Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Вось хто папраўдзе рэдкі госць, — усміхаючыся на ўвесь рот, грукатаў ён, — ці ж гэта не дзіва, што ў наш бярлог завітаў важны берлінскі пан?.. Але калі хто-небудзь з паноў антыквараў выбіраецца ў дарогу, трэба трымаць вуха востра. У нас кажуць: «Прыйшлі цыганы — дзверы на замок...» Так, так, я здагадваюся, што вас прывяло сюды... У нашай беднай спустошанай Германіі справы цяпер дрэнь і зусім няма пакупнікоў, і вось паны антыквары ўспомнілі пра сваіх старых кліентаў і адправіліся шукаць аблудных авечак. Баюся толькі, што ў мяне вам не пашанцуе; мы, бедныя старыя пенсіянеры, радыя ўжо і кавалку хлеба на стале. Сённяшнія вашыя шалёныя цэны болей нам не па кішэні... He, наша песенька спета.
Я паспяшаўся запэўніць старога, што ён няправільна зразумеў мяне, што я прыехаў зусім не дзеля таго, каб штосьці прадаць яму, а проста я быў тут паблізу і скарыстаў зручны выпадак, каб засведчыць сваю пашану шматгадоваму кліенту нашай фірмы і аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў. Ледзь я прамовіў словы «аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў», твар
старога цудоўна змяніўся. Ён усё гэтак жа нерухома стаяў выпрастаны пасярод пакоя, але ўвесь быў нейкі прасветлены, і на твары адлюстроўвалася вялікая гордасць; ён павярнуўся ў той бок, дзе, як ён думаў, стаяла жонка, быццам хацеў сказаць ёй: «Вось бачыш!» — і мякка, амаль з ласкаю, голасам, у якім не засталося і следу ад грубаватасці старога ваякі, а чуваць была толькі шчырая радасць, звярнуўся да мяне:
— Далібог, вы вельмі, вельмі міла зрабілі... Але вы не пашкадуеце, што зайшлі да мяне. Вы ўбачыце тое, чаго вам не выдараецца бачыць кожны дзень нават у вашым ганарлівым Берліне... пару рэчаў, цудоўней якіх няма ні ў музеі «Альберціна», ні ў гэтым богам праклятым Парыжы... Так, калі цэлых шэсцьдзесят гадоў займаешся калекцыяніраваннем, то абавязкова знойдзеш такое, што не валяецца на вуліцы. Луіза, дай мне ключ ад шафы!
Але тут здарылася нешта нечаканае: старэнькая, якая дагэтуль моўчкі стаяла каля мужа і з дружалюбнаю ўсмешкаю прыслухоўвалася да нашай размовы, раптам умольна працягнула да мяне абедзве рукі і адмоўна заматала галавою; спачатку я не зразумеў, што значылі гэтыя знакі. Потым толькі яна падышла да мужа і, дакрануўшыся да яго плячэй рукамі, сказала:
— Герварт, ты нават не спытаўся ў госця, ці ёсць у яго цяпер час глядзець тваю калекцыю. Ужо ж скора поўдзень. А пасля абеду табе трэба з гадзіну адпачыць, доктар настойвае на гэтым. Можа, лепей ты пакажаш свае гравюры пасля абеду? А потым мы разам вып’ем кавы. Дый Анна-Мары вернецца, а яна ўсё разумее куды лепей за мяне і дапаможа табе.
I зноў, ледзь толькі яна скончыла гаварыць, цераз галаву старога яна паўтарыла свой настойліва ўмольны жэст. Цяпер я зразумеў: старая хацела, каб я ўхіліўся ад неадкладнага агляду, і я тут жа прыдумаў адгаворку сказаў, што я вельмі ўсцешаны і буду рады паглядзець яго калекцыю, але мяне чакаюць на абед, і я наўрад ці вызвалюся да трох гадзін.
Стары сярдзіта адвярнуўся, як пакрыўджанае дзіця, у якога забралі самую любімую цацку.
— Канечне, — прабурчаў ён, — панам-берлінцам заўсёды няма калі. Але на гэты раз вам прыйдзецца набрацца цярпення, бо гаворка ідзе не пра якія-небудзь тры-пяць гравюр, а пра дваццаць сем папак, і ўсе яны паўнюткія. Добра, хай будзе ў тры гадзіны; ды глядзіце не спазніцеся, бо іначай мы не справімся.
I зноў яго рука выцягнулася ў пустату насустрач маёй.
