Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
— Афрырон, вядома, мадэль магутная. Ты, мабыць, заможны гаспадар, калі мог дазволіць сабе ўтрымліваць такое. Але, хачу табе заўважыць, той Афрырон не падыходзіў да гарачай пустэльні. А вось Пазузу — тое цалкам пустэльная мадэль. Вытрымлівае тэмпературу сорак градусаў без кроплі вады цягам некалькіх тыдняў.
Пазузу збянтэжана закашляўся, але цяжкая далонь Абу, піто лягла яму на плячо, умомант суцішыла той кашаль.
— Можна яго выпрабаваць? — папытаўся кліент.
— На здароўе. Прашу.
Кліент прымружыў вочы, пасмактаў ніжнюю губу і ўперыў вочы ў Пазузу.
— Можаш сказаць, якая сітуацыя з бавоўнай цяпер на біржы ў Но-Амоне?
Пазузу ўскінуў зрэнкі ў неба, нібыта падключаўся да схаванага касмічнага струменя, і загаварыў самавітым, пафасным голасам, які нагадаў Ёнатану голас тэлевядоўцаў у навінах.
— Каціроўкі растуць. Купляйце бавоўны столькі, колькі ўлезе, бо прарокі прагназуюць засухуўраёне Ніла, таму тэндэнцыя на рост працягнецца.
— А як там гандаль ляпіс-лазурам у Бадахшане?
— Падзенне попыту і затаварванне. Зараз у каштоўныя камяні інвеставаць не рэкамендуецца.
— Як дома маецца мая жонка?
— Цудоўна. Перадае буські і прывітанкі.
— Ах ты мярзотнік! Я ўвогуле халасцяк.
Мужчына ў ваўнянай накідцы падняў руку, каб выцяць Пазузу. Дэман з пераляку ўкусіў першае, што патрапіла на гарачы зуб, і, на вялікі жаль, гэтым першым выявіліся пальцы кліента. Той залямантаваў, і моцным штуршком дэмана вярнулі ў клетку. Ясная рэч, ён бы атрымаў належнае яму ад раз’юшанага Абу пакаранне, калі б не пужлівы шэпт, які ў тую хвіліну разляцеўся па рынку: “Ціха, асцярожна, ідзе доктар Некрасептус!”
РАЗДЗЕЛ 3
ДОКТАР НЕКРАСЕПТУС
✓Ік акінуць вокам, усе наведнікі рынку падаткнулі вопратку і насунулі свае турбаны ці хусткі бліжэй на вочы, расправілі нябачныя столкі на халатах і напусцілі на твары прыязныя міны цалкам здаровых і добрапрыстойных грамадзян, бо здаля данеслася, што яснавяльможны спадар доктар яўна не ў гуморы.
Некрасептус быў каржакаватым мужчынкам, чыя чорная квадратная барада складалася з тонкіх косак, напамаджаных алеем, якія, адпаведна з найноўшай варажбіцкай модай, дасягалі ягоных грудзей. Апрануты ён быў у белы лекарскі халат. На руках нацягнутыя гумовыя медыцынскія пальчаткі, а на адным пальцы паверх тонкай гумы зіхацеў пярсцёнак. Шыю абвіваў залаты нагрудны шчыток, на якім арабескамі праступалі літары, што складаліся ў словы здароўя і супакою і пры хадзе зіхацелі. Аднак твар Некрасептуса быў змрочны і змардаваны. Шчасліўцы, якія родзяцца ў шаноўнай гільдыі імперыі — Гільдыі Варажбітаў, — мусяць дзень і ноч шчыра радавацца жыццю і сваімі прывілеямі. Дык чаму ў Некрасептуса такі кіслы твар?
Заснавальнік Гільдыі Варажбітаў, легендарны Ашпербошэт, старэйшы сын Адмуэля, быў першым лекарам-святаром. Чалавечыя душы тады былі маладыя і каштоўныя, і Ашпербошэт прысвяціў жыццё ахове іх цэльнасці і здароўя, а таксама абароне іх перад хцівасцю дэманаў, разнастайнымі шкоднікамі і варожымі замовамі Прорвы. Ашпербошэт праславіўся як светач чалавецтва. Бачыў усе рэінкарнацыі душ, якія патраплялі яму на вока. Мог адразу пабачыць розніцу між нікчэмнай драбязой і велічнай магутнасцю. Ён прызначыў асістэнтамі сваіх законных сыноў і байструкоў*. Гэтак і паўстала Гільдыя Варажбітаў — адмыслоўцаў-душазнаўцаў.
