Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Палічыўшы ўрэшце, што яго правая рука была ў вадзе дастаткова доўга, стары чалавек выцягнуў яе і агледзеў.
— Нічога страшнага, — сказаў ён. — I няхай баліць, боль для мужчыны рэч звычная.
Ён асцярожна ўзяўся за шнур, каб той не трапіў на ніводны свежы парэз, і пасунуўся так, каб мог апусціць левую руку ў мора з другога боку чоўна.
— Для такое нікчэмнасці, як ты, твае паводзіны былі яшчэ не найгоршыя, — звярнуўся ён да левай рукі. — Але быў момант, калі я не мог цябе знайсці.
«Чаму я не нарадзіўся з дзвюма добрымі рукамі? — падумаў ён. — Магчыма, гэта мая віна, што я не вытрэніраваў руку належным чынам. Але Богу вядома, што ў яго было досыць шанцаў навучыцца. Зрэшты, ён не так і кепска паводзіў сябе ўночы і здранцвеў усяго адзін раз. Здранцвее зноў, дык няхай шнур яго ператне». Калі ён гэтак падумаў, дык уцяміў, што на яго найшло памутненне, і вырашыў яшчэ трохі падсілкавацца рыбай. «Але я не магу, — сказаў ён у сваіх думках. — Лепей хай круціцца галава, як страціць сілу ад ванітаў.
I я ведаю, што не ўтрымаю ў роце тую рыбу пасля таго, як уляпаўся ў яе тварам. Буду хаваць яе на сама крайні выпадак, пакуль не сапсуецца. Але цяпер запозна падмацоўвацца ежай. Дурань, — сказаў ён сабе. — З’еш другую лятучую рыбу».
Яна была тут, пачышчаная і гатовая, і ён падняў яе левай рукой і ўплятаў, старанна перажоўваючы косці, з’ў яе ўсю аж да хваста.
«Яна больш спажыўная за ўсе амаль іншыя рыбы, — падумаў ён. — Прынамсі, у ёй болей той сілы, якая неабходная мне. Усё, што я магу, я зрабіў. Хай распачынае сваё кружлянне, хай прыйдзе бой!»
Сонца ўзыходзіла ў трэці раз з таго часу, як ён рушыў у мора, калі рыба пачала кружыць.
Ен не мог вызначыць па нахіле шнура, што рыба кружыць. Для гэтага было занадта рана. Ен усяго толькі адчуў лёгкае паслабленне напору шнура і правай рукой стаў мякка выцягваць яго. Той напінаўся, як заўсёды, але якраз там, дзе, здавалася, восьвось парвецца, яго пачало прыбываць. Выслабаніўшы плечы і галаву ад шнура, што ціснуў на іх, стары чалавек цягнуў мерна і нямоцна. Рукі ягоныя нагадвалі цяпер маятнік, таксама, наколькі мог, ён выкарыстоўваў у рабоце тулава і ногі. Старыя ногі і плечы круціліся ў суладдзі з узмахамі рук.
—	Гэта вельмі вялікі круг, — сказаў стары чалавек. — Але ён кружляе.
Пасля шнур у лодцы перастаў расці, і стары чалавек цягнуў яго, пакуль не ўбачыў, як ад таго адскокваюць на сонцы кроплі. Пасля марлін пацягнуў шнур далей, у мора, і стары чалавек, укленчыўшы, адпусціў яго з неахвотай назад у цёмную ваду.
—	Напачатку ён бярэ шырока, — сказаў стары чалавек. — Я павінен напінаць шнур як мага мацней. Напруга будзе штораз скарачаць ягоны круг. Магчыма, праз гадзіну я ўбачу яго. Я павінен яго адужаць, а тады павінен дакончыць.
Але рыба павольна кружыла, як і раней, і праз дзве гадзіны стары чалавек узмакрэў ад поту і валіўся з ног ад стомы. Аднак кругі зараз нашмат пакарацелі, і па нахіле шнура ён вызначыў, што рыба, апісваючы іх, падымалася вышэй і вышэй.
