Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Калі нячысцікі, скончыўшы пошук, атрымалі вынік, то пашыхтаваліся ў паветры свіннёй. Праз імгненне іх эскадрылля абляцела намёт і сфарміравала сваімі цельцамі над галавой сакратара зіхоткі надпіс. Сакратар стаў прыглядацца да таго надпісу праз акуляры.
— Замрыце, бязмозгія чарцяняты! — сказаў ён і атрымаў яшчэ адзін укус. Нарэшце ён агораў іх экспертнае меркаванне.
— Нячысцікі пішуць, што ў апошняй версіі дзяржаўнага каталога ніякага Пазузу яны не знайшлі, — паведаміў ён з ноткамі мазахісцкай асалоды ў голасе.
— Так-так... — працадзіў Абу. — Значыцца, паважаны, жывём без ліцэнзіі...
— Без яе, родненькай, — паўтарыў пісарчук і аблізаў губу.
— Паскудная ночка! Усе, каго мы злавілі, выявіліся задрыпозным неліквідам. Цяпер патэнцыйны пакупнік мусіць у дадатак атрымаць ліцэнзію для сваёй пакупкі, а яшчэ заплаціць за ўсе неабходныя прышчэпкі і прайсці з пакупкай усе медыцынскія аналізы. Такі неліцэнзаваны дэман-недарэка нікому не трэба!
— Мамай і таткам клянуся, што мой апошні гаспадар насіў мяне на руках, — прамовіў Пазузу. — Лётаў са мной, як дурань з дзвярмі.
— Адправім яго на ліквідацыю неліквіда, — вынес прысуд Абу.
— Ліквідацыю?!
— Так. Утылізацыю. Лекары дадуць табе ўкол, і — бывай здаровы, дэман скарбовы.
— Адбудзецца трагедыя.
— Але большай трагедыяй будзе выдаткоўваць на цябе ежу і марна чакаць, пакуль нехта нарэшце захоча цябе купіць.
— Абяцаю вам, што стану хітом продажу, — упрошваў Пазузу. — Гляньце, якім умельствам я валодаю.
Дэман надзьмуў шчокі, памахаў чатырма курынымі крылцамі. Потым на манер маленькага цмока выдыхнуў з глоткі агнёвае паветра. Ахайная аблачынка куродыму прызямлілася на твар пісарчука і зрабіла яго падобным да абвугленай галавешкі.
— Ах ты монстр недароблены! — раз’ятрыўся пісарчук. — Каб цябе спляжыла матыка Адмуэля!
— Ціха! — вырваўся рык з каровінага горла Абу, ажно затрэсліся сценкі намёта. — Ладна, дамова, смярдзюк. Сёння ўвечары мы выставім цябе на продаж, дамо табе адзін шанц. Але ж толькі адзін!
Рынак нявольнікаў у Эрэду лічыўся адным з самых брыдкіх месцаў у імперыі. Эрэду, з аднаго боку, не стаяў недзе на ўскрайку, проці ліха на ўзгорачку, з іншага — не хаваўся ў нетрах глухіх рэгіёнаў. 3 ім не суседнічалі адхоны Каўказскіх гор на поўначы або велічная Брама Армуза, што засланяла акіянскую магутнасць, на поўдні. Эрэду не месціўся за Маркангай і Кашгарам, на пустэльных плато ўсходу. Spafly ні ў ніякім разе не ўваходзіў у лік горадападобных клаак, што цясняцца ля марскіх берагоў па дарозе да крэпасці Акватэра і Геркулесавых слупоў на захадзе. Вось жа, Эрэду
быў плоццю ад плоці месапатамскай зямлі, старадаўнім горадам, які ведаў лепшыя часы, але цяпер занепадаў і марнеў у самым сэрцы гэтага самага Міжрэчча. На поўдзень ад Вавілона, на адлегласці за дзесяць, а мо і менш, дзён падарожжа ад яго. Ніякія іншыя гарадскія ўлады не дайшлі да такога стану, каб імперскія інспектары маглі знайсці на даручанай ім тэрыторыі безгаспадарную сажалку, праз якую выскачылі Ёнатан з Эляй.
Аднак у Эрэду магло здарыцца што заўгодна. Ён лічыўся сталіцай уцекачоў ад закону і гандляроў нявольнікамі, горадам, у якім абладжваліся самыя цёмныя справы валадарства.
Ёнатана і Элю, разам з Пазузу і яшчэ некалькімі злоўленымі гаротнікамі, прывезлі на рынак у кібітцы з кедравымі, моцнымі як сталь кратамі. Кібітку запрэглі ў пару быкоў, якімі кіраваў Абу. Яна ехала па вузкіх вулках, чые гліняныя сплясканыя халабуды бязладна лезлі адна на адну ці ляпіліся Ў глухі мур.
