Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
аднаго таленту недастаткова. Трэба таксама мець добрых настаўнікаў, шмат практыкі і грунтоўных ведаў. А яна ж усяму, што ведае, навучылася цішком і самастойна. Але ў такую хвіліну яна была гатовая паслухаць любую параду, нават самую сумнеўную.
Гэта ўсё бабуля вінаватая. Ніно бы магнітам цягнула да трох самых забароненых у імперыі рэчаў: да глыбокіх віроў, незаконнага чараўніцтва і меланхоліі. Мама мамы была другараднай багіняй на імя Астлік. Жыла ў дзікай частцы Аманускіх гор на поўначы Асірыі, лічылася мясцовай багіняй німф. Ніно ўявіла, як бабуля, падскокваючы высока-высока, пералятае з месца на месца, а ў яе валасах заблыталася сасновая ігліца. Як бабуля дзеля ўласнага задавальнення крышыць скалы, паслаўшы прыдворны этыкет да ліхаматары. Шкада, Ніно ніколі не бачыла бабулі. Яны б, пэўна, спадабаліся адна адной.
Адной ноччу бабуля Астлік сустрэла асірыйскага паляўнічага, які заблукаў у яе гарах, і ад той сустрэчы нарадзілася Нінтырату. Калі Нінтырату вырасла, то ў яе закахаўся Белшацар, вавілонскі імператар, і зрабіў яе галоўнай жонкай. У Нінтырату крыві нязнатных багоў было толькі напалову, а ў Ніно, яе дачкі, — толькі на чвэртку. Але гэтага хапіла, каб пры двары гулялі абгаворы і ядавітыя плёткі. За спінай Белшацара ішла пагалоска, маўляў, гэта кепская ідэя — з усіх дзяцей абраць кронпрынцэсай менавіта яе. Але Ніно была любімай дачкой, да таго ж кемлівай, самай здольнай і — давайце гэта прызнаем — адзінай, у якой быў сапраўдны характар.
У дні, калі Белшацар закахаўся ў Нінтырату, другарадныя багі і багіні ўжо зрабіліся ў дзяржаве непажаданымі персонамі. Але пакуль іх не чапалі. Сітуацыя пачала мяняцца тры гады пасля нараджэння Ніно, дванаццаць гадоў назад. Усім стала канчаткова ясна, што нешта не так. Адной ціхай месяцовай ноччу з марскіх глыбінь узнялася аграмадная
хваля і ўдарылася аб шкляныя муры, што абаранялі берагі, з такой моцай, нібы на дне акіяна варочалася сама Тыямат. Крыніцы прэснай вады пачалі буркатаць і вывяргаць жудасны смурод і мёртвых рыбін. Праз некаторы час вадаёмы высахлі дашчэнту, быццам нехта адсунуў ватарлінію падземных рэк углыб. Усім стала ясна — пад зямлёй адбылося нешта жахлівае.
Да шалу стыхіі дадаліся паўстанцы. Групоўкі праціўнікаў імперыі спакон веку гуртаваліся па-за дзяржаўнымі межамі на нічыйных землях, а таксама ў непралазных горных раёнах самой імперыі. Але тады імператар і Варажбіты не турбаваліся. Паўстанцы былі слабыя. У іх не ставала таго, без чаго ніводнае паўстанне не можа стаць большым за дваровую бойку, — лідара.
Але дванаццаць гадоў назад, у дні, калі тая хваля паднялася з мора, апальныя шаманы абвясцілі — нарэшце душа Гілеля бэн Шахара з’явілася ў новым целе! У целе чалавека, што сядзе на імператарскі трон і стане тым манархамвызваліцелем, заснавальнікам новай дынастыі, якая зрыне нашчадкаў Адмуэля.
Хлопца, якому тады споўнілася дзесяць, забралі з сям’і і адвезлі ў горы. За ім пацягнуліся тысячы прыхільнікаў.
Рэакцыя Гільдыі Варажбітаў да надзвычайнай сітуацыі была наступная: у цяжкую часіну ўвесь народ мусіць з’яднацца вакол веры ў Мардука, вярхоўнага бога. Іншыя бажкі патрабавалі прынашэння ахвяр і ўвагі, ды ў іх існавала свая шкала прэферэнцый, якая часам не надта супадала з дзяржаўнымі інтарэсамі імперыі. Апрача таго, лаяльнасць другарадных бажкоў заўжды падвяргалася сумненню. А што, калі аднойчы яны перасварацца з Мардукам і перабягуць у варожы лагер? 3 гэтай нагоды Астлік ды іншых рэгіянальных бажкоў выпхнулі з краіны, выслалі далёка-далёка, проці ліха наўзгорачку. Калі Ніно стала больш-менш дарослай, у аніводнага горада, вёскі, крыніцы або смакоўніцы
не засталося бога-заступніка, як тое было раней. Цяпер усюды панаваў толькі Мардук, “Шчыт Вавілонскай імперыі”.
