Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Усё гэта прыносіла радасць Беламу Клыку. Калі адным сваім выглядам ён прымушае сабак кідацца ў бойку, тым лепш для яго і тым горш для іх саміх. Яны глядзелі на Белага Клыка як на сваю законную здабычу, і ён таксама адносіўся да іх.
Нездарма Белы Клык убачыў упершыню дзённае святло ў адзінотным логаве і ў першых жа сваіх бойках меў такіх праціўнікаў, як белая курапатка, ласка і рысь. I нездарма яго ранняе дзяцінства было засмучана варожасцю Ліп-Ліпа і ўсёй зграі маладых сабак. Калі б яго жыццё склалася інакш, — і ён сам быў бы іншым. He было б у пасёлку Ліп-Ліпа, Белы Клык правёў бы сваё дзяцінства сярод іншых шчанюкоў, быў бы больш падобны на сабаку і з большай цярплівасцю адносіўся б да сваіх суродзічаў. Калі б Шэры Бабёр быў мякчэйшы і дабрэйшы, ён здолеў бы абудзіць у Белым Клыку пачуццё прыхільнасці і любові. Але ўсё склалася інакш. Жыццё зрабіла Белага Клыка тым, кім ён зрабіўся цяпер, — пануры, замкнены, злосны звер, вораг сваёй пароды.
Раздзел другі Шалёны бог
Белых людзей у форце Юкон было нямнога. Усе яны лічыліся ў тутэйшых месцах старажыламі, называлі сябе «кіслым цестам» і вельмі ганарыліся гэтым. Да тых, хто прыязджаў сюды з іншых месцаў, старажылы адносіліся з пагардай. Людзі, якія сходзілі з парахода на бераг, былі навічкамі і называліся «чэчакос». Навічкі вельмі недалюблівалі сваю мянушку. Яны расчынялі цеста на содзе, і гэта праводзіла рэзкую грань паміж імі і старажыламі, якія пяклі свой хлеб на заквасцы, таму што соды ў іх не было.
Але ўсё гэта — між іншым. Жыхары форта з пагардай адносіліся да прыезджых і радаваліся ўсякі раз, калі ў тых здаралася якая-небудзь непрыемнасць. Асаблівую ўцеху прыносілі ім расправы Белага Клыка і яго бяспутнай зграі з чужымі сабакамі. Як толькі падыходзіў параход, старажылы форта спяшаліся на бераг, каб не празяваць пацехі. Яны загадзя радаваліся гэтай забаве не менш індзейскіх сабак, і, вядома, зараз жа ацанілі тую ролю, якую адыгрываў у гэтых бойках Белы Клык. Але сярод старажылаў быў адзін чалавек, якому гэтая забава прыносіла асаблівую прыемнасць. Пачуўшы сірэну парахода, ён з усіх ног кідаўся да берага; а калі бойка была скончана і зграя на чале з Белым Клыком разбягалася ў розныя бакі, чалавек гэты накіроўваўся назад у форт, усім сваім выглядам выказваючы глыбокі жаль. Часта, калі спеставаны паўднёвы сабака з перадсмяротным выццём валіўся на зямлю і гінуў, разрываемы на кавалачкі наляцеўшай на яго зграяй, чалавек не мог стрымацца і пачынаў скакаць на месцы, крычаць ад захаплення. I заўсёды пры гэтым ён з зайздрасцю пазіраў на Белага Клыка.
Старажылы форта празвалі гэтага чалавека Прыгажун. Ніхто не ведаў яго імя, і ў тутэйшых месцах ён быў вядомы як ГІрыгажун Сміт. Праўда, прыгожага ў ім было мала. Таму, напэўна, яму і далі такую мянушку. Ён быў на рэдкасць уродлівы. Прырода паскупілася для яго. Перш за ўсё, ён быў маленькага росту, а на яго шчуплым целе сядзела малюсенькая галава, якая звужалася угору. У дзяцінстве, яшчэ да таго як за ім замацавалася мянушка Прыгажун, равеснікі называлі Сміта Булавачнай Галоўкай.
Патыліца ў Прыгажуна была зусім плоская, а спераду чэрап пераходзіў у нізкі і вельмі шырокі лоб. Тут прырода схамянулася і шчодрай рукой пачала надзяляць Прыгажуна Сміта. Яго вялікія вочы былі так шырока расстаўлены, што паміж імі магла б
змясціцца яшчэ адна пара вачэй. У параўнанні з маленькім тулавам твар яго здаваўся велізарным. Каб як-небудзь запоўніць адно свабоднае месца, прырода надзяліла яго цяжкай сківіцай, якая выдавалася ўперад і амаль звісала на грудзі. Можа такое ўражанне стваралася толькі таму, што шыя ў Прыгажуна Сміта была надта тонкая для такой цяжкай ношы.