Ёнатан заўважыў, што большасць уваходных дзвярэй стаіць адчыненая наросхрыст і знаходзіцца высока над зямлёй, а да іх з вуліцы вядзе заблытаны серпанцін сходаў. На прыступках тых сходаў і на пляскатых дахах ішоў рух ніяк не меншы за той, што адбываўся на зямлі. Паўсюль на балконах і дахах ішоў актыўны гандаль рэчамі і гароднінай.
Трасучыся ў кібітцы, іншыя вязні ціснуліся па кутах, намагаючыся апынуцца як мага далей ад Ёнатана і Элі.
— Яны заразяць мяне хваробай, мама? — запыталася малая дзяўчынка.
— He зважай на іх, даражэнькая. He глядзі на іх і не слухай іх. Яны згніюць і рассыплюцца, а твая душа застанецца чыстая. Наш новы гаспадар паклапоціцца пра ўсе належныя агляды і лекарскія праверкі.
— Хто яны такія, адкуль узяліся? — захваляваўся стары, бяззубы сляпак. — Можа, варвары з нічыйных зямель? На
што яны хворыя? На гніенне нырак? На праказу костак? На псіхоз святога Тэсэя?
— Псіхоз святога Тэсэя? — зацікавіўся Ёнатан.
— Брыдкая хвароба, праз якую пры адным толькі позірку на быкоў і кароў чалавек ад жаху з’язджае з глузду, — падказаў Пазузу.
— Абу яна б яўна не спадабалася, — усміхнулася Эля.
— Усё значна горш, — адгукнуўся нехта ў кібітцы. — Яны вынырнулі з Прорвы і хворыя на Плямы.
— Мардук літасцівы! — прашаптаў стары. — Заразіцца ад іх менавіта цяпер, калі мне тры чвэрткі да смерткі? Каб мая душа страціла магчымасць перарадзіцца нанова?!
У сэрца Ёнатана пратачылася трывога. Каб не даць ёй завалодаць сабой, ён прыціснуў твар да кратаў.
Начному нявольніцкаму рынку не хапіла месца на цэнтральнай плошчы Эрэду — ягоныя шчупальцы працягнуліся да сумежных вулак, завулкаў і завуголля. Паміж дахамі павіслі палатняныя паветкі і кілімы, якія засланілі начное неба. Прастору цёмных гандлёвых радоў асвятлялі паходні, а дзе-нідзе — шкляны шар, у якім чорна-аранжавыя яшчаркі вывяргалі з горлаў блакітныя агеньчыкі, нечым нагадваючы фаеркі на газавай пліце.
— Як гэтыя яшчаркі не згараюць? — пацікавіўся Ёнатан У Пазузу.
— Чаму яны мусяць згарэць? Гэта ж саламандры. Мамай і таткам клянуся, яны халаднейшыя і спакайнейшыя за мяне.
Дэман быў яўна не ў гуморы. Ён паспрабаваў перагрызці кедравыя краты, але з енкам адмовіўся ад сваёй задумы пасля таго, як зламаў зуб.
— Дзякуй, што намагаўся нам дапамагчы, — прамовіў Ёнатан у спробе суцешыць яго.
— I што я з гэтага маю? Ты мне ўсё сапсаваў. Калі б ты слухаўся мяне, я б паспеў уцюхаць гэтаму неінтэлігентнаму быдлу якую казачку, а пасля мы б сядзелі ў якой-небудзь
сімпатычнай карчомцы ды смакавалі фінікавы бімбер за здароўе Святога Тэсэя, памінаючы добрым словам бычыную тупалобасць.
— He зусім разумею, як бы мы ўсё гэта абладзілі... Але ўсё роўна — дзякуй, што паспрабаваў.
— Толькі вось не думай, што вы мне спадабаліся ці нешта кшталту таго... Проста я бачыў, як вы гэта робіце.
— Робім што?
Дэман уперыў у Ёнатана чырвоныя круглыя вочы.
— От, мазгоў у цябе як не было, так і няма. Я меў на ўвазе, што бачыў, як вы выходзіце з сажалкі. Тады я і падумаў, што вы, пэўна ж, ведаеце дарогу назад.
Ёнатан быў збіты з панталыку.
— Дарогу назад куды?
Ад роспачы дэман тузануў сябе за барадзёнку.
Ну, ТУДЫ! Уніз.
— Дык чаму б табе самому не скокнуць у сажалку і не вярнуцца куды табе там трэба?
— Вох-ох...
Пазузу драматычна выдаў уздых расчаравання, які, здаецца, вывяргаўся з усіх яго пор і адтулін адначасова.
