Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Ёнатан з Эляй сядзелі на канапе ў гасцёўні і бяздумна вытарэшчваліся ў тэлевізар.
Ёнатан міжволі адчуваў, як яго трывога мацнее праз тое, што Рыта замкнулася менавіта ў іх ванным пакоі, аднак намагаўся не паказаць трывогі Элі. “Спакуха, Рыта не ёсць геніем! Яна нічога не знойдзе”. Ён уздыхнуў. Якое шчасце, што дагэтуль ніхто не выявіў сакрэту, які ён захоўвае цэлы дзень!
У шафцы з лекамі, якая стаяла ў ванным пакоі, у абсалютна звычайным слоіку з парацэтамоламі-цытрамонамі ціхамірна ляжала новае татава вынаходніцтва.
Каштоўны скарб схавалі дзень назад, пасля вяртання з клінікі ад мамы і да таго, як уначы здарыліся ўсе тыя экстраардынарныя падзеі.
Яны засталіся з татам удвух. Эля пайшла на гурток па верхавой яздзе (ці па плаванні, ці па дзюдо, ці на пінг-понг), і дома панавала цішыня. Бацька выглядаў заклапочаным і збітым з панталыку.
— Тата, нешта не так?
Імануэль ніколі не ставіўся да Ёнатана як да малога хлопчыка, не хаваў ад яго рэальнага стану рэчаў. Калі яны заставаліся сам-насам, ён без ваганняў дзяліўся з ім сваімі сумненнямі. Гэтага не здаралася ў прысутнасці яго старэйшай дачкі — часам здавалася, што тата асцерагаецца яе збыткоўнага імпэту. Цяпер тата наморшчыў лоб і пацёр яго, нібыта пакутаваў на галаўны боль.
— Нешта ўсё мне не падабаецца. Шапіра хапае мяне за рукі... Хаця лекі амаль што гатовы. He стае апошняга штрыха. Але ўсе зрабіліся такімі нецярплівымі! Баюся, што на гарызонце замільгалі нейкія вельмі ўплывовыя сілы, якія бу~ дуць радыя выцягнуць з мяне лекі, не дачакаўшыся фінішнай прамой.
— Думаеш, яны паспрабуюць забраць іх сілком?
— Цалкам верагодна.
Ёнатан фанацеў ад дэтэктываў.
— Самае бяспечнае — схаваць рэчы навідавоку, у самым простым месцы, — сказаў ён ісціну, вядомую кожнаму аматару дэтэктыўных гісторый.
Татаў твар расквеціўся ўсмешкай.
— Малайчына!
Ён дастаў таблеткі з лабараторнага сейфа, засунуў іх у звычайны флакончык з пластыку ад танных таблетак
супраць мігрэні і паставіў яго ў шафку з лекамі ў дзіцячым ванным пакоі на другім паверсе.
— He забудзься, вам іх нельга прымаць! — сказаў Ёнатану.
Таямнічы ўзломшчык уначы не знайшоў шуканага, бо тое, што шукаў, не знаходзілася ў стальным сейфе, а схавалася спаміж сіропам ад кашлю і патрэсканым градуснікам. Аднак з прыходам цікаўнай і праніклівай цёткі Рыты паўстала пільная патрэба хованку памяняць. Ёнатан вырашыў, што, калі цётка выйдзе з ваннага пакоя, ён падымецца на другі паверх, пакладзе флакончык у кішэню і ўначы закапае яго ў садзе.
Аднак цётка не дала яму аніякага шанцу. Яна ўрачыста спусцілася са сходаў, захутаная ў сацінавы халат малінавага колеру, а мокрыя валасы былі ўхутаныя ў ручнік на манер турбана. Рыта ўселася на канапу паміж ім ды Эляй і закінула загарэлыя ступачышчы на стол.
— Стамілася я... — пазяхнула яна. — I я так за вас турбуюся, мае салодзенькія, ажно мая галоўка бо-бо. Эля, анёлак ты мой з крылцамі, чаму б табе не злётаць на другі паверх і не прынесці цётачцы парацэтамольчык?
Ёнатан наструніўся.
— Эля сёння не пакладала рук, дык стамілася, — сказаў ён самым будзённым голасам, які толькі здолеў зымітаваць. — Я збегаю замест яе.
Аднак цяжкая рука прыёмнай цёткі імгненна лягла на яго патыліцу і прыціснула да канапы.
— 3 якога ляду табе стала не напляваць на сваю сястрычку, маё малое эгаістычнае мышаня?
Цётка была з закідонамі — пакуль прамаўляла, у прыліве зверскага замілавання балюча ўшчыкнула Ёнатана.
