Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Але цяпер колішняя блізкасць ніяк не дапамагала. Наадварот. Больш за сястру, і нават болып за бацьку, Ёнатан адчуваў уласную паразу. Быццам яму ў рукі патрапіў рэдкі дыямент, а ён не ўтрымаў яго і разбіў.
Ёнатан пакусваў губу, сеў на кукішкі ля матчынага крэслагушкалкі, квелячы надзею, што яна раптам усміхнецца і ўскудлаціць яму валасы.
3 кута палаты Эля ўсё роўна як дроцікам стрэльнула ў брата пагардлівым позіркам. Хоць ёй самой вельмі хацелася, але яна адчувала, што надта дарослая, каб вось так
песціцца да мамы. Хоць яна ніколі не выказвалася, аднак Ёнатан ведаў, што сама для сябе сястра вырашыла пакінуць распешчанага малодшанькага для мамы, а для сябе падрыхтавала больш эфектную і эфектыўную ролю.
— Пачакай тут, — сказала яна Ёнатану. — Пайду гляну, што яны там задумалі.
Ёнатан пачуў у яе голасе метал, і яго захлынула хваля супраціву.
Можа быць, сапраўды здарылася тое, чаго прагнула Эля, — каб яго напоўніў сорам за тое, што ён незаслужана ходзіць ва ўлюбёнцах? Ён мусіць давесці ёй, а таксама маме і сабе: ён таксама можа быць карысным.
— He, — сказаў Ёнатан. — Застанься тут, Эля. Сёння мая чарга.
Эля, на дзіва, не супраціўлялася, можа, употай нават усцешылася магчымасцю застацца з мамай. Абое яны цураліся спадара Шапіры — ён быў не з тых людзей, якому хацелася даверыць маму. Шапіраў кабінет месціўся ў самым канцы калідора, за невялічкім прыёмным пакоем. На шчасце, сакратарка, што сядзела ў прыёмным пакоі, пайшла на абед. Ёнатан зрабіў выгляд, што цікавіцца акварыумам у перадпакойчыку, і такім чынам яму ўдалося спакваля пракрасціся да адчыненых дзвярэй дырэктарскага кабінета.
Спадар Шапіра, размаўляючы з татам, як зазвычай слаўся перад ім лістом, апусціўшы вочы і кончыкамі пальцаў сціраючы ўяўныя плямы са стала. Разам з тым ягонае дыханне было перарывістае, як у атлусцелай таксы, якая пачала стамляцца ад пагоні за абяцанай сасіскай.
— Але калі ты будзеш гатовенькі? — джаліў ён тату. — Ужо два гадочкі ад цябе адно абяцанкі-цацанкі.
— Цярпенне, Ішаягу! Легкадумнасць — не наш метад. На сёння прэпарат пакуль што не гатовы. А што, калі выявяцца пабочныя эфекты?
Спадар Шапіра зняў акуляры.
— Далібог, Імануэль... Ты ж бачыў Тамі. Колькі яна яшчэ зможа пратрымацца?
— Ты ж ведаеш, я высільваюся наколькі магу. Але прыспешыць працэсы не ў стане нават я.
— Яе дэпрэсія лекуецца электрашокам. Наша электракамерка абсталяваная паводле апошняга слова тэхнікі. Некалькі сеансаў электратэрапіі зробяць з яе новага чалавечка.
— Вось зараз ты кажаш абы-што, Ішаягу!
Шапіра стаў кусаць губы так, нібыта разважаў, але Ёнатану падалося, што гэтыя развагі ніякім чынам не звязаныя з матчыным здароўем.
— Але я магу табе крыху дапамагчы, — зазначыў Шапіра.
Ён падышоў да шуфляды і дастаў адтуль дыск у пластыкавай каробцы.
Залацістая вокладка кружэлкі зіхцела ў яго маленькіх таўсматых пальчыках. Са свайго назіральнага пункту па-за акварыумам Ёнатан бачыў вокладку. Там было выяўлена нешта-нейкае, тлустае і скарлючанае, якое нагадвае тоўстага чорнага ці то цмока, ці то кракадзіла або нават яшчарку з мікраскапічнымі лапкамі*.
Немаведама з якой прычыны ад малюнка яму стала млосна.
— Што гэта? — спытаўся тата.
— Музычка, а ты што думаў?
— Дзякуй. Музыкі мне не трэба. Замінае засяродзіцца.
