Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
Вакол рэзервуара пачуліся галасы на чужой гарлавой мове. Галасы, здавалася, аб нечым з імпэтам спрачаліся.
Выглядала на тое, што ім тут не надта рады.
РАЗДЗЕЛ 2
РЫНАК НЯВОЛЬНІКАЎ У ЭРЭДУ
Спатрэбілася два-тры крокі, каб выйсці з чорнай, алеістай вады, на паверхні якой плавалі саломінкі і казліныя кізякі. Здаецца, рэзервуар быў паілкай для быдла.
Вакол яго стаялі розныя ездавыя жывёлы: коні, асядланыя вярблюды, буйвалы, дзікія аслы, нізкарослыя і неўтаймаваныя (Ёнатан пазнаў іх з часопіса “Нэшнал Джэагрэфік”). А таксама далей узвышалася нешта кшталту гіганцкіх авальных ценяў, якія розум адмовіўся ідэнтыфікаваць як сланоў. Бо што тут, халера, робяць сланы?* I куды мы, напрамілы божа, трапілі?
Ёнатан пачаў збянтэжана азірацца. У паветры, здавалася, можна было павесіць сякеру. Яно поўнілася моцнымі пахамі і, падавалася, назапасіла ў сябе цэлыя слаі старажытных, але і цяпер сакавіта-іскрыстых успамінаў. У роце стаяў салёнасалодкі смак, нібыта сакавітасць гэтага паветра такая насычаная, ажно можна было паспытаць на зуб, як спелы плод. Калі вочы цалкам прывыклі да цемры, Ёнатан заўважыў, што той нібы далёкі горад — не такі й далёкі. У адрозненне ад
*	Усіх пералічаных жывёл і цяпер нярэдка можна сустрэць на абшарах
сучаснага Ізраіля, а вось слана — дык наўрад.
начнога зіхцення знаёмых яму гарадоў, гэтае места было збольшага пакрытае імглой, нават ахутанае ёй.
Але цяпер яго ўвагу перахапілі галасы.
— Вось, паслухай, — шапнула Эля.
Яны прыслухалася, уражаныя.
— Дзіўна, — вымавіла яна. — Спярша мне падалося, што яны размаўляюць на замежнай мове, але раптам стала ясна, што я іх разумею.
— Ты што, не помніш? Гэтыя словы прамаўляла мама!
Значна раней, яшчэ да таго як яе памясцілі ў медыцынскую ўстанову “Ліванскія кедры”, Ёнатан чуў, як незразумелыя словы казала мама. Выходзіла ў яе мімаволі, у час, калі шукала акуляры або калі ціхенька спявала сама сабе ў думках. Ёнатан меркаваў, што яны маюць нейкае дачыненне да тых навуковых кніг, бо гучалі на старажытны манер. Ён заўжды адчуваў, што амаль іх разумее, бо яны раздражняльна танчылі недзе ля самай мяжы яго разумення. Аднак невядома з якой прычыны спасцігнуць іх розумам яму ніяк не ўдавалася. Самае дзіўнае — мама ніколі не помніла іх на памяць, нават не асабліва заўважала, як яны зляталі з яе вуснаў, бы ніколі не сумнявалася, што ўвесь час размаўляе на сваёй, зразумелай усім мове. Цяпер адбылося тое, чаго Ёнатан заўсёды ўпотайкі чакаў. Быццам сверб, пачуханы, сціх — і плаціну разумення прарвала. Быццам чалавек здолеў знайсці далёкую радыёстанцыю, якая шыпіць і свішча, слухач адчувае, што ён можа падладзіцца пад галасы вядоўцаў і знайсці патрэбную частату. I знаходзіць! He мінула і пары хвілін, як Ёнатан няблага разумеў галасы — яны гаварылі нешта пра ваду і пра нейкую небяспеку, якая можа выскачыць з вады*. Ёнатан прыгадаў: неяк Шапіра стаў дужа цікавіцца
* Трэба заўважыць, што Эля і Ёнатан маглі б разумець старадаўніх жыхароў Месапатаміі не толькі таму, што чулі сумерскія словы ад сваёй мамы-асіярылагіні. Справа ў тым, што сучасны ізраільскі іўрыт не надта далёка адышоў ад іўрыта біблійнага, які ў сваю чаргу роднасны
тымі словамі мамы, нават прасіў тату занатоўваць іх. Але ў Імануэля Маргуліса з мовамі было не надта, словы ў галаве не затрымліваліся.
Але ж у Элі з Ёнатанам не было часу паразважаць пра гэта ці пра тое, дзе шукаць злодзея, які скраў лекі, бо гоман вялікага, нечым напалоханага натоўпу імкліва накочваўся на іх.