Ніно ніколі не вучылася чараўніцтву цэнтралізавана, прыйшла да ўсяго метадам спроб і памылак. Але ж капітуляцыя ў яе планы не ўваходзіла.
— Я не буду сядзець, згарнуўшы рукі, і чакаць, пакуль Нсарадор мяне знішчыць! — заявіла яна Кіру, сабаку, які быў яе адзіным тут сябрам.
У Ніно засталася амаль што гадзіна да таго, як Мімоза пацягне яе ў Галоўную бажніцу. Калі рабіць усё хутка, Ніно зможа знайсці чары, якія сатруць Цёмныя Плямы, ці, прынамсі, яна іх прыхавае і затушуе.
Ніно пачала круціцца па пакоі, корпаючыся па закутках і хапаючы адтуль усялякія прадметы. Гэты пакой выглядаў рыхтык іншыя пакоі ў крыле імператарскіх нашчадкаў (ясна, ён быў крыху больш раскошны). Але сутнасна надта розніўся ад іх. Ніно магла ім ганарыцца. 3 адтуліны кандэлябра яна дастала картку з напісанымі магічнымі сімвалы. Іх яна скапіявала, калі нібыта гулялася з лялькамі ў памяшканні асабістай бацькавай бібліятэкі. 3 выгляду нявінны флакончык з парфумай хаваў у сабе дэльфінавы алей — важны чароўны сродак, які шматкроць узмацняе засяроджанасць на магічным заданні. Сярод пёрак яе падушкі хаваўся мяшэчак з парашком сухога снегу, а ў шчыліне за аканіцай яна схавала сутонлівы акуляр, і нават не адзін. Большасць экзэмпляраў — звязаныя з морам прадметы, такія як шэрая ракаўка, — яна змагла купіць з усімі правіламі канспірацыі на паўночных рынках падчас сваіх начных вылазак у горад.
Вавілонія была пазбаўленая варажбы і магіі. Любая форма чаравання — пад забаронай. Выключэнне — правакцынаваныя дэманы з атрыманай у КаЛДыРы ліцэнзіяй. Варажбіты лічылі, маўляў, той, хто падчас чаравання заклікае на свой бок сілы Прорвы, раней ці пазней сам апынецца пад яе
чарамі. Такое вядзьмарства народзіць у неліцэнзаванага чараўніка Цёмныя Плямы і нават яшчэ горшае.
Ніно стрымлівацца не стала, бо гэта было ў яе крыві. Змалку кемлівая дашкольніца трэніравалася маляваць акультныя значкі ў зацішных кутках саду і выпрабоўвала свае сілы ў прынашэнні дробных ахвяр. Вялікага прарыву ў яе не адбылося, але Мімоза так і не змагла патлумачыць знікненне чашы для блаславення віна з ахвярніка ў дзіцячым крыле (чаша ператварылася ў жывую чарапаху з інкруставанымі каштоўнымі камянямі), страту ўказкі настаўніка па астраноміі (атрымаўся гіганцкі і халодны хамелеон, які цяпер поўзаў па яе ложку), а таксама той факт, што іншыя імператарскія дзеці, якіх Ніно не вельмі любіла, час ад часу пакутавалі на панос і атыт, а таксама на пакусаныя пяты пасля шпацыру па імператарскіх градах з раслінамідрапежнікамі.
У чараў ёсць свае адметнасці. Чараўнік-практык мусіць трымацца вельмі высокай засяроджанасці, быць у самоце, пільнавацца сакрэтнасці і самае галоўнае — пачувацца ўпэўненым у сабе. Па некаторым часе чараўнік-практык заўважае, што іншыя людзі засталіся далёка ззаду, як дробныя фігуркі, калі глядзіш на іх з даху высокага будынка. Чараўнік разумее, што цяпер яму ўласцівая цвярозая развага, ад якой ўзнікае нясцерпны сверб дзейнічаць. Бо ў таго, хто пачаў стала практыкаваць чараўніцтва, зрок, слых і нюх робяцца значна вастрэйшымі. Таму Ніно змалку бачыла, чула і разумела, што ў яе дзяржаве — поўная беспрасветнасць. Усё вакол набрыняла страхам. Ім як жарам дыхала ад малітваў, гімнаў і твараў Варажбітаў. Нянька Мімоза і рэшта выхавацелек палохала дзетак-інфантаў гісторыямі пра пачвару Тыямат і яе падводную арду. Прынцаў і прынцэс змалку выхоўвалі жахацца адных толькі згадак пра падземную ўладарыню.
