Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
ЛЕВІЯТАН 3 ВАВІЛОНІІ
Трылогія
«ЛЕВІЯТАН 3 В ABI Л OH II»
Ізраільскае фэнтэзі
Гэтая кніга выйшла пры падтрымцы Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Мінску
ГАГАР ЯНАЙ
~ ЛЕВІЯТАН 3 ВАВІЛОНІІ ~
КНІГА ПЕРШАЯ
СКРАДАЛЬНІК
ЛЕКАЎ
Пераклаў з іўрыту
ПАВАЛ КАСЦЮКЕВІЧ
ЛОГВІНАЎ
Эля і Ёнатан, звычайныя ізраільскія школьнікі, трапляюць у залюстроўе, у паралельную з нашым сусветам цывілізацыю Вавілонскай імперыі, дзе, суладна пераплятаючыся, уладараць магія і навуковыя тэхналогіі. Падлеткі павінны вырваць бацьку з цэпкіх лап злачынных падарожнікаў між сусветамі і іх фармакалагічнага кодла, а таксама выцягнуць маму з бяздоннай прорвы душэўнай хваробы.
У Вавілоніі герояў падпільноўваюць цмокі-кракадзілы, утрапёныя служкі змрочных культаў, небяспечныя паўстанцы, зухаватыя кантрабандысты, а самі героі паспытаюць здраду, расчараванне, сяброўства і каханне.
Створаны аўтаркай сусвет шмат у чым грунтуецца на міфалогіі і культурных кодах цывілізацый Старажытнага Усходу: сумерскай, акада-вавілонскай і ханаанскай.
ISBN 978-609-492-032-8
© Hagar Yanay, 2006
© Павал Касцюкевіч, пераклад на беларускую мову, 2024
© Lohvinau Publishing House, 2024
Вось, Ён расцягнуў вакол Сябе святло Сваё і закрывае глыбіні мора.
Ёў 36:30
Спачатку была бездань. I былі моры, рэкі і зборы водаў. Увесь свет быў салодкая цемра, і тлустая гразь, і глыбіні ў глыбінях, ажно да глыбінь, у якіх нельга вызначыць абрысаў, — і ўсё было першаснай, пракаветнай жыжкай. I ў глыбінях раіліся стварэнні бездані і цемры — левіятаны, цмокі, змеі бягучыя і змеі пакручастыя.
ХагіДаган “Габрэйская міфалогія’’
РАЗДЗЕЛ 1
МЕЛОДЫІ ЧОРНАГА КРАКАДЗІЛА
Паліцыянты вечна нешта абмінуць увагай. I заўжды — гэта самая важная дэталь.
Са сваёй схованкі пад сходамі, ухутаны руплівай рукой у коўдру і пачаставаны кубкам гарачай какавы (такое ўражанне, што ў паліцыі яго афіцыйна прызналі саплівым дзіцём), Ёнатан назіраў за завіханнем дэтэктыўнай брыгады. Яны толькі што завяршылі абглядаць і вывучаць кухню, а таксама балкончык для пральнай машыны. Грунтоўна патапталі кветнік, а таксама грады з салатай і духмяным гарошкам.
Цяпер паліцыянты падняліся на другі паверх даследаваць спальню. Калі б Ёнатана ў той момант убачыла Эля, яна б узлавалася і заявіла, што ён лічыць сябе пупам зямлі і вялікім разумнікам, а ўсе астатняе чалавецтва на яго думку — дурні і масоўка. I што такія паводзіны, абавязкова б дадала яна, вельмі ўласцівыя хлопцам-падлеткам.
Аднак Элі побач не аказалася. Страшны, жудасны дзень для іх абаіх! Можа быць, самы цяжкі ў жыцці, калі не лічыць той чорнай даты, два гады таму. Але тады, прынамсі, з імі быў тата.
Сёння яны самі адны. Эля хавалася ў дамку, які пабудавала сабе на галінах персідскага бэзу. Яна заўсёды ўцякала туды, калі хацела апынуцца ў кампаніі адзінага чалавека, на якога магла цалкам пакласціся, — сябе самой. Ёнатана пакінулі на догляд паліцыянткі — пульхнай, з густымі бровамі дзяўчыны, якая папрасіла называць сябе Маран, хоць па рацыі яе гукалі па прозвішчы — “сяржантка Хаён”. Маран дала свой мабільнік пагуляцца, аднак Ёнатан засумаваў ужо праз пару хвілін. Апарат выявіўся дапатопным. Нейкі дзіцячы садок у параўнанні з ягоным і захаванай у ім выкшталцонай калекцыяй гульняў. Ягоны тата не меў патрэбы ў нейкіх там святах ці днях народзінаў, каб пабыць шчодрым і ўважлівым да сваіх дзяцей. Тата проста любіў дарыць усякае-рознае, пажадана складанае і дасціпнае, бо верыў, што такія штукі трэніруюць дзіцячы розум і пашыраюць далягляды. Прыгадаўшы бацьку, Ёнатан панурыўся.
