Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Ты просіш мяне ўжыць такую дарагую альматаскапію ў такім нікчэмным выпадку?
— А чаму не? Вазьмі гэту драбязу на знак маёй удзячнасці.
Бык зняў з пальца срэбны пярсцёнак з бірузой і працягнуў лекару. Некрасептус з недаверам паважыў упрыгожанне на зацягнутай у гумовую пальчатку далоні. (Выдавала, што сярод мужчын пярсцёнкі тут карысталіся папулярнасцю.)
— А таксама вазьмі гэнае. I вось гэнае, хоць яно напамін пра адну чароўную паненку.
Некрасептус уздыхнуў.
— Так, дык што я магу зрабіць для цябе, спадар Абу? Возьмем дзіця і зробім яму альматаскапію. Але мушу папярэдзіць. Калі ён хворы, мае сільфы проста тут і цяпер дадуць яму смяротны ўкол.
Ёнатан, Эля і Пазузу мусілі па загадзе вылезці з клеткі, рукі за спіну, і пакрочылі цугам па рынку. На чале працэсіі — лекар-святар і сільфы, а ў канцы шкандыбаў чалавек-бык, пільнуючы, каб ніхто не адстаў.
— Што яны са мной зробяць? — шэптам папытаўся ў Пазузу Ёнатан, які крочыў за ім услед.
— I не пытайся. Альматаскапія — самае зняважлівае і паскуднае, што можна зрабіць жывому чалавеку.
Каб сказаць, што гэтыя словы падтрымалі Ёнатана, дык не скажаш.
— Табе яе ўжо рабілі?
Дэмана аж скаланула.
— Хвала Самаэлю, не! На шчасце, я дэман, ува мне няма ніякай схаванай сутнасці, у якой можна было б пакалупацца.
Ёнатан нічога не зразумеў, але зрабіў выснову, што працэдура не надта прыемная.
— А ўхіліцца ніяк нелыа?
— Пасля таго як цябе прывяжуць да крэсла, дык не.
Яны сунуліся па завулках у бок выхаду з рынку і нарэшце прыйшлі ў высокі раскошны дом, які выглядаў як дзяржаўная ўстанова. У процівагу да каструбаватых халабуд з гліны, што тырчалі вакол, гэты быў пабудаваны з камення, на падкрэсленым аддаленні ад іншых пабудоў. Яго фасад быў аздоблены пабеленымі вапнай літарамі, напісанымі тым самым мудрагелістым шрыфтам, якія Некрасептус насіў на грудзях: “Стваральнае слова, пераможнае слова, слова-панацэя”.
На даху камяніцы, па-над дэкаратыўнай брамай, стаялі два крылатыя быкі, выразаныя з базальту.
Сільфы адчынілі дзверы, і ўся працэсія зайшла ў вялізнае памяшканне, прахалоднае і цёмнае. Ёнатана ахапіла непрыемнае пачуццё. Небяспека вісела ў паветры, нібыта яго завялі ў былую падземную катавальню, са сценак якой на яго дыхнулі людскія пакуты.
Яны зразумелі, што камяніца была адной вялікай залай. А лекар-святар апынуўся ў сваёй штаб-кватэры. Панавала сіняватае святло, крыніцай якога было некалькі клубкоў саламандраў. Над цэнтральнай часткай залы проста ў паветры вісела, можа быць, самая мудрагелістая махіна, якую ў сваім жыцці давялося бачыць Ёнатану.
Махіну сканструявалі з неверагоднай колькасці срэбных пруткоў, трубак і колцаў, шкляных колбачак, зубчатых колаў усіх магчымых памераў, а таксама саманаводных тэлескопаў, павелічальных і памяншальных шкельцаў, крышталікаў, што ашчэрыліся вострымі пікамі святла.
Каб абгледзець гэтую хісткую і павукападобную канструкцыю, што завісла ў паветры, давялося закінуць галаву. Унутры Ёнатана ўсё сцялася, калі ён убачыў невялікае крэсла, чорнае і скураное, што гайдалася ў паветры на дратах. Адна сільфа стала спускаць яго на зямлю пры дапамозе калаўрота. На падлакотніках і ад спінкі крэсла звісалі папругі для завязвання. Уся канструкцыя нагадала Ёнатану электрычнае крэсла. Чым болын ён набліжаўся да яго, тым больш унутры мацнела ўпартая думка: “Хай там што, але я нізавошта не сяду ў гэтае крэсла!”
