Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
пацягнуў перакуленых дагары нагамі паміж завулкамі. Ёнатан намагаўся спыніць хвалю ванітаў.
— He разявайце ратоў! — крэкчучы, выдыхнуў чужаніца. — Маўчыце, ані слова! Дыпламатыю даверце мне. I мы вылезем адсюль цэлыя і жывыя, як шыцікі з норкі.
— Дай мне дыхаць, — натужліва вымавіў Ёнатан — валасатая далонь чужаніцы (ці гэта быў яго ступак?) закрывала яму рот і нос.
— Ціха, нахабы! — магутны голас скалануў спіну, якая несла іх.
Каб узмацніць эфект ад слоў, ён страсянуў сетку, і яны падскокнулі ў ёй, усё роўна як слівы ў авосьцы.
Ёнатан не даў рады млосці. Яго страўнік вывернула вонкі. Сківіцы раскрыліся, і выплюхнуўся пракіслы струмень ванітаў. Эля пачувалася не нашмат лепей.
Але пасярод усеагульнага гармідару ніхто не звярнуў на гэта аніякай увагі. Зрэшты, іх праз момант бесцырымонна шпурнулі, як мех з бульбай, на зямлю. Калі ім удалося падняць галовы, то яны ўбачылі, што апынуліся ў вялікім, сшытым са скур намёце, асветленым полымем паходняў.
Абу не быў паліцыянтам. Ёнатану цяжка было ўявіць такую паліцыю, якая б прыняла ў свае шэрагі такога чалавека. Шчыра кажучы, Ёнатан нават пачаў падазраваць, што Абу — увогуле не чалавек.
Той пахаджваў па намёце туды і сюды. Полымя адбівалася ў яго адпаліраваных, пакрытых серабрыстым манікюрам капытах.
— Колькі, думаеш, мы за іх атрымаем? — запытаўся ён скавычучы (ці, можа, рыкаючы?) пісарчука, які скруціўся на зэдліку ў куце і ў параўнанні з Абу выглядаў да болю чалавечным.
Ёнатан і Эля дагэтуль не маглі ачомацца ад шоку, які быў выкліканы з’яўленнем гандляра нявольнікамі. Той меў цела мажнага мужчыны — але ж галава! Галава была галавой
чорнага быка. Вельмі дагледжанай, трэба заўважыць, асобіны з адпаліраванымі рагамі, якія фарсіста адлівалі срэбрам. На пальцах чалавек-бык насіў важкія пярсцёнкі, а ў носе — выкшталцонае срэбнае колца, аздобленае дыяментам, што блішчэла над тоўстымі бычынымі губамі, вільготнымі ад бурбалак сліны, якія выляталі падчас гаворкі.
Дыскусія аб іх лёсе доўжылася ўжо каторы час, але рашэння дагэтуль не было.
Ёнатан, Эля і чужаніца сядзелі цяпер, звязаныя спінай да спіны, на падлозе ў намёце, пакуль бык мацаў іх цягліцы і зубы, пырхаючы ад агіды пры выглядзе іх запаскуджанай вопраткі.
— Адпусці нас зараз жа! У цябе няма права трымаць нас, тупая бычара! — пайшла на трэці заход Эля — і зноў была адкінутая на падлогу.
— Гэты хлопец дурней і брыдчэй за свайго брата, — прамовіў Абу.
Эля была скура ды косткі як на шаснаццацігадовую дзяўчыну. Апранутая ў джынсы. Яе твар абмызгала чорная гразюка. Таму, мабыць, яе жаночыя рысы не надта кінуліся ў вочы быку, які, падаецца, не вылучаўся вытанчаным густам. Ён убачыў у ёй хлопца, а Эля не спяшалася выправіць памылку. Вучылася яна хутка. Яна, можа, і не была гатовая да ўсіх гэтых узрушэнняў, але ж яе інтуіцыя, а таксама выгляд групкі напуджаных да смерці дзяўчат, якіх навязалі ля ўвахода ў намёт снапамі па некалькі чалавек, наглядна патлумачылі, што калі ты патрапіў у гэты варожы свет і выстаўлены на продаж як нявольнік, дык найлепш паступіцца гонарам і выдаваць сябе за хлопца.
— Гаспадару! — у прыліве ліслівасці затросся пісарчук. — Перш чым навесіць на іх цэннік, можа, спраўдзім, ці маюць яны медыцынскую страхоўку?
— Якая, на халеру, розніца, маем мы страхоўку ці не маем? — узлавалася Эля.
— Слухайце, вы што, з Глухменьполіса ці Задрыпозьніна? У каго няма страхоўкі, той — безгаспадарная маёмасць.
— Чаго-чаго?
