Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— He, — адказала цётка Джэнні. — He, Баярд.
Потым, глянуўшы мне ў твар, спакойна дадала:
— Што ж, добра. Яна ўжо прачнулася.
I я пайшоў наверх. Я падымаўся па лесвіцы павольна, каб не абудзіць удушша, не прыпыніцца дзе-небудзь на павароце — тады ў мяне не стане сілы ісці далей. Я спакойна падышоў да яе дзвярэй, пастукаўся, адчыніў. Яна сядзела каля акна ў нечым ранішнім і прасторным, аднак яна ніколі не выглядала па-ранішняму, па-спальнаму, бо для гэтага патрэбны валасы, распушчаныя па плячах. Яна ўзняла галаву, утаропілася ў мяне ліхаманкава бліскучым поглядам, і я нагадаў, што ў пятліцы сурдута ўсё яшчэ вытыркаецца ўчарашняя вербена, і знянацку яна зноў засмяялася. Здавалася, смех вырваўся ў яе не з губ, а выступіў потам па ўсім твары; нібыта вывержаны нейкай пакутлівай ірвотнай сутаргай, якая ўзнікла ў зусім пустым страўніку, пырснуў з усяго твару, апроч вачэй, бліскучых вачэй, якія не маглі паверыць і пазіралі на мяне скрозь смех, нібы два чужародныя целы, два кавалачкі застылай смалы ці вугалю, кінутыя на дно бурлівай пасудзіны.
— А я яму руку пацалавала! Руку пацалавала!
Увайшла Лувінія. Пэўна, цётка Джэнні адразу ж паслала яе наверх, услед за мной.
I зноў я павольна, каб не задыхнуцца, спусціўся ўніз, туды, дзе цётка Джэнні стаяла пад люстрай, як учора місіс Уілкінс. У руках яе быў мой брыль.
— Нават калі ты ўвесь дзень праляжыш на адрыне ў стайні, Баярд, — сказала яна. Я ўзяў брыль; яна працягвала гаварыць роўна,
з усмешкаю, нібыта забаўляла размовай госця: — Я жыла ў Чарлстане1 падчас блакады. Тыя, хто прарываўся да нас, былі ў нашых вачах героямі не таму, што працягвалі весці вайну, а вось, як Дэвід Крокет2 ці Джон Севір3, — героі для хлапчукоў і маладзенькіх дурніц. Там быў адзін англічанін. Вядома, ён пайшоў на тую вайну дзеля грошай, як і ўсе чужынцы. Але для нас ён быў герой, мы ж тады ўжо забыліся на тое, што такое грошы. Ен, пэўна, быў з арыстакратаў (толькі прозвішча змяніў) ці вадзіўся з імі ў Англіі, а слоўнік ягоны складаўся з пяці слоў: што праўда, іх яму тады якраз хапала. Першыя тры былі: «Дзякуй, мне рому!», а калі яму прыносілі ром, ён дадаваў яшчэ два словы, якія адрасаваў паверх бакалаў з шампанскім якой-небудзь дэкальтаванай дамачцы: «Далоў шыпучку».
Далоў шыпучку, Баярд.
Рынга чакаў каля каланады порціка з асядланай Бэтсі. Твар у яго быў пахмурны; ён нават не ўзняў вачэй, калі падаваў павады. Але ён нічога не сказаў, дый і я не азірнуўся. Я выехаў якраз своечасова: каля брамы сустрэў экіпаж Компсанаў; генерал прыўзняў брыль, я — свой. Да горада чатыры мілі, але я не паспеў праехаць і дзвюх, як пачуў за сабой конскі тупат, і не азірнуўся, ведаючы, што гэта скача Рынга. Я не азірнуўся, ён нагнаў мяне — пад ім быў адзін з запражных коней, — павярнуў да мяне пахмурны твар, кінуў кароткі ўпарты позірк і паехаў побач. Нарэшце мы ў горадзе — доўгая цяністая вуліца, якая вядзе да пляца, дзе стаіць новы будынак суда. Было адзінаццаць гадзін, час снедання даўно мінуў, а поўдзень яшчэ не надышоў; насустрач трапляліся адны жанчыны, і яны мяне не пазнавалі; прынамсі, ніхто з іх не спыняўся знянацку, не ступіўшы на зямлю нагою, якая нібыта загледзелася і прыпыніла дых. Усё пачынаецца на пляцы, і я падумаў: «Калі б толькі можна было зрабіцца невідочным адсюль і да дзвярэй, да лесвіцы». Але зрабіць гэта немагчыма, і, праязджаючы міма гатэля, я краем вока пабачыў, як цэлы шэраг ног уздоўж парэнчаў веранды ціха і адначасова дакрануўся да зямлі. Я спыніў каня, пачакаў, пакуль спешыцца Рынга, злез з сядла сам і перадаў яму повад.
