Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
У канцы дарожкі была Сядзіба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.
— Браты Львінае Сэрца, — прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.
— Добра, Сухарык. Ці ж тут не цудоўна?
Стары белы і невялікі дом з зялёным плотам і зялёнымі дзвярамі, ды і наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то
тут можна было ўбачыць маргарыткі. Побач, усыпаныя кветкамі, стаялі бэз і вішнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялікая шэрая сцяна з ружовымі кветкамі на ёй. Вы маглі б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзібе вы адчуваеце, што знаходзіцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былі два будынкі, дакладней, не зусім адзін, хаця другі быў хутчэй за ўсё стайняй ці нечым падобным. Яны стаялі пад вуглом адзін да аднаго; у тым месцы, дзе будынкі сыходзіліся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. I тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так і хацелася прысесці на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папіць соку.
—	Мне тут падабаецца, — сказаў я Джанатану, — тут гэтак жа добра, як дома.
—	Заходзь і паглядзі, — запрасіў Джанатан. Ён ужо стаяў каля дзвярэй і збіраўся зайсці, калі пачулася ціхае ржанне, так-так, сапраўднае конскае ржанне. Тады Джанатан прапанаваў: — Але давай спачатку агледзім стайню.
Ён зайшоў у той, другі будынак, і я пабег за ім. Гэта сапраўды была стайня, сапраўдная стайня, якой я яе ўяўляў і дзе стаяла пара прыгожых гнядых коней; яны павярнулі да нас галовы і заржалі, як толькі мы ўвайшлі.
—	Вось гэта Грым і Ф’ялар, — сказаў Джанатан. — Здагадайся, які з іх твой.
—	Ды ну цябе, — сказаў я. — He спрабуй пераконваць мяне, што адзін з гэтых коней мой. Я проста не веру ў гэта.
Але Джанатан адказаў, што ў Наджыяле ніхто не абыходзіцца без каня.
—	Ты проста нікуды не зможаш дабрацца без каня. Разумееш, Сухарык, мне часам даводзіцца выпраўляцца ў няблізкі шлях.
Гэта была, відаць, адна з самых прыемных рэчаў, якую я калінебудзь чуў: у Наджыяле я павінен мець каня, а я так люблю коней! Уявіце сабе, якія ў іх мяккія пысы. He думаю, каб штосьці ў свеце было такое ж мяккае, як пыса ў каня.
Гэтая пара коней была вельмі прыгожая. У Ф’ялара на лбе — белая зорачка, што і адрознівала яго ад другога.
—	Ну, значыць, Грым, відаць, мой, — сказаў я пасля таго, як Джанатан папрасіў мяне адгадаць, які з коней належаў мне.
— He, ты не ўгадаў, — сказаў Джанатан. — Твой конь — Ф’ялар.
Я дазволіў, каб Ф’ялар пяшчотна дакрануўся да мяне, і ў гэты момант я зусім яго не баяўся. Я палюбіў яго адразу, і мне здаецца, што я яму таксама спадабаўся.
— У нас ёсць і трусы, — паведаміў Джанатан. — Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на іх пазней.
Ці можна было і думаць пра гэта!
— Я павінен бачыць іх зараз жа, — усклікнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.
Я хутка абышоў стайню і там, у клетцы, убачыў трусікаў, якія частаваліся свежым лісцем.
— Якія смешныя, — сказаў я потым Джанатану. — Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалі.
— Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.
На самай справе ўсё было так, як ён мне расказваў, калі мы сядзелі разам на маім ложку дома на кухні. Цяпер я ўжо зусім пераканаўся, што ўсё менавіта так, усё праўда, і ад гэтага мне рабілася яшчэ больш прыемна.
Ёсць рэчы, якія ніколі не забываюцца. Я ніколі-ніколі не забуду першы вечар у Сядзібе Рыцараў. Якое гэта задавальненне быць побач з Джанатанам, размаўляць з ім, як і раней. Цяпер мы зноў жылі ў кухні, як дома ў горадзе, але гэта кухня зусім не была падобна на тую. Пэўна, кухня ў Сядзібе Рыцараў вельмі старая, з тоўстымі бэлькамі пад столлю і з вялізным камінам. Што гэта за камін! Ен займаў палову сцяны, і калі б вы хацелі прыгатаваць ежу, то давялося б гатаваць непасрэдна над агнём, як гэта рабілі ў старыя часы. Сярод пакоя стаяў самы моцны стол, які я калі-небудзь бачыў у сваім жыцці, з доўгімі драўлянымі лаўкамі з кожнага боку, і я падлічыў, што вельмі многа людзей магло б сядзець адначасова за гэтым сталом.