* Пачвары падводнай бездані Танін і Левіятан з’яўляюцца на старонках Бібліі, Старога Запавету. На беларускую мову іх перакладаюць звычайна як “цмок” або “змей”. Цікава, што ў сучасным ізраільскім іўрыце “левіятан” памяняў свой клас з паўзуноў на сысуноў і стаў “кітом”, а міфалагічны “танін” зрабіўся абсалютна канкрэтным “кракадзілам”. Таму назву гэтага рамана — “Лев’ятан мі-бабэль” — можна перакладаць з іўрыту і так, і гэтак, і гэтак — “Кіт з Вавілоніі”, “Левіятан з Вавілоніі” і “Цмок з Вавілоніі”.
— Гэта не шыла з перцам! — успыхнуў Шапіра. — Гэта хіт сезона. Музычка, якая акурат дапамагае засяродзіцца. He ведаю, у якім дакладна племені яе запісалі, але падаецца, мелодыя мае дачыненне да цырымоніі, якую яны робяць, каб зліцца душамі з тым, на каго яны палююць. Тубыльцы зліваюцца з душой здабычы — ці з кім там яшчэ.
“Кляты этна-фолк!” — падумаў Ёнатан. Тата таксама паглядаў з недаверам, хіба з іншых прычын.
— Ты верыш у гэтую лухту?
— Ну, прынамсі, не нашкодзіць. Ты ўсё роўна ў тупічку, захрас у эксперыменціках.
— Кажу табе: я не захрас. Мне не хапае ўсяго толькі аднаго — апошняга — прарыву, і будзе фініш!
I ўсё ж, каб не абражаць спадара Шапіру, тата запхнуў кружэлку ў кішэню.
Потым яны разам вярнуліся дахаты, і ўсё панеслася па пакручастым схіле. Ці ж тая музыка мела дачынення да падзей учарашняй ночы? Адразу і не скажаш. Аднак раніцай, калі Ёнатан шукаў дыск, выявілася, што той знік.
Ён паспрабаваў звярнуць на гэта ўвагу паліцэйскіх дэтэктываў, калі яны абследавалі іх дом. Але гэта іх адно павесяліла:
— “Дыск з музыкай”? Ага-ага, ве-ельмі падазрона! Зараз па рацыі выклічам верталёт для пагоні. Але, містар Шэрлак Холмс, можа, пакуль засяродзься на менш падазроных доказах, скажам, на пабітай шыбе ў акне, слядах, дзірках ад куль або на плямах крыві?
Ёнатана злавалі следчыя. Навошта абсякаць канцы нітачак, калі ў цябе ўсё роўна няма ніводнай лепшай версіі? Найвялікшая праблема паліцыі на сёння — у доме не знайшлося аніводнага следу ўварвання. I тое, што здарылася сёння ноччу, аніяк не магло здарыцца само па сабе.
...Імануэль усё ж вырашыў паслухаць музыку Шапіры. Уначы ўставіў кружэлку ў лабараторны камп’ютар. Да верху, то-бок да гасцёўні, данесліся толькі невыразныя зыкі з бухаючым водгуллем. Цяжкія бубны калацілі так, нібыта пачаўся каменяпад. Вялізныя караблі, якія сутыкаюцца з хвалямі, гіганцкія жорны стогнуць недзе ў тоўшчы зямлі... 3 Эляй і Ёнатанам здарылася тое, чаго амаль нікога не здаралася, — іх вочы самохаць заплюшчыліся, і яны заснулі на канапе перад тэлевізарам. Можа быць, цягучая музыку зняможыла іх. Яны не пачулі таго, што адбывалася ў сутарэнні, дзе была лабараторыя таты.
Доктар Імануэль мог атрымаць самую сучасную і прасунутую ў свеце лабараторыю па распрацоўцы медыцынскіх прэпаратаў. Псіхафармаколаг ад Бога, Імануэль Маргуліс спецыялізаваўся на даследаваннях эфекту ад псіхатропных лекаў, якія ўплываюць на ментальныя працэсы і настрой. Займаўся распрацоўкай лекаў супраць, можа быць, самай старадаўняй праблемы, якая зводзіла з розуму чалавечы род. Імануэль стаўся вядомы як вынаходнік “Эраса-ВМЕ-2”, таблеткі, якая дазваляла самым пераборлівым і крытычна настроеным людзям закахацца. У дадатак ён быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне медыцыны як распрацоўнік “Каіна Х7”, магутнага антыбіётыку супраць віруса зайздрасці. “Каіна” ААН абвясціла адным з важнейшых сродкаў для рашэння міжнародных канфліктаў і спынення войнаў на Зямлі.