1 Чарлстан — порт у Паўднёвай Караліне, дзе летам 1863 г. федэральныя войскі ажыццявілі блакаду, але толькі на пачатку 1865 г. гэтая апора канфедэратаў пала.
2 Крокет Дэвід (1786-1836) — амерыканскі палітычны дзеяч, які зрабіўся фальклорным героем, — увасабленнем духу амерыканскага Захаду. Да Грамадзянскай вайны ў розных гарадах ЗША выдаваліся альманахі з апісаннем эксцэнтрычных прыгод Дэвіда Крокета.
3 Севір Джон (1745-815) — легендарны герой вайны за незалежнасць ЗША, першы губернатар штата Тэнесі (1796-1801, 1803-1809), дзе з яго ўдзелам было створана першае сталае пасяленне.
— Пачакай мяне тут, — сказаў я.
— Я пайду з табою, — адказаў ён пахмурна: мы стаялі, адчуваючы на сабе цікаўныя погляды, і ціха перагаворваліся, як два змоўшчыкі. Пад капіуляй у Рынга я заўважыў пісталет, — відаць, той самы, які мы аднялі ў Грамбі, калі забілі яго.
— He, ты застанешся тут, — сказаў я.
— He, пайду.
— Ты застанешся тут.
I я пайшоў да пляца, пад гарачым сонцам. Быў амаль што поўдзень, вербена ў маёй пятліцы пахла так, нібы ўвабрала ў сябе ўсё сонца, усю яго пакуту ад няздзейсненага павароту на зіму, і рабіла болып невыносным гэтую шалёную спякоту; і я ішоў у воблаку вербены, нібы ў воблаку тытунёвага дыму. Аднекуль знянацку побач са мной з’явіўся Джордж Уайэт, а за ім, крокаў за некалькі ззаду, яшчэ пяць-шэсць бацькавых аднапалчан. Джордж узяў мяне пад руку, далей ад прагных, што як бы сцішылі дых, вачэй.
— Бацькаў пісталет пры табе? — спытаў ён.
— He, — адказаў я.
— Маеш рацыю, — ухваліў Джордж. — Яго пісталет — не дужа надзейны. Толькі палкоўнік сам па-сапраўднаму валодаў ім. А я дык і не навучыўся як след ім карыстацца. Вазьмі лепей гэты. Я сёння яго выпрабаваў — страляе выдатна.
Ен пачаў упіхваць пісталет мне ў кішэню, але тут з ім здарылася тое самае, што і з Друзілай, калі яна пацалавала мне руку, — вестка, варожая няхітраму кодэксу гонару, паводле якога ён жыў, перадалася яму праз дотык, мінаючы мозг, і ён раптам адхіліўся ад мяне з пісталетам у руцэ, утаропіўся ў мяне бледнымі, шалёнымі вачамі, зашыпеў сціснутым ад лютасці шэптам:
— Ты хто? Сарторыс ты, ці не? Калі не ты — слова гонару, я сам яго заб’ю.
He ўдушша цяпер адчуваў я, а неадольнае жаданне рассмяяцца, зарагатаць, як Друзіла, і сказаць: «Друзіла таксама здзівілася». Але я стрымаўся. Я адказаў:
— Гэта мая справа. He трэба нікому ў яе ўлазіць. Я абыдуся без вашай дапамогі.
Вочы ў яго пачалі патухаць — чыста як лямпа, якую выкручваюць.
— Добра, — сказаў ён, хаваючы пісталет. — Прабач, сынок. Я павінен быў ведаць, што ты не прымусіш бацьку варочацца ў дамавіне ад ганьбы. Мы пойдзем за табой і пачакаем на вуліцы. I памятай: ён храбры чалавек, але ўжо з учарашняга дня сядзіць там самотны ў канторы, чакае цябе, і нервы ўяго цяпер наўзводзе.
— Я прыму гэта пад увагу, — сказаў я. — Я сам упраўлюся. Я ўсё зраблю сам. — I ўжо адыходзячы, я знянацку дадаў зусім неспадзявана: — Далоў шыпучку.
— Што? — перапытаў мяне Джордж.