— Адна справа скокнуць у смярдзючую жыжку, якая сягае табе да поясу. I дай ты мне веры, я спрабаваў гэта разоў дваццаць! I зусім іншая — сілай чараўніцтва расчыніць воды і даць нырца ў прыдонныя глыбіні, так бы мовіць, на дно ўсіх днішч.
— А я думаў, ты дэман... Хіба ты не можаш зрабіць усё што захочаш?
Гэтае простае пытанне зрабіла на Пазузу гнятлівае ўражанне. Дэмана агарнула такая роспач, ажно ўваччу засвяціліся слёзы ды хітрая пыса ператварылася нават у трохі летуценную.
— Ты, пэўна, здзіўлены, што такі магутны дэман, якім ёсць я, не можа выканаць такую элементарную задачу.
Слушна, твая праўда. Мне сорамна, наколькі я саслабеў. Але што я магу зрабіць? За сённяшнім днём нават такі шляхетны дэман, як я, здольны адно зварыць яйкі ўкрутую. Дык што ўжо казаць пра тое, каб раскрыць дарогу назад...
— Куды ты хочаш вярнуцца?
— У Прорву, дадому-дахаты. Да матчынага ўлоння, нашай дарагой і вялікай маткі.
— У Прорву? Мне падалося, вы яе баіцеся...
— Але якая ў мяне альтэрнатыва? Мне ўжо млосна ад гэтай загрузлай па самыя вушы ў грахах імперыі з усімі яе недарэчна-саладжавымі законамі. Абрыдла, колькі можна! Надумаў я сысці ў адстаўку. Вярнуць, так бы мовіць, пазыку. Сапсаваць ім маліну. Але каб даць з гэтага свету драла, трэба адкрытая акваторыя. Я ведаў, што за цяперашнім часам знайсці яе нялёгка. Паміж Брамай Армузскай затокі на поўдні і Араратам на поўначы не засталося ніводнай адкрытай лужыны. Аніводнай смярдзючай сажалкі! Аднак пры дапамозе майго розуму і інтэлектуальнай адвагі я зрабіў дзёрзкі марш-кідок на сотні кіламетраў. Там урэшце знайшоў гэтую вартую жалю годную сажалку, з якой пазней выпаўзлі вы. Месяцамі я сядзеў на яе беразе, паглыбляўся ў медытацыю і ўзносіў малітвы Эрэшхігаль, Чорнай Брамніцы, каб у патрэбны момант тая падарыла мне памяць прыгадаць адпаведныя чары або, прынамсі, скрасці іх у бліжняга свайго. I вось сёння ўначы, убачыўшы, як вынырваеце з вады вы двое, я падумаў, што злавіў Мардука за бараду. Але паколькі я добры дурань і маю адкрытае сэрца, то паверыў, што пасля таго, як я пазбаўлю вас ад Абу, вы, са свайго боку, зробіце ласку мне і пакажаце дарогу назад.
— Прабач, — прамовіў Ёнатан. — Я быў бы рады паказаць табе, але сам я не...
Іх гутарка перарвалася, бо кібітка пачала страшэнна валюхацца і трэсціся. Абу сцебануў быкоў і стаў пакрысе манеўраваць, каб завесці іх на стаянку.
Яны апынуліся ў самым цэнтры рынку. Вакол круціўся вір прадаўцоў і пакупнікоў. Гандляры паказвалі свой тавар на падмостках, так бы мовіць, тварам. Выстаўленыя на продаж нявольнікі па тых падмостках дэфілявалі, а галасістыя крычалы нахвальвалі іх умельства і ўласцівасці. Элі рынкавыя падмосткі нагадалі подыум на паказах моды, які яна бачыла па тэлевізары. Яна сказала самой сабе дзякуй за тое, што не адкрыла Абу свой пол, і накінула на плечы і грудзі тоўстую баваўняную накідку, якую знайшла ў кучы ануч. У вочы кінулася, што ў некаторых выстаўленых на продаж нявольнікаў адсутнічалі чалавечыя рысы.
Увагу Ёнатана найбольш прыцягнула дарожка на канцы завулка, вакол якой тоўпіліся ўсхваляваныя пакупнікі. Па той дарожцы цякла ручаінка, складзеная з прыгожых і годных жанчын (або стварэнняў жаночага полу). Яны ўразілі Ёнатана найбольш. Усе яны былі высокія, рухаліся зграбна і велічна, нібы іх падтрымлівалі-абвявалі струмені паветра. Іх скура зіхцела ўсімі магчымымі адценнямі сіняга і фіялетавага, ад светла-бэзавага і блакітна-шызага да васільковага, бірузовага і каралеўскага індыга. Іх сцёгны аздаблялі маленечкія званочкі, якія звінелі пры найменшым руху.