— Ды нармальна, я схаджу, — сказала Эля, не зважаючы на шматзначны позірк, які роспачна дасылаў ёй Ёнатан. Яна накіравалася ў бок ваннага пакоя на другім паверсе і праз колькі хвілін вярнулася ў гасцёўню. У адной руцэ трымала
дзве белыя круглыя таблеткі, у другой — шклянку вады. Ёнатан запытаў самога сябе, ці ж гэта тыя самыя лекі, за якімі палюе ўвесь свет?
Рыта падазрона абгледзела і абнюхала таблеткі.
— Чаму парацэтамол у вас конскімі дозамі?
— Ды нармальныя таблеткі, — адгукнулася Эля. — Па табе відаць, што жыла ты, цётка, у адрыве ад цывілізацыі. Пі давай. Табе палепшае.
Рыта раскрыла аграмадны рот і была ўжо гатовая закінуць туды таблеткі, але Ёнатан зразумеў, што гэта апошні рубеж.
— Спыніся! — загадаў ён цётцы.
— Што такое?
— Гэта не парацэтамол.
— А што?
Ён ліхаманкава выдумляў цямную адчэпку.
— Эля хоча табе адпомсціць. Яна прынесла табе іншую таблетку.
— Кляты здраднік! — засычэла Эля, Ёнатан не паспеўухіліцца ад яе калючага рэзкага ўдару нагой у сцягно. Але ўжо праз якое імгненне Эліна рука была абхоплена жалезнымі абцугамі Рыціных пальцаў.
— Ты хочаш натоўкаць мяне атрутай, юная лэдзі?
— Барані Божа, цётухна! Я толькі хацела... Спрабавала... Хацела дапамагчы табе разняволіцца.
— I што ты мне падсунула?
— Усяго толькі снатворнае.
— Снатворнае? — Ёнатан са здзіўленнем разявіў рот. Дзіўным чынам выходзіла, што ягоная хлусня выявілася праўдай. Нечаканы паварот ад сястры. Значыць, гэтыя таблеткі не з флакончыка з парацэтамолам. Ягонай сястры захацелася наслаць на зводную цётку заўчасны сон. А-ёй, ну навошта ён перашкодзіў! Якая грубая памылка!
— А дзе ты ўзяла снатворнае? — прымружыўшы вочы, запытала Рыта.
— У таты, — прызналася Эля. — Ён паклаўу наш ванны пакой усякія розныя медыкаменты.
— Шафка для лекаў у ванне?! Гм-м-м, цікавенька.
Яе цёмна-карыя вочы зазіхацелі іскаркамі — яе розум аналізаваў і рабіў высновы.
— Што яшчэ ваш тата пакінуў вам там?
— Анічога, нічога цікавага! — запанікаваў Ёнатан. Яшчэ да таго як словы вылецелі з рота, ён ведаў, што ўпароў жудасную памылку, бо толькі ўзбудзіў яшчэ большыя падазрэнні.
Цётка Рыта пасміхнулася як котка, якая знайшла, дзе ад яе хаваюць смятану.
— Ох! Ну колькі можна губляць у канапе свае цацкі?
Яна дастала з-за валіка пазалочаны дыск доктара Шапіры. Ёнатан здзіўлена вытрашчыў вочы. Ці не вытрасла яна дыск спрытным рухам фокусніка з рукава?
— Як ты яго знайшла? — запытаўся Ёнатан. — Учора дыск згубіўся — дэтэктывы яго так і не знайшлі.
— Дык значыцца, не згубіўся. Хараство! Такая музычка мне страшна падабаецца.
Ёнатан як след абгледзеў той дыск. Цяпер убачыў: сплясканая злючая істота на вокладцы — гэта кракадзіл. Чорны і брыдкі з халодным драпежным позіркам.
— Калі ласка, не трэба яго слухаць, — папрасіла Эля. — Па шчырасці, мы гэты дыск цярпець не можам.
— Фе! Думаеце, я паслухаюся вас з вашым кепскім густам? — фыркнула цётка Рыта. — Што ты ўвогуле слухаеш? Рыяну?
Праз якую хвіліну дыск ужо быў у плэеры, і па пакоі разляцеліся сцішаныя басовыя рытмы. Цяжкія бубны грукалі каменяпадам, недзе вялізныя марскія лайнеры сутыкнуліся з магутнымі хвалямі, а падземныя трубы разявілі шырачэзныя горлы, і ад усяго гэтага падлога стала хадзіць ходырам.
Ёнатан і Эля міжволі адчулі, што іхнія вейкі зляпіў нейкі гарачы клей. Вочы самохаць заплюснуліся. Пакой плыў, іх зацягваў у свае абоймы ліпучы сон.
“Мне нельга спаць! — было апошняй думкай Ёнатана. — Я мушу не драмаць, інакш здарыцца паганае!”