Але доктар Маргуліс вырашыў пабудаваць сваю лабараторыю ў месцы, дзе звычайна людзі абсталёўваюць трэнажорную залу або ладзяць камору, — у сваім сутарэнні. За яго спінай казалі, што гэтае нелагічнае рашэнне прадыктаванае прывязанасцю да сына і дачкі. Тут, цокаючы языкамі, усе прыгадвалі і яго гаротную жонку. Шкада, што супраць той змрочнай хваробы, якая ахутала жончыну душу, доктарчараўнік так і не знайшоў панацэі. Шкада, бо тады б доктар Маргуліс ператварыўся ў самага багатага чалавека на свеце.
Бо хто адмовіцца, праглынуўшы невялічкую таблетачку, стрэсці з уласнае душы тугу і цень змроку?
У кампаніі “Гіпакрыком LTD” лічылі гэтак сама. Тіпакрыком” — найвялікшая ў свеце фармацэўтычная кампанія, канцэрн. Яна ўсяляк падтрымлівала даследаванні доктара Маргуліса і інвеставала ў яго астранамічныя сумы, забяспечвала ўсе бягучыя патрэбы, аплачвала ўсе выдаткі. Доктар Маргуліс адмаўляўся быць штатным супрацоўнікам — то-бок падначаленым, які падпарадкуецца загадам зверху, і таму ў кампаніі да яго ставіліся з дыпламатычнай абыходлівасцю, лічылі за своеасаблівага партнёра. Кампанія парупілася зліць журналістам інфармацыю, што “яе вядучы навуковец шчыльна наблізіўся да завяршэння распрацоўкі медыцынскага прэпарату, які ператворыць Чорную Панну Дэпрэсію ў рамантычны перажытак мінулых часоў”.
Настрой бадзёры ўдвая,
Цела пругкае ўтрая.
Калі розум — жарабя,
To здароўя — як ў каня!
— радасна ціўкалі рэкламныя песенькі “Ппакрыкома” па радыё, тэлевізары ды інтэрнэце.
Лабараторыю ў сутарэнні на вуліцы Фіялкавай спраектавалі інжынеры кампаніі, эфектыўна выкарыстаўшы кожны сантыметр. А ў дадатак аснасцілі яе самымі сучаснымі прыборамі. Лабараторыя атрымалася невялічкай, але да апошняга цвічка — паводле найноўшага слова тэхнікі і прагрэсу. На кожнай драбязе, пачынаючы ад ручніка для выцірання рук і заканчваючы кухоннымі прыладамі (якія выглядалі як атамны рэактар у мініяцюры), красаваўся выгравіраваны або надрукаваны знак фірмы “Гіпакрыком” — чырвоная змяя, што абвілася вакол серабрыстага шпрыца.
Доктар Маргуліс займаўся ў сваёй лабараторыі дні навылёт да самазабыцця, ажно іншым разам Ёнатану і Элі
даводзілася спускацца і літаральна выцягваць тату сілком. Сценкі лабараторыі будаўнікі абабілі супрацьшумавой ізаляцыяй. Хай унутры нават выбух або лямант — не пачуеш за сценамі.
...Сярод ночы Ёнатан з Эляй прахапіліся адначасна ў халодным поце.
Як выявілася, абое саснілі, што за імі гоняцца, іх сэрцы шалёна тахкалі. Аднак сон адразу ж забыўся, бо ў доме рабілася нешта дзіўнае. Спярша было цяжка вызначыць, што менавіта памянялася. Гадзіннікі перасталі тахкаць — першае, і ў суцэльнай цішы на экране тэлевізара стракацелі зіхоткія вясёлкі. Аднак Эля падумала, што выпадкова патрапілі на незнаёмы канал.
У паўзмрочным пакоі брат з сястрой пераглянуліся, пацягнулі насамі і вокамгненна сцямілі, што не так — пах! Хоць на дварэ стаяла летняя ноч, аднак дом поўніўся водарамі глыбокай зімы: наэлектрызаванага паветра, навальніцы, вільготнай глебы, падгарэлых тостаў, кропляў, што капаюць з лісцікаў гіяцынтаў*.
Той пах быў мацнейшы за ўсё, што яны ведалі да таго. Ён непрыемна казытаў ноздры, усё роўна як пах нейкага дзікага звера. Паветра ў доме быццам згусла трымцела, бы напоўненае звышмагутнай энергіяй.
Ёнатан зірнуў на экран тэлефона, які зіхцеўусімі колерамі вясёлкі і яўна з’язджаў з глузду. Валасы набрынялі такой колькасцю статычнай электрычнасці, што ажно варушыліся ды іскрылі.