— Вось пабачыце, — сказаў ён, — вам будзе з чаго радавацца, а можа, нават і на што злавацца. I чым болей вы будзеце злавацца,
тым болей буду рады я. Нічога не зробіш, такія ўжо мы, калекцыянеры: усё сабе і нічога другім! — I ён яшчэ раз моцна патрос маю руку.
Старая праводзіла мяне да дзвярэй. Я ўвесь час адчуваў, што ёй не па сабе; на твары ў яе былі страх і нейкая збянтэжанасць. I вось ужо каля самых дзвярэй яна прыгнечана і ледзь чутна пралепятала:
— Можа... можа, вы дазволіце, каб па вас зайшла мая дачка Анна-Мары? Гэта было б лепей, тут ёсць свае прычыны... Вы абедаеце, мусіць, у гатэлі?
— Канечне, я буду рады, з прыемнасцю, — адказаў я.
I, сапраўды, праз гадзіну, ледзь толькі я кончыў абедаць, у маленькую рэстарацыю гатэля на Рыначнай плошчы зайшла, азіраючыся навокал, немаладая, проста апранутая дзяўчына. Я падышоў да яе, прадставіўся і сказаў, што гатовы ісці глядзець калекцыю. Але яна раптам пачырванела і збянтэжылася, як і яе маці, а потым папрасіла мяне спачатку выслухаць яе. Я адразу заўважыў, што ёй цяжка пачаць гаварыць. Кожны раз, калі, спрабуючы пераадолець збянтажанасць, яна рабіла спробу загаварыць, чырвань яшчэ мацней разлівалася ў яе на твары, аж да самых валасоў, а пальцы нервова перабіралі сукенку. Нарэшце яна ўсё-такі загаварыла, запінаючыся на кожным слове і ўсё болей бянтэжачыся:
— Мяне паслала да вас мама... Яна мне ўсё расказала, і мы... у нас да вас вялікая просьба... Мы хочам расказаць вам усю праўду, перш чым вы пойдзеце да таты. Тата, канечне, захоча паказаць вам сваю калекцыю, а яна... калекцыя... ужо не зусім поўная. Некаторых гравюр ужо няма... на жаль, нават вельмі многіх...
Дзяўчына перавяла дыханне, і раптам зірнуўшы мне ў вочы, выпаліла:
— Я буду гаварыць з вамі зусім адкрыта... Вы ведаеце, які цяпер час, вы ўсё зразумееце... Калі пачалася вайна, тата аслеп. У яго і раней не раз бывала дрэнна з вачамі, а ад хвалявання ён зусім страціў зрок. Бачыце, ён захацеў, нягледзячы на свае семдзесят шэсць гадоў, абавязкова ўдзельнічаць у вайне супраць Францыі, а потым, калі армія пачала рухацца наперад не так хутка, як у 1870 годзе, ён проста з сябе выходзіў, і зрок у яго катастрафічна слабеў, пакуль ён не аслеп. Але так ён яшчэ зусім бадзёры і нядаўна яшчэ мог цэлымі гадзінамі гуляць і нават хадзіў на сваё любімае паляванне. Цяпер з прагулкамі раз і назаўсёды кончана, і калекцыя — адзіная яго радасць. Ён штодня
праглядае яе... гэта значыць ён яе не бачыць, канечне — ён ужо нічога не бачыць, — але кожны дзень пасля абеду дастае ўсе папкі і адзін за другім абмацвае эстампы ў адным і тым жа нязменным парадку, які ён ведае дзесяцігоддзямі на памяць... Нічога болей яго цяпер не цікавіць, я павінна яму чытаць услых пра ўсе аўкцыёны, і чым вышэй цэны, тым болей ён рады... бо... і гэта, бачыце, самае жахлівае... тата не разумее зусім, які цяпер час і якія цяпер цэны... ён не ведае, што мы страцілі ўсё і што на яго пенсію можна пражыць не болей двух дзён у месяц... а тут яшчэ на фронце загінуў муж мае сястры, і яна засталася з чатырма малымі дзецьмі... Але тата нічога не ведае аб нашых матэрыяльных цяжкасцях. Спачатку мы эканомілі на ўсім, эканомілі яшчэ болей, чым раней, але нічога не памагала. Потым пачалі прадаваць рэчы — яго калекцыю мы, зразумела, не чапалі... Прадавалі свае каштоўнасці; але, божухна, колькі іх там было — бо цэлых шэсцьдзесят гадоў тата кожны зберажоны пфеніг выдаткоўваў толькі на гравюры. I вось настаў дзень, калі прадаваць болей не было чаго... Мы проста не ведалі, што нам рабіць далей... I тады... мы з мамаю вырашылі прадаць адну гравюру. Тата ніколі б не дазволіў гэтага, ён жа не ведае, як цяжка жыць, ён і не здагадваецца, як цяпер цяжка дастаць з-пад крыса хоць крыху прадуктаў, ён не ведае і таго, што мы прайгралі вайну і аддалі Эльзас і Латарынгію; мы болей не чытаем яму ў газетах пра гэта, каб ён не хваляваўся.