— Мы з табой будзем жыць у кухні, як і раней, — сказаў Джанатан. — А мама, калі прыйдзе сюды, зможа заняць пакой наверсе.
Кухня і пакой — вось што ўяўляла сабой Сядзіба Рыцараў. Але да большага мы не прывыклі, ды большага нам і не трэба было. А тут усяго было амаль у два разы больш, чым дома.
Дома! Я расказаў Джанатану пра запіску, якую пакінуў маме на кухні.
— Я напісаў ёй, што мы сустрэнемся ў Наджыяле. Толькі хто ведае, калі яна прыйдзе.
— Калі-небудзь гэта здарыцца, — сказаў брат. — I маме патрэбен будзе прасторны пакой для дзесяці швейных машын, калі яна захоча іх паставіць.
Угадайце, што мне падабаецца больш за ўсё? Я люблю палежваць у старой кухні, размаўляючы з Джанатанам, калі водбліскі
полымя з каміна, гуляючы, адбіваюцца на сценах, выглядваць з акна і бачыць галінку вішні, якая пагойдваецца ад вячэрняга ветрыку. Потым агонь меншае і меншае — да таго моманту, пакуль не застануцца толькі вугольчыкі; цені на вуголлі цямнеюць, і ўсё вакол робіцца яшчэ больш сонным, а я ляжу і не кашляю. Джанатан расказвае мне розныя цікавыя гісторыі — расказвае, расказвае, расказвае, пакуль голас ягоны не ператвараецца для мяне ў шэпт, і я нарэшце засынаю. Вось гэта і ёсць тое, што мне найболып падабалася ў Сядзібе Рыцараў. Такое было са мной упершыню, таму я ніколі гэтага не забуду.
Назаўтра раніцай мы паехалі вярхом на конях. Праўда-праўда, я ўмеў ехаць на кані вярхом, хаця ўпершыню ў сваім жыцці апынуўся ў сядле. Проста не разумею, чаму ў Наджыяле ўсё ў мяне атрымліваецца і я ўмею рабіць усё? Я скакаў галопам так, нібы нічым іншым ніколі не займаўся.
А вы паглядзелі б, як ездзіць на кані Джанатан! Жанчына, якая Джанатана называла прынцам з легенды, калі б яна апынулася тут і пабачыла Джанатана на кані, пэўна, сказала б, што ўбачыла такога прынца, якога ніколі не забудзе! О, калі ён перайшоў на галоп і быццам пераляцеў цераз рэчку, а яго валасы заструменіліся вакол галавы, сапраўды можна было паверыць, што ён — прынц з сагі. Ды і апрануты ён быў амаль як прынц, ці, хутчэй, як рыцар. Справа ў тым, што ў Сядзібе Рыцараў быў вельмі багаты выбар адзення. He ведаю, адкуль яно паявілася, але ўсё такое, не падобнае на тое, што мы носім. Сёе-тое знайшлося і для мяне, і я з задавальненнем выкінуў свае старыя рызманы, якія больш і бачыць не хацелася. Джанатан растлумачыў, што мы павінны апранацца так, каб адпавядаць часу, у якім мы жывем, інакш жыхары Вішнёвай Даліны падумаюць, што мы нейкія дзівакі. Час легенд і вячэрніх вогнішчаў... Ці ж гэта не тое, пра што мне тады расказваў Джанатан? Аднойчы, калі мы ехалі вярхом нашай цудоўнай далінай, я запытаўся ў брата:
— Тут, напэўна, вельмі стары час?
— Можна і так разумець, вядома. Гэта сапраўды стары час. Але можна сказаць, што для нас — гэта новы час.
Ён на нейкі момант задумаўся.
— Так, іменна новы. Малады, здаровы, добры час, у якім нам так лёгка жывецца.
Але яго вочы раптам чамусьці пацямнелі.
— Прынамсі, тут, у Вішнёвай Даліне.
— А што, у другіх месцах па-іншаму?