Ён злёгку наступіў Элі на нагу і паказаў вачыма ў бок дзвярэй. Эля зразумела з аднаго позірку. Гады жыцця побач — нягледзячы нават на ўзаемныя прэтэнзіі — стварылі паміж імі глыбокае паразуменне. Упершыню Ёнатан быў рады, што яго сястра — свавольная пафігістка. Можа бегаць хутчэй за яго і біць мацней, і ў бліжэйшыя пару хвілін гэта здольнасць вельмі прыдасца. Абое неўзаметку абгледзелі путы на сваіх руках і азірнуліся ў бок сільфы-канваіра.
— Яна дужая? — шэптам запытаў Ёнатан. Пазузу спалохана кіўнуўшы, прашаптаў у адказ:
— Ты, хлопча, пра гэта нават не думай!
Але ж самога дэмана да чорнага крэсла не збіраліся прывязваць. Ёнатан разумеў: яму ні ў якім разе нельга трапіць да махіны ў лапы.
Ёнатан з Эляй ведалі дакладна, калі трэба пачаць дзейнічаць. Адзін, два... тры! Крэсла прызямлілася на падлозе, яны ў той жа момант развярнуліся, абмінулі сільфу з двух бакоў і прыпусцілі ў кірунку дзвярэй. Сільфа зрэагавала імгненна. Яе рукі, як каляровыя тарнада, узвіліся ў паветра,
каб схапіць уцекачоў. Эля спрытна ўхілілася. А вось Ёнатан — не, бо не надта адбегся, не змог на хаду вільнуць убок. Адчуў, што патрапіў у празрыстае рукаво сільфы. Раптоўны подых сцюжы, які прайшоў праз яго вантробы, амаль што вытрас з яго душу. Думкі імгненна выпарыліся, ператварыўшыся ў рэдкі туман, які лёг на падлогу. Дзе ён? Хто ён такі? Ціхая, нібыта чуеш яе праз сценкі ліфта, музыка зайграла ў глыбінях свядомасці. Навошта ўцякаць і ад каго? Раптам Ёнатан адчуў, што яго ўсё задавальняе, ён тут пахваляваўся, а цяпер ён спакойны і нікуды не спяшаецца. Па інерцыі ён яшчэ сунуўся наперад, але ногі ўжо зрабіліся ватнымі. Куды ён хоча трапіць? Усё ж і так цудоўна...
У наступны момант Ёнатан атрымаў моцнага плескача ў патыліцу. Эля не цырымонілася — знайшла дзейсны спосаб вярнуць брата на цвёрдую зямлю.
— Ёнатан, не спі!
Удар выкрасіў іскры з вачэй і строс паморак. Ёнатан апрытомнеў і ўбачыў, як на яго са страхам глядзіць сястра.
— Чакай мяне! — закрычаў ён.
Аднак цела яшчэ не жадала яму цалкам падпарадкоўвацца. Хоць яно працягвала бегчы і ўжо апынулася ля выхаду.
— Глядзі! Ззаду! — закрычала Эля.
Ёнатан павярнуў галаву, адно каб зірнуць, як на яго кідаецца Абу і шпурляе ў яго нешта. I праз імгненне Ёнатан ужо кідаўся, аблытаны сеткай.
Эля працягвала змагацца. Пераможаная, яна вярнулася ў залу, чухаючы ногі і голасна мармычучы. Пазузу закаціў свае вочы ўгору, як чалавек, які назірае няякасную камедыю, канец якой даўно вядомы.
“Калі ён спрабуе ўцячы, значыць, яму ёсць што хаваць”, — зрабіў выснову Некрасептус. Ён ухапіў Ёнатана за падбароддзе і, ацэньваючы, упіўся позіркам. Яго сінія ястрабіныя вочы, зрэнкі якіх былі дробныя і колкія, усё роўна як вастрыё іголкі, прымусілі Ёнатана скалануцца ад агіды.
Без усякага супраціўлення Ёнатана прывязалі да крэсла. Сільфы паволі паднялі яго ўгору. Адна з іх націснула на ўключальнік. Махіна прачнулася і загалёкала. Дапытлівыя тэлескопы павярнулі да хлопца свае галоўкі, не раўнуючы як жывыя змеі, а крышталікі сталі кружляць вакол, усё адно як шпіёнскія спадарожнікі.
— Электрасільфідная энергія, — шапнуў Пазузу Элі. — Без яе імперыя была б пячорнай цывілізацыяй.
Пасля шчаўчка крэсла стала ў сыходную пазіцыю. Галаву Ёнатана заключылі ў жалезную клетку. Дзясяткі стальных шпілек упіліся ў павекі, не даючы ім міргаць. Аграмаднае павелічальнае шкло, якое лунала побач з яго галавой, спынілася ля левага вока. Моц павелічэння не ўкладвалася ў галаву. Ёнатан падумаў, што знаходзіцца ўнутры гіганцкага афтальмометра шалёнага аптаметрыста*.