Пасля падзення зікурата-хмарачоса душы Адмуэля, Ашпербошэта і Нуспірата недзе прапалі. Прынята лічыць, што яны працягваюць пераўвасабляцца. Ад Адмуэля — у сыноў імператара, ад Ашпербошэта — у прадстаўнікоў Гільдыі Варажбітаў, ад Нуспірата — у ваяроў. Аднак ніхто сёння больш не можа вызначыць, хто дакладна ёсць хто. Паколькі перавяліся настаўнікі і павадыры, каб навучаць заклёнам, дык Варажбіты адкрылі Школы па красамоўстве і мыслярстве. У апошняе стагоддзе ў гэтыя школы пасылалі вучыцца таксама дзяцей, якія не змаглі вывесці свой радавод ад кораня Ашпербошэта (зрэшты, тысяча гадоў — гэта вам не цацкі-пецкі!). А паколькі моц і ўплыў Варажбітаў у імперыі толькі расце, у Школы красамоўства і мыслярства пхнуцца і жук і жаба. Там, можа, болын не выкладаюць першародных магічных умельстваў, але, без сумневу, Школа — найлепшыя дзверы, праз якія можна патрапіць у кабінет чыноўніка-ўрадніка з вельмі добрым заробкам. Даказаўшы кроўную сувязь з сям’ёй аднаго з другарадных рабоў Ашпербошэта эпохі Вялікай вайны, бацькі Некрасептуса змаглі ўладкаваць яго ў прэстыжную вавілонскую школу. Ніхто не чакаў, што Некрасептус калі-небудзь выб’ецца ў дзяржаўную
* Байструк — пазашлюбнае дзіця.
эліту. Ён паволі церабіў сваю кар’еру паміж цырымоніямі і заняткамі па рыторыцы, малітвамі, слоўнымі медытацыямі і практыкаваннямі па стварэнні пазітыўнага ўнутранага краявіду. Аднак Некрасептус выявіўся хлопцам дбайным і ўпартым. Мара пра Вярхоўны Кансіліум Варажбітаў у Вавілоне, легендарную раду, якая падпарадкоўваецца наўпрост імператару, вярэдзіла ягоны розум. Чаму гэта ён не можа апынуцца ў ліку абраных?
Але на сённяшні дзень ягоная кар’ера забуксавала. Некрасептус апынуўся ў Ніпуры, на пасадзе правінцыйнага лекара. Жыць можна, але статус невысокі. Некрасептус пакутаваў на пякотку, язву і выбухі гневу. Цяпер ён быў асабліва не ў гуморы, бо пагалоска аб узмацненні паўстанцаў і новы ўсплёск Эпідэміі сталіся прычынай таго, што Кансіліум паслаў яго ў Эрэду — усё роўна як нейкага дробнага клерка, — каб праінспектаваць узровень гігіены на рынку нявольнікаў.
Ёнатан заварожана пазіраў на постаць, якая набліжалася. Самае цікавае было не ў нашыйным шчытку з надпісам, які нагадваў магазінную шыльду, і, ясная справа, не кіслы твар вяльможы, а дзве целаахоўніцы, якія крочылі крыху ззаду. Ёнатан са здзіўленнем упіўся ў іх вачыма. Найлепшы спосаб апісаць тых целаахоўніц — гэта прыпадобніць іх да двух слупоў каляровых віхур, якія безупынку віруюць. Целаахоўніцы страката зіхацелі і выглядалі цвёрдымі і празрыстымі, як цукеркі-лізунцы. Іх бліскучыя вочы стралялі па баках так, нібыта дэзынфікавалі наваколле ледзянымі лазерамі.
— Хто гэта? — запытаўся Ёнатан Пазузу.
— Цьху! — з агідай сплюнуў дэман. — Сільфы. Анёлы-недамеркі.
— А якое яны маюць дачыненне да лекара?
— Яны прысвячаюць свае нікчэмныя жыткі служэнню Мардуку. Можна сказаць, яны сёстры міласэрнасці пры лекарах-святарах.
Некрасептус і дзве яго спадарожніцы церабілі дарогу пасярод рынку нявольнікаў. Натоўп паслухмяна расступаўся перад імі хвалямі адліву. Лекар ступаў з манаршай нетаропкасцю, кідаючы сям-там слова, аглядаў нявольнікаў у клетках.
Калі ён наблізіўся, то спыніўся роўна насупраць кібіткі. Ёнатан зіркнуў на сільфу, што стаяла бліжэй. Слуп каляровага рухомага паветра здаваўся зробленым з лёду, бязлітасным і бяздушным. Сільфа нахіліла ў бок Ёнатана галаву так, нібыта ацэньвала.
