Скарбы сусветнай літаратуры
Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
Далей мы пайшлі разам; па дарозе я з горыччу слухаў яе расказ, з дапамогаю якіх хітрыкаў абдурвалі бедных прастадушных жанчын, і гэта яшчэ болей умацавала мяне ў намеры дапамагчы ім як мага. Мы падняліся па лесвіцы і ледзь толькі ўзяліся за ручку дзвярэй, як з пакоя пачуўся радасны грукатлівы голас старога: «Заходзьце, заходзьце?» Мабыць, з уласціваю сляпым вастрынёю
слыху ён улавіў гук нашых крокаў, калі мы яшчэ толькі падымаліся па лесвіцы.
— Герварт нават не мог сёння задрамаць, гэтак яму карціць паказаць вам свае скарбы, — з усмешкаю сказала старэнькая. Аднаго толькі даччынога позірку было даволі, каб супакоіць яе наконт маіх паводзін. На стале ўжо ляжалі стосы папак. Ледзь адчуўшы дотык мае рукі, сляпы без лішніх цырымоній узяў мяне за локаць і пасадзіў у крэсла.
— Вось так, пачнём без прадмоў — прагледзець нам трэба шмат чаго, а ў паноў-берлінцаў заўсёды няма часу. У гэтай першай папцы ў мяне Дзюрэр, даволі поўны, як вы зараз пераканаецеся, і адна гравюра лепшая за другую. Між іншым, вы гэта самі зможаце ацаніць, паглядзіце сюды! — I ён разгарнуў першую папку. — Вось яго «Вялікі конь».
Асцярожна, ласкава, кончыкамі пальцаў, як звычайна бяруць вельмі крохкія рэчы, ён дастаў з папкі паспарту, у якое быў устаўлены чысты пажаўцелы аркуш паперы, і трымаў гэтую нічога не вартую рэч з захапленнем у выцягнутай руцэ. 3 хвіліну ён глядзеў на яе, канечне, нічога не бачачы; але ў нейкім экстазе ён трымаў чысты аркуш у выцягнутай руцэ на ўзроўні вачэй. Як па ўзмаху чараўнічай палачкі, яго напружаны твар раптам прыняў выгляд чалавека, які бачыць. А яго вочы, толькі што зусім нежывыя з нерухомымі зрэнкамі, раптам прасвятлелі, у іх прамільгнула думка. Быў гэта проста водбліск паперы ці бляск ішоў знутры?
— Ну як, — горда папытаўся ён, — вы калі-небудзь бачылі больш цудоўны адбітак? Глядзіце, як тонка і выразна вылучаецца кожны штрых. Я параўнаў свой экземпляр з дрэздэнскім, і той здаўся мне нейкім расплывістым, цьмяным. I якая радаслоўная! Вось! — Ен перавярнуў аркуш і пазногцем так упэўнена пачаў вадзіць па чыстай паперы, адзначаючы месцы, дзе павінны былі быць паметкі былых уладальнікаў што я міжволі зірнуў, ці няма іх там на самай справе. — Гэта пячатка калекцыянера Нагдэра, а тут Рэмі і Эсдайля; ці ж маглі мае славутыя папярэднікі думаць, што іх скарб калі-небудзь трапіць сюды, у гэты пакойчык!
Мароз прабягаў у мяне па скуры, калі стары, які нічога не ведаў аб сваёй страце, захапляўся зусім чыстым аркушам паперы, і жудасна было глядзець, як ён з абсалютнай дакладнасцю вадзіў на нябачаных, існуючых толькі ў яго ўяўленні паметках былых уладальнікаў гравюр. Ад жаху ў мяне сціснула ў горле, і я не мог ні слова прамовіць яму ў адказ; але, паглядзеўшы разгублена на абедзвюх жанчын, я ўбачыў баязліва працягнутыя да мяне рукі
старэнькай жанчыны, якая дрыжала ад страху. Тут я сабраўся з сілаю і зноў пачаў іграць сваю ролю.
— Цудоўна, — нарэшце прамармытаў я. — Выдатны адбітак.
I зноў твар старога заззяў ад гордасці.
— Гэта яшчэ што, — узрадаваўся ён. — А вы б паглядзелі на яго «Меланхолію» або на «Пакуту» ў фарбах — другога такога экземпляра няма на свеце. Ды вы паглядзіце толькі, — і зноў яго пальцы з любасцю забегалі па ўяўным відарысе, — які мяккі сакавіты тон, якая свежасць! Увесь Берлін з усімі сваімі панамі антыкварамі і мастацтвазнаўцамі перавярнуўся б дагары нагамі, пабачыўшы яе!