Мы прадалі вельмі каштоўную рэч — адну гравюру Рэмбранта. Гандляр даў нам за яе шмат, вельмі шмат тысяч марак; мы думалі, што гэтых грошай нам хопіць на некалькі гадоў. Але вы ведаеце, як растаюць сёння грошы... Грошы мы занеслі ў банк, але праз два месяцы ад іх нічога не засталося. Прыйшлося прадаць яшчэ адну гравюру, а потым яшчэ адну; і кожны раз гандляр пасылаў нам грошы толькі тады, калі яны трацілі сваю вартасць. Тады мы паспрабавалі прадаць іх на аўкцыёне, але і тут, нягледзячы на мільённыя цэны, нас ухітраліся ашукваць... Пакуль гэтыя мільёны даходзілі да нас, яны ператвараліся ў нічога не вартыя паперкі. Так адна за адною зніклі лепшыя гравюры з яго калекцыі, засталося ўсяго некалькі штук — і ўсё дзеля таго, каб не памерці з голаду. А тата і не здагадваецца.
Таму мама і спалохалася так, калі вы сёння зайшлі да нас... бо, каб тата паказаў вам свае папкі, усё адразу выявілася б... У старыя паспарты — ён іх усе пазнае навобмацак — мы паклалі замест прададзеных гравюр копіі ці падобныя на іх па форме аркушы па-
перы, і таму тата, дакранаючыся да іх, ні аб чым не здагадваецца. I калі ён іх толькі абмацвае і пералічвае (а ён добра запомніў іх паслядоўнасць), то гэта прыносіць яму такую радасць, як і раней, калі ён бачыў іх відушчымі вачамі. Да таго ж у нашым маленькім гарадку няма ніводнага чалавека, якога б тата лічыў вартым бачыць ягоныя скарбы... I ён так фанатычна любіць кожную гравюру, што ў яго, мусіць, сэрца разарвалася б ад гора, даведайся ён, што ўсе яны даўным-даўно сплылі з яго рук. 3 таго часу як памёр загадчык аддзела гравюр на медзі Дрэздэнскай галерэі, вы — першы, каму ён пажадаў паказаць сваю калекцыю. I я прашу вас...
Яна раптам працягнула да мяне рукі, і вочы яе напоўніліся слязамі.
— Мы просім вас... не рабіце яго няшчасным... не рабіце нас няшчаснымі... не разбурыце апошнюю ілюзію, памажыце нам зберагчы яго веру, што ўсе гравюры, якія ён вам будзе апісваць, ёсць яшчэ ў наяўнасці... адно падазрэнне, што іх болей няма, адправіла б яго на той свет. Можа, мы несправядліва абышліся з ім, але мы не маглі паводзіць сябе іначай. Трэба ж было неяк жыць... а ці ж чалавечае жыццё, ці ж чатыры сястрыны сіроты не даражэй, чым гэтыя гравюры?.. Да таго ж дагэтуль мы нічым не азмрочылі яго радасці; ён шчаслівы, што кожны дзень пасля абеду можа цэлых тры гадзіны перагортваць свае папкі, размаўляючы з кожнаю гравюраю, як з чалавекам. А сёння... сённяшні дзень мог бы стаць найшчаслівейіпым днём у яго жыцці, бо ён ужо столькі гадоў чакае выпадку паказаць свае скарбы чалавеку, які можа ацаніць іх; прашу... малю вас, не пазбаўляйце яго гэтай радасці!
Я проста не магу перадаць вам, з якою праніклівасцю гэта было сказана. Божухна, колькі ўжо разоў даводзілася мне, антыквару, сустракацца з самым бессаромным падманам, калі, подла карыстаючыся інфляцыяй, у няшчасных літаральна за кавалак хлеба забіралі фамільныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў сям’і стагоддзі, але тут лёс зладзіў вельмі ўжо незвычайную штуку, і ўсё гэта моцна ўзрушыла мяне. Канечне, я паабяцаў маўчаць і зрабіць усё, што можна, каб выканаць іх просьбу.