3 трымценнем адчуў, як на плечы быццам навальваецца бетонная пліта.
Хуткая дапамога прыехала і забрала тату. He тое каб Ёнатан з Эляй часта бачылі санітараў за працай, але падлеткі па мужчынскіх тварах імгненна скемілі, што сітуацыя збіла з панталыку нават прафесіяналаў.
— Ты такое бачыў калі-небудзь? — спытаў адзін санітар другога.
Згледзеўшы Ёнатана і Элю, медыкі змоўклі.
— Калі тата зможа вярнуцца дахаты? — спытала Эля. Ёнатану падалося, што яна вось-вось заплача.
Санітары спагадліва пераглянуліся, маўляў, дзяўчынка не разумее ўсяго.
Адзін з санітараў паклаў ёй руку на плячо.
— Ён ачуняе, даражэнькая, ён будзе ў поўным парадку! Ты проста не ўяўляеш, якія магчымасці маюць сёння дактары. У бальніцах вяртаюць да жыцця нават тых, у каго спынілася сэрца.
Нешта ў заспакаяльным і нібыта аўтарытэтным тоне слоў санітара прымусіла абаіх адчуць на спінах халадок ліпкага страху.
—	Наш тата таксама ўрач, — сказаў Ёнатан. — А яшчэ навуковец. Яго імя — доктар Імануэль Маргуліс.
—	Я ў курсе, — кіўнуў санітар. — Ведаю пра ягоную дзейнасць з газет. Ваш бацька дае надзею многім людзям. Але кожнаму чалавеку іншым разам самому трэба дапамога, і цяпер падтрымаць яго — наша чарга.
Ёнатан і Элі ўжо мелі горкі досвед, які вучыў ні на кога не разлічваць, асабліва на людзей, якія абяцаюць дапамогу і падтрымку.
Яны пераглянуліся са страхам у вачах. Аднак санітары былі надта занятыя, каб заўважыць гэта, — яны выйшлі на вуліцу з насілкамі. А Ёнатан намагаўся скласці адзіную карціну ўсіх тых неверагодных падзей, што пачалі здарацца ад учарашняга ранку.
Той ранак пачаўся абы-як. Быў першы дзень ліпеня, самы пачатак летніх канікул. Тады, калі іншыя дзеці і падлеткі паспяшаліся на мора або ў кіно ці хоць паехалі цягацца па гандлёвым цэнтры, Ёнатан і Эля ўжо ведалі, што прыспеў час адведаць маму. Яны вельмі любілі яе, ім яе вельмі не ставала. Але напярэдадні візіту, які адбываўся чатыры разы на год, у іхнім доме на вуліцы Фіялкавай запанаваў змрочны настрой. Тата, які зазвычай паводзіў сябе рассеяна, але намагаўся дэманстраваць бурлівую весялосць, раптам зрабіўся змрочным. Праўда, падчас суботняга сняданку ён паспеў яшчэ пацешыць дзяцей падгарэлымі блінцамі, на якіх намаляваў кляновым сіропам смайлікі.
—	Ат, вы перараслі такія хохмы, — пасур’ёзнеў ён. — А я каторы год іх паўтараю...
3 тае самае прычыны тата адмовіўся, калі дзеці папрасілі яго паварушыць вушамі, — хоць гэтым умельствам ён шчыра
ганарыўся. Яны ведалі, што іншым разам ён едзе адведаць маму без іх і тыя візіты надта засмучаюць яго (праўда, было падобна, што патрэба хадзіць у госці да некаторых сваякоў засмучала яго значна больш).
У машыне, па дарозе на поўнач краіны, яны моўчкі сузіралі праз акно заараныя палі, якія змянялі лясы з соснамі на скалах. Авеяны прыгодамі краявід са светлых часоў іх сям’і panep падаваўся далёкай ілюзіяй. Ёнатан успомніў пяшчотны дотык матуліных рук і водар лавандавага мыла і міжволі наструніўся.
У дажджлівыя выхадныя мама распавядала яму і Элі гісторыі, якія адшуквала ў вялізных навуковых кнігах. Тыя гісторыі захаплялі ўвагу куды больш за дзіцячыя казкі. Але два гады таму ўсё — хрусь і папалам. Роўна на ягоны дзясяты дзень народзінаў.
“Які настрой будзе ў мамы сёння?” — гадалі ўсе, пакуль машына заязджала ў рыпучую, з цяжкім жалезным замком браму. Яны ўдыхнулі паветра, якое зрабілася празрыстым і нечым злавесным.