Бурныя трыумфальныя патокі слоў ліліся цэлыя дзве гадзіны. He, я не змагу перадаць вам той папраўдзе містычны жах, які валодаў мною, калі я праглядаў разам з ім сотню ці дзве чыстых паперак і ўбогіх рэпрадукцый. Нябачная, даўным-даўно раскіданая на ўсе чатыры бакі калекцыя працягвала з такою дзіўнаю рэальнасцю жыць ва ўяўленні старога, што ён беспамылкова, у строгай паслядоўнасці і дэтальна апісваў адну за другою гравюры; для гэтага сляпога, падманутага і вартага жалю ў сваім няведанні чалавека яна аставалася нязменнаю, і страсная сіла яго бачання была настолькі вялікая, што нават я пачаў міжволі паддавацца гэтай ілюзіі. Адзін толькі раз жахлівая небяспека прабуджэння парушыла самнамбулічную ўпэўненасць яго натхнёнага бачання. Калі ён расхвальваў рэльефнасць адбітку рэмбрантаўскай «Антыёпы» (а пробны адбітак сапраўды быў бясцэнны) і з любасцю вадзіў сваім нервова-празорлівым пальцам па ўяўных лініях, ён не знайшоў на гладкім чужым аркушы паперы добра вядомых яму паглыбленняў. Твар старога раптам азмрочыўся, голас зрабіўся няўпэўнены,
— Ці ж... «Антыёпа» гэта? — прамармытаў ён збянтэжана.
Я адразу ж умяшаўся, выхапіў у яго з рук паспарту з чыстым аркушам і пачаў з запалам і як мага падрабязней апісваць і мне добра вядомую гравюру. Рысы твару сляпога зноў разгладзіліся. Чым болей я хваліў гравюру, тым болей твар старога грубаватага чалавека расцвітаў шчыраю прастадушнаю радасцю.
— Нарэшце знайшоўся чалавек, які нешта разумее, — не мог нарадавацца ён, з пераможным выглядам павярнуўшыся ў бок жанчын. — Нарэшце, нарэшце вы можаце пераканацца, як многа каштуюць мае гравюры. Вы мне не верылі, увесь час бурчалі, што я ўбухаў на сваю калекцыю ўсе грошы. Гэта праўда, што я шэсцьдзесят гадоў не ведаў ні піва, ні віна, ні тытуню, ні тэатра,
ні кніжак, а толькі ўсё збіраў і збіраў грошы, каб набыць гэтыя гравюры. Але пачакайце, вы яшчэ разбагацееце, калі мяне не будзе сярод жывых, — тады вы будзеце багатыя, багацей за ўсіх у горадзе, такія багатыя, як самыя вялікія багацеі ў Дрэздэне, і тады вы будзеце радыя, што я калісьці быў вось такі дзівак. Але пакуль я жывы, ніводная гравюра не пакіне гэты дом — перш хай вынесуць мяне, а ўжо потым маю калекцыю.
I ён ласкава, быццам жывую істоту, пагладзіў апарожненыя даўно папкі. Мне было жудасна, але разам з тым і ўцешна, бо за ўсе гады вайны я ні разу не бачыў на твары немца выразу такога поўнага, такога чыстага шчасця. Побач з ім стаялі жонка і дачка, і было таямнічае падабенства паміж імі і фігурамі жанчын на гравюры выдатнага нямецкага майстра, якія, прыйшоўшы да труны збавіцеля і ўбачыўшы, што камень адсунуты ўбок і магіла пустая, у радасным экстазе, з выразам набожнага жаху на тварах застылі каля ўвахода, уражаныя гэтым цудам. I як там, на гравюры, паслядоўніцы Хрыста ўсміхаюцца праз слёзы, прадчуваючы з’яўленне збавіцеля, вось так і гэтая няшчасная, раздаўленая жыццём старая і яе састарэлая дачка ўсміхаліся, асветленыя чыстаю дзіцячаю радасцю сляпога старога, — гэта была ашаламляльная карціна, якой мне не даводзілася бачыць ніколі ў жыцці. Але стары ніяк не мог здаволіцца, слухаючы маю пахвалу, зноў і зноў ён раскрываў і закрываў папкі, прагна лавіў кожнае маё слова; і таму я з палёгкаю ўздыхнуў, калі нарэшце яму прыйшлося адсунуць са стала лжэкалекцыю і супраць волі ачысціць месца пад каву. Але які нікчэмны бьгў мой вінаваты ўздых у параўнанні з бязмежнаю радасцю і задорам гэтага нібы на трыццаць гадоў памаладзелага старога! Ен быццам захмялеў і асмялеў ад віна: расказваў мноства анекдотаў пра свае набыткі і ўдалыя знаходкі, штохвіліны ўскокваў з месца, каб вобмацкам, адмаўляючыся ад дапамогі, дабрацца да сваіх папак і дастаць адтуль яшчэ раз якую-небудзь гравюру. А калі я нарэшце сказаў, што мне пара развітвацца, ён проста-такі спалохаўся і надзьмуўся: тупнуўшы, як упартае дзіця, нагою, ён заявіў што гэта нікуды не гадзіцца, што я не прагледзеў яшчэ і паловы ўсіх гравюр. Жанчынам прыйшлося вельмі пастарацца, каб пераканаць яго не затрымліваць мяне болей, бо інакш, казалі яны, я спазнюся на цягнік.