Я не адказаў. Я пайшоў праз пляц, заліты гарачым сонцам, а яны пацягнуліся за мной, трымаючыся воддаль — так, што пабачыў я іх ужо пасля, — пайшоў пад пільнымі позіркамі тых, хто стаяў каля магазінаў і каля суда і сачыў за кожным маім крокам здалёк, чакаючы. Я ішоў павольна, ахутаны шалёным водарам вербены. Цень ад дома лёг на мяне, але я не прыпыніўся, толькі кінуў позірк на пацьмянелую шыльду: «Б.-Дж. Рэдманд, юрыст», і стаў узыходзіць па лесвіцы, па драўляных прыступках, заплямленых тытунёвымі пляўкамі, вытаптаных цяжкімі, нязграбнымі ботамі сялян, якія прыходзілі сюды судзіцца; дайшоў па цёмным калідоры да надпісу «Б.-Дж. Рэдманд», стукнуў раз і адчыніў дзверы. Ён сядзеў за пісьмовым сталом, рупліва паголены, з найбялейшым каўняром. Ён быў крыху вышэйшы за бацьку ды грузнейшы, што сведчыла пра яго сядзячую прафесію; але тварам ён быў не падобны на адваката: надта хударлявы для такога тоўстага тулава, трывожны (нават трагічны — так, цяпер я гэта разумею), змораны і знясілены. Ён сядзеў, млява паклаўшы руку на пісталет (нікуды не нацэлены), які пляската ляжаў на стале. Акуратна прыбраны цьмяны пакой не пах ні спіртным, ні нават тытунём, хоць я ведаў, што ён курыць. Я не прыпыніўся, а павольна ішоў на яго. Ад дзвярэй да стала было не болей як дзесяць крокаў; але здавалася, я іду, як у сне, дзе няма ні часу, ні адлегласці, ні прасторы, і мае крокі так мала звязаны з пераадоленнем прасторы, як і яго сядзенне за сталом. Абодва мы маўчалі. Нібыта ведалі наперад усё, што можна сказаць, і ведалі: ніякай карысці ад размоў не будзе. Як ён скажа: «Ідзі, Баярд, ідзі адсюль, хлопча», — а потым: «Даставай жа пісталет. Я чакаю», — і ўсё застанецца такім, калі б нават гэтых слоў і не было. I мы маўчалі, я напрасткі ішоў да стала, на ўзняты пісталет, глядзеў, як рухаецца ўверх ягоная рука, як укарочваецца ў ракурсе ствол пісталета, і бачыў, што куля пройдзе міма, хоць рука ў яго і не трымцела. Я ішоў на яго, на руку з пісталетам, і не пачуў кулі. Магчыма, я нават не пачуў стрэлу, хоць памятаю, як знянацку расцвіла дымная аранжавая ўспышка на фоне белай кашулі (як памятаю яе на фоне бруднага шыняля Грамбі); я па-ранейшаму глядзеў у рулю пісталета, ведаў, што яна на мяне нацэлена; другі раз убачыў аранжавы выбух і дым і зноў не пачуў кулі. Я прыпыніўся. На гэтым усё скончылася. Я глядзеў, як пісталет нахіляецца да стала кароткімі штуршкамі, як расціскаюцца
пальцы, як Рэдманд адкінуўся назад, паклаўшы на стол рукі, і па ягоным твары я зразумеў, як яму цяжка, — я ж ведаў ужо, што значыць, калі няма чым дыхаць. Ен падняўся, сутаргавым жэстам адкінуў убок крэсла, дзіўнавата і скоса нахіліў галаву, потым, выцягнуўшы адну руку перад сабой, як сляпы, а другой цяжка абапіраючыся аб стол, павярнуўся і, усё яшчэ з нахіленай галавой, накіраваўся да вешалкі каля сцяны, узяў брыль, пайшоў уздоўж сцяны, міма мяне, да дзвярэй і выйшаў прэч. Ён быў смелы: гэтага ў яго не аднімеш. Ен спусціўся па лесвіцы, надзеў брыль, выйшаў на вуліцу, дзе чакалі Джордж Уайэт і астатнія шасцёра бацькавых аднапалчан і куды ўжо пазбягаліся іншыя людзі. Ён прайшоў сярод іх з высока ўзнятай галавой (мне пасля ўжо казалі, што нехта крыкнуў яму наўздагон у спіну: «Дык вы і хлопчыка забілі?»), моўчкі, гледзячы прама перад сабой, дайшоў да вакзала, як быў, без анічога, сеў у адыходзячы на ЕІоўдзень цягнік і паехаў, знік з горада і штата.
Пачуўся тупат мноства ног — па лесвіцы, на калідоры, у пакоі. Але я яшчэ некаторы час (не так ужо і доўга, зразумела) працягваў сядзець за сталом, як калісьці ён, паклаўшы на ўсё яшчэ цёплы ствол далонь, якая паволі здранцвела паміж пісталетам і лбом. Калі я ўзняў галаву, пакой быў перапоўнены людзьмі.