Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
А затым Джым Хол знік. Сабакі дарэмна рыскалі па яго слядах. Узброеныя людзі затрымлівалі ні ў чым невінаватых фермераў, якія пападаліся далёка ў глыбіні краіны, і прымушалі іх засведчыць сваю асобу. А тыя, хто прагнуў атрымаць выкуп за галаву Хола, дзясяткі разоў знаходзілі ў гарах яго астанкі.
Увесь гэты час газеты чыталіся ў Сіера-Вісце не столькі з цікаўнасцю сколькі з трывогай. Жанчыны былі перапалоханы. Суддзя Скот храбрыўся і жартаваў над імі, не маючы на гэта ніякіх падстаў, таму што незадоўга да таго, як ён выйшаў у адстаўку, Джым Хол стаяў перад ім у судзе і выслухаў ад яго свой прыгавор. I там жа, у зале суда, перад усёй публікай Джым Хол заявіў, што надыйдзе дзень, калі ён адпомсціць суддзі, што вынес гэты прыгавор.
На гэты раз Джым Хол казаў праўду. Ён не быў вінаваты ў тым злачынстве, за якое яго асудзілі. У зладзейскім свеце і сярод паліцэйскіх гэта называлася «пракаціцца па чыгунцы». Джым Хол «пракаціўся» ў турму за злачынства, якое ён не зрабіў. Прыняўшы пад увагу той факт, што Джым Хол ужо быў асуджаны двойчы, суддзя Скот даў яму пяцьдзясят год турэмнага зняволення.
Суддзя Скот многага не ведаў, не падазраваў ён і таго, што зрабіўся супольнікам змовы паліцэйскіх, што паказанні былі падстроеныя і скажоныя, што Джым Хол не меў дачынення да злачынства. А Джым Хол са свайго боку не ведаў, што суддзя Скот дзейнічаў па няведанню. Джым Хол быў упэўнены, што суддзя Скот усё гэта вельмі добра ведае і, выносячы гэты страшэнны па сваёй несправядлівасці прыгавор, дзейнічае заадно з паліцыяй. I таму, калі суддзя Скот абвясціў прыгавор, што асуджаў Джыма Хола на пяцьдзясят год жыцця, якое мала чым адрозніваецца ад смерці, Джым Хол, які быў насычаны нянавісцю да ўсяго свету, што так жорстка абышоўся з ім, ускочыў са свайго месца і шалеў ад ярасці да таго часу, пакуль з паўтузіны яго ворагаў, апранутых у сінія мундзіры, не павалілі яго на падлогу. Ен лічыў суддзю Скота коранем зла, галоўным віноўнікам несправядлівасці, спаганяў на ім сваю лютасць і пагражаў помстай. А затым Джыма Хола пасадзілі ў камеру, якая мала чым адрозніваецца ад магілы... і ён уцёк адтуль.
Аб усім гэтым Белы Клык нічога не ведаў. Але паміж ім і жонкай гаспадара Эліс, існавала тайна. Кожную ноч, пасля таго як уся Сіера-Віста клалася спаць, Эліс паднімалася з ложка і ўпускала Белага Клыка на ўсю ноч у хол. А паколькі Белы Клык не быў пакаёвым сабакам і яму не дазвалялася спаць у доме, то на світанні яна спускалася ўніз, пакуль усе яшчэ спалі, і выпускала яго на двор.
У адну такую ноч, калі ўвесь дом спаў, Белы Клык прачнуўся, але прадаўжаў ляжаць зусім ціха. I таксама ціха ён павёў носам і адразу ўчуў прысутнасць у доме незнаёмага бога. Да яго вушэй даляталі гукі крокаў. Белы Клык не пачаў злосна брахаць. Гэта было не ў яго звычаі. Незнаёмы бог ступаў вельмі ціха, але яшчэ цішэй ступаў Белы Клык, таму што на ім не было адзення, якое нахаду церлася б аб цела. Ен рухаўся моўчкі. У Лясной Глушы яму даводзілася паляваць за палахлівай дзічынай, і ён ведаў, як важна застаць яе знянацку.
Незнаёмы спыніўся каля лесвіцы і пачаў прыслухоўвацца. Белы Клык замёр, ён стаяў не кратаючыся і чакаў, што будзе далей. Лесвіца вяла ў калідор, дзе былі пакоі гаспадара і самых дарагіх для яго істот. Белы Клык натапырыўся, але прадаўжаў чакаць. Незнаёмы бог падняў нагу. Ен пачаў паднімацца па прыступках.