Знянацку ад яе стаў патыхаць моцны водар нарцысаў і касачоў, які нагадаў Ёнатану пах пшыкалкі для асвяжэння паветра. Ёнатан зледзянеў. Нават усцешыўся, што яго ад сільфы аддзяляюць моцныя кедравыя краты.
— Як гешэфты, спадар Абу? — запытаўся Некрасептус.
— Дзякуй Мардуку, абы не было горш.
Ёнатану падалося, што бык баіцца сільфаў і з усяе змогі імкнецца ўнікнуць кантакту з іх ільдзіста-бліскучымі крыламі. Нягледзячы на гэта, Абу наважыўся засланіць кібітку з вязнямі ад дапытлівых вачэй сільф і стаў перад кратамі. Гэты ход не схаваўся ад доктара Некрасептуса, у чыіх вачах прамільгнуў драпежна-кашэчы бляск.
— Што ты хаваеш ад мяне, спадар Абу?
— Ды нічога асаблівага, яснавяльможны спадар доктар. Ат, пара нявольнікаў.
— Маю спадзеў, ніхто з іх не хворы на Эпідэмію?
— Як можна! Вы ж ведаеце, на мяне можна пакласціся. Я гандляр са стажам, шаную законы і правілы.
— Калі ў вас хворы нявольнік, то ён можа заразіць увесь рынак.
— Барані Мардук, такога няма, яснавяльможны спадар доктар!
— Бо нам тады давядзецца знішчыць усю біяпрадукцыю, якая тут ёсць, а таксама накласці на цябе штраф у памеры тысячы залатых дынараў.
— Клянуся мамай і таткам, я спыню такую эпідэмію сваім целам, не дам ёй ходу!
Некрасептус выпрастаў свой зацягнуты гумовай пальчаткай пальчык і жэстам загадаў Абу адысціся. Яго вочы, аглядаючы Ёнатана, засяроджана бегалі туды і сюды.
— Калі ўсе ў цябе здаровыя, дык чаму той хлопчык у куце выглядае так меланхалічна?
Бык здрыгануўся, нібыта яго ўкусілі пад хвост.
— Хто, ён?
— Ён, ён... Выглядае, што вось-вось заплача.
— Ды не маркотны ён! Ты трохі памыляешся, яснавяльможны спадар доктар. Хлопчык ён вясёлы. Як верабейчык. Усю дарогу сюды спяваў і танчыў. Ён проста... гм-м-м... галодны.
Некрасептус тыцнуў пальцам Ёнатану ў рабрыну.
— He выдае, што ён галодны, спадар Абу! Выдае, што ён задумаўся.
— Ну ясна, хлопец поўны думак. Кемны юнак. Разважае, як яму стаць яшчэ весялейшым. Як стаць болып карысным. Ён думае, як стаць сардэчным і прыязным — якасці, якія патрабуюць ад служак у кожным доме.
— Сапраўды? — Некрасептус дастаў з кішэні халата медыцынскі альманах і стаў гартаць. — Зараз пабачым. Першыя сімптомы Змрочнай Пошасці: 1. патухлыя вочы; 2. кончыкі рота апушчаныя долу; 3. аслаблыя на выгляд валасы; 4. адсутнасць апетыту; 5. агульны выраз і настрой — змрочны.
Ён загарнуў кніжку і сунуў назад у кішэню.
— Мяне тузаюць змрочныя прадчуванні, спадар Абу. Гэты хлопец нешта задумаў. Ёсць адчуванне, што душа яго разбураецца і Прорва ўжо пачала лезці праз яго вонкі!
— Не-не-не! — бык роспачна аблізаў губы, а яго вочы забегалі. — Залаценькі Некрасептусік, чаму б табе не ўзяць гэтага хлопчыка? Ці яго брата — ці нават іх дваіх — у якасці
падарунка ад мяне? Ты зможаш скарыстацца імі ў сваёй гаспадарцы. Тавар прэміум-класа. I з цягам часу ты сам ўбачыш, што яны цалкам здаровенькія. Ведаеш што? Вазьмі ў даважак гэтага дэмана, які стаіць за іх спінамі. Ён нізенькі, але такі разумненькі. Будзе вам цудоўным хатнім дэманам.
— Ты здзекуешся, спадар Абу? Што я буду з гэтымі адкідамі рабіць? Мая сільфа дасць табе бланкі. Аформіш увесь свой багаж на знішчэнне ў панядзелак, і будзь ласкавы заплаціць дзве тысячы дынараў гатоўкай.
— Можа, ёсць які іншы спосаб? Клянуся, ва ўсіх гэтых складаных працэдурах патрэбы няма. Можа, праверыш хлопчыка альматаскопам? Вось пабачыш: ён здаровы як бык, то-бок як я. Або ты.
Некрасептус уздыхнуў.