— Што тут адбываецца? — хацеў ведаць Ёнатан.
— Асцярожна! — папярэдзіла Эля, але ў тое ж імгненне на іх нехта наляцеў. Чалавек нават не азірнуўся. Накульгваючы, ён працягваў подбегам рухацца далей.
— He спыняйцеся! — кіўнуў ён праз плячо. — Уцякайце!
— Ад чаго ўцякаць? — крыкнуў услед Ёнатан, аднак уцякач адказаць не парупіўся. Датуль як яны паспелі асэнсаваць гэтую прапанову, людская хваля накацілася і вокамгненна ўцягнула іх у свой магутны струмень. Дзясяткі ног, малых і вялікіх, беглі як ветрам гнаныя, падняўшы тупат роўны статку бізонаў, які перасякае прэрыі. Апранутыя ў разнастайныя апранахі і анучы людзі ў натоўпе пхаліся і штурхаліся. I ад краю да краю нёсся спуджаны гул:
— Уцякайце, хавайцеся, ратуйцеся! АБУ ІДЗЕ!
Ёнатан з Эляй не вытрымалі націску, на месцы ўстаяць не змаглі, таму мусова пабеглі разам з іншымі людзьмі. Нетрывалыя пакуль ногі неслі іх па запыленай глебе ў бязладным лабірынце намётаў, прыбудоў, хісткіх буданоў і хацінак.
— Дзе мы? — загукаў Ёнатан да Элі, часта перабіраючы нагамі.
— He маю паняцця!
іншым старажытным семіцкім мовам. Да таго ж у іўрыт пратачыліся сумерскія, акадскія і арамейскія словы ды граматычныя канструкцыі. Таму факт, што ізраільскія школьнікі Ёнатан і Эля разумеюць людзей у акадскім горадзе Эрэду, не гучыць надта фантастычным. Са свайго боку, калі б старажытныя акадцы ці сумеры пачулі б сучасны іўрыт, ён бы ім, хутчэй за ўсё, падаўся б нейкім дыялектам мясцовых гаворак (за выключэннем такіх новых слоў, як “камп’ютар” і “пыласос”, вядома).
— А што мы ўвогуле тут робім?
— А я адкуль ведаю!
Натоўп, рухаючыся сярод таго, што нагадвала стан качэўнікаў, бязладны і неўпарадкаваны, пакрысе перацёк на гарадскую тэрыторыю, якая, у сваю чаргу, была забудаваная значна шчыльней. Быдла, што заступала дарогу, а таксама брахлівыя сабакі, пазнікалі, а вуліцы цяпер пакрывала засохлая і сцэментаваная гразь, а навокал па-ранейшаму панавалі заняпад і галеча.
— Хто такі Абу? — паспрабаваў Ёнатан запытаць мужчыну, які бег поплеч. — Вы чаму ад яго ўцякаеце?
Але ўцямнага адказу, калі не лічыць спуджанага сапення, Ёнатан так і не атрымаў. Мужчына бег трушком, пасля пытання перайшоў на галоп, быццам яго магло дагнаць адно агучанае імя пераследніка.
Там часам частка натоўпу апынулася сярод вузкага завулка між нізкімі хліпкімі халабудамі з бляклай чырвона-шакаладнай гліны. Уцекачы стукалі ў дзверы, каб ім адчынілі, але дзверы заставаліся замкнутыя. Няма рады — давялося бегчы далей, а праз колькі дзясяткаў метраў спраўдзілася тое, чаго ўсе і баяліся. Завулак аказаўся тупіком. Ля сцяны ўкленчылі некалькі вартых жалю абадранцаў, скарыўшыся ўдару лёсу і чакаючы найгоршага.
Ёнатан прыціснуў руку да сваіх рабрын, якія смылелі. Ён паспрабаваў удыхнуць паветра.
— Эля, стоп-машына! Што мы ведаем пра гэтае месца? Мы ж трапілі сюды паўтары хвіліны назад. Можа, нам не варта даваць драпака? Можа, гэтыя людзі — навалач і зладзеі? Можа быць, той Абу — які-небудзь жандар ці паліцыянт? Можа быць, ён золата, а не чалавек, і дапаможа нам злавіць таго, хто скраў лекі?
— Каб мяне, клянуся смярдзючым пазногцем Бэрырона!*
* Габрэйскі бестыярый, спіс фантастычных істот і месцаў, вядзе свой радавод ад Старога Запавету, на старонкі якога частка тых пачвар
У сіпатым голасе чужаніцы, які прамаўляў за спінай Ёнатана, сачыліся ноткі сарказму.
— ...Ну бачу, у нас тут разумнік адкапаўся.