Гадзіну стары чалавек бачыў перад вачыма чорныя плямы, салёны пот заліваў вочы, парэзы пад вокам і на лбе. Чорныя плямы яго не палохалі. Гэта было нармальна, калі ўлічыць напругу, з якою ён цягнуў шнур. Двойчы, аднак, ён адчуваў млосць і заварот галавы, і вось гэта яго непакоіла.
—	Я не магу зганьбіць сябе і аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткім марлінам, — сказаў ён. — Цяпер, калі я прымусіў яго хадзіць такімі прыгожымі кругамі, Божа, дай вытрываць. Я прачытаю
сотню «Ойчаў нашых» і сотню «Анёльскіх прывітанняў». Але я не магу чытаць іх цяпер.
«Уважай іх за прачытаныя, — падумаў ён. — Прачытаю пазней».
Якраз тады нешта стукнула ў вадзе па шнуры, які ён трымаў абедзвюма рукамі, і рванула шнур рэзка, моцна — ён адчуў гэта.
«Ен б’е па драцяным павадку сваёй пікай, — падумаў ён. — Гэтага варта было чакаць. Ён павінен быў так рабіць. Праўда, цяпер ён можа ўзяць ды скочыць, вынырнуць, а мне больш было б даспадобы, калі б ён кружляў сабе. Скачкі былі неабходныя, каб ён нахапаў паветра. Але пасля гэтага кожны скачок можа разрываць рану ад кручка, і каб ён не выкінуў кручок наогул».
—	He скачы, рыба, — сказаў ён. — He скачы.
Марлін лупіў па дроце яшчэ колькі разоў, і кожнага разу, пакруціўшы галавой, стары чалавек трохі папускаў шнур.
«Нельга, каб ягоны боль узмацняўся, — падумаў стары чалавек. — Мой боль не мае значэння. 3 маім я магу спраўляцца. Але ён можа ашалець ад болю».
Мінула трохі часу, рыба перастала біцца аб дрот і зноўку пачала паволі кружыць. Зараз стары чалавек усё выбіраў і выбіраў шнур. Але на яго зноў наплыла млоснасць. Ён зачэрпнуў левай рукой крыху марской вады і лінуў сабе на галаву. Потым лінуў яшчэ і расцёр карак.
—	Здранцвеласці няма, — сказаў стары чалавек. — Я магу трываць, а ён у хуткім часе выплыве. Я павінен трываць.
Ён апусціўся на калені на носе лодкі і на нейкі час закінуў шнур зноў за спіну. «Я перадыхну, пакуль марлін кружляе, а тады ўстану і вазьмуся за яго, калі ён прыйдзе», — вырашыў стары чалавек.
Была вялікая спакуса адпачыць на носе лодкі, даўшы рыбіне магчымасць зрабіць адзін круг самой, не выбіраць шнур увогуле. Але калі напружанне паказала, што рыбіна павярнула ды плыве да лодкі, стары чалавек устаў на ногі, закруціўся, захістаўся, уцягваючы ў лодку ўвесь шнур, які ён даставаў.
«Ніколі яшчэ я не быў такі змучаны, — падумаў стары чалавек, — і ў дадатак пасат узнімаецца. Але пасат дапаможа мне дабрацца з рыбінай да прыстані. Мне ён будзе, ох, як патрэбны».
—	Я адпачну ў наступны раз, калі марлін рабіцьме круг, — сказаў стары чалавек. — Я пачуваюся нашмат лепей. Яшчэ два-тры абароты, і я займею яго.
Саламяны капялюш з’ехаў нізка на патыліцу, і стары чалавек упаў на дно лодкі, калі рыба, паварочваючы, тарганула шнур.
«Цяпер працуй ты, рыбіна, — падумаў ён. — Я вазьмуся за цябе, калі ты павернеш назад».