Ёнатан прасіў у душы, каб мама не выглядала надта змучанай, нібыта яе акунулі ў каламутныя, нябачныя астатнім воды. Найбольш хацелася, каб яна не плакала, бо тады EnaTan пачуваўся вінаватым і бездапаможным. Калі Ёнатан зірнуў на сады і лужкі, што атачалі трохпавярховы будынак, які колісь намагаўся набыць выгляд моцнага і ўсмешлівага, але цяпер стаяў выцвілы, нямоглы, абмыты дажджамі і абвеяны вятрамі, дык падумаў здзіўлена: як увогуле нехта можа тут ачуняць і вярнуцца здаровым да людзей? Строгі шэраг вузкіх і доўгіх вокнаў аніяк не цешыў вока, а толькі дадаваў яшчэ думак пра бункер, у якім акапаўся вораг.
Яны павіталіся з медсястрой, якая сядзела за стойкай рэцэпцыі, і падняліся на другі паверх. Там і знайшлі сціснутую ў крэсле-гушкалцы маму Тамі. Мама сядзела насупраць акна, але ў яго не глядзела.
— Прынеслі табе тарцільеткі з мюслямі, — паведаміў тата Імануэль са знарочыстай весялосцю. — Мы іх спяклі разам.
Для ўсіх — у тым ліку для яго самога — голас таты прагучаў як у дыктара ў рэкламе. Тамі Маргуліс падняла вочы. I Ёнатан пабачыў, як яны напухлі, і падумаў, што мама праплакала ранак навылёт.
Прыгожы твар быў азмрочаны, засмучаны. Цёмныя валасы — яна імі так ганарылася! — зблыталіся і выцвілі, нагадвалі набрынялае дажджамі птушынае гняздо. Кончыкі пальцаў з абгрызенымі пазногцямі біла дрыготка.
Мама выглядала горш за ўсе папярэднія візіты. Горш нават за тое лета, два гады таму, у той чорны дзень, калі хуткая забірала яе з Фіялкавай вуліцы.
— Імануэль... — прамовіла яна. — ЁН вярнуўся.
— Ды не можа быць! Нейкае абы-што. Лячэнне мусіла дапамагчы.
— He, толькі пагоршала. Я адчуваю, што мяне накрывае.
У час, калі бацька мераў пульс мамы і глядзеў на язык і вочы, Ёнатану і Элі не трэба было крыўляцца, нібы яны страшна цікавяцца навуковымі працамі, кнігамі, што ахайнымі шэрагамі цясніліся на паліцах, хоць было ясна, што ўладальніцы цяпер не да іх.
— У фізічным плане ты здаровенькая, любая. Хадзем пагуляем пад сонцам. Свежае паветра пойдзе табе на карысць.
— Я не магу. Я баюся.
ЯГО?
— Так.
— Але яго не існуе, Тамі. Ты сама яго выдумала. Ён адно жахлівы сон, ілюзія.
— Гэта не так, Імануэль. ЁН ІСНУЕ. Глыбока ўнутры сябе я адчуваю, як ён варушыцца.
— Што існуе, дык гэта твае дзеці. Вось, паглядзі на іх, стаяць тут у палаце перад табою. Ты ім патрэбна.
Мама зірнула на дзяцей, і па яе твары пакаціліся слёзы.
— Вы некалі зможаце дараваць мне?! Я б хацела быць з вамі, але не магу. I баюся, не змагу ніколі.
— Ат, усё будзе добра.
Бацька рэзка, ледзьве не садраўшы, адшмаргнуў край фіранкі.
— Ты проста стомленая. Хутка ачуняеш. Абяцаю, Тамі. Будзеш здаровенькая. Я над гэтым працую і магу сказаць, што фінальная формула гатовая і дзейнічае. He стае толькі пары апошніх штрыхоў.
— Прашу, Імануэль, больш не трэба лекаў! Мне ад іх толькі горш.
— Але гэта не “яшчэ адны лекі”, залаценькая, гэта ФІНАЛЬНЫЯ лекі.
Тамі апусціла галаву, маўкліва ўпілася вачыма ў свае калені, і Імануэль нервова падскочыў.
— Я ў кабінеце Шапіры, — сказаў ён і выйшаў з палаты.
Ёнатан і Эля засталіся з мамай сам-насам. У іх невялікай сям’і ў Ёнатана з мамай былі, мусіць, самыя цесныя адносіны. Малым хлопчыкам ён быў упэўнены, што мама можа чытаць ягоныя думкі, і нават цяпер падазраваў, што гэта паранейшаму так, адно што мама гэта хавае, каб не ўганяць яго ў сорам. Са свайго боку, ён мог адчуваць усе адценні яе прыгнечанасці і часам нават мог прадбачыць, штб мама стане рабіць.