Але чым больш Ніно расла, тым больш усведамляла, што на зямлі таксама не рай. Хутчэй наадварот. Неабдымная
дзяржава, якой будучай імператарцы давядзецца кіраваць (то-бок Гільдыя Варажбітаў дазволіць ёй узысці на прастол), надта рознілася ад той намаляванай ідыліі, якую прынцэсе і так і сяк намагаліся ўцюхаць.
Гэтае адкрыццё яе моцна непакоіла. Ад таго дня, калі ёй стала вядома, што некалі менавіта яна стане на чале краіны, Ніно безупынку пыталася ў сябе: “Як ператварыць гэтую краіну ў лепшае для жыцця месца?”
Яна не пагодзіцца марнець, быць абы-якой валадарыняй! Абыякавай, як яе бацька, да сваіх падданых. Калі пад яе кіраўніцтвам грамадзяне будуць гібець і поўніцца абыякавасцю, дык начорта такое караляванне?!
Але, каб ажыццявіць свае ідэі і задумы, ёй перш-наперш трэба прыйсці да дзейснай улады. А з гэтым была праблема.
Нялёгка быць кронпрынцэсай у вялізнай імперыі! Ніно ведала: давяраць нельга нікому. Шматлікіх спадкаемцаў і кронпрынцаўу мінулым звялі са свету, перш чым яны атрымалі школьны атэстат. Яе настаўнікі не выкладалі прынцэсе навуку выжывання (хіба толькі танцы жывата з накідкай ці ігра на арфе здольныя адпужнуць кілера).
Выхавацелькі, са свайго боку, намагаліся аслабіць яе чуйнасць казкамі пра абароненасць і фантазіямі пра ўсеагульную міралюбнасць, што было суцэльнай хлуснёй. Адзінае, што дапаможа ёй выжыць, — звышнатуральныя здольнасці, якія яна развівала штодзённымі практыкаваннямі. Два гады таму яна стала ўлягаць у трэніроўкі — пачала эксперыменты з больш складанымі чарамі. На гэтым этапе Ніно зразумела, што не зможа прасунуцца ані кроку наперад, пакуль не знойдзе адпаведнага сваёй пасадзе сутонлівага акуляра. Без моцнага і якаснага акуляра яна можа быць вясковай вядзьмаркай, якая лекуе запаленне сабачых цыцак і замаўляе чумку на яблынях, але не кронпрынцэсай, што змагаецца за сваё жыццё.
Сутонлівы акуляр, вядома, проста так на палацавым паркеце не валяўся. Хаця калі яе здольнасць бачыць
абвастрылася і яна часам бачыла прадметы, якія выглядалі для іншых людзей звыкла, той жа відэлец ці грабянец, дрыготкая аўра вакол іх выразна казала, што гэта можа быць неблагім акулярам. Добры акуляр — каштоўны набытак, і чараўнік сцеражэ яго як вока. Адзіным шанцам для Ніно сталіся начныя рынкі Вавілона, куды з усяго свету сцякалася самая розная старызна і ўсякія цікавосткі.
Таму Ніно стала планаваць свой выхад у горад.
Палац імператара (казалі, што яго пабудавалі на месцы зікурата, які некалі абрынуўся) быў абаронены як мае быць. Вісячыя сады, якія яго атачалі, разлягаліся на стромым, абкружаным мурамі пагорку і ў прыцемках лічыліся небяспечным месцам, бо лабірынт сцяжынак мяняўся кожную ноч. Пры дапамозе дэманаў-садоўнікаў зялёныя галіны вінаграду, плюшч вакол палаца, як гіганцкае павуцінне вырасталі за адну ноч. Але Ніно таксама была не пальцам робленая. Яна пасміхнулася, калі прыгадала свой першы выхад за межы палаца. Яна абрала зімовую ноч, сляпы і зацягнуты хмарамі час, калі камета Нібіру, асабістая зорка Мардука, была занятая інспекцыяй іншых зорак на іх арбітах. Цёплы дождж барабаніў па пальмавых галінах і шаломах ахоўнікаў. Але Ніно мела вострыя вочы і няблага арыентавалася на мясцовасці, таму досыць хутка апынулася на вышыні дзесяці метраў па-над зямлёю. Яна асцярожна ставіла ногі на тоўстыя і пругкія галіны плюпічу, які віўся па крапасным муры. Ніно звярнулася да плюшчу на яго мове, ветліва папрасіла, каб той падоўжыў камель і спусціў яе з іншага боку. Плюшч мог ёй адмовіць, але Ніно прыйшлася яму да душы (з часоў як яе пачуцці абвастрыліся, яна даведалася, што большасць раслін стаяла на баку сіл зямлі і глыбінь і не надта любіла людзей з іхнім садоўніцтвам і сельскай гаспадаркай). Плюшч адгукнуўся на яе просьбу. Гэтак Ніно праслізнула долу і апынулася ў завулку ля крапасных муроў.