Ніжняя сківіца надавала яго твару выраз лютай рашучасці, але разам з тым у гэтай рашучасці чагосьці не хапала. Магчыма, што сківіца вельмі кідалася ў вочы. Магчыма, што вінавата ў гэтым была яе масіўнасць. Ва ўсякім выпадку, ніякай рашучасці ў характары Прыгажуна Сміта не было. Ен славіўся ўсюды як агідны, нікчэмны палахлівец. Для паўнаты карціны трэба яшчэ сказаць аб тым, што зубы ў яго былі доўгія і жоўтыя, а два зубы па баках рота выглядвалі з-пад тонкіх губ, як клыкі. Вочы ў яго былі мутна-жоўтага колеру, нібы ў прыроды раптам не хапіла фарбаў і яна саскрэбла для афарбоўкі вачэй усе рэшткі са сваёй палітры. Тое ж самае можна сказаць і пра рэдкія брудна-жоўтыя валасы, якія пасмамі тырчэлі ў яго на галаве і на твары, нагадваючы растрэсаны ветрам сноп саломы.
Карацей кажучы, Прыгажун Сміт быў вырадак, але вінаваціць у гэтым трэба было кагосьці іншага, а не яго самога. Такім зрабіла яго жыццё. Прыгажун Сміт гатаваў абед для жыхароў форта, мыў посуд і выконваў усякую іншую брудную работу. У форце да яго адносіліся цярпіма і нават глядзелі на яго досыць спачувальна, як на істоту, скалечаную жыццём. Апрача таго, Прыгажуна Сміта крыху баяліся. Ад такога злоснага баязліўца можна было атрымаць і кулю ў спіну і шклянку кавы з атрутай. Але ж каму-небудзь трэба гатаваць абед, а Прыгажун Сміт, не гледзячы на ўсе свае недахопы, ведаў сваю справу.
Такі быў чалавек, які захапляўся незвычайнай адвагай Белага Клыка і марыў заўладаць ім. Прыгажун Сміт пачаў паддобрывацца да Белага Клыка. Той не звяртаў на гэта ніякай увагі. Потым, калі заігрыванні гэтыя сталі больш настойлівыя, Белы Клык вышчарыў на Прыгажуна Сміта зубы, натапырваўся і ўцякаў. Гэты чалавек яму не падабаўся. Белы Клык чуў у ім нешта злоснае, палохаўся яго працягнутай рукі і наўмысна мяккага голасу і ненавідзеў яго.
Дабро і зло ўспрымаюцца простай істотай вельмі проста. Дабро ёсць усё тое, што спыняе боль, што нясе з сабой волю і задавальненне. Таму дабро — прыемнае. Зло ж ненавіснае таму, што яно прыносіць трывогу, небяспеку, пакуты. Несвядома, нейкім невыразным, невядомым яму самому шостым пачуццём
Белы Клык угадваў, што гэты чалавек тоіць у сабе зло, пагражае гібеллю і што яго трэба ненавідзець.
Белы Клык быў дома, калі Прыгажун Сміт упершыню зайшоў у палатку да Шэрага Бабра. Яшчэ задоўга да яго з’яўлення, па аднаму гуку крокаў, Белы Клык ведаў, хто ідзе да іх, і натапырыўся. Ён ляжаў, вельмі добра прыладзіўшыся, але зараз жа падняўся, як толькі чалавек увайшоў у палатку, і паціхеньку, як сапраўдны воўк, уцёк на другі канец лагера. Белы Клык не ведаў, аб чым ішла гаворка, але бачыў, што Шэры Бабёр размаўляў з гэтым чалавекам. У часе гутаркі Прыгажун Сміт паказаў на Белага Клыка пальцам, і той зарыкаў, нібы рука чалавека была не на адлегласці пяцідзесяці футаў ад яго, а апускалася яму на спіну. Прыгажун Сміт зарагатаў, і Белы Клык вырашыў схавацца ў лесе. Уцякаючы, ён усё азіраўся назад на людзей, якія размаўлялі.
Шэры Бабёр не хацеў прадаваць сабаку. Ён разбагацеў, дзякуючы гандлю, і ні ў чым не меў патрэбы. Апрача таго, ён ведаў цану Беламу Клыку, — лепшага ездавога сабакі і лепшага важака ў яго ніколі не было. Другога такога сабаку ні на Макензі, ні на Юконе не знойдзеш. Белы Клык майстар біцца. Разарваць сабаку яму вельмі лёгка, — усё роўна, што чалавеку камара раздушыць. (Вочы ў Прыгажуна Сміта заблішчэлі пры гэтых словах, і ён з прагнасцю аблізаў свае тонкія губы.) He, Шэры Бабёр не прадасць ні за якія грошы Белага Клыка.
