Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Ах, каб на цябе чорт!
Гэтыя словы вырваліся ў Мэта. Ён вышаў на ганак з закасанымі рукавамі, несучы ў руках таз з бруднай вадой, і, збіраючыся выплеснуць яе на зямлю, спыніўся, убачыўшы, як Уідан Скот лашчыць Белага Клыка.
Пры першых жа гуках яго голасу Белы Клык адскочыў назад і раз’юшана зарыкаў на паганятага.
3 пачуццём жалю Мэт паглядзеў на гаспадара.
—	Выбачайце, містэр Скот, але я бачу, у вас сядзяць па меншай меры сямнаццаць дурняў, і кожны арудуе на свой лад.
Уідан Скот усміхнуўся з выглядам перавагі, устаў і падышоў да Белага Клыка. Ён ласкава загаварыў з ім, але на гэты раз хутка замоўк, затым павольна працягнуў руку, дакрануўся да сабакі і зноў пачаў гладзіць яго па галаве. Белы Клык цярпліва зносіў дакрананне, утаропіўшы вочы не на таго, хто лашчыў яго, а на Мэта, які стаяў у дзвярах дома.
—	Можа быць, вы і першакласны інжынер, містэр Скот, — сказаў паганяты, — але я лічу, што вы шмат упусцілі ў жыцці: вам бы належала ў дзяцінстве з цыркам уцячы.
Белы Клык зарыкаў, пачуўшы голас Мэта, але ўжо не адскочыў ад рукі, якая ласкава гладзіла яго галаву і шыю.
I гэта было пачаткам канца ранейшага жыцця, канца панавання нянавісці. Для Белага Клыка пачыналася новае, прыгожае жыццё. Каб закончыць пачатую справу, Уідану Скоту трэба было прыкласці шмат розуму і цярпення, а Белы Клык павінен быў перамагчы загады інстынкту, пайсці наперакор уласнаму вопыту, адмовіцца ад усяго, чаму навучыла яго жыццё.
Жыццё, пражытае Белым Клыком, не толькі не ўмяшчала ўсяго новага, аб чым ён даведаўся цяпер, але ішло наперакор
гэтай навізне. Карацей кажучы, ад Белага Клыка патрабавалася невымерна большае ўменне разбірацца ў навакольнай абстаноўцы, чым тое, з якім ён прыйшоў з Лясной Глушы і добраахвотна падпарадкаваўся ўладзе Шэрага Бабра. У той час ён быў ўсяго толькі шчанюком, яшчэ не аформленым канчаткова, гатовым зрабіцца ўсім, чым хочаце, у залежнасці ад акалічнасцей. Але цяпер усё пайшло інакш. Жыццё апрацавала Белага Клыка надта старанна, зрабіла з яго бязлітаснага лютага, неўтаймаванага Баявога Ваўка, які нікога не любіў і не карыстаўся нічыёй любоўю. Перарадзіцца — азначала адкінуць усё, да чаго Белы Клык паспеў прызвычаіцца, і гэта патрабавалася ад яго цяпер, калі маладосць была ў мінулым, калі гібкасць была страчана і мяккая тканіна яго істоты набыла нязломную цвёрдасць, дух зрабіўся непадатлівым, як жалеза, а інстынкт выпрацаваў асцярожнасць, раз і назаўсёды ўстаноўленыя правілы паводзін, антыпатыі і жаданні.
Незвычайная абстаноўка, у якой апынуўся Белы Клык, зноў узяла яго ў апрацоўку. Яна змякчала ў ім разлютаванасць, ляпіла з яго новую, больш прыгожую форму. Па сутнасці кажучы, усё залежала ад Уідана Скота. Ён дабраўся да самых глыбінь натуры Белага Клыка і ласкай выклікаў да жыцця ўсе тыя пачуцці, якія драмалі і ўжо напалову заглухлі ў ім. Так Белы Клык даведаўся, што такое любоў. Яна саступіла месца прыхільнасці — самаму цёпламу пачуццю, даступнаму Беламу Клыку ў зносінах з багамі.
Але любоў не можа прыйсці ў адзін дзень. Узнікшы з прыхільнасці, яна развівалася вельмі павольна. Беламу Клыку падабаўся яго нанава здабыты бог, і ён не ўцякаў ад яго, хоць увесь час быў на волі. Жыць у новага бога было непараўнана лепш, чым у клетцы ў Прыгажуна Сміта, апрача таго, Белы Клык не мог абыйсціся без бажаства. Адчуваць над сабой уладу чалавека зрабілася для Белага Клыка неабходнасцю. Адбітак залежнасці ад чалавека застаўся на Белым Клыку з тых далёкіх дзён, калі ён пакінуў Лясную Глуш і падпоўз да ног Шэрага Бабра, пакорліва чакаючы пабояў. Гэты незабыўны адбітак зноў быў пакладзены на яго, калі ён у другі раз вярнуўся з Лясной Глушы пасля галадоўкі і адчуў пах рыбы ў пасёлку Шэрага Бабра.