Джанатан адказаў, што ў іншых месцах можа быць па-рознаму. Але якое ўсё-такі шчасце, што мы трапілі менавіта сюды. Тут, як сказаў Джанатан, жыццё лёгкае і простае. Больш простым і лёгкім яно не можа быць. Перш-наперш цябе праз акенца будзіць сонейка, ты прачынаешся ў сваёй кухні і чуеш птушак, якія шчасліва шчабечуць у кронах дрэў, і ты бачыш Джанатана: ён спакойна гатуе малако і кроіць хлеб для цябе, а калі сняданне закончана, ты выходзіш, корміш трусоў і чысціш свайго каня. Потым сядлаеш яго, выязджаеш, а на траве ззяе і пераліваецца раса, пчолы і чмялі гудуць у вішнёвай квецені, твой конь пераходзіць у галоп, і ты не баішся, што ўсё гэта раптам скончыцца, як можа раптам скончыцца любая забава. Але толькі не ў Наджыяле! Толькі не ў Вішнёвай Даліне!
Мы скакалі па лузе туды і назад, уздоўж рэчкі. Потым убачылі ранішні дымок над вёскай у даліне, а потым і саму вёску з яе старымі дамамі і фермамі. Мы чулі, як кукарэкалі пеўні, брахалі сабакі, бляялі авечкі і козы: усё гэта было гукамі раніцы, якая толькі пачыналася.
Насустрач нам ішла жанчына, не старая і не маладая сялянка, з цёмным абветраным тварам — ад работы ў полі ў любое надвор’е. Яна была апранута старамодна, так, як апраналіся ў сагах.
— О, Джанатан, твой брат нарэшце прыйшоў? — сказала яна, па-сяброўску ўсміхаючыся.
— Ага, ён толькі прыйшоў, — адказаў Джанатан, і можна было адчуць, што ён быў рады гэтай падзеі. — Сухарык, гэта — Сафія.
Сафія кіўнула галавой.
— Але, Сафія, — сказала яна. — Рада пазнаёміцца з табой. Цяпер вы можаце ўзяць кашолку самі.
Джанатан узяў у яе кашолку так, быццам рабіў гэта заўсёды, але я не павінен быў ні аб чым пытацца.
— Ты возьмеш сёння вечарам брата ў «Залаты Пеўнік», каб усе маглі з ім пазнаёміцца? — спытала Сафія.
Джанатан паабяцаў узяць, потым мы развіталіся і паехалі дадому. Я спытаў у Джанатана, што такое «Залаты Пеўнік».
— Заезны дом «Залаты Пеўнік», — адказаў Джанатан. — Гэта там, у вёсцы, дзе мы збіраліся пагаварыць аб тым, аб чым трэба пагаварыць.
Я падумаў, што будзе вельмі цікава пайсці з ім вечарам у «Залаты Пеўнік» і паглядзець, што за людзі жывуць у Вішнёвай
Даліне. Мне хацелася ведаць усё пра Вішнёвую Даліну ў Наджыяле. Я хацеў пераканацца, ці ўсё там на самай справе так, як пра гэта некалі расказваў Джанатан. Раптам я ўспомніў яго апавяданні і спытаў:
— Паслухай, ты казаў, што ў Наджыяле ў нас будуць прыгоды з раніцы да вечара і нават ноччу, памятаеш? Але тут так спакойна і наогул ніякіх прыгод.
Джанатан засмяяўся.
— He забывай, дурненькі, ты прыбыў сюды толькі ўчора, у цябе ж ледзь было часу агледзецца. He турбуйся, будзе дастаткова часу для прыгод.
Настроіўшыся на прыгоды, я сказаў, што тут і так усё, як у прыгодах: і Сядзіба Рыцараў, і нашы коні, і трусы, і ўсё іншае, і што мне іншых прыгод не трэба. Аднак Джанатан паглядзеў неяк дзіўна, быццам шкадуючы мяне, і сказаў:
— Каб ты ведаў, Сухарык, тут усё так, як гэта павінна быць для цябе. Але тут бываюць прыгоды, якіх лепш, каб не было.
Калі мы вярнуліся дадому, Джанатан распакаваў кашолку на кухонным стале. Там былі бохан хлеба, бутэлька малака, невялікі слоік з мёдам і чатыры блінцы.