Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Белы Клык блукаў па пасёлку, з пачуццём спакойнага задавальнення пазнаючы багоў, знаёмых яму яшчэ да падарожжа. Сустракаў ён і шчанюкоў, падросшых цяпер таксама, як і ён, і дарослых сабак, якія зусім не былі такімі вялікімі і страшнымі, якімі яны засталіся ў яго памяці. Белы Клык амаль перастаў баяцца іх і прагульваўся вольна сярод зграі, што прыносіла яму ў першы час вялікую прыемнасць...
Быў тут і стары сівы Бэсік, якому ў ранейшыя дні дастаткова было вышчарыць зубы, каб прагнаць спалоханага Белага Клыка. Раней Бэсік не раз прымушаў Белага Клыка пераконвацца ва ўласнай нікчэмнасці, але цяпер той жа Бэсік дапамог яму ацаніць тыя перамены, якія адбыліся ў ім самім. Бэсік старэў, сілы ў яго слабелі, а маладосць рабіла Белага Клыка ўсё дужэйшым і дужэйшым.
Перамена ва ўзаемаадносінах з сабакамі зрабілася яснай Беламу Клыку ў час дзяльбы толькі што забітага лася. Ен атрымаў капыта з часткай галёнкі, на якой было досыць многа мяса. Уцёкшы ад сабак, якія біліся, далей у лес, каб яго ніхто не бачыў, Белы Клык узяўся за сваю здабычу, як раптам на яго наляцеў Бэсік. Яшчэ не паспеўшы як належыць скеміць, у чым справа, Белы Клык двойчы разануў старога сабаку зубамі і адскочыў убок. Аслупянеўшы ад такой дзёрзкай і імклівай атакі, Бэсік утаропіў вочы на Белага Клыка, а костка са свежым мясам ляжала паміж імі.
Бэсік быў стары і ўжо ведаў цану адвагі маладых сабак, якіх раней яму вельмі лёгка было прыстрашыць. Як гэта не было прыкра, але ўсё ж крыўду прыходзілася глытаць, і стары Бэсік заклікаў на дапамогу ўсю сваю мудрасць, каб не схібіць перад маладым сабакам. У мінулыя дні справядлівы гнеў прымусіў бы яго скокнуць на Белага Клыка. Але зараз слабеючыя сілы не дазвалялі адважыцца на такі ўчынак. Увесь натапырыўшыся, ён грозна пазіраў на Белага Клыка, а той, успомніўшы свой былы страх, скруціўся, зрабіўся адразу маленькім шчанюком і ўжо меркаваў сам сабе, як бы яму адступіць з магчыма меншай ганьбай.
Вось тут Бэсік і зрабіў памылку. Меў бы ён пагрозны, люты выгляд — усё было б добра. Белы Клык, які прыгатаваўся уцякаць, адступіў бы, пакінуўшы яму мяса. Але Бэсік не захацеў чакаць. Вырашыўшы, што перамога застаецца за ім, ён зрабіў крок уперад. Як толькі Бэсік бесклапотна апусціў галаву, каб папюхаць мяса, Белы Клык злёгку натапырыўся. Нават зараз можна было вызваліцца з гэтага становішча. Калі б Бэсік стаяў з высока паднятай галавой, грозна пазіраючы на праціўніка, Белы Клык нарэшце ўцёк бы. Але ў ноздрах у Бэсіка стаяў пах свежага мяса, і прагнасць прымусіла яго схапіць костку.
Гэтага Белы Клык не здолеў сцярпець. Панаванне над таварышамі па запрэжцы на працягу некалькіх месяцаў было яшчэ свежым у яго памяці, і ён ужо не мог справіцца з сабой, гледзячы, як другі сабака пажырае мяса, якое належала яму. Як звычайна, ён кінуўся на Бэсіка, не даўшы таму апамятацца. Пасля першага ж укусу правае вуха Бэсіка павісла шматкамі. Раптоўнасць нападу ашаламіла яго. Але зараз жа ўслед за гэтым з такой жа раптоўнасцю адбыліся яшчэ больш змрочныя падзеі. Ен быў павалены; на шыі яго ззяла рана. Пакуль Бэсік спрабаваў зноў ускочыць на ногі, малады сабака двойчы ўпіўся яму зубамі ў плячо. Імклівасць нападу была сапраўды ашаламляючая. Бэсік зрабіў быў дарэмную спробу кінуцца на Белага Клыка, але зубы яго толькі раз’юшана ляснулі ў паветры. У наступную ж хвіліну нос у Бэсіка быў распаласаваны, і ён, хістаючыся, адступіў ад мяса.