Белы Клык застаўся, таму што ён не мог абыходзіцца без бажаства, а Уідан Скот быў лепшы за Прыгажуна Сміта. У адзнаку адданасці ён узяў на сябе абавязацельства пільнаваць дабро гаспадара. Ён блукаў вакол дома, калі астатнія сабакі ўжо спалі, і першаму ж спозненаму госцю Скота прыйшлося адбівацца ад яго палкай да таго часу, пакуль яго не выратаваў сам гаспадар.
Але Белы Клык неўзабаве навучыўся адрозніваць злодзеяў ад сумленных людзей, зразумеў, як многа значыць хада і паводзіны. Чалавека, які, моцна стукаючы нагамі, ішоў прама да дзвярэй, ён не чапаў, хоць і не спыняў пільна сачыць за ім, пакуль дзверы не адчыняліся і надзейнасць наведвальніка не атрымлівала пацвярджэння з боку гаспадара. Але чалавек, які прабіраўся, крадучыся, акружнымі шляхамі, стараючыся не папасціся на вочы, — гэты чалавек не ведаў літасці ад Белага Клыка і паспешна ўцякаў.
Уідан Скот узяў на сябе задачу ўзнагародзіць Белага Клыка за ўсё тое, што яму давялося перанесці. Гэта зрабілася для яго справай прынцыпу, справай сумлення. Ен адчуваў, што людзі засталіся ў даўгу перад Белым Клыком і доўг гэты трэба выплаціць. I таму Скот стараўся выказаць да Белага Клыка як мага болып пяшчотнасці. Ён узяў сабе за правіла штодзённа і доўга лашчыць і гладзіць Белага Клыка.
На першы час гэтая ласка выклікала ў Белага Клыка адны толькі падазрэнні варожасці, але паступова ён пачаў знаходзіць у ёй прыемнасць. I ўсё ж ад адной сваёй прывычкі Белы Клык ніяк не мог адвыкнуць. Як толькі рука чалавека дакраналася да яго, ён пачынаў бурчаць і не сціхаў да таго часу пакуль Скот не пакідаў яго ў спакоі. Але ў гэтым бурчанні з’явіліся ўжо новыя ноткі. Старонні не пачуў бы іх, для яго бурчанне Белага Клыка заставалася б па-ранейшаму выражэннем першабытнай дзікасці, ад якой у чалавека кроў стыне ў жылах. За доўгія гады жыцця, пачынаючы з тых ранніх дзён у логаве, калі першыя прыступы лютасці авалодвалі ваўчанём, горла Белага Клыка агрубела ад рыку, і ён ужо не мог выказаць інакш свае пачуцці. Тым не менш чулае вуха Уідана Скота адрознівала ў злосным бурчанні Белага Клыка новыя ноткі, якія толькі аднаму яму ледзь чутна гаварылі пра тое, што сабака адчувае прыемнасць.
Час ішоў і любоў, што ўзнікла з прыхільнасці, усё мацнела і мацнела. Белы Клык сам пачаў адчуваць гэта, хоць і несвядома. Любоў прынесла з сабой боль і трывогу, якія сціхалі толькі ад дакранання рукі новага бога. У гэтыя хвіліны любоў рабілася радасцю — неўтаймаванай радасцю, якая пранізвала ўсю істоту Белага Клыка. Але як толькі бог адыходзіў, боль і трывога варочаліся, Белага Клыка зноў ахоплівала адчуванне пустаты, якая прагна патрабавала запаўнення.