— Той, хто не прайшоў медыцынскіх праверак і абследавання, можа з’яўляцца носьбітам эпідэміі, — выраз агіды і жаху праступіў у пісарчука на твары, і ён паспяшаўся памыць у пасудзіне з вадой бледныя, заплямленыя ў атрамант рукі, так, нібыта само згадванне хваробы можа стацца заразным.
— Напрыклад, Эпідэмія Цёмных Плям. Яна выбухнула зноўку, хіба не чулі? Таго, хто не можа дазволіць сабе заплаціць за свае медыцынскія аналізы, прадаюць у рабства або высылаюць у аздараўленчы лагер. I дайце мне веры, у гэты лагер вам патрапляць не трэба, — казаў далей пісарчук.
— Дзеці! — зароў Абу (бо ён, зрэшты, не прамаўляў, а рыкаў). — Хопіць тут гуляцца ў гульні! Калі апошні раз вы праходзілі медыцынскае абследаванне?
Ёнатан з Эляй ашаломлена сціхлі. Перамовы з гандлярамі нявольнікаў — надзвычай карысны навык у рэальным жыцці. На жаль, у нашай краіне яго не ўключылі ў планы школьных заняткаў.
Сярод палоннікаў толькі чужаніца не страціў мужнасці. Ён укалоў локцем Ёнатана ў бок. Укол быў надта вострым, каб быць чалавечым.
— Так-так, гэтай вясной, — шапнуў яму за спінай. — Скажы яму, даўбешка: “Праходзілі гэтай вясной, вяльможны Абу”.
— Вясной, — механічна паўтарыў за чужаніцам Ёнатан.
— I хто аплаціў яго?
— Наш тата... о Абу, святло тысячы зор.
— I адкуль вы такія прыбылі?
— 3 вады, — шчыра прызнаўся Ёнатан. — Раз — і стаім мы, значыцца, пасярод сажалкі...
Нават калі б Ёнатан кінуў у намёт гранату, эфект ад яе наўрад ці быў бы большы, чым ад ягоных слоў.
— 3 сажалкі?! — Абу сваім рыкам амаль што патушыў агонь паходняў. А пісарчук бразнуўся з зэдліка.
— Яны прыбылі наўпрост знізу! А-а! — роў Абу.
— Заражаныя вірусам! — загаласіў пісарчук і спінай падаўся ў самы далёкі кут намёта. Там прыціснуў да твару белую марлевую маску.
— Гасподзь Мардук, злітуйся з мяне, выратуй маю душу і адмый яе начыста ад усіх Цёмных Плям!
Чужаніца за спінай у Ёнатана здрыгануўся так, нібыта праз яго прайшоў ток.
— Вушы б мае не чулі! — загаласіў ён. — Ён гэта ўсё ж сказаў! Ну ідыёт, дый годзе! Чаго ты зяпу разяваеш? Ты чаму мяне не паслухаў? Так у цябе яшчэ быў бы шанц.
— Усе супакойцеся, — сказаў Ёнатан. — Мы не пачуваем сябе хворымі. Мы ў поўным парадку.
— ГЭТАК думае кожны, хто заразіўся Плямамі! — адгукнуўся пісарчук. — Вы ў поўным парадку, адно свет вакол вас робіцца ўсё больш гнятлівым, задушлівым, паскудным і брыдкім. А праз хвіліну вы ўжо хапаеце зброю і робіце кепствы.
— У нас рукі звязаныя. Мы рухацца не можам, — разважліва нагадала Эля.
— Дык тады вы будзеце заражаць мяне сваімі згубнымі ідэямі і высмакчаце, як п’яўкі, святло з майго жыцця.
— Хопіць падціскаць хвост, як заяц, Азурпід!
Абу быў поўны злосці. Ён пахаджваў па нутраным перыметры намёта, кідаючы іскры са сваіх пасярэбраных капыт. Урэшце наблізіўся да дзяцей. Прымусіў іх падняцца на ногі. Потым упіўся ў іх вачыма.
— Яны не хворыя.
— Адкуль шаноўны спадар ведае?
— Яны не выглядаюць маркотнымі, або засмучанымі, або прыгнечанымі. Клянуся салодкім мёдам дочак Наамы! Яны не выглядаюць як тыя, каго грызуць дэманы сумнення.
— Дык, можа, пошасць толькі ў іх на пачатковым этапе?
— Калі яны могуць схаваць свае Плямы ад нас, яны таксама здолеюць утоіць іх ад пакупніка, якому собіць іх набыць. Пакуль хвароба праявіцца, мы паспеем іх збыць з рук. Раз — і ўцюхалі тавар. Урэшце, прапануем кліенту шалёную зніжку. Два срэбныя дынары за галаву, тры дынары таму, хто бярэ адразу двух. Танней толькі бясплатна. Нават цягаць іх на рынак будзе даражэй.