Становішча спраў крута змянілася. Над косткай стаяў, пагрозна натапырыўшыся, Белы Клык, а Бэсік трымаўся воддаль, рыхтуючыся адступіць у любую хвіліну. Ён не асмельваўся ўступіць у бой з маладым, хуткім, як маланка, праціўнікам; і зноў, з яшчэ болыпай гораччу, Бэсік адчуў бяссілле старасці, якая набліжалася. Яго спроба захаваць годнасць была сапраўды гераічная. Спакойна павярнуўпіыся спіной да маладога сабакі і косткі, якая
ляжала на зямлі, як быццам тое і другое зусім не заслугоўвала ўвагі, ён адышоў прэч. I толькі тады, калі Белы Клык ужо не мог бачыць яго, Бэсік спыніўся і пачаў залізваць свае раны.
Пасля гэтага выпадку Белы Клык заганарыўся і зрабіўся яшчэ больш самаўпэўненым. Ён расхаджваў сярод дарослых сабак яшчэ смялей, зрабіўся не такім уступчывым. He тое, каб ён шукаў прычын для сваркі, — зусім не. Ен патрабаваў увагі да сябе. Ен адстойваў свае правы і ні ў чым не хацеў уступаць другім сабакам. 3 ім прыходзілася лічыцца, вось і ўсё. Ніхто не смеў пагардліва адносіцца да яго. Шчанюкі цураліся кампаніі з дарослымі сабакамі, уступалі ім дарогу, а часам былі вымушаны аддаваць ім сваю порцыю мяса. Але нетаварыскі, адзінокі, пануры, грозны Белы Клык, які ўсіх цураўся, быў прыняты, як роўны, у асяроддзе збітых з панталыку дарослых сабак. Яны хутка навучыліся пакідаць яго ў зграі, не абвяшчаючы яму варожасці і не робячы спроб завязаць з ім дружбу. А калі яны пакідалі Белага Клыка ў спакоі — ён плаціў ім тым жа, і пасля некалькіх сутычак сабакі пераканаліся, што такое становішча спраў задавальняе ўсіх як нельга лепш.
У сярэдзіне лета з Белым Клыком здарылася нечаканае. Прабягаючы сваім бясшумным трушком на канец пасёлка, каб абследаваць там новы вігвам, пабудаваны, пакуль ён хадзіў з індзейцамі на паляванне за ласём, ён наткнуўся на Кіч. Белы Клык спыніўся і паглядзеў на яе. Ен памятаў матку смутна, але ўсё ж памятаў, чаго нельга было сказаць пра Кіч. Грозна зарыкаўшы, яна вышчарыла на яго зубы, і Белы Клык успомніў усё. Успаміны аб забытым дзяцінстве і аб усім тым, аб чым гаварыў гэты рык, нахлынулі на яго. Да сустрэчы з багамі Кіч была для Белага Клыка цэнтрам сусвету. Старыя, знаёмыя пачуцці тых дзён вярнуліся і авалодалі ім. Узрадаваны Белы Клык скокнуў да маткі, яна сустрэла яго трапным ударам клыкоў, распароўшы яму скулу да самай косці. Белы Клык нічога не зразумеў; ён у замяшанні адступіўся назад, ашаломлены такім прыёмам.
Але Кіч была не вінаватая. Ваўчыцы забываюць сваіх ваўчанят, якім споўніўся год або больш як год. Таксама ж і Кіч забыла Белага Клыка. Ен быў для яе чужы, незнаёмы звер, і вывадак, якім яна абзавялася за гэты час, даваў ёй права незычліва адносіцца да ўмяшання старонніх.
Адзін з яе шчанюкоў падпоўз да Белага Клыка. Самі таго не ведаючы, яны даводзіліся адзін аднаму зводнымі братамі. Белы Клык з цікавасцю абнюхаў шчанюка, за што Кіч яшчэ раз наскочыла
на яго і распаласавала яму морду. Белы Клык адступіў яшчэ далей. Усе старыя ўспаміны, якія ўваскрэслі было ў ім, памерлі і ператварыліся ў прах. Ен глядзеў на Кіч, якая лізала свайго шчанюка і час ад часу паднімала галаву, каб зарыкаць. Кіч не мела ніякай цаны для Белага Клыка. Ён навучыўся абыходзіцца без яе і забыў, чым яна была дарагая яму. У яго свеце для Кіч ужо не было месца, таксама як і ў яе свеце не было месца для Белага Клыка.
Усе ўспаміны даўно зніклі з яго галавы, і ён стаяў збянтэжаны, ашаломлены ўсім, што здарылася, калі Кіч зноў пачала нападаць у трэці раз, каб прагнаіць яго прэч. I Белы Клык скарыўся. Кіч была самка, а па законе, устаноўленым яго пародай, самцы не павінны біцца з самкамі. Ен нічога не ведаў аб гэтым законе, ён зразумеў яго не на падставе жыццёвай практыкі, — гэты закон быў падказаны яму інстынктам, тым самым інстынктам, які прымушаў яго выць на месяц і на начныя зоркі, баяцца смерці і невядомасці.