Але калі пасля роспачнага супраціўлення ўпарты стары вымушаны быў нарэшце згадзіцца і настала хвіліна развітання, ён зусім расчуліўся. Узяўшы мяне за рукі, ён ласкава, з усім красамоўствам, на якое здольныя пальцы старога, правёў імі да сама-
га запясця, як бы спрабуючы такім чынам даведацца пра мяне болей і выказаць сваю любоў мацней, чым гэта маглі б зрабіць усе яго словы.
— Вы прынеслі мне вялікую радасць, — сказаў ён з моцным, глыбінна душэўным хваляваннем, якое я ніколі не забуду. — Бо для мяне гэта сапраўднае шчасце, што нарэшце пасля такога доўгага чакання я зноў змог прагледзець са знаўцам дарагія мне гравюры. Але ведайце, што вы недарэмна наведвалі сляпога старога. Абяцаю вам, жонка хай будзе сведка, што я дадам да свайго завяшчання яшчэ адзін пункт, згодна з якім права на распродаж маёй калекцыі будзе належаць вашай шаноўнай фірме. На вашу долю выпадзе гонар быць хавальнікам гэтага нікому не вядомага скарбу, — стары з любасцю пагладзіў свае апарожненыя папкі, — да таго часу, пакуль ён не разыдзецца па ўсім свеце. Абяцайце мне толькі скласці для гэтай калекцыі добры каталог: хай ён будзе маім магільным помнікам — лепшага мне не трэба.
Я паглядзеў на жонку і на дачку, яны стаялі цесна адна ля аднае, і часам па іх целе прабягалі нервовыя дрыжыкі, быццам абедзве былі адзінаю, непадзельнаю істотаю, узрушанаю аднымі і тымі ж пачуццямі. Дый у мяне самога было неяк незвычайна ўрачыста на душы, калі гэты мілы ў сваім няведанні чалавек уручыў маёй апецы як вялізную каштоўнасць сваю нябачную і даўным-даўно ўжо не існуючую калекцыю. Я ўсхвалявана абяцаў яму тое, чаго выканаць ніяк не мог, і зноў у нежывых яго зрэнках бліснула жыццё, і я адчуў, як страсна жадае ён увачавідкі ўбачыць маё аблічча: адчуваў гэта па ласкавым, амаль што любоўным поціску пальцаў, калі рука яго сціснула маю ў знак развітання і ўдзячнасці.
Абедзве жанчыны праводзілі мяне да дзвярэй. Асцерагаючыся тонкага слыху сляпога, яны не адважыліся сказаць што-небудзь, але затое якою гарачаю ўдзячнасцю ззялі іх поўныя слёз вочы! Як у сне, трымаючыся за парэнчы, спусціўся я ўніз па лесвіцы. Шчыра кажучы, мне было сорамна: я аказаўся раптам як бы анёлам з казкі і, увайшоўшы ва ўбогае бядняцкае жыллё, вярнуў на гадзіну зрок сляпому, вярнуў толькі тым, што, памагаючы выратавальнаму падману, увесь час бессаромна маніў сам, у той час як я, нікчэмны гандляр, на самай справе прыйшоў у гэты дом, каб выманіць у старога некалькі каштоўных гравюр. Але я нёс з сабою нешта значна больш каштоўнае: у наш неспакойны бязрадасны час ува мне зноў прабліснула жывая іскра чыстага натхнення, таго светлага духоўнага экстазу навекі адданай мастацтву
душы, да якога мае сучаснікі даўно ўжо страцілі здольнасць. Я адчуў глыбокую пашану — інакш нельга назваць гэтае пачуццё, — і ў той жа час мне было чагосьці сорамна, а чаго менавіта, я не ведаў і сам.