Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
I не зважаючы на праклёны, што адскоквалі ад яе як ra­pox ад сценкі, працягнула спевы:
Два Вялікія Мяшанцы
Будуць правіць бойку-танцы
Прорва абрыне, Гілель загіне,
Свет у цемры застыне!
Ніно не зразумела сэнсу слоў, але адчула варушэнне недзе ў раёне патыліцы. Яна падышла да маладзёна, які хацеў пайсці да паўстанцаў.
— Пра што кажа старая?
— Ат, лухта незразумелая.
— Словы яна сама прыдумала?
— Дзе там! Чытае на памяць песню спадарыні архіварыус, кожнае дзіця ў Вавілоніі ведае гэтую песеньку. Кажуць, што ахоўніца архіву спадарыня Бальтазарская ведае ўсё, што трэба ведаць ад часоў Стварэння свету. Архіварыус спявала гэтую песню ў той дзень, калі Прорва сышла на дно, а Вежа абрынулася.
— Што мела на ўвазе спадарыня архіварыус?
Маладзён адмахнуўся.
— Песня кажа пра вайну паміж Левіятанам і Гілелем бэн Шахарам. Паводле астралагічных падлікаў, яна павінна здарыцца вось-вось. Праз тысячу гадоў пасля падзення Вежы.
— Левіятанам? Што за Левіятан?
Маладзён хацеў быў адказаць, але старая пачула гутарку і падышла да Ніно. Яна апынулася гэтак блізка, ажно можна было бачыць валасы на яе падбароддзі. Старая дапамагала сабе тэатральнымі жэстамі, нібыта выступала перад натоўпам на стадыёне.
— 3 глыбінь паўстае новая сіла, — загергетала старая. — Колішняя ўладарыня Прорва заснула, на яе месцы прабудзілася іншая істота, якую мы не ўяўлялі ў самых страшных снах. Яна не спыніцца і не супакоіцца, пакуль не адпомсціць вам за цемру, за кожную кроплю абразы. Левіятан прынясе імперыі разгром і канец, а таксама тысячу гадоў Цемры.
— He слухай яе, — адгукнуўся маладзён. — Ніхто пакуль гэтай пачвары ў вочы не бачыў. I нават калі яна вылезе, то Гілель, павадыр паўстанцаў, яе адолее.
Старая выбухнула пачварным смехам.
— Ды няўжо?! Так усё і будзе? Той, каго вы клічаце Гілелем, — нікчэмны самалюбец. Кажуць, ён такі прыгожы, ажно зоркі саромеюцца адлюстроўвацца ў вадзе возера, калі той купаецца. Кажуць, што яго прыгажосць свеціцца знутры, бо душа выкавалася ў самым чыстым полымі. Але праўда палягае ў тым, што ён закаханы ў самога сябе. Кожную жанчыну, на якую ён паклаў вока, па яго ж загадзе караюць смерцю, бо з уласнай пыхі ён лічыць, што, калі ён пакахае іншага чалавека больш за сябе самога, у яго не застанецца моцы, каб выканаць сваё прызначэнне і захапіць імператарскі трон. Дык вы ўпэўненыя, што такі чалавек можа весці вас да перамогі?
— Ты брэшаш, старая ведзьма! Хочаш нас настрашыць. Хочаш, каб мы не хадзілі ў горы. Каб адмянілі паўстанне і засталіся цацкамі ў руках Варажбітаў.
— Ось пабачыце, — дадала гарбунка і паспрабавала знікнуць у імгле. Але хлопцы, што стаялі вакол вогнішча, схапілі яе і пачалі лупцаваць кійкамі. Ніно не магла вытрымаць ляманту. Яна адступілася ад надзеі адшукаць перавозчыкаў дурману і ўцякла адтуль.
Рука Мімозы трэсла яе плячо, як бы нагадваючы дзяўчыне, дзе яна зараз знаходзіцца.
— Ты спіш на хаду! Зараз прыйдзем у Галоўную бажніцу.
Ніно ўздыхнула. Словы песні спадарыні архіварыус усё яшчэ стаялі ўвушшу. “Прорва абрыне, Гілель загіне”. Але хто такі, напрамілы бог, гэты Гілель? I дзе знаходзіцца Прорва? Што будзе з уладай яе бацькі?
