўніка, Белага Клыка. Адпраўляючыся ў адзіноцтве на бераг ракі, шчанюк або ішоў на верную смерць або напаўняў увесь лагер прарэзлівым віскам, уцякаючы ад ваўчка, які выскачыў з засады.
Але Белы Клык помсціў сабакам нават пасля таго, як яны запомнілі раз і назаўсёды, што ім трэба трымацца зграяй. Ен нападаў на сабак, застаючы іх паасобку; яны нападалі на яго ўсёй зграяй. Варта было сабакам убачыць Белага Клыка, як яны дружна кідаліся за ім у пагоню, і ваўчка выратоўвалі ў такіх выпадках толькі быстрыя ногі. Але гора таму сабаку, які, захапіўшыся праследаваннем, абганяў сваіх таварышаў! Белы Клык навучыўся на ўсім скаку паварочвацца да праследавальніка, які бег наперадзе зграі, і разрываў яго на кавалачкі, перш чым падаспявалі астатнія сабакі. Гэта здаралася вельмі часта, таму што, узбуджаныя пагоняй за ворагам, сабакі забывалі аб усім на свеце, а Белы Клык заўсёды захоўваў спакой. Увесь час азіраючыся назад, ён гатовы быў у любую хвіліну на ўсім скаку зрабіць круты паварот і кінуцца на вельмі заўзятага праследавальніка, які аддзяліўся ад усёй зграі.
У маладых сабаках жыве непераможная патрэбнасць гульні, і ворагі Белага Клыка ажыццяўлялі гэтую патрэбнасць, ператвараючы вайну з ім у захапляючую забаву. Такім чынам, паляванне за ваўчком было для іх самай любімай гульнёй, — праўда, гульнёй не жартаўлівай і часам смяртэльна небяспечнай. А Белы Клык, з якім ніхто з сабак не мог параўнацца быстрынёй ног, у сваю чаргу не спыняўся перад рызыкай. У тыя дні, калі надзея на тое, што звернецца Кіч, яшчэ не пакідала Белага Клыка, ён часта заманьваў сабачую зграю ў суседні лес. Па гаўканню і выццю Белы Клык вызначаў, дзе яны знаходзяцца; сам жа ён бег моўчкі, нібы цень, слізгаючы паміж дрэвамі, як гэта рабілі яго
бацька і маці. Апрача таго, сувязь яго з Лясной Глушшу была цяснейшай, чым у сабак; ён лепш разумеў усе яе таямніцы, выкруты. Болып за ўсё яму падабалася заблытаць свае сляды, пераплысці ручай і спакойна легчы дзе-небудзь у гушчары лесу, прыслухоўваючыся да брэху згубіўшых яго праследавальнікаў.
Сустракаючы з боку сабак і людзей толькі адну нянавісць і знаходзячыся ўвесь час у варожых адносінах з усімі, Белы Клык развіваўся хутка, але аднабакова. У такой абстаноўцы ў ім не маглі зарадзіцца ні добрыя пачуцці, ні патрэбнасць да ласкі. Аб усім гэтым ён не меў ніякага разумення. Шэры Бабёр — бажаство, ён мае ўладу. Таму Белы Клык пакараўся яму. Але сабакі, тыя, якія маладзейшыя і меншыя за яго ростам, — слабыя, і іх трэба знішчаць.
У Белым Клыку развівалася толькі сіла. Ен мог процістаяць вечнай небяспецы, якая часта пагражала яго жыццю, толькі таму, што ўсе драпежніцкія інстынкты былі ў ім празмерна развітымі. У спрытнасці і хітрасці з ім не мог параўнацца ніхто; ён хутка бегаў, быў бязлітасней у бойках, сталёвыя мускулы выступалі на яго худым гібкім целе, як вяроўкі; ён быў больш вынослівы, злы, жорсткі і разумнейшы заўсіх астатніх сабак. Белы Клык павінен быў зрабіцца такім, інакш ён не выжыў бы ў той варожай абстаноўцы, у якой яму давялося апынуцца.