Прачнуўся ён у паніцы, абліты халодным потам. Колькі часу мінулася? Якая гадзіна? У пакоі панавала замагільная цемра, і ў памяшканні зноўку стаяў моцны і вільготны пах навальніцы. Цётка Рыта знікла як цукар у вадзе, а Эля спала побач. 3 акрытым ротам, ціхенька сапучы.
— Прачынайся!
Ён стаў моцна тузаць сястру за плячук.
— Дзе я? Што здарылася?
Ён хутка патлумачыў.
— Трэба спыніць цётку Рыту, перш чым яна знойдзе! Там лекі для мамы, тата схаваў!
У доме панавала ціша, як і мінулай ноччу. Электрычнасць знікла. У доме панаваў паўзмрок — святло вулічных ліхтароў пранікала праз вокны. Брат з сястрой падняліся па драўляных прыступках, намагаючыся не рабіць шуму, ідучы следам за моцным пахам, напалоханыя ценямі, якія падаліся жывымі і пагрозлівымі. Дзверы ў ванны пакой на другім паверсе былі адчыненыя напалову. Яны звабліва варушыліся і скрыгаталі, не раўнуючы клікалі ў здрадлівую пастку.
— Стань за маёй спінай, — прашаптала Эля. — Я хутка заскочу ўсярэдзіну і выхаплю флакончык з шафкі.
— He, Эля, гэта зраблю я. Я меншы і спрытнейшы за цябе.
— Ёнатан, ты не разумееш, гэта не дзіцячая гульня! Калі мы згубім лекі, то страцім шанц выратаваць маму.
— Дык давай зробім усё разам.
Адзін, два... тры! Яна палічылі да трох разам і кінуліся ў ванны пакой, з грукатам разнасцежыўшы дзверы. Дзверцы шафкі з лекамі былі адчыненыя, а на паліцах — пуста.
— Спазніліся... — прамовіў Ёнатан, ахоплены пачуццём няўмольнай катастрофы. — Я вінаваты.
— Цыц! — загадала Эля. — Нешта варушыцца за фіранкай пад душам.
I праўда — за душавой фіранкай прамільгнуў пухнаты коўзкі цень. Яны не гублялі ані імгнення. Эля адным махам адшмаргнула фіранку, але пабачыла, як цень, нібы спрытная акула, даў нырца ў брудную, са слядамі шызай пены, ваду, якую звыкла пакінула цётка Рыта. Вада заклекатала так, бы закіпела, а на паверхні набухлі аграмадныя каламутныя бурбалкі. Аднак калі Ёнатан засунуў у ваду палец, высветлілася, што вада халодная, як лёд.
— Злодзея трэба злавіць! — гукнуў ён.
Ён з Эляй разам скокнулі ў ванну.
Але раптам высветлілася, што ванна больш глыбокая, чым яны ведалі.
Магутны вір нечакана схапіў іх і стаў цягнуць на дно, засмоктваючы ў глыбіню, разрываючы вопратку, сціскаючы рэбры і сплюшчваючы лёгкія. Яны цяжка дыхалі і калацілі нагамі, роспачна выгуквалі. Іх тулавы разрывала на кавалкі, горлы разрываліся без паветра, а насы і раты запоўніліся вадой. Эля моцна ўхапілася за руку Ёнатана. Ён зрабіў тое самае.
“Мы мусім выбрацца адсюль, — круцілася ў Ёнатанавай галаве. — Тата ў больніцы, маму трэба ратаваць, і ніхто, апрача нас, не паклапоціцца пра іх!”
Праз нястачу кіслароду нават гэтая думка пачала губляцца ў мазгавых звілінах. Ёнатан адчуў, што губляе прытомнасць, і гэтым разам яго чакае не сон, а нешта болып злавеснае і незваротнае. Поціск Элінай рукі аслаб. Ёнатан адчуваў, што яна таксама зараз самлее.
Аднак тым часам моц віру саслабла, і з гукам гнюснай адрыжкі іх вырыгнула вонкі, йібы яны жудасна абрыдлі водавароту. Ёнатану з Эляй спатрэбіўся доўгі час, каб ачомацца,
выплюнуць агідную ваду, перамагчы млоснасць і напоўніць лёгкія свежым паветрам.
— Дзе мы? — запыталася Эля.
Ясна было адно — у сваім ванным пакоі яны не засталіся. Яны стаялі ў плыткім і смярдзючым рэзервуары, поўным твані і раскі. Па-над імі на брыючым палёце завіс месяц з зухавата выгнутымі ражкамі. Над месяцам вісела, ззяючы сцюдзёным зеленаватым бляскам, шабля — нейкі выгнуты шлейф каметы, якая не належала знаёмаму Ёнатану і Элі малюнку неба. Краі густой цемры пунсавелі і чырванелі на гарызонце, бы паказваючы на блізкасць да горада.