Рука з вострымі кіпцямі схапіла Ёнатана за плячо і пацягнула назад, у нішу, што знянацку ўтварылася між дзвюма хаткамі, нібы дзірка паміж двума цэлымі зубамі. Усярэдзіне нішы было цёмна, як у коміне. Ёнатан з чымсьці сутыкнуўся і ўпаў на зблытаную купу рук і ног, якія належалі Элі і чужынцу. Уся тройца цяжка дыхала і пацела.
— Пакуль вы сваім бесстароннім вокам ацэньваеце вартасці Абу, я б раіў вам пакуль што ад ягонага вока схавацца, — саркастычна прамовіў голас. I дадаў: — Мушу папярэдзіць, спадарства: усім, з кім Абу меў дачыненні, выпала доля сардзінкі, якая выплыла на ранішні шпацыр паміж зубоў баракуды.
— А ты хто такі? — перапыніла гаваруна Эля.
Ёнатан не змог не заўважыць лёгкія ноткі недаверу ў яе голасе і не змог не захапіцца тым, як сястра захоўвае цвярозую развагу нават у такі момант.
— Прыватная асоба, — адказаў чужаніца без ценю крыўды ў голасе. — На ваша шчасце, вопытны ўдалец. Вы мне яшчэ ножкі цалаваць будзеце.
Ёнатан прамаўчаў. Ці ж чужаніца кажа праўду? He разбярэш... Аднак нешта казала Ёнатану не спяшацца, пачакаць. Пакуль яны прыслухоўваліся, што робіцца звонку і куды пабеглі пераследнікі. Колькі хвілін мінуліся ў цішы.
патрапіла з суседскіх эпасаў, сумежных Месапатаміі. У Цёмныя вякі з-за крайне непрыязнага стаўлення да сябе з боку багасловаў гэтыя персанажы “эмігравалі” ў Арабскі халіфат і Еўропу, дзе ў новай публікі атрымалі сякі-такі кар’ерны рост і павышэнне адмоўнага статусу, каб патрапіць за адным заходам у фальклор і акультныя практыкі ўжо еўрапейскіх габрэяў. I вось, калі ласка, у рэшце рэшт бэрыроны, асмадэі, шатаны, ліліты і нааміткі з новым культурным багажом і рангам рэпатрыяваліся назад, на Блізкі Усход.
Паціху-патроху іх увага пераключылася на тое, як тут пахла. Эля першая наважылася падаць голас:
— Фу! Што гэта за страшэнны смурод?
— Смурод?! — перапытаў голас, гэтым разам сапраўды абражаны. — Пры ўсёй маёй павазе да зіхоткай дзевы ў беласнежным плашчы, якая толькі што вынырнула з чысцюткіх вод паілкі для скаціны, ШТО ТЫ ВЯРЗЕШ?!
Ёнатан зразумеў, адкуль даносіўся голас. Нягледзячы на самавіты тэмбр, чужаніца быў, выдавала на тое, ніжэйшым за яго. Яго прысадзістае цельца сціснулася паміж Ёнатанам і сценкай. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць — ад чужаніцы сапраўды жудасна патыхала. Смурод можна апісаць як “пах мокрага казла, які патрушчыў пратухлыя яйкі і зажаваў усё разлезлай цыбуляй ды згнілай да газападобнага стану капустай”. Ёнатан, чыя галава прыціскалася да грудзей чужаніцы, адчуў дотык курткі. Куртка падазрона пульсавала, і хлопец раптам скеміў, што футра ўвогуле не вопратка, а жывая скура жывой істоты.
— Так, гэта так, — здзекліва прамовіў голас, быццам уладальнік курткі-скуры прачытаў думкі.
Чужаніца знянацку ўвапхнуў у руку Ёнатана нешта даўгое і віхлястае. Спалохана мацаючы прадмет — можа, гэта жывая змяя?! — Ёнатан зразумеў, што ён трымае ў руках чыйсьці энергічны хвост.
Ёнатан закрычаў. Ці гэта Эля закрычала? Няважна. Фатальная памылка, бо лямантам яны выдалі сваю хованку. У наступнае імгненне іх знайшлі. Трапяткіх рыбак выцягнулі нератам з глыбінь нішы, у якой яны хаваліся.
— Каб вы гарэлі, як споднікі бабулькі Ліліт! Каб вас запрагалі, як быдла! — ад усяго сэрца абдорваў лаянкай чужаніца сваіх канваіраў, якія, трэба заўважыць, не вельмі былі ўражаныя. Адным рухам нехта вялікі закінуў усіх траіх у нешта накшталт сеткі, узваліў на сваю шырачэзную нечалавечую спіну, бы гэта быў мех з пакупкамі, і, валюхаючы,