Яна спусцілася з паланкіна і захутала твар вуаллю. Наводдаль, па-за завесай садоў, вымалёўваўся палац, велічны і змрочны. У сваю чаргу Галоўная бажніца, з масіўнымі калонамі і цяжкімі франтонамі, пыхліва ўзвышалася ў самым цэнтры Вавілона. Менавіта бажніца, абкружаная базальтавымі быкамі, крылатымі сімваламі Мардука, а не палац, панавала над горадам. Да бажніцы прымыкала Школа красамоўства і мыслярства. Яны акурат міналі яе, калі
пачуліся дзіцячыя галасы школьнікаў. Тыя дэкламавалі “Катэхізіс Святла”, які нібыта “стварае абарончы мур перад Цемрай”.
— Любасць! Зычлівасць! Сябрына! Спагада! Прыязнасць! Братэрства! Надзея...
—	Якія мілыя! — прамовіла Мімоза.
—	Ну-ну, — адгукнулася Ніно.
На франтоне над школай узвышаліся тры рэльефы. Справа — святая матыка Адмуэля. Першы чалавек абапіраўся на матыку, якой ён апрацоўваў сад. Сад яму стварылі дэманы з матэрыялаў, якія яны адшчыкнулі ад цела Прорвы. Дэманы дазволілі Адмуэлю садзіць і даглядаць сад у жыццядайнай пойме рэк і арашаць яго вадою і параю. Яны смецілі, а Адмуэль прыбіраўся. Яны грызлі, а Адмуэль прарэджваў пагрызеныя сцябліны і абвязваў раны на камлях дрэў. На рэльефе твар Адмуэля быў усё яшчэ гладкі, як кропля, пазбаўлены рота. Ніно ведала, што праз імгненне яго матыка ўпадзе і вышчарбіць на твары рот, пры дапамозе якога Адмуэль скажа першае слова, што ператворыцца ў душу. Ніно лічыла, што без рота Адмуэль выглядае лепш. Калі б у людзей не было ратоў, то яны б не змаглі спяваць сваіх нудных хваласпеваў на адрас Мардука.
Злева месціўся рэльеф святой дзіды Нуспірата-ваяра. Малодшы сын Адмуэля абапіраўся на дзіду цяжкімі плячыма, ягоны позірк застыў у стылі “не лезь, a то лясну”. Праслаўленая дзіда была запэцканая, як мяркуецца, у кроў. Нуспірат збіраўся перадаць яе Мардуку, каб той адолеў ёю Прорву.
Сёння рэшткі святой дзіды (або тое, што лічылася святой дзідай) знаходзіліся ў бажніцы. Ніно пабачыла іх у дзяцінстве і шчыра здзівілася, як такі брыдкі прадмет можа быць такім важным гістарычным артэфактам.
Паміж матыкай і дзідай, на версе франтоннага трохкутніка, знаходзіўся цэнтральны рэльеф Ашпербошэта,
заступніка Школы. У тыя славутыя дні ішло змаганне за Вежу супраць Цёмнай Эпідэміі. На рэльефе Ашпербошэт, бацька ўсіх Варажбітаў, укленчыўшы, апякуецца салдатам, чыя душа пачарнела ад Плям. Ніно падумала, што Ашпербошэт такі ўвесь спагадлівы і клапатлівы, такі грузны і манументальны, ажно вось-вось міжволі задушыць гаротнага салдаціка.
Па-над рэльефам Адмуэля выгравіравалі пазалочанымі літарамі:
“Стваральнае слова”.
Па-над рэльефам Нуспірата напісалі:
“Пераможнае слова”.
А вось па-над Ашпербошэтам высеклі:
“Слова-панацэя”.
Уся кампазіцыя была не чым іншым, як напамінам пра неймаверную магічную моц слова, якія мусіла адолець чары Тыяматавай гразі.
— Фу-у-у-у... — з агідай цягнула Ніно. Яна не магла дакладна вызначыць, што не так са святымі лозунгамі, але яны ёй не падабаліся. Калі чары слоў аж такія моцныя і прыдатныя, дык чаму не перамагаюць? I чаму імперыя ператварылася ў такі гадзючнік?
Апрача таго, ва ўсёй гэтай сур’ёзнасці ёсць нешта невыноснае. Шкада, яна не змагла знайсці перавозчыкаў дурману. Трохі лотацевай смалы палепшыла б яе настрой. Цяпер жа, без дурману і чараў, ёй давядзецца стаць твар да твару з Нсарадорам.
Бажніца Мардука заўжды дурманіла Ніно галаву. Яна, Мімоза і Кір падняліся па сходах, якія вялі да масіўнай жалезнай брамы. Брама была напалову адчыненая, нібыта праз яе з сутоння можна было шпіёніць за горадам. Унутры паўдзённая спёка змянілася сцюдзёнай, уласцівай святым месцам прахалодай. Водгулле крокаў напоўніла вялізную прастору. Адзінокія промні святла пратачыліся праз вокнышчыліны ў столі і асвятлялі чырванаватыя каменныя рамы.