Месяцы ішлі адзін за адным. Сілы ў Белага Клыка прыбаўляліся, ён рабіўся цяжэйшы, шырэйшы ў плячах, а характар яго развіваўся па тым шляху, які наперад вызначылі спадчыннасць і навакольнае асяроддзе. Белы Клык быў створаны з матэрыялу мяккага, як гліна. Гэты матэрыял хаваў у сабе шмат магчымасцей. Асяроддзе ляпіла з гэтай гліны ўсё, што яму хацелася, надаючы ёй любую форму. Так, калі б Белы Клык не пайшоў на агонь, раскладзены чалавекам, Лясная Глуш зрабіла б з яго сапраўднага ваўка. Але багі ўвялі яго ў другое асяроддзе, і з Белага Клыка атрымаўся сабака, у якім было многа воўчага, і ўсё ж гэта быў сабака, а не воўк.
I вось, пад уплывам навакольнага асяроддзя падатлівы матэрыял, з якога быў зроблены Белы Клык, набыў вельмі своеасаблівую форму. Гэта было немінуча.
Ён рабіўся ўсё больш пануры, злы, усё больш замыкаўся ў сабе; сабакі ж зразумелі, што з Белым Клыком лепш жыць у згодзе, чым быць у варожасці, а Шэры Бабёр з кожным днём усё больш і больш цаніў яго.
Тым не менш Белы Клык, не гледзячы на ўсю сваю сілу, цярпеў ад адной слабасці. Ён не любіў, калі з яго смяяліся.
Чалавечы смех здаваўся яму агідным. Людзі маглі смяяцца паміж сабой, але толькі не з яго, і ён не звяртаў на гэта ўвагі. Але калі яны смяяліся з Белага Клыка, ён пачынаў шалець. Сур’ёзны, заслугоўваючы вартасці сабака пачынаў шалець да недарэчнасці. Смех да такой ступені выводзіў яго з цярпення, што
некалькі гадзін запар ён быў у шаленстве, як д’ябал. I гора таму сабаку, які пападаўся Беламу Клыку ў гэты момант! Ён надта добра ведаў закон, каб спагнаць злосць на Шэрым Бабру, якому дапамагалі палка і розум, а ў сабак не было нічога, апрача адкрытай прасторы, якая і ратавала іх, калі на сцэне з’яўляўся Белы Клык, даведзены смехам да шаленства.
Калі яму пайшоў трэці год, сярод індзейцаў, якія жылі на рацэ Макензі, настаў страшны голад. Летам не лавілася рыба. Зімой алені адышлі са сваіх звычайных месцаў. Ласі трапляліся рэдка, трусы амаль зніклі, паляўнічыя і драпежныя жывёлы гінулі. Прагаладаўшыся, аслабеўшы ад недаядання, жывёлы пачалі пажыраць адзін аднаго. Выжывалі толькі моцныя. Багі, якіх ведаў Белы Клык, заўсёды жылі паляваннем. Старыя і слабыя памерлі з голаду. У пасёлку панаваў плач. Жанчыны і дзеці ўступалі сваю мізэрную долю схуднелым паляўнічым, якія хадзілі па лесе ў дарэмных пошуках дзічыны.
Голад давёў багоў да такой крайнасці, што яны елі макасіны і рукавіцы, зробленыя з сурамяціцы, а сабакі з’ядалі сваю вупраж і нават пугі. Апрача таго, сабакі елі адзін аднаго, а багі елі сабак. Спачатку з’елі самых слабых і менш каштоўных. Сабакі, якія засталіся ў жывых, бачылі ўсё гэта і разумелі, што іх чакае такі ж лёс. Тыя, хто быў смялейшы і разумнейшы, пакінулі агні, раскладзеныя чалавекам, каля якіх цяпер ішла бойня, і ўцякалі ў лес, дзе іх чакала галодная смерць або зубы ваўкоў.
У гэты цяжкі час Белы Клык таксама ўцёк у лес. Ен быў больш прыстасаваным да жыцця, чым іншыя сабакі, — ім кіравала школа, якую ён прайшоў яшчэ ў дзяцінстве. Асабліва ўмела выгледжваў ён маленькіх звяркоў. Ён мог гадзінамі сачыць за кожным рухам асцярожнай вавёркі і чакаць, калі яна адважыцца злезці з дрэва на зямлю. Пры гэтым ён меў такое велізарнае цярпенне, якое ні ў чым не ўступала яго голаду. Але нават і тады’ Белы Клык не спяшаўся. Ён чакаў да таго часу, пакуль можна было дзейнічаць без промаху, не баючыся, што вавёрка зноўуцячэ на дрэва.