Але Прыгажун Сміт добра ведаў індзейцаў. Ён пачаў часта наведваць Шэрага Бабра і кожны раз прыносіў за пазухай цёмную бутэльку. Віскі мае адну магутную ўласцівасць — яно ўзбуджае прагнасць. I гэтая прагнасць з’явілася ў Шэрага Бабра. Яго запалёныя нутранасці і апечаны страўнік патрабавалі ўсё больш і болып гэтай пякучай вадкасці і, ачумеўшы ад яе, Шэры Бабёр гатоў быў на што хочаце, толькі б раздабыць гэты рэдкі напітак. Грошы, набытыя ад продажу футры, рукавіц і макасін, пачалі таяць. Іх рабілася ўсё менш і менш, і чым больш пусцеў мяшок, у якім яны захоўваліся ў Шэрага Бабра, тым ён рабіўся болып трывожным.
Нарэшце, усё знікла — і грошы, і тавары, і спакой. У Шэрага Бабра засталася толькі адна прагнасць, страшэнная прагнасць, якая расла з кожнай хвілінай. I тады Прыгажун Сміт зноў пачаў гутарку аб продажы Белага Клыка; але на гэты раз цана вызначалася ўжо не далярамі, а бутэлькамі віскі, і Шэры Бабёр прыслухаўся да прапановы больш уважліва.
—	Здолееш злавіць — сабака твой, — было яго апошняе слова.
Бутэлькі перайшлі да прадаўца, але праз два дні Прыгажун Сміт сказаў Шэраму Бабру:
—	Злаві сабаку.
Вярнуўшыся аднаго разу ўвечары дамоў, Белы Клык з палёгкай уздыхнуў і лёг каля палаткі. Страшнага белага бога не было. За апошнія дні ён усё болып і больш чапляўся за Белага Клыка, і той палічыў за лепшае на гэты час пакінуць лагер. Ен не ведаў, якую небяспеку тояць у сабе рукі гэтага чалавека. Але ён адчуваў нешта нядобрае і вырашыў трымацца як мага далей.
Як толькі Белы Клык улёгся, Шэры Бабёр, хістаючыся, падышоў да яго і абвязаў рэмень вакол яго шыі. Затым сеў побач з Белым Клыком, трымаючы ў адной руцэ канец рэменя, а ў другой — бутэльку, да якой ён увесь час прыкладваўся. Праз гадзіну пачуліся крокі. Белы Клык, здагадаўшыся, хто ідзе, увесь натапырыўся, а Шэры Бабёр усё яшчэ сядзеў і кляваў носам. Белы Клык асцярожна пацягнуў рэмень з рук гаспадара, але аслабелыя пальцы сціснуліся мацней, і Шэры Бабёр прачнуўся. Прыгажун Сміт падышоў да палаткі і спыніўся ля Белага Клыка. Той глуха зарыкаў на гэтую страшную істоту не зводзячы вачэй з яго рук. Адна рука выцягнулася ўперад і пачала апускацца над яго галавой. Белы Клык зароў грамчэй. Рука павольна апускалася, а Белы Клык, злосна гледзячы на яе і задыхаючыся ад раз’юшанага рыку, усё ніжэй і ніжэй прыпадаў да зямлі. Праз момант клыкі яго заблішчэлі, як у змяі. Рука адскочыла, і зубы з рэзкім металічным гукам ляснулі ў паветры. Прыгажун Сміт спалохаўся і прыйшоў у шаленства. Шэры Бабёр ударыў Белага Клыка па галаве, і той пакорліва прытуліўся да яго ног.
Белы Клык сачыў за кожным рухам людзей. Ен убачыў, што Прыгажун Сміт пайшоў і хутка вярнуўся з вялікай палкай у руках. Шэры Бабёр перадаў яму рэмень. Прыгажун Сміт зрабіў крок уперад. Рэмень нацягнуўся. Белы Клык усё яшчэ ляжаў. Шэры Бабёр ударыў яго некалькі разоў, каб падняць з месца. Белы Клык скокнуў на чужога чалавека, які хацеў забраць яго з сабой. Прыгажун Сміт не адскочыў убок. Ен чакаў гэтага нападу і ўдарам палкі паваліў Белага Клыка на зямлю, спыніўшы яго скачок на паўдарозе. Шэры Бабёр зарагатаў і ўхвальна заківаў галавой. Прыгажун Сміт зноў пацягнуў за рэмень, і Белы Клык, аглушаны ўдарам, ледзь падпоўз да яго ног. Ен не паўтарыў свайго скачка. Аднаго такога ўдару хапіла, каб пераканаць яго, што белы бог умее дзейнічаць палкай. Белы Клык быў надта разумны і бачыў усю дарэмнасць барацьбы з немінучасцю. Падагнуўшы хвост і не перастаючы глуха раўці, ён пацягнуўся за Прыгажуном Смітам, які не зводзіў з яго вачэй і трымаў напагатове палку.