Раздзел чацвёрты
Па слядах багоу
осенню, калі дні зрабіліся карацейшымі і ў паветры ўжо чулася набліжэнне халадоў, Беламу Клыку трапіўся выпадак вырвацца на волю. Ужо некалькі дзён у пасёлку панавала мітусня. Індзейцы разбіралі летнія вігвамы і рыхтаваліся выйсці на асенняе паляванне з усімі сваімі пажыткамі. Белы Клык пільна сачыў за зборамі, і калі вігвамы былі разабраны, а рэчы пакладзены на пірогі, ён зразумеў усё. Пірогі адплывалі ад берага, і частка іх ужо знікла з вачэй.
Белы Клык вырашыў застацца і пры першай жа магчымасці ўцёк з пасёлка ў лес. Пераплыўшы ручай, які ўжо зацягваўся ільдом, ён заблытаў свае сляды. Потым забраўся ўглыб лесу і пачаў чакаць. Час ішоў. Ён паспеў некалькі разоў заснуць, прачнуцца і зноў заснуць. Яго разбудзіў голас Шэрага Бабра, які клікаў яго. Чуліся і іншыя галасы. Белы Клык адрозніў голас жонкі гаспадара, якая прымала ўдзел у пошуках, і Міт-Са — сына Шэрага Бабра.
Белы Клык дрыжэў ад страху, але вытрымаў і не выйшаў з прытулку, хоць нешта падбухторвала яго вылезці на кліч. У хуткім часе галасы сціхлі ўдалечыні, і Белы Клык вылез з кустоў, каб нацешыцца поспехам свайго ўчынку. Пачало цямнець. Некаторы час ваўчок забаўляўся паміж дрэвамі, радуючыся волі. Затым, зусім нечакана, яго ахапіла пачуццё адзіноцтва. Ен спыніўся ў задуменні і сеў прыслухоўваючыся да лясной цішы. Адсутнасць гукаў і руху здавалася яму злавеснай, яго падсцерагала якаясьці невядомая небяспека. Белы Клык падазрона ўзіраўся ў няясныя абрысы высокіх дрэў, у густыя цені паміж імі, дзе мог засесці любы вораг.
Потым яму зрабілася холадна. Цёплай сцяны вігвама, каля якой ён заўсёды грэўся, паблізу не было. Белы Клык пачаў па чарзе падгінаць то адну, то другую пярэднюю лапу, затым накрыў іх сваім пушыстым хвастом, і ў гэіую хвіліну перад ім пранеслася здань. У гэтым не было нічога дзіўнага. Перад яго вачыма паўсталі знаёмыя карціны. Ен зноў убачыў пасёлак, вігвамы, полымя кастроў. Ен чуў прарэзлівыя галасы жанчын, грубы бас мужчынскай гутаркі, брэх сабак. Белы Клык прагаладаўся і ўспомніў кавалкі мяса і рыбу, якія яму даставаліся ад людзей. Зараз жа акружала цішыня, якая абяцала не яду, а небяспеку.
Няволя распесціла Белага Клыка. Усклаўшы на людзей усе клопаты аб уласным пракармленні, ён тым самым страціў частку сваёй сілы. Белы Клык адвык здабываць сабе ежу. Над ім спускалася ноч. Яго пачуцці, прывыклыя да шуму і руху пасёлка, да бесперапыннага чаргавання гукаў і карцін, не знаходзілі сабе работы. Яму не было чаго рабіць, не было чаго слухаць, не было на што глядзець. Белы Клык напружыўусе свае пачуцці, каб злавіць хоць які-небудзь гук або рух, якія б парушалі цішыню і нерухомасць прыроды. У гэтай вымушанай бяздзейнасці хавалася нейкая страшная небяспека.