Яго апанавала пачуццё бездапаможнасці. Вось зараз праз яго нешта такое прасунуць, нешта-нейкае ўварвецца і праткне яго, а ён не зможа нават хоць крыху бараніцца.
Доктар Некрасептус быў халодны, як лёд. Сядзеў на зэдліку і пры дапамозе кнопак і рычажкоў наладжваў сістэму павелічальных лінз.
Тонкі струменьчык халоднага поту пацёк па лбе Ёнатана. Змахнуць яго юнак быў не ў стане. Ён быў не ў змозе нават паварушыць пальцам.
— Што яму робяць? — запыталася Эля Пазузу.
Дэман маркотна варухнуў усімі чатырма крылцамі.
— Хочуць зазірнуць у нутро.
— Навошта?
— Правяраюць на Плямы. Грамадзянін імперыі павінен засведчыць, што яго душа жывая і здаровая. Кожны мусіць праходзіць гэты рытуал чатыры разы на год.
Ёнатана тым часам апанаваў пакутлівы адчай таго самага гатунку, што прымушае чалавека, які патрапіў у зубасты
* Урач, спецыяліст па вачах.
капкан, перагрызці самому сабе нагу. Ён ахвотна адпілаваў бы цяпер сабе нагу ці руку, калі б гэта дапамагло яму ўцячы. Юнака зацягвала ў вір нейкая вычварная працэдура, якой у свеце Ёнатана проста не было месца. Права выбару хлопца пазбавілі.
Пазузу каўтнуў так, нібыта яму зрабілася моташна.
— Дзякуй літасцівай Самангелоф, у мяне няма душы... Ваша чалавечая душа не прызначаная для раскрыцця і расшыфроўкі. Калі ў ёй знайшлі нейкія вашыя дробныя сакрэцікі — хай сабе. Ці там яшчэ розныя грахі, тоны пустых слоў, піраміды хлусні ці жменькі паскудненькіх вычварэнняў. Але тут усё значна горш. Унутры душы месціцца ваша чалавечая сутнасць. Нават вам самім лепш не ведаць, штб знаходзіцца ўсярэдзіне душы. Мінуўшчына, сучаснасць, будучыня — пры нараджэнні ўсё-ўсенькае схаванае ад вас. Я б лепш памёр, чым даць нейкаму мясцоваму кастаправу, грэбліваму пыхліўцу, зазірнуць туды сваімі дапытлівымі вочкамі.
“Я таксама”, — падумаў Ёнатан. 3 яго вуснаў зляцеў ціхі енк, пакуль твар доктара Некрасептуса набліжаўся да прыбора. Сіняе ястрабінае вока, павялічанае ў тысячы разоў праз сістэму лінз, зазірнула Ёнатану проста ў зрэнку. Яно ўварвалася бесцырымонна і балюча.
Дробнае вока-шпілька цяпер ператварылася ў аграмадзіну, і Ёнатан адчуў, як яно лезе ў яго вантробы, блукае ўсярэдзіне яго душы, як дома. Яго наведала, мусіць, найгоршае з адчуванняў у ягоным жыцці. Ён паспрабаваў скурчыцца і ўхіліцца ад усёпранікальнага позірку, аднак без плёну. Праз уторкнутыя іголкі павекі не заплюшчваліся. Некрасептус паглядзеў у вока хлопца праз аграмаднае павелічальнае шкло гэтак, як глядзяць навукоўцы на мікроб праз мікраскоп. Ёнатан адчуў, што ўсё яго жыццё цяпер навідавоку: успаміны, таямніцы, надзеі, недарэчныя сны. Пасля гэтага пагардлівага позірку звонку ўнутры выбухнуў
прыступ нянавісці да самога сябе. Ён ніколі не пачуваўся такім нікчэмным, марным нулём без палачкі.
— Думаеш, ён нешта знойдзе? — запытала Эля Пазузу.
— А халера яго ведае! Усе ведаюць, што Прорва з кожным днём мацнее. Апошнія гады Варажбіты б’юцца ў істэрыцы. Могуць кінуць чалавека ў аздараўленчы лагер толькі за тое, што ён любіць піць каву адзін, без кампаніі, або яму не хочацца падымацца з ложку раніцай. Усё можна палічыць “экстрэмісцкім уплывам Прорвы і глыбінь”.
Адчуўшы ўсю напружанасць моманту, абое замаўчалі. Адчуў гэта і Ёнатан.