I ў гэтую хвіліну Белы Клык кінуўся. Ен зрабіў гэта без усякага папярэджання, нават не зарыкаў. Цела яго ўзляцела ў паветры
і апусцілася прама на спіну незнаёмаму. Белы Клык павіс пярэднімі лапамі на яго плячах і ў той жа самы час упіўся яму клыкамі ў шыю. Ен павіс на ім усім сваім цяжарам і ў адзін момант перакуліў бога на спіну. Абодва паваліліся на падлогу. Белы Клык адскочыў убок, але як толькі чалавек паспрабаваў устаць на ногі, ён зноў скочыў і ўпіўся ў яго клыкамі.
Усе жыхары Сіера-Вісты прачнуліся. Па шуму, які далятаў з лесвіцы, можна было падумаць, што там распачалі бойку цэлыя полчышчы д’яблаў. Даносіліся рэвальверныя стрэлы, нехта прарэзліва крычаў ад жаху і болю. Чуўся страшэнны рык. I ўсе гэтыя гукі суправаджаў звон разбітага шкла і грукат перакуленай мэблі.
Але шум сціх таксама раптоўна, як і ўзнік. Уся барацьба прадаўжалася не больш за тры хвіліны. Перапалоханая сям’я стоўпілася на пляцоўцы лесвіцы. Знізу, як з бяздоння змроку, даляталі булькаючыя гукі, нібы паветра выходзіла з бурбалкамі на паверхню вады. Часамі гукі гэтыя пераходзілі ў сіпенне, ледзь не ў свіст. Але яны таксама хутка замерлі, і ў цемнаце чулася толькі цяжкае дыханне, быццам нехта пакутна лавіў ротам паветра.
Уідан Скот павярнуў выключацель, і струмень святла заліў лесвіцу і хол. Затым ён і суддзя Скот асцярожна спусціліся ўніз, трымаючы напагатове рэвальверы. Між іншым, засцярога гэтая была лішняя. Белы Клык ужо зрабіў сваю справу. Пасярэдзіне перакуленай і паламанай мэблі на баку ляжаў чалавек, твар яго быў прыкрыты рукой. Уідан Скот нахіліўся, прыняў руку і павярнуў чалавека тварам угору. Ззяючая рана на горле не выклікала сумненняў адносна прычын яго смерці.
—	Джым Хол! — сказаў суддзя Скот.
Бацька і сын мнагазначна паглядзелі адзін на аднаго. Затым яны спыніліся каля Белага Клыка. Ен таксама ляжаў на баку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя, але калі людзі нахіліліся над ім, ён прыпадняў павекі, намагаючыся глянуць угору, і ледзь крануў хвастом.
Уідан Скот пагладзіў Белага Клыка, і ў адказ на гэтую ласку той забурчаў. Але бурчанне прагучала ледзь чутна і зараз жа абарвалася. Павекі яго задрыжэлі і заплюшчыліся, усё цела абмякла і выпрасталася на падлозе.
—	Дрэнная твая справа, небарака, — прамармытаў гаспадар.
—	Ну, гэта мы яшчэ ўбачым, — сказаў суддзя, накіроўваючыся да тэлефона.
—	У яго адзін шанс на тысячу, — сказаў хірург, які паўтары гадзіны правёў каля Белага Клыка.
Пачало днець. За выключэннем дзяцей, уся сям’я сабралася каля хірурга, каб паслухаць, што ён скажа пра Белага Клыка.
Пералом задняй нагі, — казаў далей той. — Тры зламаных рэбры, адно з іх прайшло ў лёгкае. Вельмі вялікая страта крыві. Магчыма, пгго ёсць і іншыя ўнутраныя пашкоджанні, таму што, як відаць, яго тапталі нагамі. Я ўжо не кажу пра тое, што ўсе тры кулі прайшлі навылет. Ды не, адзін шанс на тысячу будзе, мабыць, надта аптымістычна. У яго няма і аднаго на дзесяць тысяч.
— Але нельга траціць і гэтага шансу! — усклікнуў суддзя Скот. — Якіх бы грошай гэта ні каштавала! Трэба зрабіць прасвечванне, — усё, што трэба будзе... Уідан, тэлеграфуй зараз жа ў Сан-Францыска доктару Нікальсу. Вы, вядома, разумееце, доктар, што я не сумняваюся ў вашых веданнях, але сабака не павінен траціць ні адной магчымасці.
Хірург спагадліва ўсміхнуўся.
— Зразумела, зразумела! Рабіце ўсё, што вы можаце, — ён гэтага заслугоўвае. За ім трэба даглядаць, як за чалавекам, як за хворым дзіцем... I не забывайце пра тэмпературу. Я зайду ў дзесяць гадзін.