Ёнатана з Эляй шпурнулі на анучы, што валяліся ля дальняга кута намёта. Увага Абу цяпер скіравалася на дзіўнага, пакрытага смярдзючай воўнай чужаніцу.
— Ну-ну, хто тут у нас?
— Да вашых паслуг, спадар Абу, чый кулак, як дзіда Нуспірата.
— Да ўсяго яшчэ і кепскі ліслівец.
Абу схапіў чужаніцу за шыю, падняў высока ў паветры і панюхаў сваім сухім бычыным носам.
Ёнатан, які нарэшце здолеў як след абгледзець чужаніцу ўпершыню, шырока расплюшчыў вочы ад здзіўлення. Ніколі ён не бачыў такой істоты. Мела яна дзве пары маленечкіх крылцаў, бескарысных. Апрача таго, змяіны лускавы хвост, які варушыўся як асобна ўзятая жывёліна. Нават у сваім незайздросным становішчы і вісячай паставе істота прымудрылася паволі чухаць задняй нагой у сябе за вухам.
— Ваша Бычыная Мосць, Пазузу да тваіх паслуг!
— Ат, халера! Дэман з трэцяй лігі, — зароў Абу і дазволіў істоце праслізнуць між пальцаў і паваліцца наўзніч на зямлю, як пабітае моллю футра.
— Нават лётаць не ў стане... 3 якой халеры ты ўцёк ад свайго гаспадара?
— Бо я ўсяляк набліжаў хвіліну, калі змагу ўбачыць вашы ясныя вочы, о Абу, уладар грашовых струменяў. Скажыце, ці маеце вы планы на вечар? Можа, дазволіце запрасіць вас на чарачку фінікавага бімбера, так бы мовіць, на сяброўскае рандэву?
Гэты досціп каштаваў Пазузу ўдару капытом, які падняў яго ў паветры, вытрусіўшы з ягонай скуры прусакоў і пыльную хвалю.
— Вось проста даю руку на адсячэнне, што афіцыйнай пячаткі дзяржкантролю аб рэгістрацыі ў якасці дэмана ў цябе няма, — прамовіў сакратар Азурпід з ноткамі дзяжурнай спагады ў голасе, кранаючыся бранябойных акуляраў на носе.
— Ну-у... Калі шчыра вам сказаць, у мяне невялічкая праблемка з маёй ліцэнзіяй...
— Калі апошні раз ты праходзіў штогадовы агляд на прафесійную прыдатнасць?
— Эгм-м-м... Дайце ўспомніць. Было гэтаў Пальміры. Тры месяцы назад. Доктара клікалі доктар Шпарага, або Шпарагус, або Серпентус, нешта такое... Ён абышоўся са мной міла. Сказаў, што даўно не бачыў дэмана з такімі развітымі груднымі цягліцамі.
Пазузу зрабіў невялічкае дэфіле па скураным дыване, усё роўна як культурыст, які дэманструе мускулы. Потым пачаў збіваць кулакамі паветра як баксёр.
— Зараз усё спраўдзім, — сказаў Азурпід.
Ён прыцягнуў з кута намёта перасоўную тумбачку з шуфлядамі. 3 шуфлядак, які паадчыняліся ва ўсе магчымыя бакі, павывальваліся папірусы, пергаментныя скруткі і пераплеценыя скурай кнігі. Падчас гэтага буяння стыхій непарадку мізэрная постаць сакратара падавалася нямоглай і бездапаможнай. Пазузу зверавата ашчэрыўся. Але тут пісарчук адкрыў скрыню, і адтуль на волю выпырхнулі сонечныя зайчыкі і мітусліва забліскалі ў паветры.
— О не! — выгукнуў Пазузу. — Толькі не кажыце, што ў гэтага круцільшчыка бычыных хвастоў ёсць свае кішэнныя нячысцікі.
Кішэнныя нячысцікі нечым нагадвалі мініяцюрных зорачак з бліскавічнага залпу феерверку. Яны накінуліся на дакументы і пачалі хутка-хутка гартаць іх.
— Пашукайце там у каталозе дыпламаваных дэманаў і таксама зірніце ў апошніх прафесійных штоквартальніках, — стаў раздаваць ім загады Азурпід. I адразу атрымаў укус у нос. Кішэнныя нячысцікі ненавідзяць, калі ў іх працу ўмешваюцца без дай патрэбы. У іх моцнае пачуццё прафесійнага гонару, і заслужана. У імперыі ніводзін чыноўнік з Гільдыі Сакратароў не дасць рады стосам бюракратычнай дакументацыі без іх чыннага ўдзелу.