Белы Клык патроху знаходзіў самога сябе. Нягледзячы на свае сталыя гады, на суровую лютасць формы, у якую ён быў выліты Прыродай, у характары яго ўзнікалі ўсё новыя і новыя
рысы. У ім зараджаліся непрывычныя пачуцці і пабуджэнні. Белы Клык трымаў сябе зусім інакш. Раней ён ненавідзеў нязручнасць і боль і ўсяляк стараўся ўнікаць іх. Цяпер усё было інакш. Дзеля новага бога Белы Клык часта цярпеў нязручнасць і боль. Так, напрыклад, раніцай замест таго, каб блукаць у пошуках ежы або ляжаць дзе-небудзь у зацішным кутку, ён праводзіў цэлыя гадзіны ля ганку, чакаючы з’яўлення Скота. Уначы, калі той вяртаўся дамоў, Белы Клык пакідаў цёплую нару, выкапаную ў гурбе, дзеля таго, каб адчуць прыязнае дакрананне пальцаў бога, пачуць ад яго прыветныя словы. Ён забываў пра яду, — нават пра яду! — толькі б пабыць каля бога, атрымаць ад яго ласку або накіравацца разам з ім у горад.
Але Белы Клык не ўмеў выказваць сваіх пачуццяў. Ён быў ужо не малады і надта суровы для гэтага. Пастаяннае адзіноцтва выпрацавала ў ім вялікую ўраўнаважанасць характару. Яго панурая стрыманасць і замкнёнасць з’явіліся вынікам доўгага вопыту. Ен ніколі не брахаў за ўсё сваё жыццё, і ўжо не мог навучыцца вітаць свайго бога брэхам. Ён ніколі не лез яму на вочы, не мітусіўся і не скакаў, каб даказаць сваю любоў; ніколі не кідаўся насустрач, а чакаў у баку, але чакаў заўсёды. Любоў яго межавалася з нямым, маўклівым абажаннем. Толькі ўважлівы позірк яго вачэй, што сачылі за кожным рухам Скота, выдаваў пачуццё Белага Клыка. Калі ж бог глядзеў у яго бок і загаворваў з ім, Белы Клык бянтэжыўся, не ведаючы, як выказаць любоў, што ахоплівала ўсю яго істоту.
Белы Клык пачынаў прыстасоўвацца да новага жыцця. Ён зразумеў, што сабак гаспадара чапаць нельга. Але яго ўладны характар заяўляў аб сабе, і сабакам давялося пераканацца на справе ў перавазе Белага Клыка. Прызнаўшы яго ўладу над сабой, сабакі ўжо не прыносілі яму клопатаў. Варта было Беламу Клыку з’явіцца сярод зграі, як сабакі ўступалі яму дарогу і пакараліся яго волі.
Таксама ж ён прывык і да Мэта, як да ўласнасці гаспадара. Уідан Скот вельмі рэдка карміў Белага Клыка; гэты абавязак ускладаўся на Мэта, але Белы Клык разумеў, што ежа, якую ён есць, належыць гаспадару, які даручыў Мэту карміць яго. Той жа самы Мэт паспрабаваў неяк запрэгчы яго ў сані разам з іншымі сабакамі. Але гэтая спроба пацярпела няўдачу, і Белы Клык здагадаўся, у чым справа, толькі тады, калі Уідан Скот сам надзеў на яго вупраж і сам павёў сані. Белы Клык зразумеў: гаспадар хоча, каб Мэт кіраваў ім таксама, як і іншымі сабакамі.
У кландайскіх санях, у адрозненне ад тых, на якіх ездзяць на Макензі, ёсць палазы. Спосаб запрэжкі тут таксама зусім іншы. Сабакі бягуць гуськом у падвойных пастронках, а не разыходзяц-
ца веерам. I тут, на Кландайку, важак сапраўды з’яўляецца важаком. На першае месца выбіраюць самага кемлівага і самага дужага сабаку, якога баіцца і слухаецца ўся запрэжка. Як і належала чакаць, Белы Клык неўзабаве дабіўся гэтага месца. ГІасля многіх клопатаў Мэт зразумеў, што на меншае той не згодзіцца. Белы Клык сам выбраў гэтае месца, і Мэт, не саромячыся ў выразах, пацвердзіў правільнасць яго выбару пасля першай жа спробы. Бегаючы цэлы дзень у запрэжцы, Белы Клык не забываў і пра тое, што ўначы трэба пільнаваць гаспадарскае дабро. Такім чынам, ён верай і праўдай служыў Скоту, у якога ва ўсёй запрэжцы не было больш каштоўнага сабакі, чым Белы Клык.
— Калі ўжо вы дазволіце мне сказаць сваю думку, — загаварыў неяк Мэт, — то паведамлю вам, што з вашага боку было вельмі разумна даць за гэтага сабаку паўтараста долараў. Спрытна вы абдурылі Прыгажуна Сміта, ужо не кажучы пра тое, што і па фізіяноміі яму заехалі.
Шэрыя вочы Уідана зноў запалалі гневам, і ён сярдзіта прамармытаў: «Быдла».