Догляд за Белым Клыком быў вельмі добры. Дочкі суддзі з абурэннем адхілілі прапанову выклікаць спрактыкаваную сядзелку і ўзяліся за гэтую справу самі. I Белы Клык вырваў у жыцця той адзіны шанс, у якім яму адмаўляў хірург.
Але не трэба асуджаць хірурга за яго памылку. Усё сваё жыццё яму прыходзілася лячыць і аперыраваць выпешчаных цывілізацыяй людзей — патомкаў многіх далікатных пакаленняў. У параўнанні з Белым Клыком усе яны здаваліся кволымі і слабымі і не ўмелі чапляцца за жыццё. Белы Клык быў выхадцам з Лясной Глушы, якая знішчае слабых і нікому не дае літасці. Hi ў яго маткі, ні ў бацькі, ні ў многіх пакаленняў іх продкаў не было і адзнак слабасці. Лясная Глуш узнагародзіла Белага Клыка жалезным арганізмам і жывучасцю, і ён чапляўся за жыццё з усёй упартасцю, якая яшчэ спрадвеку была ўласціва кожнай жывой істоце.
Прыкаваны да свайго месца, не маючы магчымасці нават крануцца з-за гіпсавых павязак і бандажоў, Белы Клык доўгія тыдні змагаўся з хваробай. Ён спаў гадзінамі, бачыў вялікую колькасць сноў, і ў мозгу яго бясконцай чарадой праносіліся вобразы Поўначы. Мінулае ажыло і абступіла Белага Клыка з усіх бакоў. Ён зноў жыў у логаве з Кіч, зноў, дрыжучы, падпаўзаў да ног Шэрага Бабра, выказваючы яму сваю пакорлівасць, зноў ратаваўся ўцёкамі ад Ліп-Ліпа і выючай зграі шчанюкоў.
Белы Клык зноў бегаў па маўклівым лесе, палюючы за дзічынай у доўгія дні голаду; затым ён бачыў сябе на чале запрэжкі, чуў як Міт-Са і Шэры Бабёр ляскаюць пугамі і крычаць «Раа! Раа!», калі сані ўязджаюць у цясніну і запрэжка сціскаецца, як складзены веер, каб праціснуцца па вузкай дарозе. Дзень за днём прайшло перад ім жыццё ў Прыгажуна Сміта і бойкі, у якіх ён удзельнічаў. У гэтыя хвіліны ён скуголіў і рыкаў, і людзі, што сядзелі каля яго, гаварылі, што Беламу Клыку сніцца дрэнны сон.
Але пакутней за ўсё Белага Клыка праследаваў адзін кашмар: яму сніліся страшыдлы — трамваі, якія з грукатам і бразгатам імчаліся на яго, як велізарныя рыкаючыя рысі. Вось Белы Клык ляжыць за кустамі, чакаючы той хвіліны, калі вавёрка адважыцца, нарэшце, сыйсці з дрэва на зямлю. Вось ён скача на сваю здабычу. Але вавёрка ўмомант ператвараецца ў страшны трамвай, які нагрувашчваецца над ім, як гара, пагражальна вішчыць, грукоча і плюе на яго агнём. Тое ж самае адбывалася і з ястрабам, які каменем ляцеў на яго з неба і ператвараўся наляту ўсё ў той жа трамвай. Белы Клык бачыў сябе ў загарадцы ў Прыгажуна Сміта. Навокал збіраецца натоўп, і ён ведае, што хутка пачнецца бой. Ен глядзіць на дзверы, чакаючы свайго праціўніка. Дзверы расчыняюцца і страшны трамвай ляціць на яго. Такі сон паўтараўся тысячы разоў, і кожны раз Белы Клык адчуваў усё той жа жах.
Нарэшце, надышоў час, калі з яго знялі апошнюю гіпсавую павязку, апошні бінт. Гэта быў урачысты дзень. Уся Сіера-Віста сабралася каля Белага Клыка. Гаспадар пачухаў у яго за вухам, a ён спяваў сваю бурчліва-ласкавую песеньку. Жонка гаспадара назвала яго Неацэнным Ваўком. Імя гэтае сустрэлі радаснымі крыкамі, і ўсе жанчыны пачалі называць яго Неацэнны Воўк.
Ён паспрабаваў падняцца на ногі, але пасля некалькіх дарэмных спроб паваліўся ад слабасці. Хвароба так зацягнулася, што мускулы Белага Клыка страцілі пругкасць і сілу. Белы Клык саромеўся сваёй слабасці, нібы ён быў у нечым вінаваты перад багамі. I, зрабіўшы гераічнае намаганне, ён стаў на ўсе чатыры лапы, хістаючыся з аднаго боку ў другі.