Раптам Белы Клык здрыгануўся ад спалоху. Нешта велізарнае і бясформеннае пранеслася перад яго вачыма. На зямлю лёг цень дрэва, якое асвяціў месяц, які вынырнуў з-за воблакаў. Супакоіўшыся, ён ціха завішчэў, але, успомніўшы, што віск можа прыцягнуць да яго ўвагу прытоенага дзе-небудзь ворага, змоўк.
Дрэва, схопленае начным марозам, гучна трэснула ў яго над галавой. Белы Клык завыў і, не чуючы пад сабой ног ад жаху, стрымгалоў кінуўся да пасёлка. Ен адчуваў непераможную патрэбу ў тым, каб быць сярод людзей, пад чалавечай абаронай. У яго ноздрах стаяў пах дыму ад агню. У вушах звінелі галасы і крыкі.
Ён выбег з лесу на залітую месяцам палянку, дзе не было ні ценяў, ні цемры. Але вочы яго не сустрэлі знаёмага пасёлка. Ён забыў, што людзі пакінулі яго.
Белы Клык спыніўся як укапаны. Бегчы не было куды. Ён сумна блукаў па апусцелым становішчы, абнюхваючы кучы смецця і хламу, пакінутага багамі. У гэтую хвіліну Белага Клыка ўзрадваў бы нават камень, кінуты якой-небудзь раззлаванай жанчынай, нават цяжкая рука Шэрага Бабра; а Ліп-Ліпа і ўсю рыкаючую палахлівую зграю сабак ён сустрэў бы з радасцю. Ваўчок накіраваўся да таго месца, дзе стаяў раней вігвам Шэрага Бабра, сеў пасярод і падняў морду да месяца. Спазмы сціскалі яму горла, пашча раскрылася, і адзінота, страх, сум па Кіч, усе мінулыя беды, смутак і прадчуванне будучых нягод і пакут, — усё гэта вылілася ў раздзіраючым сэрцы выцці. Гэта было працяглае, тужлівае выццё — першае воўчае выццё, якое вырвалася з грудзей Белага Клыка.
Як толькі надышла раніца, страхі яго зніклі, але пачуццё адзіноцтва толькі ўзмацнілася. Выгляд пакінутага стойбішча, у якім яшчэ так нядаўна кіпела жыццё, наводзіў сум на Белага Клыка. Нядоўга разважаючы, ён павярнуў ў лес і пабег уздоўж берага ракі. Ён бег увесь дзень, не даючы ні хвіліны адпачынку. Здавалася, што ён можа бегчы вечна. Яго сталёвае цела не ведала стомленасці. I нават калі стамленне ўсё ж прыйшло, вынослівасць, якая дасталася Беламу Клыку ад продкаў, дапамагала яму рабіць усё новыя і новыя намаганні, несла ўперад яго змучанае цела.
Там, дзе рака працякала паміж крутымі берагамі, Белы Клык караскаўся па кручах. Ручаі і рэчкі, якія ўпадалі ў Макензі, ён пераходзіў уброд або пераплываў. Часта яму даводзілася бегчы па вузкай кромцы лёду, намерзлай каля берага; тонкі лёд ламаўся, і Белы Клык ледзь выбіраўся з ледзяной вады. I ён увесь гэты час чакаў, што вось-вось натрапіць на след багоў, якія маглі прыстаць да берага і накіравацца ў глыб краіны.
Па розуму Белы Клык стаяў вышэй чым многія з прадстаўнікоў яго пароды, і ўсё ж думка аб другім беразе ракі Макензі не прыходзіла яму ў галаву Што калі след багоў выйдзе на той бок? Аб гэтым і не падумаў. Магчыма, пазней, калі Белы Клык набраўся б вопыту ў вандраваннях, паразумнеў і бліжэй пазнаёміўся б з рэкамі і слядамі, ён і дапусціў бы гэтую мажлівасць. Такая спеласць чакала яго ў будучым. Зараз жа ён бег наўгад, прымаючы пад увагу толькі адзін бераг Макензі.