Мора добра-такі ўзнялося. Але гэта быў вецер, які суправаджае добрае надвор’е, і стары чалавек мецьме ў ім патрэбу, калі рушыць дадому.
— Я папросту буду кіраваць на поўдзень і захад, — сказаў ён. — Чалавек не заблудзіць у моры, ды і выспа нашая доўгая.
Марлін рабіў трэці абарот, калі ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, які праплываў пад лодкай гэтулькі часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такі даўжэразны?
— Ды не, — сказаў ён. — He можа ён быць гэткі вялізны.
Але ён быў гэткі вялізны, і напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкі, і чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялікае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асабліва над цёмна-сіняй вадой. Той падаўся назад, і калі марлін плыў яшчэ зусім блізка ля паверхні, стары чалавек мог бачыць агромністае тулава, спярэшчанае фіялетавымі палосамі. Спінны плаўнік быў апушчаны ўніз, а велізарныя грудныя плаўнікі — шырока распасцёртыя.
Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока і ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прыліп. Прыліпы то прысмоктваліся да яго, то кідаліся наўцёкі, a то спакойна плавалі ў ягоным цяні. Кожная з іх была ў даўжыню больш за тры футы, і калі яны хутка плылі, то, выгінаючыся, шлёгалі ўсім сваім целам, як вугры.
Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ, апроч сонца. 3 кожным спакойным ціхамірным абаротам, што рабіла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, і стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлівасць уторкнуць у марліна гарпун.
«Але я мушу прысунуць яго бліжэй, бліжэй, бліжэй, — думаў ён. — Я не павінен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца».
— Будзь спакойны і моцны, стары дружа, — наказаў ён сабе.
На гэты раз марлінава спіна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкі. Падчас другога круга той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, і стары чалавек не сумняваўся, што калі яшчэ трохі выбярэ шнур, то падцягне марліна да самога борта.
Гарітун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкі ляжаў у круглым кошыку а ейны канец быў прымацаваны да бітэнга на носе.
Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбіна, спакойная і прыгожая, варупіыўся толькі хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблізіць яе да лодкі. Усяго на нейкі момант рыбіна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася і распачала новы круг.
— Я зрушыў яго з месца, — сказаў стары чалавек. — Усё-такі я зварухнуў яго!
На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялізную рыбіну, напружваючыся што было моцы. «Я зварухнуў яго, — думаў ён. — Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягніце, рукі, — падумаў ён. — Трымайце, ногі.
Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты ніколі не адключалася. На гэты раз я перавярну яго».
Але калі стары чалавек задоўга да таго, як марлін зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усіх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся і адплыў.
— Рыба, — сказаў стары чалавек. — Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забіць мяне таксама?
«Гэтым нічога не дасягнеш», — падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. «На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, — падумаў стары чалавек. — На шмат абаротаў мяне ўжо не хопіць. He, цябе хопіць. Цябе хапацьме заўжды».
Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбіна выпрасталася і паволі паплыла сабе.
«Ты зніштажаеш мяне, рыба, — падумаў стары чалавек. — Але ты маеш на гэта права. Я ніколі не бачыў велічэзнейшай ці прыгажэйшай, ці спакайнейшай або шляхетнейшай істоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб’е.
Нешта нядобрае робіцца з тваёй галавой, — падумаў ён. — А яна павінна быць ясная. Май ясную галаву і ўмей цярпець, як мужчына. Ці як рыба», — падумаў ён.
— Ясней, мая галава, — сказаў ён голасам, які ледзьве пачуў сам. — Ясней.
Яшчэ двойчы марлінавы абароты заканчваліся гэтак жа.
«Не ведаю, — думаў стары чалавек, — ці што ў мяне атрымаецца. — Кожны раз ён ледзь не страчваў прытомнасці. — He ведаю. Але яшчэ раз паспрабую».
Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз і адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калі ён павярнуў рыбіну на бок. Тая выпрасталася і зноў паволі адплыла, пайгойдваючы вялізным хвастом у паветры.