Абапал галоўнага ахвярніка Варажбіты ўсталявалі помнік у гонар перамогі Мардука над Тыямат. У двух слупах зняволілі двух мажных закансерваваных у фармаліне дэманаў. Святары называлі іх Гог і Магог, або Беліял і Беліяр (сапраўдныя імёны, напэўна, былі больш старажытныя і больш брыдкія). Два дэманы былі раней ваяводамі арміі Прорвы. Пакуль яны захраслі тут, у палоне, Тыямат не зможа пачаць вайны. Але ці жывыя яны? У Вавілоніі не было хлопчыка або дзяўчынкі, якія б не думалі пра адказ на гэтае пытанне. Два чорныя дэманы — запыленыя, тысячагадовыя вязні — у сваёй шкляной турме ні разу не здрыгануліся, нават пальцам не зварухнулі. Яны стаялі маўклівыя, ахінутыя сваімі гіганцкімі крыламі. Павекі звісалі, як кароткія прасціны. Кожны раз, праходзячы пад дэманамі, Ніно ўздрыгвала ад думкі, што шкло зараз разаб’ецца, а дэманы, пакінуўшы ад горада дымныя руіны, узляцяць у неба. Аднак снатворныя чары Варажбітаў — вечнае сведчанне іх моцы — увесь час трывалі.
За Ніно неадступна сунулася Мімоза. Нянька мела выгляд бадзёрай, але падзёртай канапы з імператарскага палаца, на якой пакаленні інфантаў тапталася сваімі пяткамі, папсаваўшы ўшчэнт усе спружыны. Мімоза ў якасці кампаньёнкі — невялікае нешта, але Ніно была радая, што не заставалася тут адна, як вока. Ды й давяраць Мімозе можна. У пагрозлівай цішы храма за спінай Ніно пачуўся здушаны шэпт нянькі:
— Алё, даўбешка! Ты што, зусім здурнеў?
Ніно павярнула галаву і ўбачыла Кіра, якому заўжды не ставала цярпення для ўсіх гэтых святасцяў. Той падняў нагу і мачыўся пад шкляны слуп, які стаяў праваруч. Жоўтая вадкасць пырскала ля пальцаў ног аднаго з дэманаў.
— Фу, нельга! — зашыкала Мімоза. I падняла малітоўнік, каб прагнаць сабаку.
Ніно захіхікала.
— Добры пачын для майго медагляду.
Яна падняла вочы і зледзянела ад жуды.
— Мімоза, паглядзі ўгору!
— Што такое?
— Дэман мне падміргнуў.
Мімоза з натугай прыжмурылася.
— Нічога не бачу.
— Паглядзі ўважлівей.
— He выдумляй! У гэтых вырадкаў жыцця не болып, чым у каменных камлыгах.
— Але я бачыла!
— Зрабі мне ласку, не распавядай гэтага Нсарадору. Ён падумае, што ты з глузду з’ехала.
Ясна, не распавядзе. Ці мала ў яе праблем? Яны выйшлі з вялікай залы і пакіравалі ва ўнутраны дворык. Келля Нсарадора была ў задніх пакоях храма. Ён іх ужо чакаў з зашморгнутымі шторамі. Чорная барада блішчэла ў святле саламандраў. Нсарадор вывучаў медыцынскі даведнік. Як толькі яны ўвайшлі, ён адклаў кнігу ўбок.
Гэтаксама як і ва ўсе папярэднія сустрэчы, Ніно адчувала да гэтага чалавека дзіўную мяшанку захаплення і агіды. Яе ўзрушвалі ягоныя бровы дугой, грэцкі нос, выразныя скулы, глыбокія вачніцы, з якіх цябе свідравалі чорныя вочы, усё роўна як дзве падводныя істоты, што ціхенька пільнуюць сваю ахвяру ў запрудзе. Рысы — далікатныя, такія твары чаканілі на старажытных манетах. Але пракідвалася ў Нсарадора на твары нешта непрыемнае, нібыта табе ўвапхнулі залатую манету за працу, якую ты рабіць не хочаш.
Гады не сунялі яго амбіцый. Час робіць людзей больш лагоднымі, а з Нсарадорам жа сталася інакш. Час адно крышталізаваў зласлівы і прагавіты бок яго натуры, гэтаксама як паводка агаляе жалезныя жылы ў тоўшчы грунту.
Ён заўсёды прамаўляў і рухаўся самавіта, упэўнена. Самае страшнае, што пад слоем вераломнай хітрасці і неймавернай сквапнасці (тыя прызначаліся яму па статусе) на